§ 2. Віды аналізу. Тэксталагічны аналіз
^ Вверх

§ 2. Віды аналізу. Тэксталагічны аналіз

 

Асноўнае месца пры вывучэнні мастацкага твора займае літаратуразнаўчы аналіз. Апрача гэтага, існуюць такія віды аналізу, як лінгвістычны, стылістычны, тэксталагічны. Лінгвістычны аналіз, паказ таго, што і як вытлумачваецца на ўроках літаратуры, – у цэнтры ўвагі гэтай кнігі. Якая розніца паміж лінгвістычным і стылістычным аналізам, будзе паказана трохі пазней. А цяпер – пра тэксталагічны аналіз, які часам выступае як істотны дапаможны сродак пры вывучэнні твора, садзейнічае іншым відам аналізу.

Тэксталагічны аналіз – гэта параўнанне розных рэдакцый аднаго і таго ж твора, аўтарскіх чарнавікоў, рукапісаў. Гэтым займаюцца спецыялісты-тэкстолагі, але апублікаваныя  іх назіранні і вывады (гл., напрыклад [115; 27; 72; 1; 2]), безумоўна, можна і трэба выкарыстоўваць і ў школе, бо на іх аснове лёгка паказаць творчыя «пакуты слова»: як пісьменнік шукаў і нарэшце знайшоў самае неабходнае, адзіна магчымае слова ці выраз для пэўнай маўленчай сітуацыі. Дарэчы, пры вывучэнні ў школе праграмных твораў Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, М. Лынькова, І. Мележа, У. Караткевіча настаўнік мае магчымасць рабіць самастойныя назіранні, выкарыстоўваючы акадэмічныя выданні – зборы твораў гэтых пісьменнікаў: у каментарыях да кожнага тома падаюцца варыянты аўтографаў, розных рэдакцый твора.

«Пошукі дакладнага, таго адзіна-адзінюсенькага слова — цяжкія, пакутлівыя, — пісaў Б. Сачанка ў аповесці «Не на той вуліцы». — У слове ж не толькі сэнс, у ім i колер, i гук; слова жывапісуе, нясе думку i музыку; слова — расхалоджвае i натхняе; яно— забаўка i зброя». Прывядзём яшчэ адно выказванне — з паэмы А. Твардоўскага «За даллю — даль»:

 

Пропал запал. По всем приметам

Твой горький день вступил в права.

Все — звоном, запахом и цветом —

Нехороши тебе слова.

Недостоверны мысли, чувства,

Ты строго взвесил их — не те...

И все вокруг мертво и пусто,

И тошно в этой пустоте.

 

Звернемся да прыкладаў тэксталагічнага аналізу.

Верш Я. Купалы «Дзве сястры», як сведчыць рукапіс, пачынаўся радкамі:

 

На маркотнай зямлі

Дзве сястрыцы жылі...

 

Паэт замяніў эпітэт маркотнай словам скаванай, пасля – гаротнай і нарэшце замест якаснага прыметніка-эпітэта выкарыстаў адносны, каб падкрэсліць менавіта месца дзеяння:

 

На тутэйшай зямлі

Дзве сястрыцы жылі...

 

Часам тыя ці іншыя праўкі пісьменніка звязаны з меркаваннямі стылістычнага характару. Параўн., напрыклад, дзве рэдакцыі дзесятага радка з верша Я. Купалы «На смерць Сцяпана Булата»: Цэп з касою дрэмле ў пуні і Цэп з касой вісяць у пуні. Як вядома, выказнік пры дзейніку тыпу «цэп з касою» ставіцца ў множным ліку, калі падкрэсліваецца роўнасць абодвух прадметаў, і ў адзіночным, калі неабходна паказаць, што прадмет, абазначаны творным склонам, з’яўляецца другарадным. Для Я. Купалы цэп і каса ў пададзеным кантэксце – раўнапраўныя прадметы, таму паэт зрабіў замену лікавай формы выказніка і іншыя праўкі, выкліканыя гэтай заменай (дрэмле – вісяць, касою – касой, ў – у).

Шмат якія цудоўныя радкі паэмы Я. Коласа «Новая зямля» ўзніклі не адразу. Яны вынік вялікай карпатлівай працы паэта. Так, у першай публікацыі раздзела «Леснікова пасада» (1912) пра буслянят гаварылася:

 

Насы высока закідаюць

І з піскам естачкі чакаюць.

