Раздзел 10. Сучасная літаратура Гарадзеншчыны
План
1. Агляд творчасці Вольгі Іпатавай, Валянціна Блакіта, Лідзіі Ялоўчык, Уладіміра Някляева, Ірыны Багдановіч, Хрысціны Лялько, Віктара Шалкевіча, Алеся Чобата, Міхася Скоблы, Алены Русілкі, Вольгі Русілкі і інш.
2. Слонімшчына паэтычная: Алег Лойка, Мікола Арочка, Алена Руцкая, Іван Чыгрын, Сяргей Чыгрын, Іван Сяргейчык, Рудольф Пастухоў і інш.
3. Творчасць прадстаўнікоў новай хвалі (паэзія Юрася Пацюпы, Юрыя Гуменюка, Анжаліны Дабравольскай, Андрэя Пяткевіча, Анатоля Брусевіча, проза Сяргея Астраўцова, Лявона Вашка і інш.).
Вольга Іпатава (1945 г.н.)– паэтка, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчыца. Нарадзілася ў мястэчку Мір Карэліцкага раёна. Дзяцінства прайшло ў Гародні, дзе закончыла школу. “Гродзенскія вуліцы, нёманскія берагі сталі часцінкай яе жыццёвага свету” (А.М. Пяткевіч). Пасля заканчэння філфака БДУ працавала ў нашым горадзе, у тым ліку – на абласным тэлебачанні, пазней у Мінску – на рэспубліканскім тэлебачанні, у перыёдыках “Спадчына”, “Культура”. Узначальвала Саюз пісьменнікаў Беларусі. Аўтарка паэтычных зборнікаў: “Раніца” (1969), “Ліпеньскія навальніцы” (1973), “Снягурка” (1974), “Парасткі” (1976). “Вобразны свет паэзіі Вольгі Іпатавай надзвычай багаты, эмацыянальна рухомы, яркі, пластычны” (М.А. Губернатараў). Яе пяру належаць кнігі прозы: “Вецер над стромай” (1977), куды ўвайшла першая ў беларускай савецкай літаратуры аповесць, прысвечаная Ефрасінні Полацкай “Прадыслава”, “Дваццаць хвілін з Немезідай” (1981), “Перакат” (1984), “За морам Хвалынскім” (1989), “Агонь у жылах крэменю” і інш. Актыўна супрацоўнічае з часопісам “Дзеяслоў”, дзе апошнім часам былі надрукаваны яе раманы “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба” і “Знак вялікага магістра”. Актыўна працуе ў жанры гістарычнай прозы.
Валянцін Блакіт (Болтач Валянцін Уладзіміравіч) (1946–2008) – празаік, паэт, журналіст. Родам са Шчучыншчыны. Працаваў у розных перыёдыках, адзін з пачынальнікаў абласнога гарадзенскага тэлебачання. Ягоная спадчына – кнігі прозы: “Вынаходнік” (1974), “Час прылёту журавоў” (1979), “Шануй імя сваё” (1981), “Усмешка фартуны” (1984), “Вырай” (1986), “Аповесці” (1988), мастацка-дакументальная аповесць “Уваскрасенне ўчарашняга дня” была надрукавана ў часопісе “Дзеяслоў” у 2008 г. у №32–36.
Як адзначыў літаратуразнаўца С.У. Кліманскі ва ўступным артыкуле да біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі”, “характэрным для прозы Валянціна Блакіта з’яўляецца тое, што ў ёй арганічна спалучаюцца два кірункі – лірызм, цеплыня апавядання, глыбокая любоў да роднага краю, да чалавека, гумар, едкая сатыра, калі гаворка ідзе аб тых адмоўных з’явах, якія яшчэ існуюць у нашым жыцці”.
Асаблівую папулярнасць пісьменніку прынесла лірычная аповесць “Вяселле ў Беражках”, паводле якой быў зняты мастацкі фільм.
Лідзія Ялоўчык (1911–1999) – празаік, паэтка, педагог. Радзіма – вёска Марцянаўцы Ваўкавыскага р-на. Пасля вайны настаўнічала на Мастоўшчыне, Гарадзеншчыне. Аўтар кнігаў прозы: “Карэнне жыцця (1973), “Дзе яно, шчасце…” (1981), “Па хісткай лесвіцы” (1983). Лідзія Ялоўчык пісала “пераважна пра мінулае, шырока разгортвала карціны свайго дзяцінства і юнацтва, расказвала пра жыццё беларускай моладзі ў даваеннай Польшчы і ў час вайны” (Лідзія Савік).
