Раздзел 3. Літаратурны рух другой паловы ХІХ ст.
^ Вверх

Раздзел 3. Літаратурны рух другой паловы ХІХ ст.

 

План 

1. Пад знакам Кастуся Каліноўскага. “Gloriavictis

2. Эліза Ажэшка і беларуская культура.

3. Творчае сяброўства Францішка Багушэвіча і Элізы Ажэшкі.

4. Эліза Ажэшка і “Наша Ніва”

5. Раман Элізы Ажэшкі "Над Нёманам".

 

Другая палова ХІХ на Беларусі асвечана яркай старонкай змагання за волю, пад знакам вялікай любові да паняволенай Айчыны, бо недарэмна ж вітальныя словы-пароль паўстанцаў Кастуся Каліноўскага (1838–1864) гучалі так: “– Каго любіш? – Люблю Беларусь. – Дык узаемна!” Той мужны чын барацьбы быў прайграны, патоплены ў крыві. Але ніякае змаганне за волю не можа быць марным. Паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага стала знакавай падзеяй у лёсе самых знакамітых творцаў нашага краю Элізы Ажэшкі (1841 –1910) і Францішка Багушэвіча (1840–1900).

Эліза Ажэшка пакінула вялікую творчую спадчыну: каля двухсот твораў розных жанраў. І светлую памяць і шанаванне ў душах гарадзенцаў, яе сучаснікаў і іх нашчадкаў. Бо была не толькі вялікай пісьменніцай, але і гуманісткай, мецэнаткай. Дом Элізы Ажэшкі ў Гародні на мяжы стагоддзяў стаў сапраўдным літаратурным салонам, месцам, якое вабіла прадстаўнікоў культуры розных нацыянальнасцяў. І, безумоўна, беларусаў, да якіх вялікая пісьменніца нашага Краю і шчырая патронка для ўсіх гарадзенцаў мела вялікую прыхільнасць як да прыніжаных і абражаных, якія, аднак, мелі высокі чалавечы гонар, спрадвечную культуру, але жылі часта ў глыбокай паняверцы. “Гэта была свядомая аўтарская пазіцыя – не толькі стварэнне нацыянальнага каларыту, а глыбокае разуменне народнага жыцця, суперажыванне гаротнаму і бяспраўнаму, але духоўна годнаму народу” (Вольга Русілка). Пра тое сведчаць лепшыя творы пісьменніцы, аповесці "Нізіны", "Дзюрдзі", "Хам". Як пісаў Уладзімір Содаль, “Ажэшка, як ніхто да яе, апавядала свету пра беларусаў і Беларусь. Яна для нашага краю, як Гогаль для Украіны. Той быў сувязным паміж Украінай і Расіяй, а яна – між Беларуссю і Польшчай”.

У многіх творах Элізы Ажэшкі (цыкл навэлаў “Gloria victis”, раман "Над Нёманам) знайшоў адлюстраванне водгук паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, у якім непасрэдны ўдзел прымала і сама пісьменніца, – “лёсазломны і лёсавызначальны час”, як назваў яго перкладчык твораў Элізы Ажэшкі  на беларускую мову Анатоль Бутэвіч.

Упершыню цыкл навэлаў “Gloria victis” выйшаў асобнай кнігай у Вільні ў 1910 годзе да 25-годдзя паўстання. Першапачатковая назва – “1863”. “Аднак і канчатковая назва “Gloria victis”, што азначае слава пераможаным, не менш значная і сімвалічная. Самы глыбокі… сэнс хаваецца менавіта ў апошнім слове – пераможаным” (Анатоль Бутэвіч).

Як сцвярджае польская даследчыца творчасці Элізы Ажэшкі Барбара Наварольска, галоўная выснова ў навэле – “ахвяры не былі дарэмнымі, а паўстанчы парыў не быў непатрэбнай, прайгранай бітвай. Таму што кроў герояў, іх ахвяры не толькі захаваліся ў памяці прыроды, але мацней звязалі прыроду з народам, які жыве на гэтай самай зямлі. Больш за тое, пад уплывам пралітай крыві прырода пачынае адчуваць і ацэньваць падзеі, як ахвяры крыўды”.

