§ 10. Да ўжывання займеннікаў
^ Вверх

 § 10. Да ўжывання займеннікаў

 

Як вядома, займеннікі сярод іншых паўназначных слоў займаюць асобнае месца: яны не маюць сталага лексічнага значэння, бо не называюць прадметаў, прымет, колькасці, а толькі ўказваюць на іх, выступаюць іх «намеснікамі». Таму без больш шырокага кантэксту незразумела, пра каго ідзе гаворка ў такім, напрыклад, сказе з рамана I. Мележа «Людзі на балоце»: «Яго, як п’янага, час ад часу вадзіла ў бакі». Значэнне займенніка яго канкрэтызуецца папярэднім тэкстам: «Васіль вывеў каня за вароты. І к прыгуменню, і асабліва ў поле Гуз плёўся неахвотна, яму яўна не падабалася, што выцягнулі з цяпла такой ранню, гоняць у цемры, пад дажджом».

Абагульнена-адцягненае значэнне, уласцівае ўсім займеннікам, асабліва яскрава выяўляецца ў займенніках 3-й асобы (ён, яна, яно, яны). Хоць яны і называюцца асабовымі, але могуць указваць як на асобу чалавека, так і на любы іншы назоўнік — адушаўлёны і неадушаўлёны, канкрэтны і абстрактны: 1) Дзед Талаш сказаць павінен слова. Грамацей ён – як і ўсе дзяды калісьці. Напісалі для яго прамову і паставілі суфлёра за кулісы (П. Панчанка); 2) Конік з выгляду – дарма, ды цягнуў ён слаба (К. Крапіва); 3) Бяры, Антось, ты човен гэты: рассохся трохі ён за лета (Я. Колас); 4) На карце ён – Бягомль, а людзі звалі Бегамлем: сяліліся ў глухіх лясах халопы беглыя, бо беглі ад прыгону, ад паноў, ад царскіх устаноў і пастаноў (П. Панчанка); 5) Гераізм, як вядома, паважаецца на кожнай вайне, у нас жа ён стаў ці не адзіным рэальным сродкам перамогі, прадметам клопату з боку паліторганаў, на прапагандзе якога будавалася ўся іх работа (В. Быкаў).

Займеннікі, кажучы словамі А. Рэфармацкага, як «запасныя ігракі» ў футболе ці дублёры ў тэатры, выходзяць на поле або на сцэну, калі трэба «вызваліць ад гульні» паўназначнае слова. Выступаючы са зменлівым канкрэтным значэннем у розных кантэкстах, выконваючы выключна важную функцыю ў маўленні, займеннікі — самы малалікі сярод паўназначных слоў лексіка-граматычны разрад (іх усяго 76) [79, с. 61] — па частаце ўжывання значна перасягаюць амаль усе іншыя часціны мовы, саступаючы толькі назоўнікам і дзеясловам. Як засведчана ў «Частотным слоўніку беларускай мовы» (Мінск, 1976) Н. Мажэйкі і А. Супруна, першае месца сярод найбольш ужывальных слоў належыць займенніку ён. У ліку іншых самых высокачастотных дваццаці слоў ёсць і такія 7 займеннікаў: я, ты, гэты, увесь, той, свой, які.

Паколькі займеннікі не маюць сталага лексічнага значэння, пры іх ужыванні (асабліва займенніка ён у яго родавых і лікавых формах) трэба захоўваць правіла: займеннік звычайна паказвае на бліжэйшы да яго (папярэдні) назоўнік таго самага роду і ліку; напрыклад: «Дзіма паклаў руку пад матчыну галаву, прыўзняў яе, падлажыў пад плечы падушку» (А. Якімовіч).