Уладзімір Някляеў (1946 г.н.) – “лірык моцнага грамадзянскага тэмпераменту” (А.М. Пяткевіч). Родам са Смаргоні. Закончыў Мінскі педінстатут. Працаваў журналістам. Узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Аўтар паэтычных зборнікаў: “Адкрыццё” (1976), “Вынаходцы вятроў” (1979), “Знак аховы” (1983), “Наскрозь” (1985), “Галубіная пошта” (1987), “Так” (2007). Многія вершы пакладзены на музыку. Асабліва апулярны музыкальны праект, створаны Зміцерам Вайцюшкевічам, “Танга з ружай”. У часопісе “Дзеяслоў” надрукаваны апошнія па часе празаічныя творы: аповесць “Вяртанне Веры”, апавяданне “Залатая Арда”.
Ірына Багдановіч (1956 г.н.)– паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук. Родам з горада Ліда. Выпускніца гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, доўгі час працавала ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі, зараз – у БДУ. Аўтарка паэтычных зборнікаў: “Чаравікі маленства” (1985), “Фрэскі” (1989), “Вялікдзень” (1993), “Сармацкі альбом” (2004), “Прыватныя рымляне” (2006). Кнігі Ірыны Багдановіч “адметныя імкненнем аўтаркі пазнаць таямніцы быцця, прыгожае, вечнае ў ім. Гераічная нацыянальная гісторыя, лад гарадскога жыцця, свет мастацкай творчасці, кахання – ва ўсім паэтэса шукае духоўнасць, якая вызначае сутнасць чалавека” (А.М. Пяткевіч). Яе пяру належаць навуковыя манаграфіі: “Янка Купала і рамантызм” (1989), “Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння” (2001).
Хрысціна Лялько (1956 г.н.)– паэтка, празаік, публіцыст, перакладчыца, выдавец. Аўтарка празаічных зборнікаў: “Дарога пад гару” (1985), “Світанак над бярозамі” (1989), кнігі паэзіі “На далонях любові” (2006), у якім сярод іншых паэтка стварыла надзвычай шматзначны і дасканалы вобраз саду. Ды і сама гераіня – галінка з ягонага дрэва. Гэта яе дрэва-матуля люляла на далонях свае любові.
Сад – квецень і сон душы. Пераймае ўсё, што ў ёй, бо гэтак жа жывы. Цудоўны верш-абразок “Сад”, дзе паміранне – не сыход, а стан іншабыцця, сродак да вяртання, бо зіма ніколі не бывае вечнай:
Сініца туды не лятае, –
няма там чаго рабіць.
Сад на зіму памірае,
каб да вясны дажыць.
У іншым вершы вобраз саду гучыць узвышана і магутна, як змёртвыхпаўстанне для вечнасці ўсяго чалавечага роду. Як адраджэнне ў людзях людскага, як вяртанне жыццядайнасці скамянелай зямлі, як вяртанне да аглухлых гаючае моцы мовы.
Віктар Шалкевіч (1959 г.н.) – паэт, празаік, бард, актор. Родам з мястэчка Поразава Свіслацкага р-на. Адзін з пачынальнікаў беларускай бардаўскай песні, у якой надзвычай шырокі жанравы дыяпазон: ад едкай сатыры да сцішанай, задушэўнай лірыкі (“Шалёная”, “Верасень”). Адметная рыса многіх песняў – здольнасць праз гумар перадаць трагедыю. Заходнебеларуская ментальнасць, цікавыя рэаліі жыцця ў Заходняй Беларусі міжваеннага часу ўвасоблены ім у яскравых вобразах местачкоўцаў і месцічаў у песнях “Гарадоцкі раманс”, “Местачковы раманс”, “Танга “Цнота”, трагедыя падзелу беларускай нацыі па веравызнанні – у песні “Яна – праваслаўная, я – каталік”, водгук Купалавага верша “А хто там ідзе…”, трагедыя страты нацыянальнага шляху – у песні “Добрай раніцы”. Вершы сабраныя ў кнігу “Блюз Вясна” (2009). Другая кніга эсэ і ўспамінаў “Рэквіем па непатрэбных рэчах” (2009). Між іншых роляў у Гродзенскім тэатры лялек, дзе працуе з 1991 г., – вобразы ў камедыі Янкі Купалы “Тутэйшыя”.
