Раздзел 6. Літаратура "разарванай" Беларусі (20–30 гг.)
План
1. Творчасць пісьменнікаў Заходняй Беларусі:
– Міхась Васілёк – пясняр сялянскіх ніваў.
– Пісьменнікі-змагары: Макар Краўцоў, Піліп Пестрак, Валянцін Таўлай, Алесь Салагуб, Браніслаў Тарашкевіч, Ігнат Дварчанін.
– Маладое пакаленне заходнебеларускіх песняроў: Анатоль Іверс, Ларыса Геніюш, Міхась Машара, Ніна Тарас, Міхась Явар, Алесь Мілюць, Сяргей Новік-Пяюн, Сяргей Хмара.
– Наталля Арсеннева на Слонімшчыне.
– Беларускія пісьменнікі-святары: Андрэй Зязюля, Казімір Сваяк, Вінцук Адважны, Ян Пятроўскі, Леў Гарошка, Адам Станкевіч.
2. Творчасць выхадцаў з Гарадзеншчыны ў Савецкай Беларусі:
– Творчасць Зінаіды Бандарынай.
– Паэты Сяргей Дарожны, Анатоль Дзяркач, Паўлюк Шукайла, празаік Янка Нёманскі.
Псеўданім, які абраў сялянскі паэт Міхась Касцевіч (1905–1960) з вёскі Баброўня, што над берагам Котры, – Міхась Васілёк – цалкам адпавядае эстэтычнай традыцыі, запачаткаванай прадстаўнікамі масавай паэзіі нашаніўскай пары: у ім гучыць тая ж прага красы, і тая ж крэўная повязь з сялянскай нівай, з сялянскай працай, з жыццём беларускай вёскі. Міхась Васілёк з кагорты тых сялянскіх паэтаў, што прайшоў складаны жыццёвы шлях пры ўсіх рэжымах: у дзяцінстве – бежанства за часам першай сусветнай вайны, здзекі ў паліцэйскіх пастарунках у перыяд панскай Польшчы найперш за тое, што пісаў вершы ды па-беларуску, арышт і ўціск за саветамі пасля вайны.
Паэтычны дэбют адбыўся ў 1926 г. Друкаваўся ў многіх заходнебеларускіх перыёдыках. Ужо ў тым часе – аўтар двух паэтычных зборнікаў: "Шум баравы" (1929), "З сялянскіх ніў". Першы зборнік быў канфіскаваны польскімі ўладамі.
Пасля вайны жыццё паэта звязанае з Гародняй, дзе працаваў літкансультантам ў абласной газеце.
Чатыры кнігі выбранай лірыкі: "Выбраныя вершы" (1950), "Выбраныя творы" (1955), "Зоры над Нёманам" (1963), "Вершы" (1973).
Вершы Міхася Васілька не вылучаюцца, як зазначае даследчык заходнебеларускай паэзіі Мікола Мікуліч, “вялікай поліфаніяй і разнасцяжнасцю тэматычнага зместу, энцыклапедычнасцю… у выяўленні жыццёвага матэрыялу. Наўрад ці каму кінецца ў вока тут і нейкая падкрэсленая эстэтычная адмысловасць вобразаў, асаблівая агранка слова, жанравая багатасць”.
Пахаваны на старых гарадзенскіх могілках. Вуліца, поруч з якой жыў паэт, носіць яго імя, на доме, што пабудаваны на месцы апошняга прытулку паэта, у 1986 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.
У адным з ранніх вершаў-зваротаў да чытача“Не пытай”Міхась Васілёк тлумачыць перавагу сумных матываў сваёй паэзіі смутнай доляй песняра беларускіх ніваў:
Калі ў сэрцы зіма
І прасвету няма,
І пакуль маім грудзям балесне,
Браце мой, не пытай –
Я ад плуга, ратай,
Не дзівіся, што сумныя песні.
Выбар паэтычнага псеўданіма таксама абумоўлены той жа еднасцю з беларускай прыродай, сімвалам яе сціплай красы:
Не паэт я – о не,
Нарадзіла мяне,
Маю песню – пакута, нядоля.