 

Паэт шліфуе мастацкую форму радкоў, адмаўляецца ад дзеяслоўнай рыфмы і нелітаратурнага, сентыментальнага естачкі:

 

Насы закідваюць угору

І просяць есці ў сваю пору.

 

Я. Колас апускае грубыя словы ў аўтарскай мове. У раздзеле «Раніца ў нядзельку» замест першапачатковага Свае ж сябры ўдадуць, як сукі стала:

 

Свае ж сябры – майстры на штукі:

Так удадуць і так падкусяць –

Цягацца нехаця прымусяць.

 

Тэксталагічны аналіз дапамагае ўбачыць і адчуць, як пісьменнік удасканальвае не толькі мастацкі бок твора, але і яго ідэйны змест. У мастацкіх тэкстах ёсць нярэдкія праўкі сэнсавага характару.

У п’есе К. Крапівы «Партызаны», у сцэне ўяўнага сватаўства, падпольшчык Скіба прапануе тост за бальшавікоў і ў адказ на насцярожанае пытанне дзеда Бадыля паясняе: «Ну, за такіх, як ваш Даніла». Услед за гэтымі словамі Скібы ў першым выданні п’есы (1938) ішла рэпліка дзеда Бадыля: «Даніла?.. Гм... Які ж ён бальшавік? Гэта ж тутэйшы, свой хлопец». Пасля драматург зняў гэту рэпліку, бо яна не стасуецца з папярэднімі і далейшымі паводзінамі, дзеяннямі дзеда Бадыля –– свядомага барацьбіта за народную, рэвалюцыйную справу, які, напрыклад, на самым пачатку п’есы пра таго ж Данілу гаворыць: «Гэта наша савецкая ўлада... камітэт».

Байка К. Крапівы «Сава, Асёл ды Сонца» ў выданнях 1927 і 1928 гг. не мела маралі, канчалася радкамі:

 

I тут Аслу нарэшце ясна стала:

Каб Сонца засланіць – вушэй асліных мала.

 

У 1934 г. сатырык ідэйна ўзбагаціў байку, надаў ёй злабадзённасць:

 

Вось гэту праўду едкіх слоў

Пра цень вушэй даўгіх

Ды плямы кіпцюроў нячыстых

Нясу, абураны, на згоднікаў-аслоў,

На сацыял-фашыстых.

 

Параўн. апошнюю рэдакцыю гэтай маралі, сціслую і з большым абагульненнем:

 

Вось гэту праўду едкіх слоў

Нясу, абураны, я на фашысцкіх соў

І іх заступнікаў-аслоў.

 

Пошукамі найбольш дакладнага слова абумоўлены некаторыя папраўкі ў вершы П. Панчанкі «Беларуская мова». У першай публікацыі (JliM. 1987. 9 студз.) трэці радок першай страфы гучаў так: «Старажытнейшая, самая славянская». Перавыдаючы твор, паэт апраўдана замяніў вышэйшую ступень параўнання прыметнікам старажытная, бо няма падставы лічыць нашу мову больш старажытнай за іншыя славянскія мовы. Унесены змяненні i яшчэ ў адну страфу. Было: «Я спяваў пра жыта i пра жаўранкаў, ненавідзеў ліхадзеяў i прыгнёт, а сягоння — вялікадзяржаўнікаў, што разбэшчвалівялікі мой народ». Замест ліхадзеяў стала акупантаў — больш канкрэтнае слова, звязанае з пэўным часавым адрэзкам (перыядам мінулай вайны). А замест разбэшчвалі(дзеяслоў незакончанага трывання ў форме прошлага часу) стала разбэсцілі –  закончанае трыванне (!). Эфект замены відавочны.

У камедыі «Хто смяецца апошнім», у поўнай адпаведнасці з ідэйна-мастацкімі мэтамі стварыць вобраз «свінтуса грандыёзуса», у якім усе элементы павінны быць у адзінстве, К. Крапіва перарабляе наступны ўрывак з прамовы Левановіча ў канцы п’есы (гл. у § 3 амаль усю гэту прамову): «Няхай жа ведаюць усе свінні i свінячыя маманты: калі каторы з ix паспрабуе пакасціць у нашай савецкай навуцы, будзем біць проста па хобату». Замест i свінячыя маманты стала мамантавыя i нямамантавыя, замест каторы каторая, замест па хобату па пятачку.

