§ 19. Аўтарскія запазычанні з іншых моў
Пісьменнікі не абмяжоўваюцца толькі сродкамі сваёй нацыянальнай мовы і пры неабходнасці выходзяць за яе межы. У беларускіх мастацкіх тэкстах знаходзім словы з моў іншых народаў, пераважна рускага і польскага. Гэта адпаведна русізмы і паланізмы. Зразумела, іх нельга змешваць з тымі русізмамі і паланізмамі, якія ўвайшлі ў беларускую літаратурную мову, сталі яе нарматыўнымі лексічнымі адзінкамі ў выніку запазычання з рускай(сачыненне, дзекабрыст, самба, лаўсан) іпольскай(моц, ратунак, сродак, сэнс)моў.
Сярод рускіх слоў, запазычаных тым ці іншым аўтарам і ўведзеных у твор, вылучаюцца русізмы стылістычнага ўжывання (або матываваныя) і нематываваныя.
У апавяданні Я. Коласа «Соцкі падвёў» ужыванне русізмаў абумоўліваецца пэўнай прычынай: яны выступаюць сродкам маўленчай характарыстыкі персанажаў. Часам пісьменнік гэта нават падкрэслівае, выкарыстоўваючы ў аўтарскай мове беларускае слова, а ў маўленні героя –– рускі адпаведнік гэтага слова. Параўн. у аўтарскай мове і ў маўленні ўрадніка: «А раз чалавек падазроны, то ён, напэўна, сацыяліст або, па меншай меры, забастоўшчык»; «–– Гм! Ты кажаш падазрыцельны чалавек? –– пытаў вечарам ураднік...» У некаторых выпадках ужытыя ў аўтарскай мове рускія словы бяруцца ў двукоссе, каб паказаць, што яны належаць персанажу: «Яму здавалася, што ён выкрыў «праступнае саобшчаства», захапіў лісты, рэвальверы і бомбы...» Маўленне ўрадніка характарызуецца і такімі рускімі словамі (з беларускім акцэнтам або скажонымі, «скалечанымі»): праступнік, талкаваць, чэсць («аб чым маю чэсць асабіста далажыць вам»), звольце («звольце паказаць, дзе ён») –– з рускага извольте –– ‘будзьце ласкавы’. Гэтак жа перадаюцца маўленчыя асаблівасці стражніка: гаспадзін, настаяшчы, прымерна; прыстава: дзела, звініце (г. зн. извините –– ‘прабачце’); папа: у чым дзела, яко ісчэзае воск ад ліца агня; чарнасоценца: безабраззе, жалавацца. Ёсць некалькі русізмаў і ў маўленні п’янага селяніна Янкі Дудара, які капіруе не раз чутае: не палагаецца насіць аружжа, у арыштанцкія роты аддам па 25-й стацці.
Русізмы стылістычнага ўжывання ёсць і ў аповесці Я. Коласа «Дрыгва»; напрыклад, слова настаяшчы ўмаўленні дзеда Талаша: «I яшчэ, таварышы, прашу я вас даць мне настаяшчую ваенную стрэльбу».
На сутыкненні свайго слова (этымалагічна яно можа быць і запазычаннем) і блізкага гучаннем рускага слова іншы раз ствараецца камічны эфект. Дзед Цыбулька (з камедыі А. Макаёнка «Таблетку пад язык»), пачуўшы новае, невядомае яму кніжнае слова, паводзіць сябе неаднолькава: у адных выпадках ён не саромеецца запытаць, які сэнс гэтага слова, у другіх –– дзед не хоча паказаць сябе нязнайкам і падключаецца ў размову, укладваючы ў пачутае слова сваё ўласнае разуменне. Так, ці то недачуў стары, ці то не разумее сэнсу слова эрудзіт, але атрымалася, што, паводле дзеда, гэта тое самае, што ерундзіт:
Д з е д Ц ы б у л ь к а. А чаму гэта урбанізацыя ўжо стала і нездаровай і на жаль?
Л о м ц е ў (здзівіўся). Ух ты! А ён –– эрудзіт!
Д з е д Ц ы б у л ь к а. Зараз разбяромся, хто ерундзіт.
