Раздзел 8. Паэзія Дануты Бічэль
План
1. Адметнасць лірыкі Дануты Бічэль 60–70-ых гг.
2. Лірыка 80–90 гг.
3. Духоўная паэзія Дануты Бічэль апошняга часу.
4. Першая кніга прозы “Хадзі на мой голас”.
“Абнімаюць рукі Беларусь…”:
Творчы партрэт Дануты Бічэль
Бязродная песня паэтава,
што птах са сляпымі вачыма.
Данута Бічэль-Загнетава –
якая паэтка айчынная!
Анатоль Сыс
Ад роднай беларускай зямлі, ад яе бяздонных крыніцаў і рэкаў, ад спеўнага пошуму лясоў і шчырай народнай песні бярэ свае вытокі паэзія Дануты Бічэль. Улюбёнасць у гэтую зямлю, чуйная ўвага і пашана да роднага слова, крэўная знітаванасць з “людствам працы” нарадзіла ў душы будучай паэткі неадольнае жаданне “сказаць свету пра тых, каго іншыя не ведаюць, аб тым, аб чым іншыя за мяне не скажуць. У імя паветра, прапахлага жывіцай. Гаючага. Свежага” [1, c. 26]. Так хораша, прачула вызначыла яна сама калісьці свой прыход у свет паэзіі.
Жыццёвы шлях Дануты Бічэль пачаўся ў нялёгкія перадваенныя гады на хутары са шматзначнай, прыгожай назвай Загасцінец, што ў Лідскім раёне, у якой чуваць не толькі прыкмета яго геаграфічнага размяшчэння, але іншае, добрае, чалавечае, – гасціннасць, цеплыня, сардэчнасць. А зусім побач – вёска Біскупцы. Менавіта ў гэтым кутку Гарадзеншчыны – выток нялёгкага, як, бадай, у кожнага чалавека, і выключнага, як у кожнага сапраўднага паэта, зямнога лёсу Дануты Бічэль. Тут, як сцвярджае яе лірычная гераіня, – пачатак пачаткаў: “Чым валодаю, тут пачалося – процьма шчаснасці, бездань тугі”. Тут у душы яшчэ зусім юнай дзяўчыны нарадзілася першае паэтычнае слова, якое сталася, па словах Алега Антонавіча Лойкі, “вельмі яркім дэбютам”, бо гэта было сапраўднае слова, сказанае ад шчырага сэрца, асвечанае непаўторным талентам:
Пад казачным дубам
над Нёманам сінім
хлапец прызнаваўся ў каханні дзяўчыне.
І рэхам той шэпт адгукаўся між гаю:
–Кахаю, кахаю…
Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае,
такое чароўнае,
такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агністае,
як Нёман, празрыстае,
як казка, быліна, як песня, жаданае,
дагэтуль зусім у жыцці неспазнанае,
вясновае слова ад шчырага сэрца… [2, с. 7]
Верш так і называўся “Роднае слова”, надрукаваны ён быў упершыню ў газеце “Літаратура і мастацтва” 12 лютага 1958 года. У заключных радках твора гучыць прызнанне ў самым высокім пачуцці – любові да Радзімы: “Кахаю, люблю… Беларускаму краю бясконца я слова “люблю” паўтараю” [2, с. 8].
Данута Бічэль засталася вернай выказанаму ў юнацтве палымянаму прызнанню. Светлы вобраз Беларусі стаў галоўным, скразным матывам ва ўсёй лірычнай сістэме паэткі.
З першых зборнікаў Радзіма паўстае як ласкавая маці: “Нібы сунічка на прагалку, сярод людзей і ціхіх ніў я падрастала дзень пры дні, твае сцяжыны прабягала”. Безумоўна, шчырае пачуццё выказвалася часам залішне сентыментальна, што характэрна наогул беларускай жаночай паэзіі, а часам занадта пафасна, што абумоўлена ўплывам тых страсных паэтычных маналогаў, вершаў-гімнаў, якіх у беларускай паэзіі нямала. Данута Бічэль поўнасцю не ўнікла артыстычных жэстаў, паклонаў, рытарычнасці: “Перад Радзімай толькі апушчуся на калені”.
Адмаўленне формы публіцыстычнага маналогу-звароту да Айчыны ішло ў паэткі праз засваенне іншага кампазіцыйнага ладу верша, праз пошук адпаведнай формы, якая найлепш перадавала б шчырасць, інтымнасць пачуцця лірычнай гераіні. Гэтай “адпаведнай” для Дануты Бічэль формай стаў дыялог, які даваў магчымасць выказаць патрыятычныя пачуцці даверліва, проста. Пра тое, што гэты шлях быў плённым, гаворыць з’яўленне сапраўдных паэтычных здабыткаў:
– Адкуль з такімі вачамі?
– Тутэйшая…
Я звычайная.
Мяне маці тут нарадзіла,
як сасну ў бары пасадзіла.
Я зжылася з вятрамі, з нягодамі.
Мне казалі, што я не гордая.
Таму я не гаманлівая,
што ўзрасціла зямля неўрадлівая,
перакроеная, пясчаная…
Тутэйшая…
Я звычайная [2, с.48].