Знакавым сёння бачыцца і той факт, што першым творам польскай літаратуры, змешчаным на старонках “Нашай Нівы”, стала апавяданне Элізы Ажэшкі “Гэдалі”. Наша вялікая зямлячка мела ў сэрцы сваім глыбокую прыхільнасць да беларускага люду, шчырую спагаду да яго няшчасцяў і захапленне працавітасцю, духоўным багаццем. Вартай шанавання была і вялікая любоў пісьменніцы да роднай зямлі, якой яна засталася вернай да апошняга дня.

Апавяданне друкавалася з працягам аж у шасці нумарох (11 – 16). Можна толькі ўявіць, як наш вясковы люд, у тым часе не надта распешчаны вялікім выбарам культурнай інфармацыі, з нецярплівасцю чакаў працягу гэтага, сённяшняй мовай кажучы, цікавага серыялу пра жыццё ў нашым Краі, дзе пазнавальнымі былі тагачасныя тыпы руплівага гаспадара-працаўніка, маладых людзей, чые настроі былі скіраваны да ідэяў дабра, справядлівасці.

У цэнтры твора – вобраз маленькага чалавека, прыніжанага і абражанага, кінутага злым лёсам на дно галечы, у абдымкі хваробаў і няшчасцяў. Ён уражвае не столькі вынослівасцю да бясконцых пакутаў, колькі глыбокай мудрасцю, здольнасцю з падзякай да Творцы прымаць і гэткі свой лёс. Эліза Ажэшка была сапраўднай гуманісткай, што ўмела спагадаць усім людзям, незалежна ад іх нацыянальнасці. Напэўна, і ў душах чытачоў пакуты героя выклікалі пачуццё дабрыні і спагады.

Адзін з найцікавейшых аспектаў дзейнасці пісьменніцы – этнаграфічная праца, збор назваў раслінаў зямлі беларускай. У Элізы Ажэшкі вынікам гэтай працы сталі нарысы «Людзі і кветкі над Нёманам», апублікаваныя ў навукова-этнаграфічным часопісе «Вісла» ў 1988 – 1892 гадах. А яшчэ – цудоўныя кампазіцыі з зёлак, што праз стагоддзе захавалі сваю прыгажосць. Некаторыя з іх захоўваюцца ў музеях нашага горада. Эліза Ажэшка выкарыстала ў сваім нарысе 228 назваў раслінаў. Мэта, якую ставіла даследчыца, – паказаць, што ў гэтых народных назвах адлюстраваны сапраўдны духоўны скарб, паэтычнасць, спрадвечная мудрасць, розум, талент беларускага сялянства.

«Мы павінны сумленна працаваць і, наколькі гэта магчыма, сумесна. Каб праўдзіва паказаць і правільна ацаніць гэты асноўны грамадскі клас і гэтыя мільёны чалавечых істот, якія называюцца вясковым людам», – так сама Эліза Ажэшка вызначала сэнс сваёй працы.

У самой назве нарыса Элізы Ажэшкі («Людзі і кветкі над Нёманам») гучыць узнёслая паэзія. Тут – і надзвычайнае багацце краю над Нёманам, і вылучэнне найпрыгажэйшага ў прыродзе – кветкі. Але самае значнае – людзі, чалавек-творца, які здольны гэтую, на першы погляд, някідкую красу ўбачыць і як належыць ацаніць, апавіць у дасканалую моўную форму, дзе і сэнс – відавочны, і гучанне – музыка. А над усім найвышэй ужо ў назве адчуваем тое шчырае пачуццё любові, якую мела ў сваім сэрцы аўтарка і да гэтага краю, і да яго народу.

Людзі і ёсць тымі кветкамі зямлі, убачыць, разгадаць, раскрыць здольнасці, талент якіх можна толькі пры ўмове руплівай, стараннай працы. З гэтай думкі і пачынаецца нарыс: «Вывучэнне якіх-небудзь бакоў жыцця народа  я параўнала б з выбіраннем жмені канапляных зярнят з бочкі маку». Незвычайнасць сітуацыі тут была найперш у тым, што яна – адукаваная пані, апынулася ў ролі вучня, яны ж – часцей непісьменныя, прыніжаныя вякамі няволі, станавіліся настаўнікамі. Эліза Ажэшка прапанавала цэлую методыку працы з беларускімі сялянамі, асновай якой найперш ёсць павага, тактоўнасць, шчырасць.

