§4. Маўленчая дзейнасць. Суадносіны паміж мовай і маўленнем
^ Вверх

§4. Маўленчая дзейнасць. Суадносіны паміж мовай і маўленнем 

Мова — гэта сістэма знакаў (гукаў, марфем, слоў, словазлучэнняў і сказаў), якія абазначаюць з’явы рэчаіснасці, а маўленне — спосаб перадачы думак праз мову, пры дапамозе і праз пасрэдніцтва мовы, гэта валоданне моваю, працэс моўных зносін паміж людзьмі, перадача думкі на адлегласць.

Адрозніваюць вуснае і пісьмовае, знешняе і ўнутранае маўленне.

Вуснае маўленне адбываецца ва ўмовах непасрэднага кантакту суразмоўцаў, таму значнае месца адводзіцца тэмпу, тону, мелодыцы, тэмбру голасу, паўзам, лагічнаму націску і іншым маўленчым якасцям. Пэўную ролю адыгрываюць і нямоўныя сродкі (жэсты, міміка і да т.п.). Усім відам вуснага маўлення ўласціва экспрэсія непасрэднасці і высокі ўзровень эмацыянальнасці. Нездарма Бернард Шоу гаварыў, што ёсць пяцьдзесят спосабаў сказаць «так» і пяцьсот спосабаў сказаць «не», але ёсць адзін спосаб напісаць гэта.

Пісьмовае маўленне характарызуецца адсутнасцю непасрэдных агульных для ўдзельнікаў зносін жыццёвых абставін і агульнага жыццёвага вопыту, што на 9/10 палягчаюць узаемаразуменне ў вусным маўленні, а таксама адсутнасцю дапамогі з боку жэстаў, мімікі, інтанацыі. Пісьмовае маўленне — гэта звычайна падрыхтаванае маўленне. Яно больш строгае па форме і складанае па змесце, у ім дакладней выбраны словы, больш складаныя сказы і г.д.

Унутранае маўленне характарызуецца афармленнем думкі без выказвання. Яму ўласцівы фрагментарнасць, хуткасць мыслення, сцісласць. Сам сабе чалавек не апісвае падрабязна тое, што ён робіць ці збіраецца рабіць. Для ўнутранага маўлення не характэрны строгія правілы. Іншы раз чалавек ведае нейкую інфармацыю на ўзроўні ўнутранага маўлення, але не можа яе выказаць на ўзроўні знешняга маўлення.

Знешняе маўленне разлічана на іншую асобу, таму яно патрабуе паўнаты ў афармленні думкі, пабудовы дакладнага, выразнага, з дастаткова разгорнутай думкай тэксту выказвання. Знешняе маўленне адрозніваецца ад унутранага і будовай. Яно можа быць маналагічным ці дыялагічным, можа адрознівацца паводле стылёвай ці жанравай прыналежнасці.

Адзінкамі маўлення, яго формамі з’яўляюцца маналог, дыялог, тэкст.

Маналог (грэч. monos — адзін, logos — слова, маўленне) — разгорнутая форма маўлення ад першай асобы, адрасаваная слухачам або чытачам і разлічаная на пасіўнае, апасродкаванае ўспрыманне. Для маналогаў характэрны тэксты рознага памеру, якія структурна і сэнсава звязаны. Маналог мае індывідуальную кампазіцыйную будову і адносную сэнсавую закончанасць, якія залежаць ад жанравай (мастацкі маналог, прамова, даклад, артыкул, бытавое апавяданне і г.д.) і функцыянальнай (апавяданне, разважанне, апісанне) прыналежнасці тэксту. Маналог амаль не залежыць ад сітуацыі, ён звычайна не накіроўваецца і не падтрымліваецца пытаннямі. Асобныя адрэзкі маналога могуць змяшчаць у сабе сродкі, характэрныя для дыялога (звароткі, рытарычныя пытанні і інш.), мэта якіх актывізаваць адрасата.

Дыялог (грэч. diálogos — размова, гутарка) — форма маўлення, у якой удзельнічаюць два ці некалькі (палілог) чалавек і якая характарызуецца непасрэднай сувяззю выказванняў з сітуацыяй. Выказванне ў дыялогу, якое звернута да суразмоўніка, называюць рэплікай. Рэплікі звязаны паміж сабой па сэнсе і будове, але характарызуюцца непасрэднасцю, непадрыхтаванасцю. Значную ролю ў дыялогу адыгрываюць пазамоўныя сродкі (жэсты, міміка, інтанацыя і інш).

