Раздзел 5. Творчасць польскіх пісьменнікаў, звязаных з Гарадзеншчынай
(пачатак ХХ стагоддзя)
План
1. Гарадзеншчына – радзіма польскіх пісьменнікаў: Вільгельміны Зындрам-Касцялкоўскай, Чэслава Янкоўскага, Марылі Радзевіч, Зоф’і Кавалеўскай.
2. Нобелеўскі лаўрэат Уладзіслаў Рэймант і Гародня. Раман "Апошні сойм Рэчы Паспалітай".
3. Пяць гадоў у Гародні Зоф'і Налкоўскай.
Ураджоная гарадзенка польская пісьменніца Вільгельміна Зындрам-Касцялкоўская (1844–1926) – аўтарка зборнікаў апавяданняў: "У паўцені", "Адна з многіх", "Абразкі", "Архаічныя казкі і навэлы", артыкулаў пра У.Сыракомлю, І.Ходзьку, даследавання "Шляхта на Літве", сумесна з Элізай Ажэшкай напісала апавяданне "Залатая графінька", перакладала з еўрапейскіх моваў. У пецярбургскім часопісе "Kraj" вяла рубрыку "Лісты з-пад Нёмана".
Чэслаў Янкоўскі (1857–1929) псеўданімы да літаратурных твораў падбіраў адпаведна месцу свайго нараджэння – Літвін, Ашмянец. Родам з Ашмяншчыны. Жыццё ягонае праходзіла між Вільняй і Варшавай. Працаваў у рэдакцыях многіх газетаў. Шырокае поле дзейнасці: літаратуразнаўца, кнігі "Постаці паэтаў", "Заўвагі на палях", "Мужыкі" Рэйманта і нямецкая крытыка", "Да пытання пра гісторыю нашай літаратуры на чужыне", пісьменнік, аўтар кнігаў: “Вершы”, “З песні ліцвіна”, “Арабескі –замалёўкі прозаю”, “Выбраная паэзія” і інш.
Уладзіслаў Рэймант, знакаміты польскі пісьменнік,неаднойчы наведваў наш горад, сустракаўся з Элізай Ажэшка. Падзеі ў ягоным вядомым рамане “Апошні сойм Рэчы Паспалітай” адбываюцца ў Гародні напрыканцы ХYІІІ ст. Самы знакаміты раман, за які пісьменнік атрымаў Нобелеўскую прэмію, – “Мужыкі”. Адна з вуліц у старым горадзе носіць імя Уладзіслава Рэйманта.
Зоф'я Налкоўская (1884–1954) – знакамітая польская пісьменніца, чый лёс быў звязаны з нашым горадам: пяць гадоў (1922–1927) яна пражыла ў Гародні. У многіх творах знайшлі адлюстраванне гарадзенскія матывы: раманы “Нядобрая любоў”, “Раман Тэрэзы Генерт”, “Сцены свету”, “Вузлы жыцця”, “Мяжы”, нарысы “Гродна”, “Нёман”. “У гэтых і многіх іншых творах апета велічная прыгажосць Прынёманскага краю, апавядаецца пра цеснае перапляценне лёсаў розных народнасцяў, што жывуць тут” [1, c. 5].
Адзін з самым знакамітых твораў пісьменніцы – зборнік навэлаў “Медальёны”, які быў створаны ў выніку яе працы ў камісіі па даследаванні злачынстваў фашызму. Вялікай гуманісткай паўстае ў ім аўтарка.
Жыццё імкнецца згладзіць смерць, схаваць яе ў сваёй заўсёднай празе квітнення, злагодзіць. Найбольш выразна гэта думка прасочваецца ў навэле Зоф'і Налкоўскай «На могілках», дзе кожная магіла ўяўляе сабой кветнік, дзе ўсё «патанае ў зелені». Усё перамяшалася ў ваенным часе, памяняліся месцамі жыццё і смерць: вясна красуе там, дзе царства смерці – на могілках, у горадзе ж – мёртвая цішыня.
Сярод вясновага квітнеючага царства – аповед пра самалёты, якія з’яўляюцца штопятнаццаць хвілін. Калі б не ведаць таго, што гэта – знішчальнікі, то іх палёты зусім бы не выдзяляліся на агульным фоне, бо самалёт не ўрываецца ў цішыню неба, а «ўплывае», апісвае «мяккі паўкруг». Тое, што ён робіць, здавалася б, цалкам упісваецца ў агульны плаўны, нярэзкі рух вясновага жыцця. Смерць як бы схавана за сцэнай. І завеса ёсць – сцяна гета. Таму невыпадкова такое прызнанне: «Могілкі – адзіны куток, дзе пачуваешся бяспечна, дзе можна адпачыць душой, нібыта ў садзе ля роднай хаты» [2, с. 430].
Самалёты тут – як арганічная частка пейзажу. Іх злавесныя дзействы там – за сцяной.