Прывядзём цяпер два прыклады нематываванага ўжывання рускіх слоў у некаторых творах А. Куляшова. Неаднаразова выкарыстоўваючы ў іншых сваіх вершаваных творах фразеалагізм бабіна лета ў яго звычайнай форме, А. Куляшоў у паэме «Сцяг брыгады» ўжывае яго з рускім кампанентам баб’е:
Лета баб’яга цёплыя дні,
Дзённік свой пішу я на пні.
Верш «Камсамольскі білет», які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў быў хрэстаматыйным і рэкамендаваўся для завучвання на памяць, пачынаецца радком: «Цвёрда трымаўся юнак на дапросе...» Ёсць у тэксце i яшчэ адзін дапрос — аўтарскае запазычанне з рускай мовы, неапраўдана ўжытае замест нарматыўнага беларускага допыт. Дарэчы, гэты верш з яго надуманым, штучным сюжэтам цяпер не праходзіцца ў школе, але яшчэ ў 1992 г. ён лічыўся праграмным, завучваўся на памяць. У сувязі з гэтым «Настаўніцкая газета» (1992. 8 жн.) пісала: «Дзіву даешся, калі сярод твораў, рэкамендаваных для паглыбленага вывучэння, знаходзіш «Камсамольскі білет» А. Куляшова i такую «расшыфроўку» матываў гэтага верша: «Мужнасць, маральная стойкасць юнака-камсамольца, бессмяротнасць яго гераічнага подзвігу». А ягоны подзвіг, як вядома, у тым, што не адцураўся ад камсамольскага білета, паказаў фанатычную вернасць камуністычным ідэалам. Вяршыня абсурду — праслаўляць гэты подзвіг сёння, калі закончылі свае бясслаўнае icнaванне КПСС i яе «доблесны сын» — камсамол, а мільёны яго членаў спакойна рассталіся са сваімi білетамі. Дык няўжо настаўнік зноў будзе клікаць моладзь у «светлае будучае» ды забіваць вучням галовы камуністычнай міфалогіяй?..»
Нематываванае выкарыстанне рускіх слоў часцей сустракаецца ў творах ХІХ стагоддзя. І гэта зразумела: тады яшчэ толькі пачыналі складвацца нормы літаратурнай мовы. Таму, напрыклад, у паэме «Тарас на Парнасе» ёсць многа слоў і выразаў, якіх у сучаснай беларускай літаратурнай мове няма (яе лексічнай нормай сталі іншыя, адпаведныя гэтым словы і выразы пераважна з цэнтральных гаворак Беларусі): пашчытаць (падлічыць), круглаліца (круглатварая), плох (кепскі), хазяйства (гаспадарка), кудравы (кучаравы), друг дружцы (адзін аднаму), наўзніч (дагары), страпуха (кухарка), пісацель (пісьменнік), расплясацца (расскакацца) і інш. Аўтар паэмы, пры адсутнасці ўзору літаратурнай мовы, арыентаваўся на моўныя сродкі роднай гаворкі ўсходніх раёнаў Беларусі. Там і цяпер шырока бытуюць амаль усе з пералічаных слоў. З гэтай прычыны ёсць, відаць, большыя падставы кваліфікаваць іх не як русізмы, а як дыялектызмы.
Тое самае можна сказаць пра некаторыя рускія словы ў гутарцы «Дзядзька Антон»: стыд, сколькі, хваціць, проціў. Дарэчы, іншы раз назіраецца непаслядоўнасць аўтара ў іх выкарыстанні: у адным месцы сустракаем бачыць, ссаць, а ў другім –– відзець, сасаць. Асобныя словы ці формы –– бясспрэчныя запазычанні з рускай мовы: похараны (пахаванне), захацяць (захочуць).
Калі русізмы звычайна не ствараюць перашкод пры чытанні мастацкага тэксту, то польскія словы, як правіла, выклікаюць пэўныя цяжкасці ў іх асэнсаванні. Далёка не кожны беларускі чытач скажа, што, напрыклад, выправа –– гэта тое самае, што і пасаг, а ядыначка –– ‘адзіная дачка’, нават калі названыя паланізмы падаць у акружэнні беларускіх слоў, скажам, у такім кантэксце: «Ды і на выправу не пашкадуем, –– яна ж у нас ядыначка» (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта).