Я ўсяго васілёк,
Лёс, відаць, назнарок
Мяне кінуў на сумнае поле.
Гэтаму выбару спрыяла яшчэ і захопленасць паэзіяй Максіма Багдановіча, якому Міхась Васілёк прысвяціў верш “Памяці Максіма Багдановіча”:
На ўзбярэжжы марскім, на ўзбярэжжы крутым
Ты ляжыш, наш пясняр, пахаваны…
Голас шчыры замоўк, толькі рэха аб тым
Адклікаеццам песняй жаданай.
Пад шум хваляў марскіх у вячэрняй цішы
Ці пад гоман зялёнага гаю
Нараджалася звонкая песня ў душы
І ляцела да роднага краю
Ды не доўга ў красе явар цвіў малады,
Дыхаў гожасцю роднага поля –
Без пары адцвілі, адзвінелі гады,
І цябе падкасіла нядоля…
На ўзбярэжжы марскім, на ўзбярэжжы крутым
Ты ляжыш, наш пясняр пахаваны…
Голас шчыры замоўк, толькі рэха аб тым
Адклікаецца песняй жаданай.
“Адметнае ж, што вылучала Міхася Васілька ў літаратуры, – здольнасць адкрываць прыгожае ў звычайным, тварыць паэтычны малюнак на матэрыяле добра вядомага, будзённага жыцця,” – гэтак вызначыў сутнасную прыкмету паэзіі гарадзенскага творцы літаратуразнаўца А.М. Пяткевіч.
Літаратура пра Міхася Васілька
- Адамчык В. Сны ад ясным прадвесні / В. Адамчык // ЛіМ. 1963. 13 снежня. – С. 6.
- Бічэль-Загнетава, Д. З сялянскіх ніў / Д. Бічэль-Загнетава // ЛіМ. 1985. 15 лістапада. – С. 6.
- Васілёк, М. Аўтабіяграфія / М. Васілёк // Пра час і пра сябе: Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. – Мінск: Маст. літ. – С. 69–72.
- Арочка, М. З пройдзеных шляхоў / М. Арочка // Полымя. 1964. №6. – С. 76–71.
- Вішнеўскі, І. “Вёснаў сплецены вянок…” / І. Вішнеўскі // ЛіМ. 1974. 5 красавіка. – С. 7.
- Калеснік, Ул. Жыццё і прызванне / Ул. Калеснік // Васілёк М. Зоры над Нёманам. Мінск: Маст. літ., 1963. – С.3–14.
- Калеснік, Ул. Міхась Васілёк / Ул. Калеснік // Полымя. – 1962. – № 9. – С. 175–180.
- Карпюк, А. Прызнанне / А. Карпюк // Наднёманскія былі. – Мінск: Беларусь, 1968. – С. 284–286.
- Мікуліч, М.У. “Я сын мазоля, сын раллі…” (колькі штрыхоў да творчага партрэта Міхася Васілька) / М.У. Мікуліч // Пошук вядзе ў глыбіню: Літаратурна-крытычныя артыкулы, старонкі інтэрв’ю, публікацыі. – Гродна: ГрДУ, – С. 23–31.
- Пасяўцова, М. “Я – ўсяго Васілёк” / М. Пасяўцова Наднёманскія былі: Зборнік артыкулаў і нарысаў. – Мінск: Беларусь, 1968. – С. 271–283.
- Пяткевіч, А. Паэзія з сялянскіх ніў / А. Пяткевіч // Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / А. Пяткевіч. – Мінск: Беларускі кнігазбор. – С. 169–174.
Між пісьменнікаў-святароў, выхадцаў з Гарадзеншчыны, асабліва вылучаецца імя Язэпа Германовіча, які пісаў пад псеўданімам Вінцук Адважны (1890–1978). Тварыў у розных жанрах: паэт, байкапісец, празаік, драматург. Пачатак творчасці прыпадае на час беларускага Адраджэння – нашаніўскую пару.
