Раздзел 9. Паэзія Юркі Голуба
^ Вверх

Раздзел 9. Паэзія Юркі Голуба

 

План

1. Пачатак творчага шляху.

2. Старонкі паэзіі Юркі Голуба.

3. “Трыялеты” –  услед за Максімам Багдановічам.

Радзіма паэта – вёска Горна Зэльвенскага раёна. Дата нараджэнна – 20 кастрычніка 1947 года. Выпускнік Зэльвенскай СШ, Юрка Голуб закончыў філфак БДУ. З 1970 года жыве ў Гародні, працаваў на абласным тэлебачанні, у газеце “Гродзенская праўда”, выдаў некалькі нумароў  часопіса “Галасы”, куды ўключаліся творы з літаратурнай старонкі абласной газеты, якая па ягоным сыходзе змарнела. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Узначальвае абласную раду Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Як адзначае А.М. Пяткевіч, “вершам паэта ўласціва вострае адчуванне драматызму сучаснасці, шчодрасць душэўнага самавыяўлення, валоданне сваім творчым голасам, непаўторнай манерай пісьма, якая вызначаецца лаканічнасцю, багатай асацыятыўнасцю, яркай метафарычнасцю, натуральнасцю рытміка-інтанацыйнага прамаўлення”.

Месца гарадзенскага паэта ў нашай сучаснай літаратуры своеасаблівае, адметнае. Так, яно параўнальна сціплае ў шэрагу тых выбітных творцаў ягонага пакалення, што заявілі пра сябе гучна, ярка, з-за характару таленту і не ў апошнюю чаргу з-за чалавечай сціпласці. Мяркуецца яшчэ і з-за таго, што гучнасць славы хутчэй даганяе ў сталіцы. Абыгрываючы вядомыя кожнаму аматару паэзіі Юркі Голуба створаныя ім вобразы, паэтка Людка Сільнова слушна зазначае ў артыкуле “Рыцар Дажджу”: “Ён заўжды заставаўся ў сваёй паэзіі-магіі нешматслоўным, як бы ў ценю. У смузе дажджу, пад зялёным голлем дрэваў, кустоў. Не, ён не быў шэрым – быў хутчэй “серабрыстым”. Нібы закаваны ў латы Рыцар Дажджу. З верным, празрыстым, як вецер, крылатым канём Пегасам за аброць…”

Поруч з скразным вобразам дажджу аўтарка артыкула вылучае вобраз травы ў паэзіі Юркі Голуба, які мае шмат сэнсаў, адценняў: “Паэт прыпадабняе траву душам людзей: “На сцежках былых перамог / выраслі нашыя душы”. Ён вызначае далей гераічную трываласць трываласць травы пад вятрамі і навальніцамі: “Нішто яе з ног не саб’е, / і грае яна без упынку”.  Наш рыцар робіць ёй амаль рамантычнае прызнанне: “І голас травы, між тым, / хвалюе, / бярэ, / непакоіць… / І сцелецца голас, як дым, / па сэрцы…” Трава ў Голуба падобная да нейкага абагульненага жаночага вобразу, сімвалу Вечнага жыцця, Вечнай Жаноцкасці, а ў нашае сістэме вобразнасці – да Прыгожае Дамы… Паэт-рыцар нават чуе словы яе ў адказ: “І шэпча трава: “Беларус, / цябе анідзе не забуду”, – як дама сэрца кажа на развітанне свайму каханаму перад дальнім паходам”.

“Зажураны камень” – першы і пакуль адзіны ў беларускім пісьменстве паэтычны зборнік, які цалкам складзены з вершаў класічнага жанру – трыялетаў. Гэтая кніга паўстала пад уплывам Максіма Багдановіча, чыя творчасць заўсёды вабіла гарадзенскага паэта, пра што ён сам піша ў невялікай трохабзацавай прадмове: “Няма прычыны хавацца, што зборнік з розных гадоў у адной вершаванай раме – трыялеце – з’явіўся пад уладным заклікам Максіма Багдановіча… Выбіраю для сябе рызыкоўную спробу: адчыніць даўнейшую ваконную раму трыялета ўласным дотыкам”. Гэтая спроба ператварылася ў цікавую карціну, што ўбачана за вакном, у дарозе і ў бездаражы, у бязмежнай далечы, у сённяшнім і мінулым. Што напоўнена любоўю і пяшчотай, трывогай і клопатам, мілым гумарам і журбой.

Літаратуразнаўца І.В. Жук, рэцэнзуючы “Трыялеты”, адзначае дынамізм колераў і адчуванняў першай часткі кнігі Юркі Голуба і зрокавую прадметнасць другой, адметнасць метафары, “па заглыбленасці асацыяцый блізкай да ўмоўнасці сімвалічнай,…застаецца на звышузроўні апазіцыйнага супрацьстаяння гуку і не-гуку, колеру і не-колеру, фантазіі і рэаліі”.

Сэнс цэнтральнага вобраза, што даў назву ўсяму зборніку, (дарэчы, месца і форма верша вельмі арыгінальныя ў кнізе: на тыльным баку вокладкі ў выглядзе аўтографа) літаратуразнаўца тлумачыць надзвычай арыгінальна: “Зажураны камень” пачынае ўяўляцца не грувасткім і цяжкім валуном, а магічным крышталем, “зажуранае” свячэнне якога пераламляе і сагравае знябожаную і беспрытульную зямлю”.

