Раздзел 4. Літаратурная Гарадзеншчына на пачатку ХХ стагоддзя
План
1. Гродзенскі гурток беларускай моладзі.
2. Алаіза Пашкевіч – ураджэнка Гарадзеншчыны.
3. Нашаніўцы, звязаныя з Гарадзеншчынай:
– Зоська Верас – паэтка, празаік, мемуарыст, педагог, выдавец, грамадская дзяячка.
– Спеўная лірыка М. Арла.
– Гальяш Леўчык, Кандрат Лейка – нашаніўцы са Слонімшчыны.
– Драматург Адам Бычкоўскі.
Гродзенскі гурток беларускай моладзі (1909–1914)
На пачатку ХХ ст. ажывіўся беларускі адраджэнскі рух у Гародні. Упершыню быў створаны гурток моладзі, які актыўна займаўся культурнай, літаратурнай, асветнай, выдавецкай дзейнасцю. Арганізатарамі, актыўнымі сябрамі яго былі Адам і Антон Бычкоўскія, Зоська Верас, Баляслаў Грабінскі, Янка Ляўковіч (кіраўнік хору), Адольф Зянюк (апошні кіраўнік гуртка). Але пачынальнікам, цэнтральнай фігурай адраджэнскага руху ў горадзе над Нёманам быў ксёндз Францішак Грынкевіч, асоба якога “ў Гародні была цэнтральнай ..., якая будзіла там і арганізавала беларускі рух. Яго беларуская праца – гэта прыгожая бачына ў гісторыі беларускага культурнага адраджэння, запісаная беларускім каталіцкім ксяндзом, а змест якое хрысціянскі і беларускі народніцкі” (Адам Станкевіч). А між тым, імя яго сёння амаль нікому не вядома ў гэтым горадзе і няпроста адшукаць на старых могілках ягоную магілу. Першы арганізацыйны сход гуртка адбыўся на ягонай кватэры, што месцілася ў кляштары пры касцёле бернардзінцаў, восенню 1909 г.
Сябры гуртка, “стараючыся развіваць беларускую свядомасць і годнасць людзей, ладзілі традыцыйныя для таго часу грамадска-культурныя акцыі: на сваіх сходах чыталі беларусазнаўчыя рэфераты, ставілі спектаклі на роднай мове, дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў, прэзентавалі музычныя праграмы на нацыянальным матэрыяле з удзелам струннага аркестра, хору, салістаў, дуэтаў. Неаднаразова выязджалі з спектаклямі і канцэртамі на вёску, распаўсюджвалі беларускія кнігі” (А.М. Пяткевіч).
Меў гурток і свой друкаваны орган – часопіс “Колас нашай нівы”, які выдавалі на шапірографе. Гарадзенцы мелі сувязь з іншымі асяродкамі беларускай культуры, друкаваліся на старонках “Нашай Нівы”.
Мясціны Гарадзеншчыны, звязаныя з жыццём і творчасцю Алаізы Пашкевіч (1876–1916)
Пясчына (Пешчына) – маёнтак на Шчучыншчыне, які належаў бацьку будучай паэткі Сцяпану Пашкевічу, месца нараджэння Алаізы Пашкевіч. Не захаваўся.
Васілішкі – мястэчка ў Шчучынскім раёне, дзе 8 верасня 1876 г. у мясцовым касцёле была ахрышчана паэтка.
Тарэсін – фальварак дзядулі (бацькавага бацькі), у якім Алаіза гадавалася з трох да дзевяці гадоў.
Стары Двор – маёнтак дзеда паэткі на Шчучыншчыне, у якім Алаіза жыла з 1885 па 1894 г. Тут пайшла з жыцця 5 лютага 1916 г. , ратуючы землякоў ад тыфусу. Сёння – вёска ў Шчучынскім раёне, дзе пахавана паэтка. Дом пасля вайны быў перанесены ў вёску Замасцяны, у ім размяшчалася школа. Згарэў у часе пажару ў 1980 г.
Лябёдка –маёнтак Іваноўскіх на Шчучыншчыне, дзе ў 1902 г. была надрукавана першая беларуская нелегальная газета “Свабода” (200 асобнікаў) пры непасрэдным удзеле Алаізы Пашкевіч.
Ліда – горад, у якім паэтка-асветніца арганізавала беларускую школу.
Гародня – тут паэтка бывала неаднойчы. Адна з вуліц (на самым ускрайку горада, памылковае напісанне на шыльдах імя побач з псеўданімам – “Элізы Цёткі”, відавочна, звязанае з імем Элізы Ажэшкі) і каледж мастацтваў носяць імя Алаізы Пашкевіч. У часе 1-й сусветнай вайны 10 лютага 1915 г. у адным з баёў ля горада загінуў брат паэткі Юзаф Пашкевіч. Месца пахавання невядомае.
Астрына – мястэчка ў Шчучынскім раёне, дзе ля мясцовай школы, якая носіць імя паэткі, у 1954 г. быў пастаўлены помнік, створаны скульптарам А. Заспіцкім, у школе працуе багаты і надзвычай прыгожы музей, адчынены 15.12.1987 г.
Хадзілоні – вёска ў Шчучынскім раёне на шляху з Старога Двара, дзе ля мясцовай школы ўстаноўлены бюст паэтцы, у школе створаны кабінет-музей паэткі.
Шастакоўцы – вёска на шляху Алаізы, поруч з Старым Дваром, ля школы быў устаноўлены бюст паэтцы, пазней (пасля закрыцця школы) перанесены ў Хадзілоні.
Шчучын – раённая бібліятэка (устаноўлена памятная дошка), адна з вуліц мястэчка носяць імя згнакамітай зямлячкі. Ля мясцовага Дому культуры – помнік Алаізе Пашкевіч. Кожныя штопяць гадоў ладзяцца ўрачыстыя святкаванні дня нараджэння паэткі.
Драма, напісаная ў Гародні
Пад гэтым творам стаіць надпіс – Гародня, 1910 год. Драматычныя сцэны у дзвюх дзеях “У сваты” – гэта п’еса Адама Бычкоўскага, беларускага адраджэнца пачатку ХХ ст., аднаго з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, напісаная амаль сто гадоў таму, ніколі не друкавалася. Была страчаная. І толькі дзякуючы нястомнаму рупліўцу, краязнаўцу Сяргею Чыгрыну са Слоніма была знойдзеная і надрукавана ў першым нумары часопіса “Маладосць” за 2009 г.
Традыцыйны для класічнай беларускай літаратуры (згадаем “Залёты” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, “Паўлінку” Янкі Купалы) матыў залётаў – у цэнтры п’есы. Галоўная гераіня – дзяўчына-сірата Гануля. Нявеста, што чакае сватоў, што гатовая выйсці “хоць за нямілага, абы з гэтай хаты”. Аднак жа, калі дачакалася сватоў і ад мілага, каханага, адмаўляецца ад свайго шчасця, ахвяруючы ім дзеля брата, ягонай сям’і, гаспадаркі. Фінал п’есы нагадвае фінал Купалавай “Паўлінкі”, калі дзяўчына падае, трацячы прытомнасць, зразумеўшы, што страціла надзею на шчасце назаўсёды.