Слова зноў – сведчанне паўтаральнасці, кругабегу знішчальнай стыхіі, у навэле «На могілках», дзе зноў адбываецца ўсяго праз 15 хвілін. Кульмінацыйны момант у гэтай навэле, як падаецца, можна лічыць і кульмінацыяй да ўсяго зборніка «Медальёны». У ім якраз асабліва выразна адчуваецца падваенне катастрофы, калі сейбіты смерці бамбавозы пачынаюць знішчаць тое, што ўжо даўно не жыве, калі смерць ізноў прыходзіць туды, дзе і так яе валадарства – на могілкі. Не жыццё, а смерць супрацьпастаўлена смерці: «Прыйшоў час, калі на могілкі сталі падаць бомбы. На дарожках валяліся абломкі помнікаў і разбітыя медальёны. Раззявілася зямля, з раскрытых трунаў выглядвалі пакойнікі» [2, с. 431]. Менавіта ў гэтым слове прагучала слова, што дало назву ўсяму зборніку – медальёны. Нельга не пагадзіцца з даследчыцай творчасці Зоф'і Налкоўскай С.Ф. Мусіенкай, што кожны аповед «дакладней – медальён» [3, с. 173]. Адсюль гуманістычная місія творцы: гэтыя медальёны не павінны быць ізноў разбітымі і кінутымі пад ногі, бо людзі павінны задумацца: «Людзі людзям угатавалі гэты лёс» [2, с. 413]. Фраза, якая ёсць эпіграфам да зборніка і скразной, галоўнай думкай праходзіць праз кожную навэлу, кожны аповед.
Вобраз разрытай магілы ўжо сам у сабе змяшчае падвоеную катастрофу. Сустракаем яго і ў навэле «На чыгуначным насыпе», у якой так жаданую волю людзі імкнуцца здабыць, выламаўшы падлогу ў перапоўненым вязнямі вагоне. Небяспека такая вялікая, што шанцаў уцалець амаль няма. Чорная, страшная пустата і сапраўды – «раззяўленая магіла», што паглынула не аднаго смельчака, які прагнуў волі.
Сцэны, бы з тэатру абсурду, што маюць сваім сэнсам – пір сярод чумы, – гэта асвячэнне гільяціны пастырам у гданьскай турме ў навэле Зоф’і Налкоўскай «Прафесар Шпанер». Гільяціна схаваная за фіялетавай занавескай – гэты вобраз сімвалізуе мяжу, умоўна праведзеную між светам, дзе існуе мараль, дзе чалавечае жыццё ўважаецца за найвышэйшую каштоўнасць, і іншым, дзе ўсяго гэтага няма. Фіялетавая занавеска — мяжа, дзе адбываецца штось нялюдскае, д’ябальскае, але, асвечанае пастырам, быццам нейтралізуецца, становіцца звычайнай справай. Чалавек, які апавядае пра гэта, не разумее, у чым ягоная віна, таму што і сам ён, яго душа «дзесьці» там, «за фіялетавай занавескай» [2, с. 419]. Гэткай мяжой з’яўляецца і сцяна гета (навэла «На могілках»). Але кожная такая мяжа ўмоўная, ненадзейная, яе лёгка перакрочыць: з-за фіялетавай занавескі выносяць безгаловыя трупы, бомбы падаюць не толькі за сцяну, але і на могілкі.
Дно – месца, што сімвалізуе найвялікшае зло, здзекі з самой людскасці. Гэта ўжо апошняя мяжа, за якой – гібель чалавецтва. Дзе гвалт, пра які цяжка згадваць, невыносна гаварыць: трупы з выедзенымі пацукамі вантробамі і яшчэ жывым сэрцам, людзі, што змушаныя есці трупы. Усё гэта ў навэле, якая так і называецца – «Дно». Ці можа далей існаваць свет, стварэнне якога ёсць дабро, калі чалавек чалавека загнаў на самае дно жудасці. Як жа Ён, Творца, дапускае такое? Што будзе з верай? У навэле «Прафесар Шпанер» на безгаловым трупе маладога чалавека – «словы дарэмнай веры: «З намі бог» [2, с. 414]. Ці можна лічыць гэты матыў – дарэмная вера – багаборчым. Думаецца, не. Бо нават і на самым дне пекла чалавек здольны да сапраўднага ўзвышэння, якое даецца толькі праз шчырую веру.
Чалавечае цела як найвышэйшы твор, што паўстаў па вобразу і падабенству, якое ёсць адпаведным, дасканалым сасудам для душы, у знявечаным вайною свеце страчвае арэол таемнасці, расчляняецца, разрываецца (напоўненыя безгаловымі трупамі басейны, вялізныя чаны з чалавечымі галовамі, целы без скуры, косці, чарапы – у навэле Зоф'і Налкоўскай «Прафесар Шпанер») і нават служыць ежай для быццам яшчэ жывых (у навэле «Дно»). Калі адкінуты ўсялякія маральныя законы, чалавечае цела ператвараюць у практычныя рэчы. «Вядомая справа, немцы — яны з усяго зробяць цукерку…» – гэтак пра «якасны прадукт» – мыла з чалавечыны «просты работнік», які толькі выконваў загады прафесара Шпанера. І тлумачэнне гэтага жудаснага злачынства высокаадукаванымі людзьмі, калегамі прафесара: «у імя росквіту дзяржавы…», з-за цяжкага матэрыяльнага становішча, з-за страху перад службовым паніжэннем. У «Медальёнах», як падкрэслівае С.П. Мусіенка, «выяўлена ступень вінаватасці фашыстаў, канфармістаў і гэтак званых сляпых выканаўцаў прыказаў. Вінаватымі прызнаныя ўсе, хто меў адносіны да зладзействаў…» [3, с. 175].