На пытанне беластоцкай паэткі Міры Лукшы пра вытокі паэтычнага натхнення Юрка Голуб адказаў наступнае: “Гэта як рэха тваёй душы, гэта як рэха тваёй біяграфіі. Калі не будзеш стаяць над тваёю душою, над сабой, з такім прымусам, … то тады не з’явяцца шчырыя радкі, якія зацікавяць чытача, прыцягнуць чалавечае вока і сэрца… Здараецца, што вершы з’яўляюцца спантанна, і толькі тады, калі ў іх закладзена значная думка, тады яны прынясуць задавальненне і чытачу, аўтару…”

Вершы Юркі Голуба перакладзены на літоўскую (Е. Марцінкевічам), рускую (В. Шленскім, В. Чэкіным, І. Бурсавым, Н. Кіслікам, Л. Хауставым, Б. Пчалінцавым, І. Сяргеевым), украінскую (Л. Танюком, Г. Кочурам, Я. Брынцавым, С. Літвіным, М. Сінгаіўскім), польскую (Я. Леанчуком) мовы. На польскай мове у перакладзе Яна Леанчука ў 2006 г. выйшла кніга “З-над Нёманскіх старон”. Гэта яму, Яну Леанчуку, належаць словы: “Юрка Голуб не толькі ацаляе беларускую мову, але і ўзбагачае яе. Варты будзе ён помніка ў Зэльве ці Гродне!..”

 

Кнігі Юркі Голуба

 

  1. Голуб, Ю. Гром на зялёнае голле: Вершы / Ю. Голуб. – Мінск: Беларусь, 1969. – 64 с.
  2. Голуб, Ю. Дрэва навальніцы. Лірыка / Ю. Голуб. – Мінск: Маст. літ., 1973. – 80 с.
  3. Голуб, Ю. Векапомнае поле: Вершы / Ю. Голуб. – Мінск: Маст. літ., 1976. – 64 с.
  4. Голуб, Ю. Помню пра цябе: Вершы / Ю. Голуб. – Мінск: Маст. літ., 1983. – 62 с.
  5. Голуб, Ю. У бары грыбы бяры: Вершы / Ю. Голуб. – Мінск: Юнацтва, 1986. – 18 с.
  6. Голуб, Ю. Сын небасхілу: Вершы / Ю. Голуб. – Мінск: Маст. літ.,  1989. – 142 с.
  7. Голуб, Ю. Поруч з дажджом: Вершы / Ю. Голуб. – Мінск: Беларускі кнізазбор, 2001.  – 163 с.
  8. Голуб, Ю. Зажураны камень: Трыялеты / Ю. Голуб. – Мінск: Беларускі кнізазбор, 2002.  – 68 с.
  9. Голуб, Ю. Брама зімы: Вершы / Ю. Голуб. – Мінск: Маст. літ., 2004. – 120 с.
  10. Голуб, Ю. Багра: вершы і паэма / Ю. Голуб. – Мінск: Кнігазбор, 2006. – 224 с.

 

Літаратуразнаўчыя артыкулы па творчасці Юркі Голуба

 

  1. Баравікова, Р. Душы акрыленай размова / Р. Баравікова // ЛіМ. 1983. 28 кастрычніка. – С. 6.
  2. Бечик, В. Обретение высоты: Заметки о поэзии тридцатилетних / В. Бечик // Неман. – 1981. – №3. – С. 64–75.
  3. Бичель-Загнетова, Д. Возвыситься к слову / Д. Бичель-Загнетова //  Гродненская правда. 1983. 20 августа. – С. 4.
  4. Бярозкін, Р. Пачатак / Р. Бярозкін // Полымя. – 1970. – №3. – С. 76–80.
  5. Жук, І. Вяртанне ў трыялет / І. Жук //  Роднае слова. – 2006. – №5. – С. 20–25.
  6. Зуёнак, В. Мера адкрытасці душы // В. Зуёнак // Полымя. – 1984. – №4. – С. 83–88.
  7. Лойко, О. Племя молодое и знакомое // Литературная газета. 1970. 24 июля. – С. 4.
  8. Лукша, М. Юрка Голуб у Беластоку / М. Лукша // Ніва. 2009. 8 лютага. – С. 10.
  9. Петрушкевіч, А. “Да жыта лёсам спрычыніцца…” Чытаючы трыялеты Юрки Голуба / А. Петрушкевіч // Гродзенская праўда. 17 снежня 2002. – С. 3.
  10. Пяткевіч, А. Майстэрства паэтычнага слова / А. Пяткевіч // Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / А. Пяткевіч. – Мінск: Бел. кнігазбор. – С. 142–145.
  11. Пысін, А. Узыходжанне / А. Пысін // Полымя. – 1974. – №1. – С. 88–91.
  12. Раманчук, А. На дрэве памяці плады / А. Раманчук // Наст. газета.  4 сакавіка 2003.
  13. Свірка, Ю. Урокі другой кнігі / Ю. Свірка // Маладосць. – 1974. – №1. – С. 67–82.
  14. Семашкевіч, Р. Дзейнасць думкі і чуцця / Р. Семашкевіч // Выпрабаванне любоўю. Мінск, 1982. – С.38–42.
  15. Сільнова, Л. Рыцар Дажджу / Л. Сільнова  // Тэрмапілы. – 2002. –  № 6. – С. 189–194.
  16. Трушко, М. Зазіранне ў вочы веку / М. Трушко // Маладосць. – 1970. – №5. – С. 54–58.
  17.  Чарняўскі, М. Любоў да роднага поля / М. Чарняўскі // Беларусь. – 1977. – №8. – С. 35–39.
  18. Ярац, В. Выспяванне слова / В. Ярац // Беларусь. – 1984. – №6. – С. 32–37.