Выкарыстанне паланізмаў у творах савецкага часу звычайна матываванае, і толькі зрэдку, асабліва ў вершаваным маўленні, трапляюцца выпадкі, калі аўтарскае запазычанне з польскай мовы можна вытлумачыць хіба толькі патрабаваннямі рытму і рыфмы. Напрыклад, у «Дзесятым падмурку» П. Труса: «...цяжка мне й балесне» пры рыфме песняй (балесне – ‘балюча’).
Паланізмы стылістычнага ўжывання знаходзім у аповесці З. Бядулі «Салавей». Яны перадаюць каларыт эпохі, сустракаючыся і ў аўтарскай мове, і ў маўленні персанажаў: вымова –– ‘вымаўленне’, парцаляна –– ‘фарфор’ і інш. Гэтак жа неабходны для ўзнаўлення рэальных гістарычных абставін паланізмы ў аповесці Я. Брыля «Сірочы хлеб»: пастарунак ––‘паліцэйскі ўчастак, пост’, матолак –– ‘прыдурак’, солтыс –– ‘стараста’. Пры гэтым аўтар часам кантэкстам раскрывае сэнс асобных польскіх слоў: «Вясной, калі ён скончыў трэці, быў у іх сам «кіроўнік» –– дырэктар местачковай сямігодкі».
Найчасцей паланізмы сустракаюцца ў маўленні персанажаў-палякаў. Гэта назіраецца, напрыклад, у п’есе К. Крапівы «Партызаны», дзе паланізмы ўводзяцца ў маўленне ксяндза, пані і пана Яндрыхоўскіх.
Ёсць паланізмы і ў паэме Я. Коласа «Новая зямля», галоўным чынам у маўленні герояў. Шмат польскіх слоў і цэлых сказаў у раздзеле «Панская пацеха»; напрыклад: «Пан рэвізовы зачынае: Ешчэ Польска не згінэла, покі мы жыема»; « –– А я, –– тут Свіда выступае, ён вус угору падымае і панству кідае з запалам: –– Седм вількув забіл едным стшалам!» Ужыванне польскіх слоў у аўтарскай мове звычайна абумоўленае і эфектыўнае. Так, у раздзеле «Леснікова пасада» пры апісанні хаты, якая «ў глыбі двара стаяла... і выглядала зухавата паміж запушчанай будовы», паэт выкарыстоўвае паланізм у разгорнутым параўнанні хаты са шляхцянкай засцянковай:
Што ў дзень святы каля касцёла,
Чуць-чуць падняўшы край падола,
Так важна ходзіць з парасонам,
Спадніцай верціць, як агонам,
З дарожак пыл, пясок зганяе
І ў вочы хлопцам заглядае.
Польскае слова оган (ogon) –– ‘хвост’ вельмі дарэчы ў дачыненні да засцянковай шляхцянкі.
У творах ХІХ стагоддзя пераважаюць паланізмы нематываваныя. Амаль усе яны пры чытанні тэксту патрабуюць каменціравання. Некалькі прыкладаў з паэмы Ф. Багушэвіча «Кепска будзе!»: прэндка –– ‘хутка’, іменне –– ‘імя’, скрыдла –– ‘крыло’, лэб –– ‘лоб’, цёнгле –– ‘заўсёды’, срогі –– ‘суровы’, скаўронак –– ‘жаваранак’, шчэры –– ‘шчыры’, адлог –– ‘аблога’; у гутарцы «Дзядзька Антон»: жычлівы –– ‘добразычлівы’, земскі –– ‘зямны’, у які спосаб –– ‘як, якім чынам’, рахаваць –– ‘спадзявацца’; у «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча: паняверыць –– ‘трэціраваць, зневажаць’, зэгар –– ‘гадзіннік’ і інш. Трапляюцца паланізмы і ў дарэвалюцыйных творах Я. Купалы. «Але, як толькі паэт пераканаўся, што яны не пашыраны ў беларускай мове, ён, клапоцячыся аб чыстаце мовы, замяніў іх у далейшых выданнях агульнавядомымі беларускімі словамі» [45, с. 167]. Там, дзе выкарыстанне польскіх слоў звязана з рыфмай, яны захаваліся. Напрыклад, у паэме «Бандароўна»: павеўна («Уся, як цень, павеўна» –– пры рыфме каралеўна) –– ‘лёгкая’, вэлён («Прыбіралі, як да шлюбу, ў белю і вэлёны» –– пры рыфме чырвоны) –– ‘празрыстая лёгкая тканіна; вуаль’.