 Галоўныя правілы ў гэтай навуцы: «шырока і настойліва ўжываць сакратаўскі метад актывізацыі думкі пытаннямі», «распытваць настаўнікаў безупынку, настойліва, направа і налева, мужчын і жанчын, дзяцей і старых, дасціпных і праставатых з выгляду», «гэтых людзей трэба бачыць у іхнім натуральным асяроддзі, дзе яны займаюць нейкае становішча і карыстаюцца ад роўных сабе пэўнай павагай і зычлівасцю».

Ізноў жа зразумела, што “Наша Ніва” адгукнулася на трагічную вестку з Гародні ў травені 1910 года. Ужо ў № 20 ад 13 травеня быў апублікаваны прачулы артыкул Вацлава Ластоўскага пра сыход вялікай польскай пісьменніцы. Аўтар адзначае: “Яе смерць – гэта страта ня толькі Польшчы, ня толькі польскага народу, для каторага яна працавала, але і ўсяго культурнага свету: Эліза Ажэшка ў мнагалетняй сваёй працы старалася перш за ўсё шырыць у сваім грамадзянстве ідэалы і думкі агульналюдскія, старалася будзіць міласьць да нешчаслівых і пакрыўджаных жыцьцём, міласць да чалавека”.

Вацлаў Ластоўскі падкрэслівае еднасць пясняркі з беларускім краем, беларускім людам: “Большая часьць твораў Элізы Ожэшковай, як і сама душа пісьменьніцы, неразрыўна зьвязана з беларускай глебай; у повесьцях Ожэшковай бачым у пекных малюнках абразы нашай старонкі…”

Не без болю і наракання  зважае аўтар на тую акалічнасць, што многія ўзгадаваныя гэтай зямлёй творцы аддавалі свой талент іншым народам, культурам. Адвечная несправядлівасць – траціць сваё, лепшае з-за забароненай мовы і страчанай дзяржаўнасці – для Беларусі сталася ўжо наканаваннем: “Праўдзівай бацькаўшчынай Ожэшковай была Беларуская зямля, каторая яе ўзгадавала; з Польшчай – апрача мовы і гістарычных перажыткаў – вялікая пісьменьніца мела мала супольнага. І ўсё-ж такі беларуская фантазія, беларуская казка, што рожавай дымкай апавіла яе дзіцячыя думкі, ускалыхала вялікага духа пакойнай на славу чужым. Такая ўжо,  відаць, доля нашага краю…”

Хтосьці з рэдакцыі “Нашай Нівы” прысутнічаў на пахаванні Элізы Ажэшкі, бо артыкул заканчваецца згадкай: на магілу пісьменніцы “Наша Ніва” ўзлажыла вянок. Хто менавіта прыязджаў у Гародню, каб пакланіцца слыннай пяснярцы, невядома. Цалкам мажліва, што гэта быў сам Вацлаў Ластоўскі.

Самай яркай старонкай сяброўскага пабрацімства польскай пісьменніцы з дзеячамі беларускай літаратуры з'яўляецца яе сяброўства з Францішкам Багушэвічам, які неаднойчы бываў у доме Элізы Ажэшкі, меў з ёю шматгадовае ліставанне. Са скрухай успрыняла яна вестку пра адыход беларускага паэта. “Каралева жывога слова”, “Каралева польскай прозы і пакутлівай праўды” – такія высокія характарыстыкі даваў пісьменніцы пачынальнік беларускага нацыянальнага Адраджэння. Аб глыбокай прыхільнасці паэта да вялікай гарадзенскай пані сведчыць верш-прысвячэнне Францішка Багушэвіча “Яснавяльможнай пані Арэшчысе”, у якім ад імя беларускага люду, заўсёды шанаванага ёю, на ягонай “простай гаворцы” выказаў шчырую ўдзячнасць і пашану за тое, што заглянула ў хату беларуса і ўбачыла там чалавека, якім часта пагарджалі, працягнула яму руку і выліла на паперы смутак ягонай душы:

Гдзе ж нам парывацца –

З мудрымі раўняцца:

Чэсць аддаць Аўторцы

У простай гаворцы!