Лірычная гераіня верша ў значнай ступені “я” самой паэткі, але яно вырастае ў сімвал, збіральны вобраз, у якім – сама сутнасць нацыянальнага жаночага характару. “Ідучы толькі ад свайго суб’ектыўнага “я”, паэт не можа, не пакрывіўшы душой, пра сябе самога сказаць так прыгожа. А ў паэтэсы гэта атрымалася натуральна, бо падказана яшчэ і народна-паэтычным светаразуменнем” [3, с. 47]. “Тутэйшая”, “тут” нарадзілася, “звычайная” – гераіня не лічыць сябе выключнай. Вышэйшая, душэўная яе прыгажосць менавіта у крэўнай роднасці з беларускай зямлёй, з нялёгкім лёсам народа. “Тутэйшая” – гэта слова вынесена ў назву верша, паўтараецца ў пачатку і ў канцы. Такая страфічная кальцавая кампазіцыя нясе сэнсавую нагрузку – падмацоўвае думку аб еднасці з лёсам Радзімы.
З часам гэты матыў у творчасці Дануты Бічэль пашыраецца, з’яўляюцца новыя фарбы, вобразы. Як прыклад – верш “Знітаванасць”, у якім вобраз крыніцы вырастае ў вобраз Радзімы, што жывіць творчыя сілы паэта, становіцца бяздонным вытокам натхнення, збавення ад усіх нягодаў, дапамагае раскрыцца таленту. У гэтай знітаванасці, арганічным адзінстве асабістага і народнага – ідэйная аснова светапогляду паэткі. Увядзенне ў кампазіцыю верша простай мовы надае яму своеасаблівы характар лірычнай споведзі, разбурае межы маналагічнай формы.
Данута Бічэль зноў і зноў вяртаецца да вобразу Беларусі “як гістарычнай і нацыянальнай цэласнасці, інтымнай і цёплай, як дом і хата, але непараўнана шырэйшай за іх. Больш сінтэтычнай” [4, с. 176]. Як найвышэйшы акорд, своеасаблівая кульмінацыя патрыятычнай тэмы – паяднанне двух вялікіх чалавечых пачуццяў: кахання і любові – у адно непадзельнае пачуццё: “Да цябе працягваю я рукі – абнімаюць рукі Беларусь”.
Глыбокім патрыятызмам прасякнута “гістарычная лірыка” паэткі, якой заўсёды была ўласціва цікавасць да мінулага свайго Краю. Яе лірычная гераіня, чалавек свайго часу, адчувае сувязь з даўнімі эпохамі, неаспрэчнае дачыненне да таго, што знаходзіцца па-за яе асабістым жыццёвым досведам. Паэтка лічыць, што “перш за ўсё неабходна ратавацць мову” [5, с. 4] як найвышэйшы здабытак нацыі, умову яе развіцця, існавання. Натхняльнікамі абуджэння нацыянальнай годнасці, народнага духу выступаюць у творчасці Дануты Бічэль вобразы гістарычных асобаў: Ефрасінні Полацкай, Францішка Скарыны, Васіля Вашчылы, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча і інш.
Як патрабавальны наказ гучаць словы Ларысы Геніюш пра стан мовы, любоў да якой павінна стаць не замілавана-ўхвальнай, а дзейснай, актыўнай, ахвярнай:
Сёння на пласе родная мова.
Вырваць жывую належыць з агню.
Слова “кахаю” – слабае слова.
Мужнае слова – “абараню” [6, с. 307].
Данута Бічэль лічыць старэйшую паэтку сваёй духоўнай маці, а сябе – спадкаемцай і пераемніцай тых неацэнных скарбаў – мовы, гісторыі, культуры, дзякуючы якім беларускі “народ пратрываў вякі”.
У творчасці Дануты Бічэль – своеасаблівае вобразнае асэнсаванне межаў роднага слова, тое, што Уладзімір Калеснік выдзяляе як “адзін з вузлавых матываў лірыкі… Межы гэтыя не геаграфічныя, а гістарычныя і гуманістычныя – гэта межы чалавечай тоеснасці” [7, с. 23]. Слова, песня з’яўляюцца для паэткі такой высокай каштоўнасцю, якая атаясамляецца з вобразамі самых родных людзей.
Дануту Бічэль не раз папракалі ў адсутнасці грамадзянскасці, засяроджанасці на сваім уласным свеце перажыванняў, хоць гэты свет і ўключаў у сябе багацце вобразаў, колераў беларускіх краявідаў, быў асвечаны шчырай любоўю да Бацькаўшчына. Пажаданні “бачыць у характары лірычнай гераіні больш грамадскай актыўнасці, больш цікавасці да ўсяго, што адбываецца ў сённяшнім бурным свеце” [8, с. 26] мелі месца таму, што не было ў яе творчасці ўсхвалення савецкай рэчаіснасці, “высокіх ідэалаў Кастрычніка”, бо найвышэйшым ідэалам яна заўсёды лічыла праўду, пра што заяўляла ў сваёй паэтычнай дэкларацыі: “Высокую ноту бяру я, праўда мною кіруе, выводзіць да бойкіх дарог, слухае толькі дабро”.