Пры парушэнні гэтага правіла ўзнікаюць двухсэнсавасць, незразумеласць, а то і кур’ёз. Часам гэта ілюструюць такім прыкладам: «Калі пачалася навальніца, бабулька схавала галаву пад падушку і трымала яе да тае пары, пакуль яна не кончылася». У газеце «Літаратура і мастацтва» пад загалоўкам «Звышчалавек» прыводзіўся ўрывак з ліста ў рэдакцыю: «Бычкоў так кормяць даглядчыкі, каб да восені кожны з іх дасягнуў 300 кілаграмаў»; пад загалоўкам «Раскідаюць мужчын»: «Угнаенні на поле дастаўляюць мужчыны, дзе жанчыны адразу ж іх раскідваюць віламі». Яшчэ прыклады з рубрыкі «Пяро нарыпела» ў часопісе «Вожык»: 1) з дакладной запіскі кладаўшчыка: «Калі гаварыць шчыра, дык за лубін адказвае аграном, бо ён яшчэ з восені ляжыць пад брызентам і пакрыўся цвіллю»; 2) з тлумачальнай запіскі: «8-га снежня, калі прыйшоў дамоў, ёдам змазаў рану кату. 10-га я хадзіў да доктара, бо ён укусіў мяне за палец».

Падобныя памылкі на парушэнне лагічнай сувязі паміж займеннікам і назоўнікам, калі прыходзіцца задумвацца над тым, хто ж такі ён ці яна, сустракаюцца і ў мастацкіх, а таксама навуковых і публіцыстычных тэкстах. К. Крапіва ў адным з артыкулаў прыводзіць сказ з аповесці Т. Хадкевіча «Рэха ў гарах»: «Яна адчула, як кожная часцінка яе істоты напружылася, гатовая да ўсяго, што выпадзе на яе долю» — і слушна ставіць пытанне: «На чыю долю: жанчыны ці часцінкі?»

М. Зарэцкі піша, што ў рамане Б. Мікуліча «Дужасць» «часам нядбайныя адносіны да пабудовы сказа выліваюцца ў вельмі прыкрую недакладнасць і нават кур’ёзы», ілюструе гэта такім прыкладам:

 

Пахаванне навяло яго на журбу, і раптам дужа захацелася пагаварыць з бацькамі, выслухаць матчыны скаргі і злыя парадоксы бацькавы... — як-ніяк: свае яны, родныя.

 

Далей М. Зарэцкі піша: «Хто тут свае яны, родныя? – бацькі ці парадоксы – цяжка азначыць» [32, с. 372]. 

Я. Колас, прачытаўшы першы том эпапеі М. Лынькова, на­стойліва paiў аўтару перапісаць «некаторыя мясціны рамана нанава. Напрыклад: Старэйшы сын быў старшынёй калгаса, дачка, якая вучылася ў горадзе, выйшла замуж i абзавялася сваёй сям’ёй. Мужык яе (каго? сям’і? i чаму мужык, а не муж?), вайсковец, быў слаўным чалавекам, любіў сям’ю, паважаў ix (каго?), i яны (хто?) заўсёды былі вельмі ўсцешаны, калі Стася, дачка, з мужам i дзіцем прыязджалі часам летам да ix у госці, ці, як яны казалi, на дачу. Пісьменнік захапіўся займеннікамі, перагрузіў iмi сказ i зблытаў чытача, якому вeльмi цяжка здагадацца, што «яны» — гэта бацькі героя»[1].

Адрэзак тэксту, унутры якога фармальна дапускаюцца два чытанні, называюць «мяжой двухсэнсавасці». Гэта знайшло адлюстраванне ў рамане А. Асіпенкі «Непрыкаяны маладзік», дзе ва ўстаўной канструкцыі паказана рэакцыя гераіні на двухсэнсавы займеннік ён: «– Дык вы, мусіць, і ёсць Кацярына Кірылаўна Леўчанка? — Так. — Мірон Аўдзеевіч прасіў прабачэння. Ён у віварыі. У нас, ведаеце, такое гора: памёр Шарык, і Мірон Аўдзеевіч прысутнічае пры ўскрыцці. Але ён (Кацярына Кірылаўна міжволі ўсміхнулася: хто ён? Мірон Аўдзеевіч ці Шарык?) распарадзіўся і прасіў завесці вас да Фёдара Сцяпанавіча».Параўн. яшчэ і такія прыклады, дзе на «мяжы двухсэнсавасці» знарок, каб стварыць камічнае ўражанне, аўтар змяшчае ўстаўную канструкцыю: 1) Калі жонка прынесла на другое талерку смажанай бульбы, Круковіч, глянуўшы на яе (не на бульбу, а на жонку) цераз плячо, спытаўся: — Дзе ж твае калдуны? Ты ж учора хвалілася, што калдуны будуць (К. Крапіва); 2) Пра альтанку ходзяць розныя байкі. Нібыта пахаваны пад ёю ўлюбёны панаў сабака і нават партрэт ягоны (сабакі, а не пана) выкарбаваны на муры (У. Караткевіч).