Самы страшны вынік дэгуманізацыі – знішчэнне чалавечага ў чалавеку. Чалавек супрацьстаіць сабе падобнаму, становячыся знішчальнай сілай, ператвараючыся ў ката. У «Медальёнах» каты – эсэсаўкі і людзі навукі. «Уколы рабілі, кроў выкачвалі для сваіх салдат», «дактары, інтэлігентныя людзі… мучылі. Здзекваліся, як маглі. І ўколамі даймалі, і доследы розныя рабілі. Ускрывалі раны» [2, с. 423] – гэта сведчанні гераіні навэлы «Дно».
Толькі высокая духоўнасць здольна супрацьстаяць гвалту, здзеку і нават самой смерці. У гэтым і ёсць выратаванне. У «Медальёнах» сустракаем прыклады сапраўднага ўзвышэння духу. Згадаем адчайную спробу вызваліцца з няволі ў часе руху цягніка (навэла «На чыгуначным насыпе»). Хай нават тая дзірка ў вагоне – «раззяўленая магіла», але яна – для цела, для душы ж – вызваленне, бо чалавек пераадолеў у сабе страх, здолеў зрабіць хоць нейкую спробу вырвацца з пекла, а не моўчкі і пакорна ехаў насустрач смерці. Чалавек здолеў зрабіць выбар.
Моцныя духам людзі перамагалі смерць па розных прычынах: прафесар Мансфельд з навэлы «Дарослыя і дзеці ў Асвенцыме» таму, што «ні на хвіліну не спадзяваўся, што выжыву. Калі б я паддаваўся ілюзіям, у мяне не было б таго спакою духу, якое дапамагло мне вынесці ўсё гэта» [2, с. 455]. Гераіня навэлы «Двойра Зялёная»: «…Хацела жыць. Навошта? Каб расказаць пра ўсё так, як я вам зараз гавару. Няхай свет ведае пра тое, што яны рабілі» [6, с. 441]. Сілу давала вера. Вельмі важным было не пусціць у сваё сэрца разбуральнага пачуцця: «Калі яе білі, яна малілася. Малілася, каб не адчуваць нянавісці» [2, с. 446] – гэта пра гераіню навэлы «Візы». І, канешне ж, дапамагала выжыць чалавечае брацтва, дабрыня, ахвярнасць у імя іншых. Сіла калектыву сапраўды вялікая, калі гэты калектыў аб’яднаны высокай ідэяй. У «Медальёнах» яскравы момант, які можна назваць духоўным подзвігам, – «унікальны эпізод» (С.П. Мусіенка), у якім расказваецца пра тое, як знясіленыя голадам, холадам, здзекамі жанчыны ў апошні перад смерцю дзень спявалі свой нацыянальны гімн: «Стаялі на сонцы і спявалі прыгожа, зычна, звонкімі галасамі, быццам дужыя, здаровыя людзі» [2, с. 447].
Сярод твораў Зоф’і Налкоўскай надзвычайным лірызмам вылучаецца аповесць “Дом над лугамі” і сабраныя пад адной вокладкай навэлы пра жывёл “Мае звяры”.
“У творчасці сваёй Налкоўская захавала мастацкія традыцыі і прыёмы літаратуры, уласцівыя “Маладой Польшчы”: драматычную ўзнёсласць тону, упрыгожаную эпітэтамі метафарычную мову, трагічнага самаахвярнага героя” [4, с. 21].
Памяць праЗоф'ю Налкоўскую жыве ў нашым горадзе найперш дзякуючы даследчыцы яе творчасці, аўтарцы манаграфіі “Творчасць Зоф'і Налкоўскай” прафесару Святлане Піліпаўне Мусіенцы: ва універсітэце створаны музей пісьменніцы, на доме на вуліцы Акадэмічнай, дзе яна жыла, усталявана мемарыяльная шыльда, праводзяцца навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя творчасці пісьменніцы.
Выкарыстаная літаратура
- Зофье Налковской посвящается… Материалы научн. конф. 16–18 мая 1989 г. Гродно. Под ред. С.Ф. Мусиенко, С.А. Габрусевича / Минск: Полымя, 1991. – 174 с.
- Налковская, З. Избранное / З. Налковская. – Москва: Художественная літ, 1979. – 460 с.
- Мусиенко, С.Ф. Творчество Зоф’и Налковской / Под. ред В.А. Хорева / С.Ф. Мусиенко. – Минск: Наука и техника, 1989. – 205 с.
- Творчасць Зоф’і Налкоўскай і славянскія культуры: матэрыялы міжнар. навук. канф., 17–18 мая 2004 г., Гродна / Пад рэд. С.П. Мусіенкі. – Гродна: ГрДУ, 2005. – 403 с.