§3. Мова і іншыя сродкі камунікацыі
^ Вверх

§3. Мова і іншыя сродкі камунікацыі 

Калі мы гаворым, што мова — асноўны, найважнейшы сродак зносін, то мяркуецца, што ёсць і менш важныя спосабы кантактавання. Сапраўды, людзі карыстаюцца і іншымі сродкамі зносін, напрыклад, жэстамі, рознымі штучнымі сігналамі, знакамі (матэматычныя, хімічныя, дарожнага руху, семафоры, сірэны, азбука Морзе і г.д.). Мова жэстаў як самастойная сістэма выкарыстоўваецца глуханямымі. Жэсты тут адпавядаюць выразам гукавой мовы. Аднак дадзеная мова вельмі абмежаваная і бедная ў параўнанні з гукавой мовай. Жэсты могуць выкарыстоўвацца і як дадатковы несамастойны сродак зносін (суправаджаць выказванне, узмацняючы яго выразнасць). Своеасаблівымі сродкамі перадачы інфармацыі з'яўляюцца музыка і выяўленчае мастацтва. Аднак і гэтыя формы, нягледзячы на іх вялікія магчымасці, даволі «аднабаковыя» ў параўнанні з моваю. Ні музыка, ні выяўленчае мастацтва не выражаюць дакладных, расчлянёных паняццяў. Яны выклікаюць пэўныя вобразы ў свядомасці слухача ці гледача і, адпаведна, пэўныя думкі, аднак гэтыя думкі могуць быць вельмі непадобнымі ў розных людзей.

Ёсць і іншыя «экзатычныя сродкі» зносін, як, напрыклад, барабанная мова ў некаторых афрыканскіх народаў, з якой звязана шмат звычаяў і абрадаў.

У старажытнасці на Усходзе, а ў сярэднія стагоддзі ў Заходняй Еўропе, была папулярнай мова кветак — умоўны спосаб выражаць розныя пачуцці і паняцці. Сімвалічнае значэнне некаторых кветак: фіялка — сімвал сціпласці; лілея — цнатлівасці; незабудка — памяці; астра — тугі; ружа — кахання (у старажытных грэкаў і рымлян яна была сімвалам таямніцы).

У 60-я гады ХХ ст. галандскі вучоны Ганс Фройдэнталь зрабіў спробу стварыць штучную мову — так званы «лінкос» (лінгвакосміка — мова космасу) для перадачы пасланняў у космас. Сутнасць яе ў тым, што пры дапамозе сігналаў рознай даўжыні, якія нясуць пэўную матэматычную інфармацыю (а законы матэматыкі ўсюды аднолькавыя), можна наладзіць кантакт з іншапланецянамі.

Відавочна, што названыя сродкі зносін выступаюць як дапаможныя ў дачыненні да адзінага універсальнага сродку мовы слоў. Самі па сабе, без перакладу на мову, гэтыя сродкі не могуць перадаць думку. Іх функцыянаванне магчыма толькі на аснове мовы.