§ 14. Сэнс загалоўкаў мастацкіх твораў
Калі ўсе іншыя «моўныя цяжкасці» мастацкага тэксту разглядаюцца перад літаратуразнаўчым аналізам або паралельна з ім, то сэнс загалоўка можа быць высветлены толькі пасля ідэйна-тэматычнага разгляду твора. Прычым вытлумачваюцца далёка не ўсе загалоўкі, а толькі тыя, якія атрымалі сэнсавае прырашчэнне або ў якіх суіснуюць два значэнні.
З выказванняў многіх пісьменнікаў (напрыклад, Л. Талстога) вядома, што даць твору найбольш адпаведную назву –– даволі цяжкая задача. «Перабярэш дзесяткі назваў, пакуль спынішся на адной, — пісаў К. Федзін. –– Прыйдуць у галаву цудоўныя варыянты, але выяўляецца, што яны былі ўжо ў іншых пісьменнікаў» (цыт. па: [87]). В. Адамчык у публікацыі «З дзённіка 1999 года» прыгадвае: «Зноў круціцца ў галаве новая назва старога апавядання: «Да мёртвых не спяшаюцца» альбо «Да мёртвых успеецца», «Я ўсё ж яго ўпаляваў», «Паляванне на хутары», «Упаляваны сусед», «Паляванне пры студні». А найлепш –– «Злыдзень» альбо «Злыдух», «Смерць на парозе».
Сэнс загалоўкаў шмат якіх твораў лёгка ўсведамляецца і пры чытанні пэўнага твора, і асабліва тады, калі загортваецца яго апошняя старонка. Напрыклад, добра разумеем, чаму Я. Купала назваў менавіта гэтак свае паэмы «Бандароўна», «Курган», «Магіла льва» ці камедыю «Паўлінка» або «Прымакі». А ёсць шэраг твораў, загалоўкі якіх прымушаюць чытача задумацца.
Загаловак апавядання Я. Брыля «Memento mori», што ў перакладзе з латыні абазначае ‘помні пра смерць (пра непазбежны канец)’, у сэнсавых адносінах не мае нічога агульнага з лацінскім выразам (гэта прывітальная формула, прынятая ў манаскім ордэне трапістаў, члены якога былі звязаны абяцаннем маўчання). Загаловак выкарыстаны ў двух значэннях: першае –– гэта ‘помні пра смерць (бязвінных ахвяр у сотнях беларускіх Хатыняў)’; другое –– ‘умей і памерці Чалавекам (як памёр герой апавядання – стары пячнік)’. Пра другое значэнне загалоўка выразна нагадваюць два заключныя сказы апавядання, поўныя глыбокага сэнсу. Кожны з іх пачынаецца з чырвонага радка, што надае ім большую ўдзельную вагу:
І ён згарэў – адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.
І ён жыве.
У загалоўку паэмы «Тарас на Парнасе» таксама сутыкаюцца два значэнні. Прамы сэнс загалоўка непасрэдна звязаны з казачным сюжэтам, з апісаннем таго, як палясоўшчык Тарас трапіў на Парнас і што ён там бачыў. Разам з тым загаловак мае абагульнены сэнс, які выцякае з ідэйнага зместу паэмы: просты чалавек, прыгонны селянін –– вось хто становіцца, павінен стаць героем, аб’ектам літаратуры. Прыгадаем, што Булгарына і Грэча, рэакцыйных пісьменнікаў, не пускаюць на Парнас, «дзяржаць за палу». Пушкін жа, Лермантаў, Жукоўскі і Гогаль свабодна і велічна «прайшлі, як павы, на Парнас». Свабодна пранікае туды і прыгонны селянін Тарас.
Сэнс загалоўка камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» успрымаецца без цяжкасці. Але гэты загаловак трэба разглядаць не як звычайнае спалучэнне слоў, а як аўтарскае скарачэнне вядомай прыказкі «Добра смяецца той, хто смяецца апошнім», што бытуе ў нашай і многіх іншых мовах як калька з французскай мовыRira bienquiriraledernier.