Як сцвярджала Ларыса Геніюш, “ад вякоў Беларусь – гэта людзі”. Але не толькі гістарычныя постаці прыцягваюць увагу Дануты Бічэль. “Людзі, якія навокал”, блізкія паэтцы, становяцца побач з вядомымі, бо яны таксама “дастойны быць уведзенымі ў пантэон славы Беларусі” (Уладзімір Калеснік). Гонар за свае карані, сцвярджэнне прыналежнасці да сялянскага роду гучаць у лірыцы паэткі:
Наш род
прад тварам эпохі выстаяў.
Не адну абойму вораг выстраляў –
так многа войнаў бацькам перажыта.
Наш род
упарта сее ў полі жыта [2, с. 177].
Значыць, жыве. Адзіны корань у гэтых слоў – “жыццё” і “жыта”. І пакуль будзе сеяцца ў веснавую раллю жыта – будзе працягвацца і само жыццё, бо жыццёвая моц сялянскага роду – ад жыццядайных сілаў зямлі, ад спрадвечнай працы на ёй.
Праз вобразы прадстаўнікоў свайго роду сцвярджае паэтка глыбокую філасофскую думку аб несмяротнасці чалавечага жыцця. У вершы “Бальсан” перад намі праходзяць малюнкі жыцця прабабулі Пранцысі. Тут увесь яе нялёгкі лёс, у стоме, у штодзённых клопатах пра дзяцей. Але існуе непасрэдная сувязь гэтага жыцця з жыццём лірычнай гераіні, разуменне роднасці і рознасці гэтых лёсаў. Пачуццём спагады, удзячнасці да блізкага чалавека навеяны кожны радок: “Мукі бабуля зжала за мяне”. Зрабіла ўсё, што ад яе залежала, каб жыццё працягвалася ў лёсах нашчадкаў. Выканала сваю місію на зямлі. Разумеючы ўсё гэта, з вялікай адказнасцю перад пачэсным абавязкам “цуг жыцця не разбурыць” уступае на свой шлях лірычная гераіня:
Зноў пра бяссмерце паспрабую.
Каб цуг жыцця не разбурыць,
Я за Пранцысю, прабабулю,
Сустрэну золак у бары [2, с. 154].
Рыгор Бярозкін адзначаў здольнасць паэткі “адчуваць і за тых, каго ўжо даўно няма, мяняцца з імі месцамі, і не ў межах нейкай рацыяналістычнай ідэі – у абсягу сённяшняга перажывання, якое пульсуе жыва, чыста, выразна” [4, с. 176].
Прадаўжальніца роду земляробаў, жней, Данута Бічэль сваю гераіню паказвае ў пастаяннай сялянскай працы. Вось яна на жніве адчайна імкнецца ўгнацца за “дужымі бабамі”: “Перавяслы тугія рву. І ні стомы, ні пылу, ні часу, нават болю не прыкмячаю”, старанна поле грады: “Выпалю з градаў пырнік”, спрытна складае снапы: “Ты да мяне кідаеш сноп на сноп”. Непасрэдная далучанасць да спраў “людства працы” дае магчымасць сцвярджаць, што з свайго роднага асяроддзя паэтка ніколі “духоўна не выязджала” (Уладзімір Калеснік). Гераіня Дануты Бічэль, як і сама паэтка, адначасова жыве і ў родных Біскупцах, і ў роднай Гародні. Прызнанне землякам: “Змарнавала б у горадзе сэрца, каб яно не лунала між вас” – шчырае і праўдзівае. Верачы сапраўднасці пачуццяў, тутэйшы люд заўжды прызнае яе за сваю.
У шматлікіх вобразах-успамінах паўстае родная вёска паэткі: “Вёска Біскупцы”, “Вытокі”, “Радасць”, “Вясковае”, “Уражанне” і інш. “Тут гадуецца людскасць мая” – гаворыць паэтка, гаворыць у цяперашнім часе, бо не адлучае сябе ад сваіх землякоў. Знітаванасць гэтая вельмі арганічная і натуральная, бо ідзе ад шчырага, свядомага адчування культурных, духоўных традыцый народа, веры ў мудрую справядлівасць вясковай маралі. Ёсць у паэткі своеасаблівы крытэрый меры вартасці чалавечага ў чалавеку. Гэта – своеасаблівая “біскупская мерка”, вышэйшай адзнакай якой з’яўляецца працавітасць.
Поруч з вобразам роднага дому ўвесь час узнікае няпросты матыў вяртання. І калі ў ранняй лірыцы гэта тэма адсвечвалася толькі лёгкім смуткам, калі туды вярнуцца было так проста: прыехаць, заняцца справай і – “зноў жняя да сям’і прынята”, то з цягам часу яе пачынае трывожыць пачуццё шчымлівага неспакою, што пастаянна паўтараецца ў нялёгкім пытанні: “Як вярнуцца дахаты?” Суцяшэннем служыць усведамленне немгчымасці паўтарэння мінулага:
Як вярнуцца дахаты?
Спытаю у памяці, сноў.
А навошта? –
заспрэчыць памяць.
