ПРАДМОВА
^ Вверх

ПРАДМОВА

 

У 1981 г. выдавецтвам «Народная асвета» была апублікавана (з грыфам Упраўлення школ Міністэрства асветы БССР) мая кніга «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора». У ёй на значным фактычным матэрыяле, узятым са школьных хрэстаматыйных твораў, паказваецца, як аналізаваць разнастайныя «моўныя цяжкасці». У кнізе паслядоўна праводзіцца думка, што хоць мова мастацкіх тэкстаў з’яўляецца ўзорам літаратурнай мовы, але паміж імі не заўсёды можна ставіць знак роўнасці. У мастацкіх творах эстэтычна абумоўленыя адхіленні ад нормы – досыць частая з’ява.

У згаданай кнізе, у яе асобных параграфах, якраз і разглядаюцца такія ўнутрана апраўданыя, матываваныя, зробленыя з пэўнай стылістычнай устаноўкай індывідуальна-аўтарскія адступленні ад нормы. Такія мэтанакіраваныя адхіленні прывабліваюць, павінны прывабліваць чытача, у якога выхавана пачуццё літаратурнай нормы. Яны амаль заўсёды як іскрынкі паэзіі ў пэўным  кантэксце.

Курс беларускай літаратуры ў два апошнія дзесяцігоддзі як у вышэйшай, так і ў сярэдняй школе значна абнавіўся. Многія ранейшыя праграмныя творы былі апушчаны, замест іх сталі вывучацца новыя, а таксама даўнейшыя, якія доўгі час па розных прычынах замоўчваліся. У іх ёсць нямала цікавых моўных фактаў, што патрабуюць абавязковага лінгвістычнага аналізу ці яго састаўной часткі – рэальна-гістарычнага каменціравання.

Дапаможнік, які цяпер прапаноўваецца ўвазе чытача, пабудаваны ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай курса «Лінгвістычны аналіз тэксту[1], што выкладаецца ў педагагічных універсітэтах Беларусі або чытаецца як спецкурс у іншых ВНУ рэспублікі. Дапаможнік адрозніваецца ад памянёнай вышэй кнігі як памерам, так і структурай.

Спачатку сцісла разглядаюцца розныя віды аналізу літаратурнага твора (літаратуразнаўчы, тэксталагічны, лінгвістычны і стылістычны), вызначаецца месца лінгвістычнага аналізу сярод іх. Асобныя параграфы прысвечаны рэальна-гістарычнаму каментарыю і прынцыпу гістарызму пры ацэнцы моўных з’яў як аснове правільнага, навуковага разумення гэтых з’яў. Далей паасобку вытлумачваюцца, аналізуюцца з лінгвістычнага пункту гледжання розныя, найбольш тыповыя моўныя элементы ў іх значэнні і ўжыванні, своеасабліва выкарыстаныя ў мастацкіх творах. Гэта словы з сэнсавым прырашчэннем, разгорнутыя метафары, абыграныя мнагазначныя словы, амонімы, творча ўжытыя фразеалагізмы, прыказкі, розныя іншыя маўленчыя з’явы мастацкага тэксту. Затым, як падагульненне ўсяго папярэдняга, раскрываецца спецыфіка мастацкага маўлення, паказваецца, што мова мастацкай літаратуры – «з’ява іншага, больш складанага парадку» (В. У. Вінаградаў) у параўнанні з функцыянальнымі стылямі літаратурнай мовы. Адно з адрозненняў мастацкага маўлення ад функцыянальных стыляў – наяўнасць у ім розных пазалітаратурных  моўных сродкаў. У асобных параграфах робіцца лінгвістычны аналіз гэтых сродкаў: дыялектных, прафесійных, жаргонных слоў, аказіянальных неалагізмаў, аўтарскіх запазычанняў з іншых моў, а таксама нематываваных адхіленняў ад нормы. Амаль заўсёды, за вельмі рэдкім выключэннем, разглядаюцца маўленчыя факты з мастацкіх твораў, змешчаных у школьных хрэстаматыях або рэкамендаваных для самастойнага чытання.

У другой частцы дапаможніка даецца цэласны, або комплексны, лінгвістычны аналіз асобных твораў (у вучэбнай праграме [57, с. 26] такі аналіз мае назву «паэтапны» – з паясненнем «суцэльны, комплексны»). Тут разгледжаны два драматычныя і два вершаваныя творы. Узор лінгвістычнага аналізу празаічнага твора ёсць у § 3. Асобна, у канцы другой часткі, прапануецца для самастойнага каменціравання верш Р. Барадуліна «Чакалі» – з заданнямі і дадатковым дапаможным матэрыялам.

Кніга завяршаецца паказальнікам пракаменціраваных твораў ці ўрыўкаў з твораў і прадметным паказальнікам.



[1] Лінгвістычны аналіз тэксту // Зборнік вучэбных праграм для вышэйшых навучальных устаноў. – Мінск, 2003. – С. 22-28.