Першыя яго кнігі – “Як Казюк сабраўся да споведзі” (1928) і “Як Гануля збіралася ў Аргентыну” (1930) – уздымалі праблемы маральнага ўдасканалення чалавека, бюракратычнага засілля чынавенства. Сярод твораў эпічнага жанру даследчыкі вылучаюць аповесць Вінцука Адважнага “Хлопец” (1935), у якой намалявана шырокая панарама жыцця заходнебеларускага мястэчка пачатку ХХ стагоддзя. У творы ўзняты праблемы сацыяльныя, рэлігійныя, нацыянальныя. Аповесць носіць аўтабіяграфічны характар, многія вобразы маюць прататыпаў, намаляваныя вобразы гістарычных асобаў. Галоўны герой Вінцусь праходзіць пэўную эвалюцыю, становячыся на шлях беларускага патрыёта.
У паэзіі працягваў традыцыі Францішка Багушэвіча, нашаніўскіх аўтараў, пра што сведчыць назва ягонага зборніка “Беларускія цымбалы” (1933). Зразумела, што значнае месца займаюць у творчасці паэта-святара біблейскія матывы. Вінцук Адважны прапаведаваў агульначалавечыя матывы дабра, справядлівасці, дабрачыннасці.
Яшчэ адна старонка спадчыны – гумарыстычныя, сатырычныя творы, байкі, у якіх аўтар выступае супраць душэўнай ляноты, хцівасці, безадказнасці і іншых заганных рысаў чалавечага характару. Сатырычныя творы сабраныя ў кнігах “Князь і лапаць” (1964), “Байкі і іншыя вершы” (1973). Рэцэнзент апошняй кнігі Тамаш Падзява пісаў: “Кажная байка звяртае на сябе нашую ўвагу як абраз вельмі добрага мастака”. Сам Вінцук Адважны надзвычай сур’ёзна ставіўся да гэтага жанру: “Якраз байкі, як і камэдыі, ці абразы, служаць грамадству люстрам і даюць аказію паправіць нашыя пагібы. Гэтым аўтары такой крытыкуючай літаратуры маюць адвагу сказаць і паказаць грамадству сумленную, а нярэдка вельмі прыкрую праўду”.
Спрабаваў пісаць творца і паэмы. Сярод іх даследчык спадчыны пісьменніка Янка Трацяк вылучае паэму “Унія на Палессі”: “У прадмове Вінцук Адважны гаворыць аб “страшнай рэлігійнай цемнаце” людзей на Палессі і абвінавачвае ў гэтым праваслаўнае духавенства, якое апякуецца імі. Паэма напісаная ў форме дыскусіі паміж прадстаўнікамі розных канфесіяў: уніятам, праваслаўным манахам і рымска-каталіцкім ксяндзом. Дыскусія выходзіць па-за межы мясцовых праблем веравызнання, набывае гістарычна-рэлігійную глыбіню і асветны характар”.
Язэп Германовіч прайшоў няпросты шлях, давялося яму жыць і працаваць у далёкім Кітаі, у горадзе Харбіне, дзе дзейнічала хрысціянская каталіцкая місія. Шмат пакутаў давялося перажыць пісьменніку, ён быў зняволены ў сталінскім ГУЛАГу, дзе заставаўся шчырым вернікам, што ў многім і дапамагло яму не толькі фізічна выжыць, але не зламацца, застацца Асобай.
У тых нялюдскіх умовах паэт-святар, як мог, выконваў абавязкі святара, дапамагаў іншым, тым, што трацілі сілы, веру. Пра перажытае ў далёкім Кітаі і пакуты ў ГУЛАГу пакінуў цікавыя ўспаміны – мастацка-дакументальны твор “Кітай – Сібір – Масква”. Адзіная кніга пісьменніка, што выйшла на Беларусі апошнім часам. Гэта яшчэ адна старонка гулагаўскай прозы, створаная відавочцам, пакутнікам, якому давялося прайсці праз усе колы пекла сталінскай сістэмы. Гэта праўдзівае сведчанне з высокай мэтай – захаваць праўду, бо інакш чалавек рызыкуе страціць вельмі важнае ў сваёй душы, загасіць у ёй прамень нябеснага святла. Сам аўтар, згадваючы знакамітае Купалава, пра мэту сваёй працы пісаў: “Каб не пагаслі зоркі ў небе”.., трэба ўсім сумленным людзям сведчыць аб праўдзе”.