У многіх выпадках «мяжа двухсэнсавасці» не знікае, а ўзаемаадносіны паміж займеннікам і назоўнікам не праясняюцца і пасля паўторнага чытання; сказ ці ўрывак так і застаецца неразгаданым рэбусам: «Растлумачце сэнс выразу “прамое і пераноснае значэнне слова” і складзіце з ім сказ».

Займеннік 3-й асобы, калі ён ужываецца не з прыналежным, а з асабовым значэннем, можа выступаць «дублёрам» толькі назоўніка. Таму нельга прызнаць лагічна і граматычна правільнымі сказы, у якіх пасля прыметніка, утворанага ад уласнага назоўніка, ідзе асабовы займеннік як «намеснік» гэтага назоўніка: 1) У Алесінай душы тлела нейкае шкадаванне, што на свеце ёсць шчасце, дабро. І ёй хацелася гэткага шчасця, але ведала, што свет перавярнуўся для яе – і яго не будзе. Як ап’янелая, яна пачынала гаварыць пацеры (В. Адамчык); 2) Хлопцы з Дзеткавай каманды адразу ўзгарэліся, каб неадкладна ўключыцца ў бой. Кінуліся ўсе да яго. Дзетка нічога не адказаў, уважліва азіраючы з-за куста месца бойкі (М. Лынькоў).

А вось урывак з памянёнага вышэй рамана «Дужасць» Б. Мікуліча: «Спалоханая кабета мятнулася ў сенцы. Клубком пад Краўчанкавы ногі кінуўся сабака, адпіхнуў яго кароткім «пайшоў», увайшоў у хату». Як піша М. Зарэцкі [32, с. 372], «выходзячы з логікі гэтага сказа, трэба заключыць, што гэта не Краўчанка «адпіхнуў сабаку», а сабака «адпіхнуў» яго кароткім «пайшоў» і ўвайшоў у хату».

Зразумела, правіла наконт ужывання займеннікаў 3-й асобы нельга абсалютызаваць. Часам паміж назоўнікам і яго «намеснікам»-займеннікам можа стаяць яшчэ адзін назоўнік, але гэта не пагражае незразумеласцю і не стварае двухсэнсавасці: «Чарняхоўскі вярнуўся за стол, з нецярплівасцю перацяў нажом прошвачку на канверце, акуратна разрэзаў край пакета. Прадчуванне не ашукала яго: пакет быў надзвычай важны» (I. Мележ). Як у гэтым, так і ў многіх іншых выпадках сувязь займенніка з назоўнікам вызначаецца не парадкам слоў, а сэнсам. Іншы раз аўтар засяроджвае ўвагу чытача на асноўным, а то і адзіным аб’екце размовы, і тады займеннік ён набывае ўстойлівую адназначнасць. У артыкуле Я. Коласа «Янка Купала і яго паэзія» больш як 40 разоў выкарыстоўваецца займеннік ён з адзіным значэннем ‘Янка Купала’.

Калі перад займеннікам аказваецца два ці тры назоўнікі і няма яснасці, на які з іх паказвае займеннік, няпэўнасць можа быць ліквідавана ўстаўкай адпаведнага назоўніка ці яго сіноніма пасля слова ён. Часцей за ўсё такая неабходнасць узнікае, калі займеннік паказвае не на бліжэйшы, а на далёкі назоўнік: «Непрыемна толькі, што холадна. Але ж Дзіму гэта не ўпершыню... Маці кажа — вінавата вайна. Вось скончыцца яна, вернецца бацька, тады ўсё будзе добра. Тады ўжо яму, Дзіму, справяць і новае зімовае паліто, і валёнкі, і шапку цёплую ў дадатак» (А. Якімовіч. Новы год). Пры аналізе апавядання М. Лынькова «Андрэй Лятун» неабходна спыніцца на такім урыўку: «А прызнацца, добрая дзяўчына была ў яго — слесара Рыгора дачка. Не дзяўчына — любасць адна. Асабліва ж каса па калені, а вочы, як агні на далёкай лініі, клічуць цябе, вабяць — пад’едзь бліжэй, падыдзі, падзівіся. І калі думаў я пра іх, пра Петруся, значыцца, і пра яго каханку, дык ведаеце — ног не чуў пад сабой...» Урывак вымагае лінгвістычнага эксперымента. Ставяцца пытанні: ці можна апусціць словы, якія ўдакладняюць займеннік іх («пра Петруся, значыцца, і пра яго каханку»), і што атрымаецца, калі іх апусціць? Параўн. таксама ў апавяданні З. Бядулі «У шалашы»: «Коля мерае цень сваім вакамерам, і каб ён, хлопчык, стаў цяпер босымі нагамі на зубчастыя вяршаліны лесу, дык гарэзлівым ільняным чубам упіраўся б у самае сонца...»