Алесь Чобат (1959 г.н.) – паэт, публіцыст, эсэіст, перакладчык. Аўтар паэтычных зборнікаў: “Год” (1992), “Крэсавякі” (1993, у суаўт.), “Новая Галілея” (1995), “Ты не самотны” (1997, у суаўт), “Маўзалей” (1998), “Дажынкі” (1998), “Край мой шчаслівы” (2007). Жыве ў м. Скідзель.
Міхась Скобла (1966 г.н.)– паэт, перакладчык, выдавец. Родам з Зэльвеншчыны. Аўтар паэтычных зборнікаў: “Вечны зніч” (1990), “Вочы савы” (1994). Выдаў кнігу прозы, публіцыстыкі “Дзярэчынскі дыярыюш”, якую склала мастацка-дакументальнае даследаванне гісторыі знакамітага колісь мястэчка Дзярэчын – радзімы аўтара, колішняй галоўнай рэзідэнцыі князёў Сапегаў, а таксама літаратурна-крытычныя артыкулы, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў. Зборнік вершаваных пародый “Розгі ў розніцу” сведчыць пра яшчэ адзін бок таленту аўтара. Актыўна працуе як выдавец, падрыхтаваў кнігу выбранага Ларысы Геніюш, яе эпісталярнай спадчыны “Каб Вы ведалі”, анталогію беларускай паэзіі “Краса і сіла”, паэтычных перакладаў “Галасы з-за небакраю”, у якіх сабраны лепшыя ўзоры сусветнай паэзіі, пераствораныя беларускімі аўтарамі, перанесеныя з чужой на нашу паэтычную глебу, і інш.
Любоў Русілка (1940 г.н.)– паэтка, настаўніца. Украінка па нацыянальнасці, яна ўсёй душой прывязана да Беларусі, да беларускай мовы. Гэтая зямля выратавала калісьці яе сям’ю ад галоднай смерці, і паэтка годна і хораша сплаціла ёй доўг удзячнасці. Яе маленства прайшло ў Мількаўшчыне – калысцы Элізы Ажэшкі, таму невыпадкова ў творчасці Алены Русілкіпаўстае вобраз вялікай польскай пісьменніцы.Аўтарка паэтычных зборнікаў: “Пад сонцам” (2005), “Алея Элізы. Паводле мемуараў Элізы Ажэшкі” (2005). “Любоў Русілка прысвячае свой твор малой радзіме Элізы Ажэшкі і сваёй малой радзіме, сцвярджаючы ўплыў эмацыянальнага вопыту маленства на пачатак, вытокі і змест творчасці пісьменніцы і прасочваючы мясцовы перыяд дзейнасці аўтаркі, якую мількаўшчынская алея вывела на шырокі гасцінец лёсу…Арыгінальная,абумоўленая зместам і разнастайная рытміка-сінтаксічная будова паэмы з’яўляецца адметнай асаблівасцю ўсяго твора, чатыры раздзелы якога пабудаваны з асобных, закончаных па ідэйным змесце, рытмічнай схеме і сродках мастацкай выразнасці кароткіх эцюдаў, звычайна кантрастных… Алея Элізы – не толькі мастацкая дэталь. Яна існуе ў жыцці…” (Вольга Русілка). “Алея Элізы” – гэта толькі частка вялікага ліра-эпічнага твора “Зямлі і людзям”, над якім і зараз працуе паэтка Любоў Русілка, якая жыве ўвёсцы Бершты, што на Шчучыншчыне.
Вольга Русілка (1959 г.н.)– паэтка, літаратуразнаўца, метадыст, кандыдат філалагічных навук. Пасля заканчэння школы ў роднай вёсцы Бершты на Шчучыншчыне вучылася на філфаку БДУ. Працуе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Аўтарка паэтычнага зборніка: “Табе” (1995), рэцэнзуючы які літаратуразнаўца Аліна Сабуць пісала: “Кніга сагрэта агнём шчырых і даверлівых, радасных і адчайных пачуццяў. Тут няма абсалютна ніякіх мудрагелістасцей. Ёсць удалае і наіўнае – і гэта разам узятае не прэтэндуе на сляпую апантанасць чытача. “Табе” – нашаму сучасніку, удумліваму, разважліваму, які таксама ў сваёй душы паэт. Ну, а муза паэткі знаходзіць апірышча ў вечным, светлым і святым”. Апошні па часе – зборнік “Ажына” (2004). Аўтарка манаграфіі “Сучасная беларуская паэзія” (2005), падручнікаў па беларускай літаратуры для 7 і 8 класаў (у суаўтарстве).