Звернем увагу на назву Купалавай трагікамедыі. Слова тутэйшы ў маўленні розных персанажаў паўтараецца пяць разоў і ўсюды з яго звычайным значэннем, а ў загалоўку, на фоне ўсяго твора, набывае сэнсавае прырашчэнне, атрымлівае трагічна-саркастычны сэнс: ‘людзі, хворыя на тутэйшасць’ –– «хранічную хваробу беларускага грамадства» (У. Конан). Пераважная большасць герояў твора –– з ліку такіх «тутэйшых», гэта, паводле Янкі Здольніка, –– «тожа беларусы, з пароды рэнегатаў і дэгенератаў». Аўтар словамі Здольніка праводзіць ідэі беларусізацыі, кліча пазбаўляцца «тутэйшасці», знішчыць «даўгавечную ману, якая вучыць, што мы не ёсць мы, што мы нейкае нешта, якое абы накарміў, як быдлё, дык і сыта будзе».
Зазначым, дарэчы, што калі б пры хоць крышачку іншай «палітычнай сітуацыі» трагікамедыя не была забароненая і гэтак жа часта, як «Паўлінка», ставілася на сцэне, выдавалася і чыталася, то многія яе фразы, спалучэнні, словы набылі б крылатасць, сталі б лятучымі стрэламі супраць кагорты «з пароды рэнегатаў і дэгенератаў». П’еса магла б стаць сцягам Беларушчыны, паслужыць вялікай справе Адраджэння. Але, каб, не дай бог, гэтага не здарылася, яе і забаранілі (у 1926 г.).
«Каласы пад сярпом тваім» –– так называецца раман У. Караткевіча. «Думка аб гістарычнай неабходнасці і апраўданасці паўстання выказана, як мне здаецца, ужо ў самім загалоўку рамана, вельмі ёмістым і метафарычным, –– піша А. Мальдзіс у «Полымі» (1980. № 11. С. 236). –– Падзеі 1863 года –– гэта велічнае і трагічнае жніво, дзе серп гісторыі жаў лепшыя жыцці дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі правесці новы пасеў».
Нярэдка ў якасці загалоўка выкарыстоўваецца фразеалагізм. Кантэкстам, у якім рэалізуецца значэнне фразеалагізма, у такіх выпадках звычайна з’яўляецца ўжо не сказ як мінімальная камунікатыўная адзінка, а цэлы твор або яго значная частка. Фразеалагізмам на ростанях, што значыць ‘у стане сумненняў, хістанняў, у нерашучасці перад выбарам чаго-небудзь’, назваў сваю трылогію Я. Колас, і гэта назва цесна звязана з галоўным вобразам трылогіі, з яе тэмай, з адлюстраваннем тых складаных шляхоў, якімі ішла народная інтэлігенцыя ў пошуках праўды, сэнсу жыцця. Фразеалагізм, вынесены ў загаловак, ёсць і ў самім творы: У яго [Лабановіча] цяпер не было ніякага акрэсленага шляху, ён проста апыніўся на ростанях, выбіты з каляіны так ці іначай усталёванага жыцця.
Шмат якія загалоўкі маюць падвойны сэнс. Так, назва байкі К. Крапівы «Жаба ў каляіне» ўсведамляецца як з прамым, так і з абагульнена-пераносным значэннем, звязаным з баечнай мараллю, –– ‘нікчэмнасць, асуджаная на пагібель’. Гэты крылаты крапівоўскі выраз, менавіта з яго метафарычным зместам, стаў моўным фразеалагізмам, што можна пацвердзіць шасцю ўрыўкамі з твораў І. Гурскага, Л. Прокшы, М. Чавускага і іншых аўтараў. Напрыклад: Партыя цяпер апынулася ў ролі жабы ў каляіне («ЛіМ»); Я гэтаю вёскаю і табою, як жаба ў каляіне, раздушаны (А. Жук); Ну хто ён сам і тыя, каго ён залічвае да сонцазорнага аэрапагу?.. Вартая жалю, амбіцыёзная жаба ў каляіне… (С. Кліменценка).