Імкнучыся не паўтараць аднолькавага слова нават у межах двух суседніх сказаў, Я. Колас у наступным урыўку з трылогіі «На ростанях» замяніў другое з выдзеленых слоў (дакладней, спалучэнне па пакоі) фразеалагізмам з кута ў кут: «Пісар у хуткім часе замаркоціўся адзін i пачаў iзнoў прыкладацца да бутэлькі, зачыніўшыся ў сваім пакоі.Ён то сядзеў нерухліва, то хадзіў па пакоii час ад часу куляў чарка за чаркай».

Іншы раз зварот да тэксталагічнага аналізу непазбежны. Ён дапамагае, напрыклад, выявіць недакладнасць або правільна зразумець тэкст. Так, у некаторых выданнях аповесці Я. Коласа «Дрыгва» (1946, 1966, 1970) у XXXVI раздзеле чытаем: «Град куль са змяіным піскам завыў над галовамі афіцэраў, вырваўшы з іх групы трох чалавек адразу, і стукнуўся ў галіны і камлі дрэваў. Салдаты рынуліся хто ўрассыпную, хто збіраючыся ў кучы, а хто без каманды кладучыся на зямлю ці хаваючыся за дрэвы. Узвод і роты перамяшаліся». Цяжка ўявіць, як гэта салдаты пад градам куль збіраюцца ў кучы. І чаму ўзвод і роты (першае слова ў адзіночным ліку, а другое ў множным)? У акадэмічным жа выданні «Дрыгвы» (Мінск., 1975, т. 8, с. 429) падаецца так, як напісана рукой Я. Коласа: збіваючыся ў кучы, узводы і роты.

Яшчэ прыклад –– іншага характару. У апавяданні Я. Коласа «Соцкі падвёў», у эпізодзе пра п’янага Янку Дудара,  ёсць не зусім зразумелая рэпліка аднаго з сялян, які, калі прыйшла з мешалкай жонка Янкі, сказаў: – Спяваў, што «няма каму бараніць», бараніся ж сам. Што гэта за словы, узятыя ў двукоссе? Іх чытач не знойдзе ў куплетах, якія «спяваў на ўсю вуліцу» Дудар. Каб правільна зразумець гэты ўрывак, неабходна звярнуцца да тэксту апавядання, пададзенага ў акадэмічным выданні твораў Я. Коласа. У каментарыях да 4-га тома (1973, с. 322) прыводзяцца радкі з першапачатковага варыянта апавядання, упершыню апублікаванага ў 1907 г.:

 

Будзе мяне жонка біць,

Няма каму бараніць.

 

Гэтыя радкі з песні Янкі пісьменнік пасля апусціў, а рэпліку са спасылкай на песню пакінуў без змяненняў. А радкі былі апушчаны, відаць, таму што паэт паўторна выкарыстаў іх (разам з іншымі) у паэме «Новая зямля» — у раздзеле «Смерць ляснічага», дзе апісваецца, як леснікі, «пана з плачам пахаваўшы», паўпіваліся i, голасна спяваючы, разыходзіліся: «Спяваў Амброжык за балотам, а Пальчык сыпаў як бы шротам: «Будзе мяне жонка біць, няма каму бараніць!»

У першай публікацыі раздзела «Дзядзька ў Вільні» (1918) Я. Колас піша пра Антося:

 

І дзядзька крокам йдзе нясмелым

К таму сталу, што быў пабліжай...

 

Пасля паэт нібыта ўзмацняе ідэйнае гучанне вобраза дзядзькі Антося, замяняючы прыметнік нясмелы яго супрацьлегласцю – смелы: 

 

Ступіў наш дзядзька крокам смелым,

Ідзе к сталу, што быў пабліжай...

 

Такая замена, аднак, была, хутчэй за ўсё, вымушанай: нечаканая смеласць дзядзькі Антося ніяк не стыкуецца з яго паводзінамі i прыгнечаным настроем, рэалістычна апісаным на папярэдніх старонках паэмы, i з такімі, напрыклад, радкамі: «Забіты дух яго вякамі ўжо чуе страх перад панамі».

Поўнасцю паэма была ўпершыню апублікаваная ў 1923 г., у савецкі час, калі ўжо трэба было пабойвацца пільнай бальшавіцкай цэнзуры. I паэт, відаць, мyciў па ўказцы цэнзуры або па волі «ўнутранага рэдактара» надаць дзядзьку Антосю адвагі i рашучасці.