Слонімшчына паэтычная
Анатоль Іверс (сапр. імя – Іван Дарафеевіч Міско (1912–1999) – паэт, вядомы на Слонімшчыне яшчэ з заходнебеларускай пары, калі выйшаў ягоны зборнік “Песні на загонах” (1939). Як пісаў знаны даследчык заходнебеларускай літаратуры Уладзімір Калеснік, “гэта была паэзія заходнебеларускага неарамантызму, якая свабодна карысталася мадэрнісцкай вобразнасцю і фальклорна-традыцыйнай”. Паэт “вывяраў свае паводзіны і ўчынкі, асаблівасці лірычнай свядомасці высокімі рамантычнымі ідэаламі справядлівасці і свабоды, арыентаваўся на прыгожае, сапраўднае, чыстае і светлае ў чалавеку і навакольным свеце. Паэзію ён бачыў у някідкай прыгажосці беларускіх абшараў, блізкіх душы і сэрцу нацыянальных краявідах, вобразах і малюнках роднай прыроды” (Мікола Мікуліч).
Няпроста склалася жыццё паэта ў савецкім часе. Ён не меў магчымасці друкавацца, быў звольнены з працы па палітычных матывах. Толькі пачынаючы з сямідзесятых, нарэшце выходзяць яго кнігі: у 1970 г. зборнік вершаў “З пройдзеных дарог”, у 1982 г. – “Жыву ў бацькоўскім краі”, у 1987 – “Я пайшоў бы ўслед за летам”, у 1995 – “Прыдарожныя сосны”.
Апошняя кніга паэта з радаснай, вясновай назвай “Травень” – гэта ягоны месяц, час прыходу ў свет, якраз і была выдадзена ў 1997 г. да ягонай круглай даты – 85-годдзя.
На ўсёй вокладцы, афарбаванай у зялёна-жоўтыя вясеннія колеры, раскіданы малюнкі-сімвалы: цудоўныя белыя ландышы, што прабіліся праз адтуліну салдацкай каскі, каб расквітнець, напомніць пра вясну, гэта і скалечаны зруб, і сагнутая былінка, і далікатная кветка, і крыжы. Усё гэта прайшло праз жыццё паэта, увайшло ў яго вершы, стала яго паэтычнай біяграфіяй.
Адкрываецца зборнік вершам “Травень”. “Месяц травень – і я ў доме…” Так, ён, паэт Анатоль Іверс, быў тады ў родным доме – у сваёй сціплай, але такой дагледжанай, утульнай хаце ў Слоніме, у родных Чамярах, дзе шчыра віталі юбіляра-земляка і галасістыя “Чамярыцы”, і даўнія знаёмыя, сваякі. Ён – у сваёй Беларусі, у нашым агульным доме.
Уся ягоная біяграфія, асноўныя моманты яе тут, у гэтым вершы. Твор-сцяжынка ў мінулае, дзе было так багата ўсяго. А найболей – ліха, ад якога імкнуўся вызбавіцца, “Думаў, ліха праміне. // А яно паміж снапамі // Падбіралася бліжэй”. Бо ў ягоным лёсе яскрава адлюстраваўся лёс Беларусі ўвогуле, лепшых яго сыноў, што заўсёды былі пад пільным вокам уладароў-чужынцаў: “І паклёпы, і даносы // Пры панах, бальшавіках”. Крыжы – загубленыя жыцці родных. Напрыканцы верша – балючае ўсведамленне: “Толькі я адзін маячу // На сямейным дрэве – ліст”.
Ягоным клопатам, вялікім неспакоем былі праблемы нацыянальныя, што і прагучала ў вершах апошняй кнігі: “Каб ведалі, што мы – народ”, “Каб Беларусь наша была // Краінай вольнай, незалежнай”, “Хай дзень ідзе ў праменнях ранніх!”
Алег Лойка (1931 – 2008) – паэт, празаік, літаратуразнаўца, перакладчык,аўтар многіх манаграфій, падручнікаў па гісторыі беларускай літаратуры для ВНУ, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН. У ягонай спадчыне – 100 кнігаў розных мастацкіх і навуковых жанраў. Гэта паэтычныя зборнікі: “На юначым шляху” (1959), “Задуменныя пералескі” (1961), “Дарогі і летуценні” (1963), “Блакітнае азерца” (1965), “Каб не плакалі кані” (1967) і многія інш. “Менавіта ў патрыятычных вершах Алега Лойкі выразна праявіліся адметныя рысы асобы яго лірычнага героя” (Святлана Тарасава). Кнігі прозы, дзе галоўнымі героямі сталі вядомыя асобы Беларусі: “Як агонь, як вада” (1984), “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае” (1990), “Скарына на Градчанах” (1990). Падручнікі, манаграфіі: “Адам Міцкевіч і беларуская літаратура ” (1959), “Новая зямля Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство” (1961), “Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі” (1963, у суаўт.), “Максім Багдановіч” (1966) і інш.