Фразеалагізаваўся і загаловак апавядання В. Быкава «Ружовы туман» (1995). Гэта знешне алагічнае словазлучэнне ўжыта з пераасэнсаваным значэннем ‘стан ілюзорнага, таталітарна-савецкага ўспрымання рэчаіснасці’ ўжо і ў загалоўку самога апавядання пра чалавека з саўковымі звычкамі, і двойчы ў тэксце апавядання, у тым ліку ў заключным сказе пра дзевяностагадовага Барсука, які, «можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане, дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка». Нядаўна ўзнікшы, выраз набыў крылатасць, што бясспрэчна пацвярджаецца шматлікімі прыкладамі яго выкарыстання ў друку («Полымя», «Маладосць», «ЛіМ») –– у творах Р. Тармолы-Мірскага, Л. Рублеўскай, С. Грышкевіча і многіх іншых аўтараў. Вось толькі два прыклады: Магчыма, Быкаў стаў тым пісьменнікам, які першы выйшаў з ружовага туману (С. Дубавец); Гісторыя літаратуры 20–50 і пазнейшых гадоў яшчэ чакае ўдумлівага асэнсавання. У ёй быў не толькі ружовы туман, узведзеная ў закон фальсіфікацыя (У. Казбярук).
У загалоўку аповесці В. Быкава «У тумане» таксама сутыкаюцца два значэнні. Дзеянне пачынаецца ў лясных прыцемках позняй восені, ахутаных сцюдзёным туманам, і заканчваецца на трэція суткі золкай туманнай ноччу. Другі туман –– ужо не атмасферная з’ява, а ідэалагічная, вынік шматгадовага савецкага выхавання. Гэты туман –– сімвалічны вобраз маральных дэфармацый, якія раз’ядноўваюць людзей, спараджаюць недавер і нічым не апраўданыя ахвяры. Адзін з трох персанажаў, Войцік, так і загінуў у тумане дэмагагічнай пільнасці, у поглядах другога, Бурава, перад самай смерцю наступае сякое-такое прасвятленне.
Мнагазначнасцю вылучаецца і загаловак апавядання «Труба» В. Быкава. П’янаваты загадчык клуба Валера Сарока, хаваючыся ад дажджу, залез у газаправодную трубу, а газавікі, пакуль ён спаў, трубу заварылі. Там ён і загінуў, не змогшы выбрацца з трубы. «У пэўным сэнсе нешта падобнае адбылося і з намі, з нашым грамадствам, –– піша Дз. Бугаёў у «Родным слове» (1999. № 1. С. 16). –– Кіруючыся спакуслівай, але, як аказалася, утапічнай камуністычнай ідэалогіяй, яно таксама выбрала, здавалася, надзейны і самы кароткі шлях да ўсеагульнага шчасця, а ў канчатковым выніку загнала сябе ў тупік, фігуральна кажучы –– у трубу, з якой мы ўсё ніяк не можам выбрацца і пасля развалу краіны, якая з гонарам заяўляла, што пракладае дарогу да лепшай будучыні ўсяму чалавецтву». Такія ж думкі апаноўвалі і Валеру, калі ён блукаў у трубе, шукаючы і не знаходзячы выйсця.
Загалоўкі некаторых твораў на доўгі час застаюцца загадкай не толькі для шараговага чытача, але і для даследчыкаў гэтых твораў. Так, многія даследчыкі «Новай зямлі» Я. Коласа рабілі спробу разгадаць сутнасць назвы гэтай паэмы. Апошнім часам сваё меркаванне на гэты конт выказаў У. Конан. Думаецца, што яно найбольш прымальнае: «У паэтычным эпасе «Новая зямля» (1923) эсхаталагічнае вучэнне пра духоўнае абнаўленне быцця ў апакаліптычнай перспектыве маркіравана загалоўкам твора. Бальшавіцкая крытыка нападала на ідэалы паэта –– сацыяльна-этычнае і эстэтычнае ўслаўленне роднага краю, яго прыроды, сялянскага ладу жыцця, роднага слова і роднай песні, але не магла разгадаць (па няведанні хрысціянскай традыцыі і Святога Пісання) хрысціянскую, эсхаталагічную сутнасць вобраза Новая зямля. Як вядома, Біблія завяршаецца Адкрыццём евангеліста Яна Багаслова (Апакаліпсіс ) –– прароцтвам пра канец грэшнага свету і яго духоўнае абнаўленне: «Я, Ян, убачыў новае неба і новую зямлю. Бо першае неба і першая зямля мінулі… І вытрэ кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула» (Ап., 21, 1-5а). Быццё і смерць, малітва красе роднага краю і журботнае развітанне з ім, чалавек на мяжы быцця і небыцця асветленыя ў гэтым творы хрысціянскім святлом, райскім бачаннем роднай краіны» [42, с. 33].