 

Не, не чэсць, то мала –

Славу сваім трудам

Сама ты з'яднала!..

Ты з пальмай прад людам.

 

Шмат ксёнжак пісалі

Не аб нашым браце:

Лепш чужых пазналі,

Як у сваёй хаце;

 

А нас, подлых кмеці

Міналі здалёка

І хавалі дзеці

Ад нашага вока.

 

А Ты, пані, смела

Заглянула ў хату,

Усё зразумела

І нашаму брату

 

Працягнула руку

І сэрцам балела,

Глядзеўшы на муку,

І пяром умела

 

Выліць смутак гэты, –

Што аж душа рвецца,

Што плачуць кабеты,

Не знаюць, гдзе дзецца!

 

Чым жа мы аддзячым?

Што ж мы напрыносім? –

Хіба што заплачым

Ды Бога папросім:

 

Прымі ж нашу дзяку

У малітве, ў слёзцы,

Прымі як адзнаку

Тваёй славы ў вёсцы.

Гэтая старонка літаратурнага, творчага і чалавечага сяброўства выклікала цікавыя водгукі ў студэнтаў беларускай філалогіі, актыўных удзельнікаў паэтычна-музыкальнага салону “У пані Элізы”, што некалькі гадоў даволі актыўна працаваў у музеі Элізы Ажэшкі. Былі напісаны вершы, эсэ, у якіх юныя творцы паспрабавалі аднавіць тую прыгожую атмасферу, што панавала ў доме вялікай пісьменніцы, уявіць, перадаць тыя светлыя пачуцці, што звязвалі абодвух творцаў, выказаць свае ўражанні.

 

Наталля Шкут

   Скрозь завесу часоў

 

Смутна ўсміхаецца час,

Месца няма прасторы…

Сёння вітаем у нас

Тых, што былі учора.

 

Снежны сумёт валасоў,

Тая ж маўклівая ўсмешка –

Крочыць з далёкіх гадоў

Пані Эліза Ажэшка.

 

З прагнасцю выпіць да дна

Думак агульных кілішак

Зможа яна не адна –

Побач знаёмы Францішак.

 

Штосьці нашэптвае парк,

Вершы гучаць ля каміна,

Восень ўздымае пажар,

Будзіць ў душы успаміны.

 

Сонца усцешыць ізноў

Ранкам над слаўнай Гародняй.

І скрозь завесу часоў

Талент іх ззяе паходняй.

 

Юлія Стрыжова

 

  У музеі Элізы Ажэшкі

 

Утульны пакой, старадаўні камін,

І крэслы стаяць, як на варце.

Адзін ў гэтых рэчаў на ўсіх успамін:

Дзве зоркі ў завоблачнай карце,

 

Якія сышлі з прастораў нябёс,

Каб звацца людзьмі зямным,

Аддаўшы высокай справе свій лёс –

Краю ня быць чужымі.

 

І вулкі Гародні прагна ўвабралі

Ўсе мары іх, спадзяванні,

Ўсе самыя светлыя думкі-каралі,

Што ззялі у іхніх спатканнях.

 

Утульны пакой, старадаўні камін,

Падлогі скрыпучай стогны.

Адзін у іх ёсць на ўсіх успамін:

Эліза з Францішкам ля вокнаў.

 

Чэкуць Ганна

     Дыялог праз час

 

Дарога, стома, думкі,нецярплівасць:

Хутчэй  пабачыць гродзенцаў палеткі.

Глыбока ў сэрцы ўспыхнула бурлівасць,

Паўсталі вобразы: азёры, збожжа, кветкі.

Вы, пані, у маіх думках нарадзілісь,

Нібыта лета з водарам дурману,

Думкі ў душы ізноў закаласілісь,

Ізноў кранулі ў сэрцы маім рану.

–Вітаю пана! Гэта Вы, Францішак?

Як Вільня маецца з усёй сваёй красою?