У гэтай сувязі прыгадаем ліст Я. Коласа маскоўскаму перакладчыку ягонай паэмы Я. Мазалькову. У лісце ад 8 жніўня 1948 г. (3б. тв.: У 12 т. Т. 12. 1964. С. 296) паэт тлумачыць, чаму ён дабавіў у раздзеле «Смерць Міхала» (aпошнi раздзел паэмы) 18 радкоў, якіх у ранейшых выданнях (1923, 1927, 1934, 1941, 1946) не было (гэта 84 – 101 радкі ад «А грошы йшлі, плылі, як сліна» да «А толькі грошы выцягаюць»). Гэтым дадаткам Я. Колас хацеў «закінуць сумненне ў сэрца Mixaла — ці сапраўды «свая» зямля дасць поўнае шчасце... Гэта я хачу зрабіць, каб не было прыдзірак з боку крытыкаў, якім трэба часцяком толькі адна драбінка для таго, каб з-за прыватнага выпадку зганьбіць усю паэму».

Як вядома, ва ўcix цывілізаваных краінax свету ніхто без згоды i волі пісьменніка не можа ўносіць ніякія папраўкi. Але ў савецкі час гэта залатое правіла тэкстолагаў нярэдка ігнаравалася. У першыя дзесяцігоддзі бальшавіцкага атэізму пачаўся рашучы наступ на рэлігію — «опіум для народа». Як зазначае У. Конан, «у 20 — 30-я i наступныя гады адбылося поўнае абязбожванне дасавецкай спадчыны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі. Гэта значыць, яе фальсіфікацыя ідэалагічнаю цэнзураю i прымусоваю самацэнзураю. Вось чаму сёння важна звярнуцца да першапублікацый i рэстаўраваць аўтэнтычнасць літаратурнай класікі»[41, с. 16]. Тут дарэчы прыгадаць i шматлікія факты іншага характару, звязаныя з маніпуляцыяй у дачыненні да зямных багоў. М. Лужанін (Полымя. 1997. №4) супастаўляе прыжыццёвае выданне твораў Я. Коласа з выданнем 1972 г., паказвае, як кан’юнктурна падганялі паэтавы радкі пад новыя ідэалагічныя ўстаноўкі: замест «Каб Сталінскім шляхам прабіцца ў вышыні...» зрабілі «Каб Ленінскім шляхам...», замест «Свеціць па старонцы Сталінскае сонца» стала «Свеціць па старонцы Ленінскае сонца», замест коласаўскага «Перад Сталіным, радзімай прысягаю я...» зрабілі «Перад любаю радзімай...» i г.д.

Спынімся цяпер больш падрабязна на тэксталагічным аналізе камедыі  «Паўлінка».

Адны аўтары пры перавыданні сваіх твораў зноў і зноў вяртаюцца да іх, уносяць сякія-такія змены. Напрыклад, Я. Колас у 1954 г., рыхтуючы да друку трылогію «На ростанях», зрабіў вялізнае мноства правак, па сутнасці, перапісаў, як сведчыць М. Лужанін у кнізе «Колас расказвае пра сябе» (1964, с. 20), абедзве палескія аповесці. К. Крапіва тройчы папраўляў байку «Дыпламаваны Баран».

Другія ж — шліфуюць, удасканальваюць свой твор толькі ў яго рукапісным выглядзе, а пасля таго, як ён пабачыў свет, не вяртаюцца да яго. Так, В. Быкаў і ў 1990-я гады пры перавыданні аповесцей не аднаўляў нават купюр савецкага цэнзурнага паходжання. Як піша Р.І. Гульман [27, с. 21, 31], паэт свае творы, аднойчы апублікаваныя, таксама амаль ніколі не перарабляў. Відаць, адзіным выключэннем з’яўляецца камедыя «Паўлінка». У дзевяцітомным Поўным зборы твораў (2001, т. 7, с. 377) сказана, што гэта п’еса друкуецца «па Зб. тв., 1927, т. III з улікам некаторых змен, унесеных аўтарам у выданне 1937 г.». Што ж гэта за «некаторыя змены» і чым яны былі абумоўленыя?

