§ 3. Тыпы слоўнікаў
^ Вверх

§3. Тыпы слоўнікаў 

Паводле прызначэння ўсе слоўнікі аб’ядноўваюцца ў два асноўныя тыпы — энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя выданні падзяляюцца на энцыклапедыі (у іх артыкулы маюць вялікія памеры) і энцыклапедычныя слоўнікі (у іх аб’ём артыкулаў невялікі)[1].

Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, абазначаныя гэтымі словамі; у сціслай форме ў іх выкладзены навуковыя веды пра прадметы, з’явы, падзеі; звесткі пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры, асобныя гарады і краіны, іх прыродныя багацці і выдатныя мясціны. Загаловачнымі словамі ў энцыклапедычных слоўніках з’яўляюцца назоўнікі (уласныя і агульныя) або спалучэнні назоўнікаў з прыметнікамі і лічэбнікамі. Яны размяшчаюцца ў алфавітным парадку або паводле тэматычнага прынцыпу (па галінах ведаў). Слоўнікавыя артыкулы ў слоўніках такога тыпу не даюць граматычнай і стылістычнай характарыстык, а таксама тэрміналагічных і фразеалагічных спалучэнняў. Указваецца толькі паходжанне запазычаных тэрмінаў і пазначана месца націску на загаловачных словах. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.

Паводле характару інфармацыі энцыклапедычныя слоўнікі падзяляюцца на універсальныя, галіновыя, спецыяльныя і рэгіянальныя.

Да энцыклапедычных выданняў адносяцца «Беларуская Савецкая энцыклапедыя» ў 12-ці тамах (1969—1975), «Беларуская Энцыклапедыя» ў 18-ці тамах (1996—2004), «Этнаграфія Беларусі» (1980), «Архітэктура Беларусі» (1982), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5-ці тамах (1984—1987) г.д.. Выдадзены персанальныя энцыклапедыі «Янка Купала» (1986) і «Францыск Скарына і яго час» (1988).

Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы — іх значэнне, ужыванне, паходжанне, марфемную будову, вымаўленне, напісанне. Загаловачныя словы ў лінгвістычных слоўніках размяшчаюцца па-рознаму. Слоўнікавыя артыкулы змяшчаюць сэнсавую, граматычную, стылістычную, этымалагічную характарыстыкі, пераклад на іншую мову, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні. Ілюстрацыямі ў большасці лінгвістычных слоўнікаў з’яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, што бяруцца з літаратурных крыніц.

Лінгвістычныя слоўнікі падзяляюцца на тры віды: аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя.

Двухмоўныя і шматмоўныя слоўнікі — гэта перакладныя слоўнікі, у якіх словы адной мовы тлумачацца словамі іншай мовы або некалькіх іншых моў. Прыкладам двухмоўных перакладных слоўнікаў з’яўляюцца: «Беларуска-рускі слоўнік» у 2-х тамах пад рэдакцыяй К.Крапівы (1988-1989), «Русско-белорусский словарь» у 3-х тамах пад рэдакцыяй Я.Коласа, К.Крапівы, П.Глебкі (3-е выд., 2002) і г.д.; шматмоўных — «Нямецка-беларуска-рускі слоўнік» (1990), «Англа-беларуска-рускі слоўнік» (1989), «Французска-беларуска-рускі слоўнік» (1992), «Іспанска-беларуска-рускі слоўнік» (1993) і інш.

Аднамоўныя слоўнікі характарызуюць словы адной мовы сродкамі той самай мовы. Паводле прызначэння аднамоўныя слоўнікі падзяляюцца на тлумачальныя, дыялектныя, этымалагічныя, арфаграфічныя, арфаэпічныя, слоўнікі сінонімаў, паронімаў, амонімаў, антонімаў, эпітэтаў беларускай мовы, фразеалагічныя, марфемныя, словаўтваральныя, анамастычныя, частотныя, адваротныя, асацыятыўныя і інш.

Абавязковай у тлумачальных слоўніках з’яўляецца сэнсавая характарыстыка слова. Тлумачальныя слоўнікі ўключаюць і тлумачаць агульнаўжывальную лексіку беларускай літаратурнай мовы. У слоўнікавых артыкулах даецца напісанне слова, указваецца месца націску, прыводзяцца сэнсавая, граматычная, стылістычная характарыстыкі слова, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя словазлучэнні, у некаторых — даведкі пра паходжанне слова. Да нарматыўных тлумачальных слоўнікаў адносяцца «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977—1984), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы для сярэдняй школы» А.Я.Баханькова, І.М.Гайдукевіча, П.П.Шубы (7-е выд., 2002), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдакцыяй М.Р.Судніка і М.Н.Крыўко (4-е выд., 2005).