Зварот пісьменнікаў да чужых моў не абмяжоўваецца толькі выкарыстаннем рускіх і польскіх лексіка-фразеалагічных сродкаў. Эстэтычна апраўдана ўжыванне ўкраінскага слова донька[1] (дочухна, дочачка) у паэме Я. Купалы «Бандароўна» –– у маўленні персанажаў-украінцаў. Я. Брыль у апавяданні «Галя» моўнымі сродкамі падкрэслівае інтэрнацыянальны склад партызанскага атрада: партызан Арцём гаворыць па-ўкраінску (напрыклад: «Так шчо, таварышу ўзводны, моя біда, а ваш наказ залышыцця, мабуць, у сілі. Я конячку сідлаю, так?»), яшчэ адзін –– па-руску («Прощай, борода!.. Ты, кстати, эту пакость сбрей...»), іншыя –– па-беларуску.
Падзеі, пра якія расказваецца ў рамане Э. Самуйлёнка «Будучыня», адбываюцца ў Грузіі, таму зместам твора абумоўлена ўжыванне ў ім грузінскіх, абхазскіх і мінгрэльскіх слоў, зваротаў: бічо –– ‘хлапчук’, батоно –– ‘пан’, марджа –– ‘малайцы’, гомі –– ‘проса’, кацо ––‘чалавеча’, ужмуры ––‘ліхарадка’, авай-вава ––‘гора мне’ і інш. Пісьменнік камічна збліжае два блізкія гучаннем разнамоўныя словы Гордзій (уласнае імя) і гордзі (мінгрэльскае слова са значэннем ‘жаба’) і паказвае, як непаразуменне паміж Іліко і ўкраінскім хлопчыкам-бежанцам Гордзіем ледзь не прывяло да канфлікту:
Незнаёмы... паказваючы на сябе, сказаў па-расійску:
–– Гордзій!.. Гордзій Усачэнка... З сяла Сушкоўцы,Бабаеўскайволасці.
–– Гордзі?
Іліко зразумеў толькі адно слова. Ад здзіўлення бровы ягоныя спачатку прыўзняліся, і ён прыадкрыў нават рот. Але потым спахмурнеў.
–– Гэта ён не цябе, Іліко, –– сказала Маро. –– Гэта яго самога так зваць.
І сапраўды, хлапец, паказваючы на сябе, усё яшчэ паўтараў слова, якое Іліко зразумеў, як «гордзі».
–– Так не можа называцца чалавек, –– строга сказаў Іліко. –– Я ніколі не чуў, каб чалавека называлі такім паганым імем. Ён з нас кпіць. Я яму зараз дам!
Але хлапец упарта паўтараў сваё імя, убачыўшы, відаць, сумненні Іліко, і таму прыйшлося нарэшце прызнаць, што хлапца сапраўды завуць Гордзі.
У апавяданні М. Лынькова «Гой» ёсць яўрэйскія словы (напрыклад, гой, што значыць ‘не яўрэй’). Я. Брыль у апавяданні «Memento mori» выкарыстоўвае нямецкія словы: зондэрфюрэр –– ‘камандзір спецыяльнай каманды’, фройляйн –– ‘паненка’, фрау –– ‘жонка’.