Калі ад дзвюх іншых Купалавых п’ес («Прымакі» і «Раскіданае гняздо») захаваліся толькі белавыя аўтографы, а ад «Тутэйшых» і такога рукапісу не засталося, то «Паўлінцы» пашанцавала. Захаваліся яе і чарнавы, і белавы аўтографы. Відаць, таму, што Я. Купала ў студзені 1930 г. перадаў іх праз К. Душэўскага ў дэпазіт Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні. Як бачым, перадаў не ў які-небудзь мінскі архіў, а ў віленскі. Прыгадаем, што гэта быў год, калі ва-ўсю ішло змаганне з так званымі «нацдэмамі» і калі 20 лістапада Я. Купала спрабуе развітацца з жыццём. А 1937 год, калі аўтар мусіў унесці змены ў «Паўлінку», — гэта пік злачыннай вайны таталітарнай улады супраць свайго народа. Параўноўваючы сучасны тэкст п’есы з яе двума аўтографамі, бачым, што драматург мусіў зрабіць настаўніка Якіма Сароку ледзь не горкаўскім Буравеснікам. У 2-ю з’яву 1-га акта было ўключана наступнае: Паўлінка «абнімае Якіма, раптам знаходзіць у кішэні кнігу», пытаецца: «А гэта што?» I далей: «Чытае няўмела першыя радкі з «Песні аб Сокале» М. Горкага. Потым Якім забірае ў яе кнігу і сам чытае». У каментарыях да п’есы (т. 7, с. 384) слушна гаворыцца, што «на той перыяд вельмі істотнай з’яўлялася ўстаўка аб чытанні Якімам Сарокам «Песні аб Сокале» М. Горкага», хоць, калі сказаць словамі Георгія Коласа, «Якім не быў ні Буравеснікам, ні Сокалам – ён быў Сарока»[1].  Магчыма, гэта ўстаўка была зроблена не без уздзеяння І. Гурскага — старшыні секцыі драматургаў, які да таго ж быў рэдактарам выдання «Паўлінкі» ў 1937 г. У гэта выданне былі ўнесены і іншыя змены: значныя скарачэнні, перапрацоўка заключнай часткі, аднак у сучасных выданнях п’есы яны, за выключэннем устаўкі пра Сокала, не прымаюцца пад увагу. Выдаючы камедыю ў такім выглядзе, Я. Купала ўсё ж дамогся, каб на тытульнай старонцы кніжкі было пазначана: «З рэпертуару БДТ-2» (пастаноўку «Паўлінкі» на працягу многіх гадоў ажыццяўляў Беларускі дзяржаўны тэатр  № 2).

Звернемся цяпер да правак у двух аўтографах. У чарнавым іх 205, у белавым — 118. Усе яны сведчаць аб карпатлівай працы пісьменніка, аб яго імкненні давесці камедыю да бездакорнасці ва ўсіх адносінах.

Больш як у 60 выпадках адно слова заменена другім, больш прыдатным і дакладным у пэўным кантэксце. Напрыклад, у рэпліцы Паўлінкі спачатку было: «Ну, але тата сваё, Якім сваё, а я — сваё. Папрабуем, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго?» Пасля выдзеленае слова заменена іншым: паглядзім. Гэтак жа мэтанакіравана дзеяслоў раскідаць замяняецца адназначным у дадзеным кантэксце дзеясловам разнясці: «Што ж гэта пана Адольфа конь хацеў разнясці?»

Тонка адчуваючы, здаецца, нязначную розніцу ў сэнсавай структуры слова, драматург рабіў апраўданыя замены, напрыклад, дзеясловаў прытварацца, чапаць на прыкідвацца, кратаць, прыслоўя моцна на добра («добра прывязаў каня») і г.д. У пэўным слоўным акружэнні лепш адчуваецца беларускасць маўлення пры выкарыстанні замест крэпка, гаварыць, другі іх заменнікаў моцна («спаць моцна»), казаць («людзі казалі»), іншы («на іншы лад», «як у іншых») або замест прыназоўнікаў к і ад да і за («да ўсякай», «лепшы за нас»). Часам замена абумоўлена стылістычнымі і іншымі прычынамі. Так, у рэпліцы Агаты, у двух суседніх сказах, былі амаль што паўтарэнні: «ці ж зрушыш з месца» і «з месца не зрушыцца»; пасля ў другім словазлучэнні замест зрушыцца стала скранецца. У вусны Сцяпана спачатку было беспадстаўна ўкладзена скажонае слова сызматык (замест схізматык), пасля зроблена замена: «з гэтым бязбожнікам».