Каб на золку з хаты ізноў? [2, с. 211]
Вяртанне на ўзроўні рэальнага дзеяння – немагчымае, яго патрэбна разумець як акт умоўна-сімвалічны. Згодна з сцверджаннем Тамары Чабан, “яно ўспрысаецца як імкненне да духоўнай, маральнай вышыні іцэльнасці” [9, с. 62]. Не проста вярнуцца самой, а вяртаць страчаныя, забытыя каштоўнасці. Таму з такой упэўненасцю лірычная гераіня заяўляе свайму рэальна адсутнаму апаненту: “Думаеш, прапала? Не, вярнуся назаўжды ў забытую краіну”. Вобраз забытай краіны – гэта сімвал тых вялікіх нацыянальных здабыткаў, што чакаюць вяртання з небыцця.
Біяграфія Дануты Бічэль цесна звязана з Гародняй. У многіх вершах узнікае вобраз гэтага старажытнага места, яго помнікаў: “Гародня” (Горад мой, бяссонніца мая…), “Каложа”, “Птушкі над старажытнай Каложай”, “Гародня” (На шляхах Радзімы несмяротных…), “Вандроўка па Гародні з Уладзімірам Караткевічам вясной 1965” і інш.
У самым эпіцэнтры геаграфічнага і пачуццёвага абсягу Дануты Бічэль – вобраз Нёмана. Ні адна з геаграфічных назваў не паўтараецца так часта, не атаясамляецца так яскрава з яе творчасцю, як Нёман з яго прытокамі. “Прынёманская спявае” – гэтым азначэннем выдзялялі яе паэтычны голас яшчэ ў 60-ыя гады, бо столькі было ў ім своеасаблівых адценняў, сугучных з плынню вялікай ракі ды з галасамі Прынямоння. Цікава прасачыць “эвалюцыю пачуцця” лірычна гераіні да “адзінага каханага”, як называе Нёман паэтка. Ужо ў самых першых вершах створаны вобраз магутнай беларускай ракі. Ён намаляваны чыстымі, светлымі фарбамі. Наогул, настрой радаснага, часткова ідылічнага ўспрымання жыцця характэрны для ўсёй ранняй лірыкі паэткі. Нёман з’яўляецца часам не ракой, а нечым больш значным. Недарэмна ў адным раннім інтэрв’ю Данута Бічэль прызнавалася: “У дзяцінстве доўга думала, што Нёман – гэта не рэчка, а нешта зусім іншае. Рэчкай у маім уяўленні была Гаўя. Як растлумачыць? Гэта быў Нёман! Нешта такое неабдымнае, святое. Нёман – гэта бяссмерце маіх продкаў” [10, с. 16].
Адна з першых паэтычных кнігаў Дануты Бічэль мела назву “Нёман ідзе” (1964). Але гэта не толькі яркая метафара. Нёман – сапраўды, не проста рака ў яе вясновым руху. Нёман жыве. Ён вечны, як само жыццё. Гэта нават не столькі імкненне акрэсліць межы далучанасці сваёй гераіні да пэўных мясцін. Нёман абуджае паэтычную думку. Усе жыццёвыя дарогі лірычнай гераіні вяртаюць яе да роднай ракі як да першавытокаў, як да роднага дому:
Трывожныя думкі дарог
заўсёды вядуць да цябе.
А сёння з духмяных бароў
ты сам насусрач прыбег.
Стаю з берагамі ўрост,
не ў сілах адвесці вачэй,
а ты ўдалячынь наўпрост
праз сэрца маё цячэш [2, с. 23].
Ужо з гэтага верша відаць, як паступова вобраз Нёмана як бы набліжаецца, страчвае арэол святасці, становіцца істотай роднай, зямной, крэўнай. Лёс жанчыны цесна сплятаецца з Нёманам і яго прытокамі, ствараецца “цікавы вобраз – іерархічна-патрыярхальная сям’я рэк, дзе Нёман – бацька, галоўны суддзя, прытокі – яго дзеці, а для лірычнай гераіні – сёстры, сяброўкі, суперніцы, кожная са сваім лёсам і характарам” [11, с. 62]. Далучэнне да гэтай сям’і свядомае, радаснае: “Толькі Нёмну ў палон здаюся –Котра, Чорная Ганча, Дануся…”
У вершах больш позняга часу ўзнікае яшчэ не зусім выразна акрэслены неспакой, чаму “плытчэе задумлівы Нёман”, гэтае пачуццё перарастае ў трывогу: “Толькі б Нёман не высах, рыбы-келбы вяліся, калыхаліся лодкі і ветразь быў лёгкі”. І ўжо страшны ў сваім безвыходным адчаі вобраз паслячарнобыльскага Нёмана стварыла паэтка ў вершах з кнігі “А на Палессі” (1989г.):
Ты думаеш, Нёман, што сонца
твой гон супыняе?
Не, стронцый.
Тут жудасны зброд цемнаты.
Заткнулі крыніцам раты.
Жывога цябе пахавалі,
Атрутай атруцілі хвалі.
А ты падзяліўся атрутай
З зямелькай і з плоткай, і з рутай [12, с. 138].