–Бадай, як тут, нічога не змянілась,

Паветра ўзрушваюць народных мас настроі.

Гародня, бачу, ад пакут стамілась,

Аднак жа прыгажосць яе не знікла.

Любоў ўзрасла, надзея узмацнілась

Змяніць жыццё сялянскае, ўзняць крылы.

–Я бачу, сэрца Ваша болем атулілась,

У вачох застылі смутак і журба.

–Так, пані, то журба і вечны смутак,

І боль, што ад пакут, ў якіх Край стогне.

–Так, гэта  праўда, і я  згодна: здзек нязносны.

Я памятаю, трапна падмячалі

Калісь ў лісце і ў вершы “Шумяць сосны”.

Ён захапіў мяне, радкі ў ім так гучалі:

 Плачце, родныя, няўцешна,

Плачце на ўсе грудзі,

То абудзіце памершых,

І радасней будзе…

Гэты заклік, пан Францішак, вельмі пранікнёны,

Кліча ён узняць скрозь цемру яснай праўды промень.

Ваш заклік можна параўнаць з зямлі нашай слязою,

Якая стогне ад пакут, “бо кат стаіць над ёю”.

 

Алеся Бяленік

   Лістападаўскім вечарам, калі ў каміне палае агонь

 

Цёмны лістападаўскі вечар.

Пустая вуліца.

Драўляны дом.

Падымаецца вецер, разносіць

восеньскія ссохлыя лісты, якія гэтак нагадваюць

абяздоленыя

беспрытульныя

гаротныя

душы сялян, высахлыя парой, калі ўладараць

гэткія

ачарсцвелыя

пустыя

восеньскія сілы.

Куды яны ляцяць, куды яны прыб’юцца, чаго яны

шукаюць у такі самотны час?

Вакно. Мяккае святло, якое абяцае жаданае цяпло і ласку.

Туды і стукаюць адзінокія душы-лісточкі…

Зазірнем у вакно?

Гэткае згоднае маўчанне разліваецца ў тым пакоі, дзе двое

надта блізкіх людзей пазіраюцць у агонь і саграваюць

адзін аднаго цяплом сваіх думак

у халодны лістападаўскі вечар.

               – Пані Эліза!

               – Пане Францішак?

–Аб чым Вы думаеце, калі пазіраеце на агонь?

–…Я ўспамінаю, пане Францішак. Я ўспамінаю страшэнны віхор, які колькі год таму знішчыў на попел сялібы, а людскія сэрцы ператварыў у руіны. Я ўспамінаю счарнелыя ад дыму і збялелыя ад страху і роспачы твары людзей. Я адчуваю горкі дым і чую жахлівыя енкі. І маё сэрца які ўжо раз сціскаецца ад болю… Я думаю пра тое, што агонь аднолькава можа быць жыццядайным і знішчальным.

                 – О Божа! Пані Эліза, даруйце!

                 Я не хацеў Вас трывожыць…

– Пакіньце, Францішак. Я маю сілы. Я згадала ўсё гэтае таму, тшо веру ў Вашае гарачае сэрца, збалелае за няшчасцны Край, у Вашую чуйную і далікатную душу, якая, аднак, загартаваная настолькі, што Вы смела кідаецеся ў выратавальнае полымя і… жывеце…

Будзьце гэткім і надалей, Францішак.

Не хавайце сваіх слёзаў, болю і жалю,

бо і кроплі могуць апячы камень.

Трывожце душы людзей сваім Словам.

Біце звонам у сэрцы людскія.

Не пакідайце ж люд свой беларускі, каб не ўмёр,

Вы, Абаронца Праўды і Справядлівасці!

…Дрыжаў агонь.

Хвалявалася паветра.

Трымцелі прыліплыя да шыбаў восеньскія лісточкі.

Ці знайшлі яны тое, чаго шукалі?..

Памяць пра вялікую пяснярку Прынямонскага краю шануецца на Гарадзеншчыне: цэнтральная вуліца горада, дзе жыла Эліза Ажэшка, носіць яе імя, у 1929 г. на сродкі, сабраныя жыхарамі горада, быў пастаўлены помнік скульптарам Р. Жэрыхам, створаны музей Элізы Ажэшкі і ў Гародні, і ў школе ў вёсцы Мількаўшчына, ладзяцца навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя творчасці пісьменніцы.