Не варта таксама забываць, што п’еса пісалася ў 1912 г., г.зн. тады, калі беларуская літаратурная мова была яшчэ замала апрацавана, знаходзілася ў стадыі фарміравання. Я. Купала, як адзін з галоўных яе стваральнікаў, «шукаў нормаў» (М. Лужанін). Гэтым вытлумачваюцца шмат якія праўкі ў «Паўлінцы». Напрыклад, неўласцівае беларускай мове напрасліну («Нашто напрасліну вясці») заменена на дарэмшчыну; вучыцельскія («вучыцельскія курсы») — на настаўніцкія; не панімаеш («нічога ніколі не панімаеш») — на не кеміш; скаціна («скаціна парадачная») — на быдлё. У адной аўтарскай рэмарцы спачатку было з дасадай; аўтар шукаў заменніка для гэтага рускага спалучэння і ўрэшце спыніўся на польскім слове паірытавана, якое абазначае ‘з раздражненнем’.

У аўтографах, асабліва чарнавым, дзесяткі разоў сустракаюцца замены іншага характару. Так, замест «Адольф Быкоўскі» спачатку ўсюды было «Станіслаў Пустарэвіч». Іншы раз ацэначнае, у стасунку да персанажа, слова замяняецца словазлучэннем (чучала начніца касавокая), адно словазлучэнне — іншым словазлучэннем (стары мухамор гнілая качарэжка). Або: дроў прынясе дрэўкі пашчапае. Адны сінтаксічныя канструкцыі замяняюцца іншымі, асабліва ў рэпліках Паўлінкі, што робіць яе выказванні больш дакладнымі і выразнымі. Напрыклад, замест «што я з табой дужа блізкае знаёмства забрала» стала: «што мы з табой злюбіліся». Дарэчы, некаторыя папраўленыя канструкцыі не сталі нормай літаратурнай мовы: «Пад сэрцам так баліць, так баліць, што і сказаць не магу» – «так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату». Ёсць змененыя канструкцыі і ў маўленні Агаты: «твой тата яго не хоча» — «твой тата на яго заеўся». Перароблены на беларускі лад развітальныя фразы Быкоўскага: «На відзене панне Паўлінцэ. Проша чэкаць...» — «Дабранач панне Паўлінцы! Проша чакаць...» Яшчэ адзін від правак — скарачэнні. Закрэсліваецца цэлы шэраг рэплік: напрыклад, 7 суседніх рэплік у 3-й з’яве 2-га акта, неістотных для развіцця дзеяння ў п’есе; асобныя рэплікі Паўлінкі, напрыклад, яе іранічна-жартаўлівае выказванне пра Вінцуся, які ўжо выпіў пятую шклянку гарбаты («Наловіць рыбы, каб я так жыла»); злосная, абражальная рэпліка Сцяпана пра Якіма («Не хачу, каб і імя гэтага сызматыка, гэтага плюгаўства ў маёй хаце ўспаміналася»). Апушчаны асобныя словы: двойчы паўторанае прынёс, каталік (у характарыстыцы, якую Сцяпан дае Быкоўскаму), словазлучэнне шагам марш (у выказванні Паўлінкі) і інш. Аўтар часткова ачышчае ад слоўнага шалупіння («собственно», «вось-цо-да») маўленне Пранціся.

У рукапісах камедыі ёсць каля 50 дапісак, дадаткаў, уставак. Адны з іх, як і папярэднія праўкі, носяць моўна-стылёвы характар, другія — узмацняюць ідэйнае гучанне п’есы.

Да асобных назоўнікаў дапісваюцца мастацкія азначэнні: «свянцоныя кроплі» (пра гарэлку), «хаты роднай», «трухлявую калоду» (так Агата характарызуе мужа), «суд... правы і суровы». Стварэнню вобразнасці садзейнічаюць дапісаныя параўнальныя звароты, не банальныя, а з элементамі навізны, нечаканасці: «плявузгаць, як латак у млыне», «мне і так горка на душы, як бы хто там палын засеяў». У маўленне Паўлінкі робяцца такія, напрыклад, устаўкі: «і так лёганька, лёганька на сэрцы», «I чаму я такая няшчасная?», «або згіну, каб і следу не засталося».