Верш сведчыць пра тое, што Данута Бічэль, чыя лірычная гераіня раней знаходзілася на “мяжы здзіўлення і захаплення” чымсьці неўсвядомленым, на мяжы набліжэння да таямніцаў свету, дзе слова давала магчымасць толькі прыадчыніць заслону над гэтымі таямніцамі, стала гаварыць “адкрытым тэкстам”, звярнулася да публіцыстычнасці, якая ўключае ў сябе шырокае грамадзянскае гучанне, гарачую зацікаўленасць, праблемнасць, эмацыянальнасць, адкрытую тэндэнцыйнасць. Праблемы, што перажывае Нёман, пераносяцца ў сацыяльную сферу. Паэтка бачыць непасрэдную сувязь яго трагедыі з грамадскімі працэсамі. А першапрычынай усяго гэтага з’яўляецца духоўны нябыт, за які вымушаны пакутаваць людзі.
Шматаблічнасць, шматпланавасць у адлюстраванні паэткай Нёману далі падставу Леаніду Дранько-Майсюку сцвердзіць арыгінальную думку залежнасці паэтычнага стылю ад Нёманавай плыні: “Вершы Дануты Бічэль-Загнетавай рытмізаваны дыханнем славутай беларускай ракі… Рытм гэты няроўны, як няроўная Нёманава плынь” [13, c. 6].
Зразумела, нельга літаральна прымаць гэтае вобразнае сцверджанне, але безумоўна і тое, што цячэнне ракі, неспакойнае, няроўнае, як відавочнай з’яўляецца прыхільнасць паэткі да рытмічна-раскаванага верша, што і з’явілася прычынай для такога нечаканага параўнання.
Найбольш поўна біяграфізм, а гэта адна з асаблівасцей творчасці Дануты Бічэль, выяўляецца ў імкненні выказаць праз паэтычнае слова “свой боль і сваю радасць”, нялёгкі і вельмі няпросты свет жыцця жанчыны. Шчыра, праўдзіва расказаць пра жыццё жанчыны-працаўніцы, маці, жонкі, пра вялікую адказнасць за лёс сям’і, будучыню дзяцей. У чым сутнасць, прызначэнне, сэнс жыцця жанчыны? Гэтае пытанне заўсёды хвалявала паэтку.
У канцы 50–пачатку 60-ых гадоў, калі яна ўваходзіла ў літаратуру, “на пярэднім плане” жыцця і мастацтва ўсё яшчэ стаяў вобраз жанчыны-барацьбіткі, грамадскі-актыўнай, дзейснай, для якой вышэйшым ідэалам было дасягненне шчаслівай будучыні для ўсіх народаў, вершы маладой паэткі ўражвалі шчырасцю, сапраўднасцю, паўнатой пачуццяў. Адсутнасць надзённасці, яркіх, канкрэтных прыкметаў часу – вось у якіх недахопах папаракалі паэтку, быццам забыўшыся, што паэзія, якая закранае вечныя пытанні жыцця, надзённая заўсёды. Пятрусь Макаль, рэцэнзуючы зборнік “Нёман ідзе, адзначаў: “Паэтка абмяжоўвае свае творчыя магчымасці… Можна толькі пашкадаваць, што яна чамусьці свядома стараецца “адмахнуцца ад трывожных турбот сённяшнага дня” [14, с. 5]. Як бы ў адказ на такія папрокі Данута Бічэль стварыла своеасаблівы паэтычны маніфест, у якім найбольш выразна вырашаюцца праблемы сутнасці жыцця жанчыны, – верш “Жаночае”. На поўным сур’ёзе палемізуючы з сваімі апанентамі і ў той жа час з добрай доляй гумару, неад’емнага спадарожніка яе характару, лірычная гераіня пачынае споведзь сучаснай жанчыны:
Хіба я не сучасная жанчына?
А вось маёй адсталасці прычына –
прыёмны мой пакой,
мая дзяржава – кухня,
дзе пры цяпельцы ў дзежцы цеста пухне.
Я дзейнасць пачынаю на світанні.
Дарэчы, філасофскія пытанні,
ці траціць нервы на дзяцей і мужа,
не ўзнікнуць, покуль накарміць іх мушу [2, с. 100].
Змяшанне розных станаў, настрояў гераіні дакладна адлюстроўваецца ў перапляценні лексікі некалькіх стылістычных пластоў: ад афіцыйна-дзелавога да размоўнага.
Паэтка знаходзіць шчырыя, высокія словы, каб выказаць сваё разуменне асноўнага прызначэння жанчыны:
На свет з’явілася карміць і песціць.
Напружаны заўсёды зрок і слых.
У самы радасны, у самы горкі міг
узніме голас:
–Мама, дай паесці [2, с. 100].
Першы з прыведзеных радкоў асабліва ўзнёслы: у ім заключаецца кульмінацыя, асноўная думка, момант найвышэйшага душэўнага напружання. Далей рытм зніжаецца, ад разваг пра высокія матэрыі жанчыну адрывае родны, заўсёды кранальны голас дзіцяці. Усё вяртаецца на свае месцы, усё пачынаецца спачатку спрадвечнымі жаночымі клопатамі. Яны, безумоўна, заключаюць у сабе не меншую значнасць, чым любая іншая справа. Бо вынік – будучыя пакаленні, будучыня планеты. Вось чаму ў сваім “маніфесце” паэтка сцвярджае, што клопат пра жыццё, здароўе дзяцей з’яўляецца для жанчыны галоўным грамадзянскім абавязкам.