Як перакладчык, выдаў двухтомную анталогію польскай паэзіі ХХ стагоддзя: “Напярэймы: ад Буга да Варты”, анталогію нямецкай класічнай паэзіі “Маланкай жагнаныя”.
Кніга публіцыстычных артыкулаў Алега Лойкі “Галгофа” (2001) – сведчанне пра грамадзянскую пазіцыю творцы, пра ягоны клопат патрыёта, грамадзяніна, які ў артыкуле “Нацыянальная ідэя чакае генія” з болем гаворыць пра тое, што беларусаў за савецкім чаасам развучылі дымаць: “І вывад застаецца рабіць адзін: трэба пачынаць вучыцца думаць. Думка – прадукт напружанай разумовай працы. Думка – ідэя. Уласныя думкі, уласныя ідэі – іх чалавек выпакутвае, іх чалавецтва выпакутвае. Чалавек у сусвеце асуджаны на гэта пакутніцтва, – чалавек і чалавецтва. І гэта ніякі не д’ябальскі праклён над нашай Беларуссю – пакутаваць дзеля думкі і лепшай долі”.
Апошні раман пісьменніка, які ён не паспеў пабачыць надрукаваным, – “Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі” ( часопіс “Полымя” 2009, № 1), задума якога ўзнікла два дзесяцігоддзі таму, прысвечаны яшчэ аднаму волату беларускага слова, блізкаму сябру Алега Лойкі. Гэта твор і пра самога аўтара. У прадмове да яго чытаем: “Сення мая паэма пра Караткевіча кладзецца па-іншаму, чым мроілася ў 1991 годзе, але, думаю, што і сёння мае былыя мроі толькі паспрыяюць майму сённяшняму ўзвышэнню, адкрыццю Караткевіча, пакажуць ягонае ва мне паўстагоддзевае быццё”.
Усё жыццё А.А. Лойкі звязанае са Слонімам: тут нарадзіўся, сюды вяртаўся ў часе жыцця і напружанай працы ў сталіцы, сюды вярнуўся назаўсёды. Яшчэ ў 1988 годзе гэтак пісаў пра свой родны горад: “З вокнаў новага трэцяяруснага Слоніма далягляды на Шчараву даліну неагляднасцю сваёй не могуць не ўсхвалёўваць. Ды дзе высь тут, дзе нізь, дзе галоўнае, дзе другараднае, дзе аграмаднае, дзе дробязь, я не магу сказаць. Бо тут мне няма ні высі, ні нізі, ні галоўнага, ні другараднага, ні аграмаднага, ні дробязнага, бо тут – мая Радзіма, мой пачатак, і ўсё тут – і з мінулага, і з сённяшняга – на ўзроўні Радзімы, на ўзроўні яе велічы ва ўсіх праявах – і самых неабсяжных, і малапрыкметных, сэрцу аднолькава любых, мілых, найбліжэйшых”.
Мікола Арочка (1930)– паэт, празаік, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук. Доўгі час працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі, зараз жыве на роднай Слонімшчыне, у вёсцы Вецявічы. Аўтар паэтычных зборнікаў “Не ўсе лугі пакошаны…” (1958), “Ветраломная паласа” (1962), “Крылатае семя” (1967), “Падземныя замкі” (1986), “Колас на ржышчы” (1980) і інш., манаграфічных даследаванняў: “Валянцін Таўлай” (1969), “Беларуская савецкая паэма” (1979), “Максім Танк. Жыццё ў паэзіі” (1984), “Сучасная беларуская паэзія” (1976) і інш.
Пра творчасць паэта М.А. Янкоўскі пісаў наступнае: “Асноўныя рысы паэзіі Міколы Арочкі – задушэўнасць, засяроджаны роздум аб жыцці і часе. У творах апошніх гадоў – паглыбленне філасофскага пачатку, зварот да перажытага ў вайну і гістарычнага мінулага”.