Шмат аўтарскіх запазычанняў ёсць у п’есе Я. Купалы «Тутэйшыя». Ужыванне амаль ycix ix абумоўліваецца пэўнай прычынай: яны выступаюць сродкам маўленчай характарыстыкі персанажаў. Стылістычна апраўдана выкарыстоўваюцца рускія, нямецкія, польскія, царкоўнаславянскія словы i словазлучэнні: нынешнія врэмена, кіндар (‘дзеці’), фатэрлянд (‘айчына’), венцэй (‘больш’), шчэгульносць (‘асаблівасць’), агнцы сіі возврацяшэся (‘ягняты гэтыя вярнуліся’) i сотні іншых. Чужаземныя словы, занесеныя ваенным i акупацыйным ліхалеццем, іншы раз перайначваюцца простым людам. Так, Гануля Зношчыха яшчэ не зyciм авалодала нядаўна пачутым рускім словам уплотнение (у сэнсе ‘дадатковае засяленне жылой плошчы’): «Бачыце, было тут у нас у Менску апошнім часам нейкае палатненне, дык нас i ўпалатнілі ў адзін пакой, а іншыя — забралі...» На пытанне пра крэслы плюшавыя Гануля адказвае: «Нашы крэслы недзе ў іншае месца спалатнілі».
Усходні i Заходні вучоныя (ix цікавіць «беларускае пытанне») тройчы з’яўляюцца на сцэне ў пошуках «праўдзівых тыпаў беларускіх», апытваюць Янку Здольніка i, запісваючы адказы ў нататнікі, гавораць адзін па-руску, другі па-польску; напрыклад, Усходні вучоны: «ізвініце, судар!.. Іоан Здольніков. Ісціно-русскій ціп Северо-Западной Обласці i безусловно з прымесью монголо-фінской кровi»; Заходні вучоны: «Пшэпрашам пана!.. Незаводне тып Всходнё-Крэсовэго поляка з немалон дозон крві познаньско-гуральскей». Абодва «вучоныя», па словах Зноска, «тутэйшыя людзі: адзін дзякавы сын, а другі — арганіставы», таму хоць i гавораць на рускай ці польскай мове, але з беларускім акцэнтам. У маўленні Усходняга вучонага адбіваецца дзеканне i цеканне, чуваць зацвярдзелы «р»: здзешніх, дзегенерат, ацечэство, церрыторыя, прырода, благодара врэдным клімацічэскім веяніям...
З вуснаў Мікіты Зноска, таксама беларуса, які, аднак, лічыць сябе «істым рускім патрыотам», чуем: «Здрасціце!»
У маўленні Здольніка (двойчы) i Зноска сустракаецца самдзеле (відаць, з рускага в самом деле).
Поп размаўляе па-руску з прымессю царкоўнаславянізмаў: понежэ, воісціну, разверзіся врата адовы, святой Русью завладоша, навождзяху oнe на себя, aкі пастыр, в ciю обіцель градзе большэвік.
Перад уступленнем немцаў у горад Спічыні вучыць Зноска «па-нямецку гергетаць», а хутка Зносак сутыкаецца з немцам у вайсковай форме. У гэтых дзвюх з’явах ёсць каля дзесятка нямецкіх слоў тыпу: «Гута моргэн, гэр германіш!»
Калі ж праз пэўны час складваецца іншая «палітычная сітуацыя», Зносак вучыцца размаўляць па-польску. На гэты раз маем справу з дзесяткам польскіх слоў, зрэшты, няцяжкіх для ўразумення: «Ідзь пан до сту д’яблуў за Буг» i пад. Ёсць яны i ў чацвёртай дзеі: неаднойчы паўторанае пшэпустка (‘пропуск’), а таксама доносіцель (‘даносчык’), разносіцель (‘разносчык’). I яшчэ ў адным месцы (дзея першая, з’ява сёмая): асведчыны ‘шлюбная прапанова’.
Нагадаем, што трагікамедыя «Тутэйшыя» стваралася ў 1922 г., у перыяд, калі, фарміруючыся i ўдасканальваючыся, наша літаратурная мова «шукала нормаў». Сляды гэтых пошукаў адбіліся i на мове «Тутэйшых». У п’есе сустракаецца некалькі слоў i сінтаксічных канструкцый, якія можна кваліфікаваць як паланізмы, абумоўленыя ўжо не стылістычна, а толькі часам напісання п’есы. Яны не прыжыліся ў нашай мове, замест ix замацаваліся іншыя, блізкія гучаннем словы: магнэс (які магнэс болей вас да сябе цягне) — магніт; скнэра (трэці будзе казаць, што скнэра) — скнара; кіхаць (насамі круцілі ды кіхалі) — чхаць; жычыць (жычу вам...) — зычыць; візыта (першую візыту) — візіт; вальц (грае вальца) — вальс.