У розныя мясціны п’есы дадаткова ўстаўлены па дзве, тры і чатыры рэплікі, а таксама дадаткі — сказы ці часткі сказаў. Амаль ва ўсіх выпадках яны працуюць на ўзбагачэнне ідэйнага сэнсу твора. 3 гэтых дадаткаў даведваемся, якое станоўчае ўздзеянне аказваў Якім на Паўлінку, чаму вучыў («Хораша так аб усім расказваў... як трэба жыць»). Што-нішто даведваемся дадаткова і пра фанабэрыстага задаваку Быкоўскага, які, аказваецца, «сам голы, як бізун».

Асобна спынімся на выніках тэксталагічных назіранняў за выкарыстаннем фразеалагізмаў у «Паўлінцы».

  1. Аўтар уводзіць у тэкст фразеалагізм, каб узмацніць экспрэсіўнасць выказвання. Так, у рэпліку Сцяпана дапісваецца выраз вушы развесіўшы: «А ты, каханенькая, родненькая, не слухай, вушы развесіўшы, ды лепей гасцей глядзі». Рэпліка Паўлінкі «Ну, ну, ужо маўчу...» дапаўняецца агульнанародным выразам як рыба з далучэннем азначэння нямая да назоўнікавага кампанента.
  2. Некаторыя свабодныя словазлучэнні, у якіх асобныя словы не стваралі адзінага мастацкага вобраза, заменены фразеалагізмамі. Замест жыўцом спаліў стала жыўцом з’еў, замест прахам сплыў вадою сплыў (быў яшчэ і варыянт з вадою сплыў): «Ён-то нічога, але тата — дык жыўцом бы яго з’еў», «Быў час, ды вадою сплыў».
  3. Слова замяняецца фразеалагізмам. У абодвух аўтографах спачатку было: «Ну, хай будзе па-твойму». Пасля і ў чарнавым, і ў белавым аўтографах заменена: «Ну, хай будзе, як Сора казала».
  4. З двух сінанімічных выразаў аўтар выбірае больш прыдатны, такі, які лепш адпавядае маўленню пэўнага персанажа. Так, у маўленні Альжбеты  замест прах ведае стала немач ведае: «А немач цябе ведае!..»
  5. Каб пазбегнуць сэнсавай таўталогіі, аўтар апусціў слова лаза,  пакінуўшы толькі  фразеалагізм бярозавая каша. Замест «Лазы, пане дабрудзею, бярозавай кашы!..» стала: «Бярозавай кашы не пашкодзіла б, пане дабрудзею».
  6. Іншы раз фразеалагізм замяняецца словам. Напрыклад, Быкоўскі пакрыўдзіўся на Паўлінку, яна папрасіла прабачэння, сказала: «У мяне так сабе вылецела слаўцо». Мнагазначны выраз так сабе ўтэксце не зусім выразна праяўляе адно са сваіх значэнняў  — ‘без пэўнай мэты’, таму аўтар замяніў выраз словам наўмысле — ‘выпадкова, без якога-небудзь намеру’. Фразеалагізм тыцкаць нос заменены на тыцкацца («прыкусі язык і не тыцкайся, куды цябе не просяць»). У сучасным тэксце камедыі ёсць такое выказванне Паўлінкі пра Быкоўскага: «I собіла ж богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!»; перш чым драматург знайшоў больш мэтазгоднае чапялу недарэчную, ён перабраў такія варыянты: трубу Ерыхонскую, кукарэку.

 

Варты ўвагі і яшчэ адзін прыклад, але ўжо іншага кшталту. Абмежаваны, недалёкі Быкоўскі ўжывае выразы, якія ў мове маюць зусім іншы сэнс. Так, двухзначны фразеалагізм па самую шыю, спалучаючыся са словамі заняты, загружаны, абазначае ‘вельмі моцна’, а ўжываючыся пры дзеясловах нарабіць, нацярпецца і пад., рэалізуе значэнне ‘звыш усякай меры’. Гэты фразеалагізм не можа ўжывацца пры дзеяслове закахацца і яго сінонімах, аднак у рэпліцы Быкоўскага чытаем: «Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю». Пра тое, што Я. Купала знарок падкрэслівае недарэчнасць гэтага выразу ў мове Быкоўскага, сведчыць варыянт чарнавога аўтографа «Паўлінкі», у якім было: «Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самыя цыцкі».

Камедыя «Паўлінка», створаная амаль сто гадоў назад талентам і карпатлівай працай Янкі Купалы, і сёння не сыходзіць са сцэны (у двух значэннях гэтага выразу).



[1] Колас Г. Карані міфаў. – Мінск, 1998. – С. 197.