Алена Руцкая (1950) – паэтка, літаратуразнаўца, метадыст. Усё жыццё аддала педагагічнай працы, напачатку – настаўніцкай у школах Слонімскага раёна, пазней – выкладчыцкай у ВНУ. Аўтарка паэтычных зборнікаў Сцяжыны (1983), “Роздум” (1988), “Вытокі” (1999). “Магістральная лінія творчых пошукаў паэтэсы – эстэтычнае сцвярджэнне народных маральна-этычных каштоўнасцей, паэтызацыя пачаткаў народнага жыцця. У яе творчасці адлюстраваны складаны свет нашага сучасніка. Паэтычнае слова прасякнута любоўю і ўдзячнасцю да людзей роднай зямлі,” – гэтак вызначыў асноўныя матывы яе паэзіі літаратуразнаўца Пятро Маляўка. Цудоўна валодае гумарыстычным словам. Яе байкі, гумарэскі дасціпна высмейваюць пляткарак, зладзеяў, неразумных модніц, тых, хто ў сваім воку бервяна не бачыць.
Як навукоўца Алена Вітальеўна асвойвае няпростую дзялянку: працуе над методыкай выкладання літаратуры. Працуе плённа. Шматлікія метадычныя парады, распрацоўкі ўрокаў, даклады па праблемах вывучэння літаратуры на навуковых канферэнцыях, рэцэнзаванне падручнікаў, артыкулы ў часопісах “Роднае слова”, “Беларуская мова і літаратура” – усё гэта з удзячнасцю прымаецца і выкарыстоўваецца настаўнікамі. З 1992 г. Алена Руцкая працуе на кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Янкі Купалы.
Іван Чыгрын (1931–2006)– паэт, літаратуразнаўца, даследчык беларускай прозы. Доўгі час працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі. Аўтар навуковых манаграфій: “Станаўленне беларускай прозы і фальклор” (1971), “Проза “Маладняка”, (1985), “Крокі. Проза “Узвышша” (1989), “Рэальнае і магчымае. Проза Якуба Коласа” (1991), “Паміж былым і будучым” (1994). Аўтар паэтычных зборнікаў “Капеж” (1992), “Трыба” (1998), “Бераг” (1998), “Люблю вясну” (2000), “Вынікі падсумоўваліся ў панядзелак” (2001). У сістэме лірычнай вобразнасці паэта адным з асноўных з’яўляецца вобраз сонца. Паўтараючыся ў многіх вершах, ён становіцца скразной, “сувязной” дэталлю ва ўсёй паэтычнай сістэме. Менавіта дзякуючы гэтаму асобныя вершы ўступаюць у складаныя асацыятыўна-сюжэтныя сувязі з іншымі творамі. Тым самым скразная дэталь становіцца носьбітам агульнага значэння, выходзіць за межы адной сітуацыі, становіцца сімвалічнай.
Сяргей Чыгрын (1958) – паэт, краязнаўца, літаратуразнаўца. Працаваў настаўнікам, журналістам, загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага драмтэатра. Аўтар паэтычных зборнікаў “Шчырая Шчара” (1993), “Горад без цябе” (1999), “Лірыка”, многіх літаратурна-краязнаўчых нарысаў: “Янка Купала і Слонімшчына”, “Родам са Слонімшчыны”, “Чамяры і чамяроўцы”, “У пошуках слонімскіх скарбаў”, “Пакліканыя на родны парог”, “Тэатр у Слоніме”, апошнім часам асабліва актыўна даследуе беларускі літаратурна-культурны рух на Беласточчыне, выдаў кнігу “Беларуская Беласточчына”.
Іван Сяргейчык (1949–2007) – празаік, паэт. Амаль усё жыццё пражыў на роднай Слонімшчыне. Суаўтар калектыўных літаратуразнаўчых зборнікаў: “Карані” (1994), “Золак над Шчарай” (1994), аўтар мастацка-дакументальнага твора – афганскага дзённіка “Горкі пыл Гіндукуша” (1991), у якім праўдзіва і надзвычай кранальна распавёў пра тую трагічную дарогу ў чужой вайне, на чужой зямлі, якую прайшлі многія беларускія хлопцы і якую давялося прайсці самому пісьменніку.
Рудольф Пастухоў (1950–1997) – паэт. Аўтар паэтычнага зборніка “Судьба” (1994). Доўгі час жыў і працаваў у Слоніме.