Бывае, што выкарыстаны персанажам займеннік 3-й асобы патрабуе аўтарскай «расшыфроўкі». Найчасцей гэта займеннік яны, які часам служыць для абазначэння чужых, варожых персанажу людзей у іх сукупнасці. У паэме Я. Коласа «Новая зямля» (раздзел «Дзядзька ў Вільні») ужыты ў няўласна-простай мове займеннік іх з абагульненым значэннем канкрэтызуецца затым аўтарам:

 

Стаіць наш дзядзька ў задуменні,

Не смее ўзняцца на ступені:

Баіцца ён мужычым ботам,

Прапахлым дзёгцем, здорам, потам,

Там наслядзіць або напляміць,

Лепш іх не знаць, няхай іх цяміць!

Ступі не так, падымуць сварку

Ды на барыш дадуць па карку.

І гэта «іх», як здань ліхая,

Спакой ад дзядзькі адганяе;

«Іх» — нешта злое, цемень-сіла,

Што душу дзядзькаву муціла;

«Іх» — гэта тое, што варожа

І ў рог барані сагнуць можа.

 

На адносна сталы кантэкстуальны сэнс займенніка ў мастацкім творы могуць паказваць узаемаадносіны паміж персанажамі. Такі займеннік выдзяляецца ў тэксце графічна — курсівам ці тлустым шрыфтам. І гэта дапамагае чытачу ўспрымаць займеннік толькі адназначна. Напрыклад, у аповесці В. Быкава «Воўчая зграя» неаднаразова сустракаецца графічна выдзелены займеннік ён. Маецца на ўвазе той, пра каго ўвесь час думае Ляўчук, каго, зусім маленькага, ён некалі выратаваў ад смерці і да каго цяпер, праз трыццаць гадоў, прыехаў: «Часам Ляўчук увачавідкі бачыў яго высокую постаць са спакойным неспяшлівым поглядам разумных вачэй... Ён не любіў нахмураных і маўклівых людзей, хоць сам не дужа быў гаваркі, ну але гэта сам. Ён жа павінен быць ва ўсіх адносінах лепшы... Так, ён дачакаўся столькі гадоў чаканага свайго спаткання. Ён — там!» I. Шамякін у «Трывожным шчасці» таксама звяртаецца да графічнага выдзялення займенніка, калі гаворыць аб Пятровых вершах пра каханую — «простых, наіўных, але шчырых, бо ўсе яны прысвячаліся ёй». І яшчэ: «Пятро ляжаў на спіне і глядзеў у бяздонны блакіт яснага жнівеньскага неба. Ён думаў пра яе».

Выдзелены ў тэксце займеннік не проста выступае замест назвы пэўнай асобы. Гэта і дадатковы стылістычны, экспрэсіўны сродак, які паказвае на сталы прадмет думак персанажа. Экспрэсія можа быць не толькі станоўчай, як у папярэдніх прыкладах, але і адмоўнай. І тады дадатковае адценне займенніка ён ужо не ‘блізкі’, ‘любімы’, а ‘чужы’, ‘варожы’. Напрыклад, у рамане I. Шамякіна «Атланты і карыятыды»: «Гэты маленькі церамок я будаваў для іх. Ты разумееш, Барон, для каго. Але, для двух чалавек, самых блізкіх мне тады. Для Веты і для яе... Чорт вазьмі! Ты бачыш, Барон, да чаго дайшло? Мне не хочацца называць яе імя, якое я тысячу разоў шаптаў з пяшчотай і замілаваннем». Пра напружаныя, нацягненыя адносіны ў сям’і Тварыцкіх (К. Чорны. Трэцяе пакаленне) сведчыць і тое, што Зося для Міхала ўжо не жонка, не Зося, а яна: «У гумне ён выцягнуў з-пад сена грошы, запакаваў у скрынку, шчыльна накрыў зверху дошкай і хацеў забіць, але баяўся стуку. Усё прыслухоўваўся, ці не ідзе «яна».