Тэкст (лац. textum) — гэта падрыхтаванае выказванне (вуснае ці пісьмовае) з устойлівым сэнсавым адзінствам і сістэмай кампанентаў, функцыянальна аб’яднаных у адзіную структуру. Тэкст падпарадкаваны адзінай тэме. Ён разгортваецца ў лагічнай паслядоўнасці, якая вырашаецца спецыфічнымі сродкамі тэкставай сувязі. Асноўнымі ўласцівасцямі тэксту з’яўляюцца разгорнутасць, паслядоўнасць, звязанасць, закончанасць.

У залежнасці ад спосабу перадачы зместу і ўнутранай арганізацыі тэксту адрозніваюць такія камунікацыйна-сэнсавыя тыпы тэкстаў ці, дакладней, маўлення, як апавяданне, апісанне, разважанне.

Апавяданне — гэта тып маўлення, які служыць для перадачы фактаў, з’яў, дзеянняў і г.д. Гэтыя падзеі звычайна разгортваюцца ў часе, маюць дынаміку. Менавіта гэта прадвызначае пэўную ролю дзеясловаў. Напрыклад:

Леварукасць — пераважнае выкарыстанне левай рукі для здзяйснення маторных актаў. У некаторых выпадках леварукасць абумоўлена пашкоджаннем або захворваннем правай рукі, што выклікае немагчымасць карыстацца ёю (вымушаная леварукасць). Часцей пераважнае выкарыстанне левай рукі носіць прыроджаны характар і абумоўлена атрыманай у спадчыну спецыфікай функцыянавання ЦНС. Акрамя выражанай леварукасці, даволі часта сустракаецца скрытая леварукасць. Чалавек з такой леварукасцю прывучаны з дзяцінства карыстацца правай рукой, але пры нязвычных дзеяннях ці ў стане афекту карыстаецца левай рукой. (ДефСД, с.41)

Апісанне — гэта тып маўлення, які ўжываецца для характарыстыкі прадметаў, з’яў, асобы і г.д. У ім пералічваюцца прыметы прадмета ў пэўнай паслядоўнасці. Найбольш важнай асаблівасцю апісання з’яўляецца статычнасць, таму ў такіх тэкстах часцей выкарыстоўваюцца назоўнікі, прыметнікі, радзей дзеясловы-выказнікі, якія, як правіла, маюць аднолькавую форму і значэнне знаходжання або існавання. Напрыклад:

Падлеткавы ўзрост адрозніваецца павышанай інтэлектуальнай актыўнасцю, якая стымулюецца не толькі натуральнай узроставай цікаўнасцю падлеткаў, але і жаданнем развіць, прадэманстраваць навакольным свае здольнасці, атрымаць высокую адзнаку з іх боку. У гэтай сувязі падлеткі на людзях імкнуцца браць на сябе найбольш складаныя і прэстыжныя задачы, нярэдка праяўляюць не толькі высокаразвіты інтэлект, але і незвычайныя здольнасці. Для іх характэрна эмацыянальна-адмоўная афектыўная рэакцыя на вельмі простыя задачы. (Немаў, кн.2, с.143)

Разважанне — тып маўлення, у якім даецца лагічны і аргументаваны выклад думкі. Будуецца разважанне дэдуктыўна (ад агульных палажэнняў да прыватных) ці індуктыўна (ад прыватных палажэнняў да агульных). Напрыклад:

Калі вучань расклаў малюнкі з парушэннем паслядоўнасці, то не трэба адразу ўказваць яму на гэта (толькі зафіксаваць гэта ў пратаколе). Па-першае, таму што ў прцэсе складання апавядання ён можа сам выправіць парадак; па-другое, нават пря няправільнай раскладцы магчыма звязнае і па-свойму лагічнае апавяданне. Калі ж такога апавядання не атрымалася, неабходна ўказаць вучню на памылку і прапанаваць яму змяніць парадак раскладкі. Калі ж і пасля гэтага дзіця не можа раскласці малюнкі паслядоўна, то правільную раскладку здзяйсняе сам псіхолаг. (Рогаў, с.26)

Своеасаблівасць тэкстаў залежыць і ад іх функцыянальна-стылістычнай і жанравай прыналежнасці (мастацкі, публіцыстычны, навуковы тэкст і г.д.).

Мова і маўленне належаць да маўленчай дзейнасці — сукупнасці псіхафізіялагічных дзеянняў чалавечага арганізма, якія неабходныя для фарміравання, перадачы і ўспрыняцця думкі. Аднак яны з’яўляюцца двума яе рознымі бакамі: унутраным і знешнім, якія не могуць існаваць адзін без другога і, такім чынам, з’яўляюцца арганічна ўзаемазвязанымі. Мова і маўленне суадносяцца паміж сабой у цэлым як сутнасць і з’ява: мова служыць унутранай глыбіннай сутнасцю, а маўленне — знешняй з’явай, праз якую гэта сутнасць праяўляецца.