У яго асобе спалучыліся, арганічна знітаваліся розныя іпастасі чалавечага існавання: ён жыў “у гэтым Краі. Ён – рускі, але тутэйшы, свой. Ён – электрык, але – інтэлігент. У яго ўсё проста – і адначасова ўсё заглыблена, перакручана, ускладнена. Ён паэт – але ўжо ў сталым веку выдае сваю кнігу. Але добрую”. Гэтак у тым часе, калі выйшла кніга Рудольфа Пастухова, пісала пра яго паэтка Данута Бічэль. Інакшай назвы кніга мець і не магла, бо гэта – не проста паэтычны зборнік. Гэта балючая споведзь чалавечай душы, якую напаткаў жорсткі лёс. Кніга стала адзінай, бо ў хуткім часе паэт пайшоў з жыцця.
Творчасць прадстаўнікоў новай хвалі
Юрась Пацюпа (1965) – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца. У вёсцы Азёры, што на Гарадзеншчыне, прайшло дзяцінства будучага паэта. Закончыў ГрДУ, пазней 15 гадоў працаваў у гэтай навучальнай установе. Зараз – у Мінску, у рэдакцыі “Мастацкая літаратура”. Аўтар паэтычных зборнікаў: “Ноч” (1990), “Сабака” (2008), што, па вызначэнні “Нашай Нівы”, стаў адной з самых вясёлых паэтычных кнігаў году. Адзін з стваральнікаў гарадзенскай суполкі “Верш-гурт Дыяген”. Сябра Таварыства вольных літаратараў. Даследаваў нашаніўскую літаратуру: творчасць Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага і інш. Вядомыя цікавыя мовазнаўчыя даследаванні Юрася Пацюпы. “Шмат эксперыментуе ў галіне формы, вобразнасці. Асацыятыўнасць светаадчування выяўляецца ва ўскладненасці паэтычнай структуры твораў” (А.М. Пяткевіч).
Юры Гумянюк (1969)– паэт, празаік, журналіст, выдавец. З часу заканчэння ГрДУ – праца журналіста, выдаўца, рэдактара, загадчыка літаратурнай часткі Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Аўтар паэтычных зборнікаў: “Водар цела: псіхадэлічнае мастацтва” (1992), “Твар Тутанхамона” (1994), “Рытуал” (1999). Адзін з стваральнікаў суполкі “Верш-гурт Дыяген”. Сябра Таварыства вольных літаратараў. Рэдактар часопіса “Калосьсе”. Журналіст радыё “Рацыя”. “Яго творчасць вылучаецца эсперыментальнасцю, пошукам новых формаў як у прозе, так і ў паэзіі, захапленнем сімвалічным адлюстраваннем падсвядомасці герояў” (С.Г. Адамовіч).
Анжаліна Дабравольская (1969) – аўтарка паэтычнага зборніка “Пазамежнасць” (1994). Больш за дзесяць гадоў жыла ў Гародні. Руская па нацыянальнасці, узгадаваная далёка ад Беларусі, мовай сваёй паэзіі абрала менавіта беларускую, што ёсць даволі рэдкай з’явай у нашым Краі.
У вершах Анжаліны Дабравольскай свет жыцця яе гераіні – гэта там, дзе святло, пяшчота, каханне, бяздонне. Што ёй гэты, рэальны, свет, дзе “крылы, згубіўшы пер’е, стануць рукамі”, дзе, каб жыць, трэба “сцяцца, ня дыхаць”? Яна прагне вышыні, хараства. Яна не згаджаецца з жорсткасцю, прымітыўнасцю, шэрасцю. І яна знаходзіць выйсце – у пазамежнасці, за мяжой існага, ва ўяўным, для яе ж – не менш рэальным, бо яна здольна адчуваць тое ўяўнае, увайсці ў яго, зрабіць яго існым.
Андрэй Пяткевіч (1966–1995) – паэт, удзельнік літаратурнага руху напрыканцы 80-ых–пачатку 90-ых гадоў. Закончыў беларускае аддзяленне філфака Гродзенскага дзяржуніверсітэта, апошні час жыў і працаваў на Наваградчыне, у родным мястэчку Уселюб. Актыўна выступаў у перыядычным друку, друкаваўся ў калектыўных зборніках паэзіі “Шлях” (1991), “Кола” (1993). Адзін з стваральнікаў суполкі “Верш-гурт Дыяген”. Апошняя кніга паэта, якую ён не пабачыў, мае сімвалічны і зразумелы сэнс, бо ён ведаў пра кароткі час, адведзены яму, – “Шчаслівым сканаць”. Развітваючыся з жыццём, сябрамі, паэт пісаў:
Бывайце, сябры. Я паехаў
У чорны замкнёны Сусвет,
Пакінуўшы вашы уцехі
На могілках шэрых планет.