Адсутнасць у займеннікаў сталага лексічнага значэння і магчымасць іх дваякага разумення не толькі спараджае недакладнасці, але і служыць крыніцай для стварэння разнастайных стылістычных эфектаў. Мастакі слова нярэдка выкарыстоўваюць гэтыя спрыяльныя «прыродныя» ўмовы займенніка. Адзін з пашыраных творчых прыёмаў — сутыкненне двух значэнняў займенніка, заснаванае на непаразуменні паміж суразмоўнікамі.

Гэтым прыёмам ствараецца дасціпная камічная сцэна ў п’есе К. Крапівы «Брама неўміручасці», у эпізодзе, дзе гаворыцца, як прэтэндэнты на «вечны заслужаны адпачынак», не дабіўшыся неўміручасці ад Барыса Пятровіча Дабрыяна і раззлаваўшыся на яго, хочуць выведаць што-нішто ў Наташы, якая даглядае знакамітага пацука, што пражыў ужо чатыры пацучыныя вякі. Адны пытаюцца пра Барыса Пятровіча, другія — пра пацука, апраўдана вынікае займеннік ён, і атрымліваецца смешная сітуацыя:

 

К а р а ў к і н. Дык што? Можа, вы тут працуеце?

Н а т а ш а. Працую.

Д а ж ы в а л а ў. З гэтым кракадзілам?

К а р а ў к і н. З Барысам Пятровічам?

Н а т а ш а. Я яму памагаю.

З а с т р а м і л а в а. Значыць, неўміручая.

Н а т а ш а. Такая ж, як і вы.

К а р а ў к і н. Дык вы, можа, і да гэтага знакамітага пацука маеце доступ?

Н а т а ш а. Я яго даглядаю.

Т о р г а л а. І прэпараты розныя ўводзіце яму?

Н а т а ш а. Гэта ён сам.

К а р а ў к і н. Пацук?

Н а т а ш а. Барыс Пятровіч.

 

На двухсэнсавым разуменні займенніка яны будуецца камізм і ў эпізодзе з п’есы К. Крапівы «Хто смяецца апошнім». Зёлкін хоча выпытаць у цёці Каці «сакрэты» і, падміргваючы, выказвае здагадку, «ці не ўтрэскалася» Вера ў Чарнавуса. Цёця Каця раіць: «Вы лепш глядзіце, каб ваша жонка не ўтрэскалася». Зёлкін абураецца: «Вы, можа, намякаеце на тое, што мая жонка ўчора з некім на машыне ехала? Дык гэта хлусня... І я прашу вас плётак не распускаць!» А пасля:

 

З ё л к і н. А пра што яны гаварылі?

Ц ё ц я  К а ц я. Што ж я ведаю? Машына толькі мігнулася.

З ё л к і н. Ды я не пра тое. Вера з Чарнавусам што гаварылі?

 

Драматычная сітуацыя ў апавяданні Я. Маўра «Сям’я» засноўваецца на дваякім разуменні займенніка яны: гаспадар мае на ўвазе немцаў-акупантаў, а госць — дзяцей.

Непаразуменне паміж суразмоўнікамі можа быць і ўяўным, калі адзін з іх з іранічнай мэтай пытаецца ў другога, які сэнс той укладваў у займеннік. Такім прыёмам у трылогіі «На ростанях» Я. Колас падкрэслівае дасціпнасць Лабановіча і яго насмешлівыя адносіны да пісара Дулебы — шчырага прыхільніка царскіх парадкаў:

 

— У інтарэсах самога начальства клапаціцца аб народзе, каб яму жылося добра.