Уражанні ад гэтых успамінаў студэнты выказалі ў сваіх творах.
Алеся Бяленік
Трыпціх пра шлях Кітай – Сібір – Масква
Гарэла сэрца, як зніч адвечны,
У дакор пагрозам белай смерці,
Сілай і вераю нечалавечай
Гарэла сэрца.
Ларыса Геніюш
І
Гэтым светам кіруюць
Мудрыя законы быцця:
Цяпло атуляе сцюжу,
Святло асляпляе цемру,
Вада точыць камень.
Нават на воўчыя зубы
Знойдуцца заячыя ногі.
А як ратавацца ад
Звязу, дзе ўсе – вязні
За сцяною, дзе пануюць
Вар’яцтва і абсурд.
ІІ
Чэрствы кавалак хлеба –
Хрыстова цела,
Віно з разынкаў
Стала Хрыстовай крывёю.
І несупынная малітва
Да неба, укрыжаванага
Кратамі –
Гэтага адбраць перакулены
Свет не здолеў.
Бо гэта і была зброя адважных.
ІІІ
Восеньскі вецер гуляе
Гурбай сухіх лісцяў.
Раптам уздымае ўгору
Адзін сухі лісток і кідае
Мне пад ногі. Чытаю
Гэты пажаўцелы ад часу ліст:
“Я ўжо бяздольны птах.
Я абскубаны, пагрызены,
Знявечаны птах-калека,
Што застаўся звацца Адважным”.
Ганна Чэкуць
За што?
За што?
– Ні за што!
Знікла сонца.
Схаваны зоры.
Шэпт іх чуеш
Праз мур магутны?
…Невыразна чулася пытанне ў патаемным шолаху, а магчыма, проста мелодыя абуранага ветру, якая паступова нікла, як свет вогнішча, як знічка, якая ахвяравала жыццём дзеля таго, каб служыць яму і табе. Менавіта гэтыя знічкі заключаюць у сваім святле кранальныя гісторыі. Падаючы, вогнішча ахоплівае наваколле і нашыя шляхі, як і самая маленькая знічка – твая знічка. Часам не бачыш гэтага свету, ідзеш усляпую і не бачыш шляху. Раптам цябе паглынае ў вір хаос пануючай цемры і насілля. Ты звяртаешая да некага і ўзносіш угору вочы, пытаючыся:
– За што?
За што так балюча ныюць раны здрады?
За што ў вір уцягнуты, у муры схаваны?
І ў душы шукаеш адказу, вытлумачэння.
Ты бачыш, як вочы іншых скіроўваюць увагу на твой позірк і саркастычна, зларадна ўсміхаюцца… Вецер пакутліва лашчыць іх твары, а ты зноў пытаеш сваім праніклівым позіркам:
– За што?
І рэхам адказ раздаецца ў сэрцы:
– Ні за што!..
Рукі здраднікаў гасяць знічкі, хаваюць у іх глыбіню цемры,забараняючы ім несці святло і цяпло па зямлі, саграваць іх жа загубленыя душы, іх жа далоні. Рукі гэтыя аддаюць перавагу сцюдзёнасці і ўжо, не адчуваючы азябласці, губяць свае жыцці, губляюць чалавечае цяпло і ператвараюцца ў ахвяраў свае здрады.
…Няўжо?
Сапраўды, палае вольная жывая знічка і агеньчык яе мацнее, бо яна здольная вярнуць да жыцця нават тыя азяблыя ад здрады душы. Яна не пытае “Quovadis?”, бо добра ведае, куды накіроўвае шлях вечнасць. І яна заўсёды знаходзіць адказ на пытанне:
– За што?