Анатоль Брусевіч (1977) – паэт, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры польскай філалогіі ГрДу імя Янкі Купалы. Аўтар паэтычных зборнікаў: “Дуэль” (1992), “Падаю ў неба” (2006), у якіх паэт заяўляе пра сваю прыхільнасць да паэтыкі дэкадансу. Узгадаваны на паэзіі Максіма Багдановіча, Анатоль Брусевічарганічна спалучае ў сваёй творчасці класічныя і дэкаданскія матывы, дуэль між якімі ніколі не ператвараецца ў знішчэнне. Яму належыць літаратуразнаўчае даследаванне “Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча” (2008).
Сяргей Астраўцоў (1959) – празаік, журналіст. Аўтар кнігаў прозы: “Янычары” (1993), “Цэнзарскія нажніцы” (2000), “Кактэйль Молатава” (2006), кнігі публіцыстыкі “Лісты да homa sawietykusa” (2003). Актыўна працуе ў жанрах апавядання, мініяцюры. Як адзначае літаратуразнаўца Юрый Якубовіч, “проза Сяргея Астраўцова надзвычай арыгінальная: востра-памфлетычная, парадаксальная, калі праз прызму дакументальнасці праступае алагізм нашай сённяшняй рэчаіснасці”. Жыве ў Гародні.
Лявон Вашко (1963) –празаік, драматург, літаратуразнаўца. Жыве ў г. Масты. Аўтар кнігаў апавяданняў “Еўрапейскія гісторыі” (1995), “Паэты-цары” (1997), падзагалоўкам якой – “Дваццаць пяць беларускіх малюнкаў”, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, аўтар манаграфіі “Гістарызацыя свядомасці беларускай літаратуры. Беларушчына на пачатку ХХ стагоддзя” (1997), публіцыст, выдаў кнігі “Гістарызацыя свядомасці: Навуковая публіцыстыка” (1997), “Маленькі сшытак Лявона Вашка” (2000), у апошняй змешчаны палемічныя лісты да знакамітых людзей Беларусі і не толькі, дзённікавыя нататкі сноў пісьменніка.
Аўтар некалькіх п’есаў: “Сэкс па перапісцы” (1999) была пастаўлена ў Мінскім абласным драматычным тэатры і ў Віцебскім акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, “Эпас, лірыка і драма як жыццё цёплага чалавека” (1999), “Ампутацыя міндалінаў” (1999). Аўтар гэтак пісаў у літаратурным аглядзе “Дзеячас”, які выдаваў у Мастох у 2000 г., пра свае п’есы: “Душы наталяюць людзей асаблівым часам – пачуццямі, і пачуццямі пішуць гісторыю душы – жыццё, і жыццё выяўляе сэнс душэўнага часу – драму. Неўміручымі душамі часяцца п’есы, шчырымі пачуццямі нараджаюцца ў гэтых творах гісторыі-лёсы, глыбокай філасофіяй выяўляецца ў гэтых лёсах драма. Філасофію душы спеліць драма пачуцця”.
Ягонай прозе характэрна словатворчасць, гульня словам, гумарыстычныя, а часам фантасмагарычныя карціны, якія, аднак, моцна прывязаны да рэалій жыцця заходнебеларускага мястэчка, у якім пазнавальныя родныя празаіку Масты. Часам пяшчотны лірычны струмень асвятляе змрочны беларускі малюнак, як у зачынным апавяданні “Нёманская змова”, дзе створаны вобраз маладой беларускай настаўніцы, што з кагорты той руні, якая ставіла за мэту гадаваць новае, светлае на гэтай зямлі, а сама заўчасна сыходзіла ў яе. Апавяданне прысвечана знакамітым на ўсю Беларусь настаўнікам Белакозам Веры Ігнатаўне і Алесю Мікалаевічу з Гудзевічаў Мастоўскага раёна.
Героі апавяданняў – жыхары “невялікага беларускага гарадка над Нёмнам. Персанажы твораў, звычайныя месцічы, жывуць у сваім унутраным, душэўным свеце, які часцяком спасабляе іх на дзіўныя, абсурдныя дзеянні ў акаляючай іх рэчаіснасці. З апавядання ў апавяданне аўтар стварае ўласны летапіс гарадка – непрадказальную гісторыю душэўных, бязрозумных памкненняў сваіх герояў” (“Дзеячас”).