Прадмова
^ Вверх

Прадмова

 

Вывучэнне літаратуры роднага краю ёсць вельмі важным аспектам літаратуразнаўчага працэсу, бо заклікана выхоўваць у студэнтаў-філолагаў, будучых настаўнікаў беларускай літаратуры, пачуццё годнасці, непасрэднай далучанасці да духоўнай культуры, створанай найлепшымі прадстаўнікамі нашага прыгожага пісьменства, выхадцамі з Прынёманскага Краю, або тымі, чый лёс быў непасрэдна звязаны з Гарадзеншчынай.

Праца гэтая паўстала не на пустым месцы. Даследаваннем літаратуры Гарадзеншчыны актыўна займаецца прафесар кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, першы загадчык кафедры беларускай літаратуры Гарадзенскага універсітэту імя Янкі Купалы Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, аўтар манаграфій, энцыклапедычных даведнікаў пра людзей кульруры нашага Краю.

Для вывучэння студэнтам прапанаваны разнастайны матэрыял, найперш тыя аспекты літаратуры Гарадзеншчыны, якім не надаецца ўвага ў праграме іншых курсаў. Ён ствараўся на аснове вывучэння гэтых праграмаў, супрацоўніцтва з калегамі-выкладчыкамі. Таму вывучэнне кожнай тэмы прапаноўвае адметны падыход, а метадычны дапаможнік – адрозны па змесце і форме матэрыял.

Змест спецкурса дапаўняе, паглыбляе веды пра некаторыя старонкі жыцця і творчасці пісьменнікаў (Дануту Бічэль, Аляксея Карпюка, Юрку Голуба), пра творчае пабрацімства знакамітых асобаў Краю (Эліза Ажэшка – Францішак Багушэвіч), пра мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю вядомых аўтараў (Алаізы Пашкевіч), пра адлюстраванне асобы пісьменніка ў творчасці  ягоных духоўных спадкаемцаў (Адама Міцкевіча).

Цікавым падаецца матэрыял, што ўвайшоў у гэтае выданне, створаны колішнімі студэнтамі, выпускнікамі беларускага аддзялення (Алесяй Бяленік, Ганнай Чэкуць, Юліяй Стрыжовай, Наталляй Шкут) пад уплывам аудыторных заняткаў, літаратурных сябрынаў, цікавых імпрэзаў. Гэты матэрыял творчы, рознажанравы (вершы, эсэ, лірычныя мініяцюры), які, спадзяемся, стане добрым прыкладам для творчасці наступнікаў.

Бібліяграфічны матэрыял, які заключае раздзелы працы, уключае пералік твораў тых аўтараў, чыя творчасць не вывучаецца манаграфічна ў іншых курсах, і асноўныя, па магчымасці даступныя літаратуразнаўчыя артыкулы, прысвечаныя іх творчасці, што будзе прыдатным для напісання курсавых, дыпломных і іншых літаратуразнаўчых працаў.

На жаль, на філалагічным факультэце ніколі не надавалася належная ўвага вывучэнню рэгіянальнай літаратуры. А гэта было б карысна і студэнтам іншых спецыяльнасцяў, будучым журналістам, гісторыкам. Прапанаваны спецкурс, вельмі абмежаваны, бо разлічаны толькі на студэнтаў-літаратуразнаўцаў і мае ўсяго 20 (16 лекцыйных, 4 практычныя) аўдыторных гадзін, ёсць першай спробай запоўніць гэты прабел у ведах будучых настаўнікаў-філолагаў.

Неабходнасць з’яўлення гэтай працы абгрунтавана новай канцэпцыяй літаратурнай адукацыі і Праграмай па беларускай літаратуры,  якія ўтрымліваюць патрабаванне скіраваць увагу на вывучэнне рэгіянальнай літаратуры.