Маўленне з’яўляецца індывідуальнай з’явай, якая характарызуе кожнага чалавека як асобу. Зносіны паміж людзьмі ажыццяўляюцца праз маўленне, і, нягледзячы на тое, што маўленне — індывідуальная з’ява, мы разумеем адзін аднаго, таму што карыстаемся агульнымі адзінкамі (фанемы, марфемы, словы), якія ўласцівы ўсім членам моўнага калектыву, і агульнымі правіламі аперыравання гэтымі адзінкамі.

Самі прыватныя працэсы гаварэння і разумення яго цыркулююць у чалавечым асяроддзі і вымагаюцца патрэбамі абменьвацца думкамі, перадаваць паведамленні ад аднаго чалавека да другога, гэта значыць грунтуюцца на сацыяльным падмурку. Гэты сацыяльны падмурак маўлення і ўтварае мова.

Значыць, маўленне адносіцца да мовы, як прыватная і індывідуальная з’ява да агульнай і сацыяльнай сутнасці.

Маўленне кожнага чалавека праяўляецца матэрыяльна і фіксуецца акустычнымі або пісьмовымі формамі, прычым гэтым формам папярэднічае фізіялагічная актыўнасць органаў чалавека (пры вусным маўленні — лёгкія, язык, вусны, гартань; пры пісьмовым — рукі).

Мова ж з’яўляецца абстрактнай сутнасцю, але рэальнай, бо яна праяўляецца канкрэтнымі маўленчымі актамі, і фізіялагічная актыўнасць маўлення мае ў сваёй аснове псіхічную дзейнасць усёй нервовай сістэмы, і галоўным чынам галаўнога мозга.

Значыць, маўленне характарызуецца як канкрэтная і фізіялагічная з’ява, а мова — як абстрактная і псіхічная сутнасць.

Мова ўяўляецца патэнцыяльнай сутнасцю, што ўжыўлена ў нашу свядомасць у выглядзе засвоеных з дзяцінства здольнасцей гаварыць, а таксама разумець праз маўленне думкі і пачуцці іншых людзей.

Маўленне ж служыць актуалізацыяй гэтай патэнцыі, яе матэрыяльным увасабленнем, ператварэннем здольнасці гаварыць непасрэдна ў працэсе гаварэння.

Адсюль вынікае, што мова — патэнцыяльная сутнасць, якая дае здольнасць гаварыць, а маўленне — актуалізаваная з’ява, працэс гаварэння.

Мова — гэта код або набор адцягненых адзінак і правілаў іх арганізацыі, які з’яўляецца ўнармаваным, што забяспечвае яго правільнае выкарыстанне гаворачымі ў межах выпрацаваных нормаў і разуменне слухачом.

Маўленне ўяўляе сабой гатовы прадукт, які вытворны ад кода і выступае ў выглядзе вуснага або пісьмовага тэксту. Тэкст пры спантанным спараджэнні з’яўляецца моўным ужываннем, якое патрабуе карпатлівай дадатковай працы (напрыклад, пры напісанні курсавых і дыпломных работ), каб яго аформіць у строгай адпаведнасці з правіламі мовы.

Значыць, мова суадносіцца з маўленнем, як код і норма з тэкстам і ўжываннем.

Маўленне з’яўляецца сітуацыйна замацаваным, бо яно ўжываецца ў пэўных абставінах і прадугледжвае наяўнасць суразмоўцы і спаразумення з яго боку і носіць мэтанакіраваны характар.

Мова ж не звязваецца ні з сітуацыяй зносін, ні з вызначанай мэтай ужывання, таму што яна служыць сродкам зносін, сродкам фарміравання маўленчых выказванняў незалежна ад мэты.

З гэтага вынікае, што маўленне належыць да сітуацыйных і мэтанакіраваных з’яў, а мова нейтральная ў адносінах да згаданых асаблівасцей.

Адзінкі розных узроўняў мовы звязаны паміж сабой разнастайнымі адносінамі, у выніку чаго яна ўтварае шматмерную сістэму. Можна перадаць адну думку рознымі спосабамі. Маўленне і яго прадукт — тэкст будуюцца строга ў лінейнай паслядоўнасці. Маўленне — з’ява аднамерная.

Пры спантанным спараджэнні маўлення ў ім здольны праяўляцца індывідуальныя асаблівасці маўлення, якія не адпавядаюць агульнапрынятым нормам мовы. Маўленне кожнага канкрэтнага чалавека мае некаторую ступень свабоды ў адносінах да ўнутранай сістэмы мовы.