Разглядаючы творчасць Дануты Бічэль, нельга не звярнуць увагу на сувязь яе паэзіі з фальклорам. І гэта не проста сувязь, а праяўленне арганічнай, натуральнай злітнасці асабістага духоўнага жыцця з народным светаўспрыманнем. Таму фальклорнасць яе творчасці, як слушна адзначыла Тамара Чабан, – гэта не толькі “засваенне народна-песенных прыёмаў паэтыкі, колькі зварот да глыбінных каштоўнасцей народнага светаўспрымання, суаднесенасць вобліка сучаснай лірычнай гераіні з фальклорна-абагуленым вобразам жанчын, традыцыяй народнай маралі” [11, с. 26].
Без перабольшання можна сказаць, што ўсе жанры вуснай народнай творчасці знайшлі адлюстраванне ў творчасці Дануты Бічэль-Загнетавай. Калі ж гаварыць пра ўплыў нейкага пэўнага жанру, то , відавочна, напачатку гэта была песня. Таму невыпадковае прызнанне паэткі ў аўтабіяграфіі: “Песня – не для воплескаў, не для славы. Гэта – сяброўка, ёй можна выліць боль і радасць. Падмога – з ёй лягчэй арэцца, прадзецца, капаецца, варыцца смачнейшая страва, ямчэй п’ецца чарка, лягчэй кладзецца бервяно на зруб, шчырэй кахаецца. У паэзію прыйшла ад песні” [1, c. 25].
Ёсць у паэзіі Дануты Бічэль яшчэ адзін адметны вобраз – сасны, які стаў скразным. Чаму менавіта гэтае дрэва? Сасна – прыгожая, высокая, стройная, моцная і разам з тым непатрабавальная. Невыпадкова да гэтага вобраза ў беларускай літаратуры звярталіся многія пісьменнікі: Якуб Колас, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Іван Навуменка і інш. У лірыцы Дануты Бічэль гэты вобраз набывае сімвалічны, шматзначны сэнс. Як сімвал еднасці з роднай зямлёй. Нагадаем: “Мяне маці тут нарадзіла, як сасну ў бары нарадзіла”. Як сувязь паміж людскім, зямным жыццём і бязмежжам высокага неба, сусвету: “Але звінела неба высока… Трымала яго на руках сасонка”. Як вышэйшая эстэтычная асалода: “Настройваю сэрца вячыстаю музыкай бору”. Адчуць сэрцам музыку бору, песню прыроды можа толькі той, хто не адлучае сябе ад усеагульнага жыцця, хто мае душу, здольную адклікнуцца на покліч іншых жывых істот. Але самы цікавы сімвал – сасна як вобраз-адпаведнік, своеасаблівы аўтапартрэт самой паэткі, як у вершы “Ці сняцца табе хвілінаю…”.
Матыў адзінства чалавека і прыроды – вядучы ў пейзажнай лірыцы Дануты Бічэль. Але і ў гэтым адзінстве, як у кожным дыялектычным, існуе супрацьлегласць, супрацьстаянне, якое паэтка імкнецца звесці да мінімуму. Сілай мастацкага слова яна аднаўляе страчаную чалавекам нашага часу еднасць з прыродай. Разам з тым дасягнуць суладдзя ў сваёй душы, як частцы прыроды, і ў чалавечых адносінах – адна з мэтаў паэзіі Дануты Бічэль. Найбольшага поспеху ў гэтым плане дасягнула яна ў цыкле “Водар і шолах”, які ўпершыню з’явіўся ў кнізе “Ты – гэта ты” (1976). Гэта сапраўдны “паэтычны гербарый” (Тамара Чабан), у якім сабраны беларускія гаючыя травы і кветкі з праўдзівымі, беражліва захаванымі ў народнай памяці назвамі.
Паэзія Дануты Бічэль прыцягальная сваёй глыбокай шчырасцю, задушэўнасцю, сапраўднасцю. Прызнанай вяршыняй яе стаў зборнік “Дзе ходзяць басанож (1983), за які паэтцы ў 1984 годзе была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы. Яна стала першай беларускай паэткай, якой была прысуджана такая ўзнагарода.
Апошнім часам у творчасці гарадзенскай паэткі пераважаюць хрысціянскія матывы. Яна актыўна супрацоўнічае з часопісам “Наша вера”. Да сямідзесяцігоддзя паэткі была выдадзена кніга духоўнай паэзіі “Ойча наш”.
Першай кнігай прозы Дануты Бічэль стаў мастацка-дакументальны твор “Хадзі на мой голас”. Аўтарка гэтак патлумачыла з’яўленне гэтай кнігі: “Захацелася скінуць сябе салодкую няволю рыфмаў, гэты панцыр чарапахі. Гэтая кніжка – яшчэ не развітанне, не запавет, але падвядзенне вынікаў” [15, с. 5]. Аўтарка стварыла партрэты тых, каго добра ведала і любіла. Найперш гэта абагульнены партрэт свайго роду, бацькоў, бабуляў, прабабуляў. А далей – тых, з кім зводзіў няпросты, але плённы і, відавочна, шчасны лёс паэткі. Кніга створана “на мяжы паміж паэзіяй і прозай, калі ўдаецца заскочыць за далягляд думкі, дзе пачуццё і думанне зліваюцца ў адно” [15, с. 5]. Рэцэнзуючы гэтую кнігу, крытык Леанід Галубовіч адзначыў: “Духоўнасць – галоўная і вызначальная рыса жыцця і творчасці Дануты Бічэль. І гэтай кніжкі – таксама, канва якой, дарэчы, наскрозь прашыта адмысловай біблейскай цытацыяй. Акінуўшы перажытае са сваёй сённяшняй непагрэшнасці і ўмоленасці, паэтка празорна бачыць за помнай пакутай беларускай мінуласці наступства нашых будучых светлых дзён” [16, с. 16].