 

Літаратура па творчасці Элізы Ажэшкі

 

  1. Бутэвіч, А. Нечаканая Ажэшка: Колькі словаў пра паўстанцкія матывы ў творчасці Элізы Ажэшкі / А. Бутэвіч // Дзеяслоў. – 2008. – №4. – С. 231–238.
  2. Гапава, В. Каралева жывога слова / В.Гапава // Ажэшка Э. Аповеcцi, апавяданнi, нарысы. – Мінск: Бел. кнігазбор, 2000. – С.5–20.
  3. Гапава, В. Эліза Ажэшка. Жыццё і творчасць / В. Гапава. – Мінск, 1969. – 232 с.
  4. Грынько, М. Фальклор як крыніца даследавання менталітэту беларусаў у рамане Элізы Ажэшкі “Дзюрдзі” / М. Грынько // Шлях да ўзаемнасці: матэрыялы Х1У міжнар. нав. канф., Гродна, 26–27 кастр. 2006 г. / пад рэд. С. Мусіенкі, І. Крэня. – Гродна: ГрДУ, 2007.  – С. 64–67.
  5. Казакова А. В. Творы Элізы Ажэшкі на ўроках беларускай літаратуры і польскай мовы // Тэорыя і практыка навучання мрвам, літаратурам і рыторыцы ў сярэдняйі вышэйшай школе: Матэрыялы міжнар. нав.-тэарэт. канф.  (Мінск, 15–17 снежня 1997 г.) Частка 1. / БДУ. Філ. Фак. Пад рэд. Л.А. Мурынай, Ф.М. Літвінка. Мінск: Белдзяржуніверсітэт, 1998. – С. 119–120.
  6. Кліманскі, С. Люд Наднёманскага краю ў творах Элізы Ажэшкі / С. Кліманскі // Наднёманскія былі: Зборнік артыкулаў і нарысаў. – Мінск: Беларусь, 1968. – С. 148–166.
  7. Лявонава, Е. Каралева жывога слова / Е. Лявонава // Роднае слова. – 1996. – № 6. – С. 42–53.
  8.  Петрушкевіч, А. Эліза Ажэшка і Людвіка Сівіцкая — збіральніцы народных скарбаў / А. Петрушкевіч. Пра творы і творцаў: літаратурна-крытычныя артыкулы. – Слонім: ГАУПП “Слонім. друк.”, 2002. – С. 154–160.
  9. Пяткевіч, А. Творчасць Э. Ажэшкі як прадукт беларуска-польскага культурнага памежжа / А. Пяткевіч // Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / А. Пяткевіч. – Мінск: Бел. кнігазбор. – С.28–32.
  10. Русецкі, А. Вехі гістарычнай біяграфіі / А. Русецкі // Маладосць. – 2006. – № 7. – С. 128–129.
  11. Русілка, Л. Алея Элізы: Паэма. Паводле мемуараў Элізы Ажэшкі / Л. Русілка. – Гродна, 2005. – 33 с.
  12. Русілка, В. Ідэйна-мастацкая канцэпцыя паэмы Любові Русілкі “Алея Элізы” / В. Русілка // Шлях да ўзаемнасці: матэрыялы Х1У міжнар. нав. канф., Гродна, 26–27 кастр. 2006 г. / пад рэд. С. Мусіенкі, І. Крэня. – Гродна: ГрДУ, 2007.  – С. 115–120.
  13. Содаль, У. Каралева жывога слова / У. Содаль // Беларуская мова і літ. у школе. – 1991. – № 6. – С. 69–71.
  14. Творчасць Элізы Ажэшкі і беларуская культура: Зб. навук. прац / Пад рэд. С.П. Мусіенкі. – Гродна: ГрДУ, 2002. – 330 с.
  15. Тычка, Г. “Прымі нашу дзяку…” Штрыхі да партрэта Э. Ажэшкі / Г. Тычка // Роднае слова. – 2001. – № 6. – С. 18–21.