Дзеяслоў чакаць у сучаснай беларускай мове праяўляе сваё значэнне толькі ў канструкцыі «чакаць + каго, што». У «Тутэйшых» гэты дзеяслоў i прыставачныя ўтварэнні ад яго неаднаразова ўжытыя на польскі лад: чакай на ix, чакаць на гэта, пачакаць на татку, прачакаўся на нас. Дарэчы, тое самае i ў «Паўлінцы»: пад акном буду на цябе чакаць. Аналагічна выкарыстаны ў «Тутэйшых» i дзеяслоў заслужыць: не ведаю, чым я на ўсё гэта заслужыў.
Ёсць аўтарскія запазычанні з польскай мовы i ў камедыі «Паўлінка». Адны з ix індывідуалізуюць маўленчую манеру пэўнага персанажа, у прыватнасці Адольфа Быкоўскага, адначасова ствараючы i гумарыстычны эфект. Так, Сцяпан на пытанне Быкоўскага, што добрага чуваць, жартам адказвае: «Ды што у нас чуваць? Старая баба не хоча здыхаць, а маладая замуж icцi». Быкоўскі самазадаволена раіць: «Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць». Танцуючы i спяваючы, Адольф уключае ў прыпеўкі шэраг польскіх слоў (бляда ‘бледная’, голэмбі ‘галубы’, лабэндзі ‘лебедзі’ i інш.:«Дзяўчынэчка, суха, бляда, яда цебе ў госці яда»; «Плываё: голэмбі, летаё лабэндзі», «Танцовала рыба з ракем, а пятрушка з пастарнакем».
Адзінкавыя паланізмы сустракаюцца i ў маўленні іншых персанажаў: спранжыновы ‘спружынны’, скнэра ‘скнара’. У аўтарскай рэмарцы знаходзім: naipыmaванa, што значыць ‘з раздражненнем’.
Сцяпан, Паўлінчын бацька, пад заслону называе Быкоўскага польскім выразам вірутнік з-пад цёмнай гвязды ‘падазроная, цёмная асоба, нягоднік’. Яшчэ адзін польскі выраз — дзве дзюркі ў носе i сканчылося — у маўленні Сцяпана паўтараецца пяць разоў. Гэты выраз, упершыню выкарыстаны ў «Паўлінцы», сёння ўключаецца ў беларускія фразеалагічныя слоўнікі i рэалізуецца ў маўленні як выказванне пра завяршэнне чаго-небудзь са значэннем ‘на гэтым i канец’. Напрыклад, у «Браме неўміручасці» К. Крапівы: «Вось i ўся неўміручасць. Дзве дзюркі ў носе i сканчылося, як той казаў».
Сказ з абразка «Датрымаў характар» А. Гаруна: «Праца ёсць школай для моладзі i аздобай для старасці». Тут ужыта ў якасці састаўнога іменнага выказніка канструкцыя «ёсць + творны склон» — непатрэбнае запазычанне з польскай мовы сінтаксічнай асаблівасці, не характэрнай для нашай як літаратурнай, так i дыялектнай мовы. Апошнім часам, аднак, заўважаецца неапраўданая спроба перанесці гэту канструкцыю ў літаратурную мову. Напрыклад, у часопісе «Полымя» чытаем: «Вялікім недахопам Слоўніка ёсць i тое, што ў iм падаюцца штучныя дублеты».
У беларускай мове ёсць прыназоўнік накшталт, этымалагічна звязаны з польскім спалучэннем па ksztalt, дзе ksztalt —‘выгляд, форма’. А. Гарун у апавяданні «Пан Шабуневіч» выкарыстаў кшталтам на месцы накшталт: «Добра было б зрабіць нешта кшталтам школкі беларускай». У друку апошніх гадоў пачалі ўжываць форму кшталту з нейкім неакрэсленым зместам: арганізацыя такога кшталту («ЛiM»), словы кшталту «Жэнева» («Роднае слова»), высокага мастакоўскага кшталту («ЛiM»). З няпэўным сэнсам ужываюць слова i ў форме назоўнага склону: п’еса набудзе новы кшталт («Полымя»).