Вершы Дануты Бічэль перакладзены на 13 моў свету, у тым ліку – англійскую, нямецкую, польскую, літоўскую, рускую, украінскую, хіндзі і інш. Выйшлі кнігі паэзіі на польскай мове “Ty to ty” (1981), на рускай – “Белая Русь” (1969), “Там, где ходят босиком” (1990). Паэтка актыўна займаецца перакладам з польскай мовы. Гэта найперш творы духоўнай паэзіі. Нядаўна ў яе перакладзе выйшла кніга пра знакамітага святара айца Мельхіора Фардона, які доўгі час жыў і працаваў у нашым горадзе. На працягу многіх гадоў вядзецца працэс беатыфікацыі а. Фардона, на дыяцэзіяльным узроўні ён закончыўся восенню 1998 г.
Вершы, прысвечаныя Дануце Бічэль: Ларыса Геніюш “Добры дзень, дарагая, харошая…”, Уладзімір Караткевіч “Каложа”, Яўгенія Янішчыц “Данута”, “ Ірвёмся ў неабжытае”, Анатоль Сыс “Данута Бічэль-Загнетава”.
- Бічэль-Загнетава, Д. Выток маёй песні / Д. Бічэль-Загнетава // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мінск: Маст літ., 1972. – С. 24–28.
- Бічэль-Загнетава, Д. Даўняе сонца: Лірыка / Д. Бічэль-Загнетава. Мінск.: Маст. літ., 1987. – 398 с.
- Тарасюк, Л. Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснвй беларускай паэзіі / Л. Тарасюк. Мінск: Універсітэцкае. 1985. – 126 с.
- Бярозкін, Р. Святло і рух / Р. Бярозкін // Маладосць. – 1976. – №6. – С. 171–177.
- Бічэль-Загнетава, Д. Усё лятуць і лятуь тыя коні… / Д. Бічэль-Загнетава // ЛіМ. 30 чэрвеня 1989. – С.5.
- Геніюш, Л. Белы сон: Вершы і паэмы / Л. Геніюш. Мінск: Маст літ., 1990. 351 с.
- Калеснік, Ул. Свет блізкі і далёкі / Ул. Калеснік // Беларусь. – 1984. – №9. – С. 22–24.
- Бярозкін, Р. Свежасць і чысціня / Р. Бярозкін // Беларусь. – 1965. – №1. – С. 26–28.
- Чабан, Т. Приручение мира / Т. Чабан //Дружба народов. – 1985. – №3. – С. 257–259.
- Станкевіч, Р. Любоў – гэта ўсё / Р. Станкевіч // Работніца і сялянка. – 1984.– №1. – 15–16.
- Чабан, Т. Творчасць беларускіх паэтэс у святле фальклорных традыцый / Т. Чабан, Я. Гарадніцкі // Беларуская сучасная паэзія і фальклор. Мінск: Навука і тэхніка, 1988. – 127 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. А на Палессі: Вершы і балады / Д. Бічэль-Загнетава. –Мінск: Маст літ., 1990. – 158 с.
- Дранько-Майсюк, Л. Убачыць аднойчы / Л. Дранько-Майсюк // ЛіМ. 27 верасня 1985. – С. 6.
- Макаль, П. З чыстых крыніц / П. Макаль // ЛіМ. 19 лютага. 1965. – С. 5.
- Бічэль. Д. Хадзі на мой голас / Бічэль Д. Гародня–Wroclaw: Гарадзенская бібліятэка. 2008. – 330 с.
- Галубовіч, Л. Пра кнігу Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас” / Л. Галубовіч // ЛіМ. 17 кастрычніка 2008. – С. 16.
Кнігі Дануты Бічэль
- Бічэль-Загнетава, Д. Дзявочае сэрца: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст. літ., 1961. – 47 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Нёман ідзе: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1964. – 56 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Запалянкі: Паэмы. Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1967. – 80 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Перапёлка: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1968. – 31 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Грыб-парасон: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1969. – 40 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Дзічка: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1971. – 33 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Рыжая палянка: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1971. – 18 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Доля: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1972. – 72 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Дагані на кані: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1973. – 24 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Ты – гэта ты: Паэзія / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1976. – 176 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Браткі: Вершы і паэмы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1979. – 240 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Лузанцы: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Юнацтва, 1982. – 40 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Дзе ходзяць басанож: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1983. – 95 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Габрынька і Габрусь: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Юнацтва, 1985. – 40 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Загасцінец: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1985. – 94 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Даўняе сонца. Лірыка / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1985. – 398 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. А на Палессі: Вершы і балады / Д. Бічэль-Загнетава. –Мінск: Маст літ., 1990. – с. 158.