— Каму каб жылося добра? — смяецца Лабановіч. — Народу ці начальству?

— Народу!

— А я думаў, каб начальству добра жылося, бо ты трохі няясна выказаў сваю думку. Ну, але ва ўсякім разе вельмі дзякую табе, бо ты аднавіў у маёй памяці гэтую мудрасць, якою кармілі нас у семінарыі на працягу чатырох гадоў.

 

Другі прыём — двухпланавая рэалізацыя займенніка. Гэта назіраецца ў размове, калі абодва суразмоўнікі знарок напаўняюць той самы займеннік розным сэнсам, добра разумеючы адзін аднаго. Вось урывак з эпапеі М. Лынькова «Векапомныя дні» (гутарка паміж урачом Арцёмам Ісакавічам і вартаўніком бальніцы ідзе пасля таго, як савецкія самалёты разбамбілі чыгуначную станцыю, акупіраваную фашыстамі):

 

— А ім-то работкі хапіла!

— Што хапіла, то хапіла, Арцём Ісакавіч. Але ж ім яшчэ болей. Ім цяпер работкі, няйначай, як на цэлы тыдзень. Папацеюць. Бачыце, як шугае!

Маўчалі. І абодва ведалі, аб кім гаворка, хоць і гаварылася намёкамі. Слова «ім» набывала то адно, то другое значэнне.

 

Пашырэнне атрымаў і такі прыём, як наўмыснае стварэнне двухсэнсавасці і яе ліквідацыя ўстаўкай. Прыём грунтуецца на знарочыстым парушэнні правіла аб ужыванні займеннікаў, якія адназначна выступаюць намеснікамі толькі бліжэйшага папярэдняга назоўніка. Займеннік, апынуўшыся пасля двух назоўнікаў, паказвае не на бліжэйшы, а на далёкі назоўнік, і аўтар устаўкай абодвух назоўнікаў адмаўляе сувязь аднаго з іх з займеннікам. Карыстаючыся гэтым прыёмам, Я. Купала дасягае камічнага эфекту ў п’есе «Прымакі» — у рэпліцы Максіма: «Як сказала яна «дурнем», ну дык, мае міленькія, хто ж гэта вытрымае?.. Усхапіўся я, самдзеле, з ложка, адшпіліў дзягу і ўжо думаю сабе... А яна — тут успамінаючы, не дзяга, а мая жонка — вазьмі ды схапі мешалку. Ох, мае міленькія! Сам люцыпар, відаць, выдумаў гэтыя мешалкі, як падсоўваў нябожчыцы Еве яблыкі ў раі. Бо дайце ж рады! Паліў я гэта яе — значыцца мешалку, а не Еву — колькі раз, на дробныя кусочкі сек, і ўсё роўна: як прыйдзе што да чаго, дык – на табе, і ёсць!»

Двухпланавасць, хоць i параўнальна рэдка, можна назіраць i пры выкарыстанні займенніка 2-й асобы (ты), які можа набываць абагульнена-асабовае значэнне ‘кожны, усякі, хто акажацца ў падобнай сітуацыі’. Параўн. прыклады, дзе склонавыя формы цябе, табе адным з суразмоўнікаў успрымаюцца як непасрэдны да яго самога зварот, а не як абагульненае абазначэнне чалавека наогул: 1) [Генка:] Таварышы, ёсць выхад!.. Вернемся да канібалізму... Так мы зразу забіваем двух зайцоў: вырашаем праблему харчавання i рэгулюем рост насельніцтва. [Наташа:] Якая ж гэта неўміручасць, калі цябе зжаруць? [Генка:] Чаму мяне! Таго, хто смачнейшы. [Кудрыцкая:] Вы — цынік, малады чалавек. Нават жартаваць так i то непрыстойна (К. Крапіва. Брама неўмаручасці);  2) [Размова па тэлефоне:] Ім добра гаварыць, таварыш Варонін, калі ў ix станцыя пад бокам! Хто бліжэй да мicкi, той i чэрпае. А табе... Што? Ды хто з вамі тыкаецца! Гэта я сам сабе... (Я. Брыль. Апошняя сустрэча).



[1] Колас Я. Публіцыстычныя і крытычныя артыкулы. – Мінск, 1957. – С. 312-313.