- Бічэль-Загнетава, Д. Божа мой, Божа: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1993. – 34 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Гараднічанка: Вершы / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Юнацтва, 1993. – 50 с.
- Бічэль-Загнетава, Д. Крэсавякі: Вершы (у суаўт.) / Д. Бічэль-Загнетава. – Мінск: Маст літ., 1993. – 32 с.
- Бічэль, Д. Ты не самотны…: Вершы (у суаўт.) / Д. Бічэль. – Гродна: Гродз. абл. узбуйн. друкарня, 1997. – 80 с.
- Бічэль, Д. Снапок: Выбраныя вершы / Д. Бічэль. – Мінск: Маст літ., 1998. – 446 с.
- Бічэль, Д. Снапок: вершы / Д. Бічэль. – Гродна: Гродзенскі маладзёжны “Альянс імя Вітаўта Вялікага”, Гродзенскае абласное аб’яднанне “Ратуша”. – 84 с.
- Бічэль, Д. На белых аблоках сноў: Вершы / Д. Бічэль. – Мінск: Про Хрысто, 2002. – 76 с.
- Бічэль, Д. Нараджэнне Езуса Хрыста, нашага Збаўцы. Вершаваная батлейка / Д. Бічэль. – Мінск: Про Хрысто, 2005. – с. 32.
- Бічэль, Д. Ойча наш: Вершы / Д. Бічэль. – Мінск: Про Хрысто, 2008. – 24 с.
- Бічэль Д. Хадзі на мой голас / Д. Бічэль. – Гародня–Wroclaw: Гарадзенская бібліятэка, 2008. – 330 с.
Літаратуразнаўчыя артыкулы, прысвечаныя творчасці
Дануты Бічэль
- Арочка, М. Звязана крэўнымі вязкамі. Штрыхі да партрэта / М. Арочка // ЛіМ. 1998. 1 студзеня. – С.5.
- Барсток, М. Пяснярка з Прынямоння / М. Барсток // Работніца і сялянка. – 1975. – №7. – С. 6.
- Берёзкин, Р. Подлинность / Р. Берёзкин // Дружба народов. – 1977. – №4. – С. 269–271.
- Вярцінскі, А. Што патрэбна ў жыцці? / А. Вярцінскі // Высокае неба ідэала: Літ.-крытычн. артыкулы. – Мінск: Маст літ., 1979. – С. 35–37.
- Гаўрусёў, С. Без заніжаных мерак / С. Гаўрусёў // Полымя. – 1976. – №10. – С. 173–175.
- Голуб, Ю. Гэта – яна! // ЛіМ. 21 верасня 1984. – С.:.
- Голуб, Ю. І вяслуеш у вёскі і ў вёсны…/ Ю. Голуб. ЛіМ. 21 лістапада 1965. – С. 7.
- Лойка, А. Сустрэчы з днём сённяшнім / А. Лойка. – Мінск: Народная асвета, 1968. – С. 133–135.
- Пяткевіч, А. З народных крыніц // Настаўніцкая газета. 23 студзеня 1980. – с. 4.
- Пяткевіч, А. Ад Біскупцаў, ад Нёмана і Гародні / А. Пяткевіч // Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / А. Пяткевіч. – Мінск: Бел. кнігазбор. – С.209–218.
- Петрушкевіч, А. Нёман – не проста “реченька” / А. Петрушкевіч // Полымя. –1992. – №6. – С.
- Петрушкевіч, А. Мастацкае адлюстраванне фальклорных жанраў у творчасці паэткі Дануты Бічэль / А. Петрушкевіч // Нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах. М-лы міжнар. нав. канф. 19–20 верасня 2007г. Ч.2. Гомель, 2007. – С.129–132.
- Петрушкевіч, А. Гародня і Гарадзеншчына ў творчасці Дануты Бічэль / А. Петрушкевіч // Краязнаўства як адзін з накірункаў вучэбна-выхаваўчай работы ў школе і ВНУ. Матэрыялы рэсп. нав. канф. 28–29 сакавіка 2008. Брэст, 2008. – С. 175–181.
- Руцкая, А. Увагі варты пошук / А. Руцкая // ЛіМ. 21 кастрычніка 1977. – С. 5.
- Суровцев, Ю. Мир души человеческой / Ю. Суровцев // Новый мир. – 1978. – №5. – С. 292–294.
- Сямёнава, А. "На белых аблоках сноў" / А. Сямёнава // Наша вера. – 2007. – №4. – С.39–41.
- Тарасюк, Л. Злітнасць з песняй / Л. Тарасюк // Маладосць. – 1979. – №5. – С. 292–294.
- Чабан, Т. Крылы рамантыкі: Рамантычныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай паэзіі / Т. Чабан. – Мінск: Навука і тэхніка, 1982. – С. 73–75, С. 111–113.
- Чабан, Т. Традиция обязывает / Т. Чабан // Неман. – 1984. – №3. – С. 163–166.
- Чабан, Т. «Верю словам…” / Т. Чабан // Неман. – 1985. – №11. – С. 174–177.
- Янішчыц, Я. Дома! / Я. Янішчыц // Маладосць. – 1988. – №1. – С. 170–174.