Дыялектныя слоўнікі фіксуюць словы адной гаворкі, групы гаворак або пэўнага дыялекту, тлумачаць іх значэнне і ўжыванне. Большасць дыялектных слоўнікаў уключае толькі такія словы, якіх няма ў літаратурнай мове або якія адрозніваюцца ад агульнаўжывальных слоў гучаннем, значэннем, словаўтварэннем. Да іх адносяцца, напрыклад, «Дыялектны слоўнік» у 3-х тамах Ф.М.Янкоўскага (1959—1970), «Дыялектны слоўнік з гаворак Зэльвеншчыны» П.У.Сцяцко (1970), «Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны» пад рэдакцыяй М.А.Даніловіча, П.У.Сцяцко (1999) і інш.

Гістарычныя слоўнікі характарызуюць лексіку пісьмовых помнікаў пэўнага гістарычнага перыяду. У «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» (з 1982 па 2007 г.г. выйшла 27 выпускаў) даюцца сэнсавыя і граматычныя характарыстыкі літаратурна-пісьмовай лексікі ХІV — XVIII ст., а таксама прыводзяцца прыклады ўжывання слова ў якім-небудзь помніку старажытнабеларускай пісьменнасці.

Этымалагічныя слоўнікі — від лінгвістычных слоўнікаў, у якіх раскрываецца паходжанне слоў, іх пачатковае значэнне і змены ў значэнні слова. Шматтомны «Этымалагічны слоўнік» ствараецца ў Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі; выйшлі 11 тамоў (1978—2006).

Арфаграфічныя слоўнікі даюць правільнае, замацаванае нормамі арфаграфіі напісанне слоў і іх форм. У беларускай лексікаграфіі створаны два тыпы гэтага слоўніка: слоўнік для школы і агульны слоўнік. Напрыклад, «Арфаграфічны слоўнік» для сярэдняй школы М.П.Лобана і М.Р.Судніка выйшаў у 1961 годзе (2-е выд., 1966, 3-е выд., 1971, 4-е выд., 1978, 5-е выд., 1982, 6-е выд., 1990). Гэты слоўнік мае дзве часткі: «Асноўныя правілы правапісу» і «Слоўнік», дзе падаюцца словы ў напісанні, якое адпавядае сучасным арфаграфічным нормам. Калі слова мае дваякае напісанне, прыводзяцца яго арфаграфічныя варыянты, напрыклад: альха і вольха, супраць і супроць. «Арфаграфічны слоўнік» для пачатковай школы з’явіўся ў 1968 годзе (2-е выд., 1972, 3-е выд., 1977, 4-е выд., 1982, 5-е выд., 1987, 6-е выд., 1992).

У 1987 годзе выйшаў з друку агульны слоўнік-даведнік па арфаграфіі, арфаэпіі, акцэнтуацыі і словазмяненні — «Слоўнік беларускай мовы» пад рэдакцыяй М.В.Бірылы.

Слоўнікі мовы пісьменніка апісваюць лексіку твораў таго ці іншага пісьменніка. Гэта своеасаблівы дапаможнік пры вывучэнні асаблівасцей мовы і стылю пісьменніка або яго канкрэтнага твора. Прыкладамі такіх слоўнікаў з’яўляюцца «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі ( 3 т., 1977—1994), «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 тамах (Т. 1—6, 1997—2003), «Фразеалагічны слоўнік мовы Якуба Коласа» (1993).

Фразеалагічныя слоўнікі тлумачаць значэнні ўстойлівых словазлучэнняў (фразеалагізмаў), ілюструюць іх прыкладамі, даюць стылістычную характарыстыку і звесткі пра паходжанне. Устойлівыя словазлучэнні беларускай мовы пададзены і ахарактарызаваны ў «Слоўніку беларускай народнай фразеалогіі» Е.С.Мяцельскай, Я.М.Камароўскага (1972), у «Фразеалагічным слоўніку беларускай мовы» у 2-х тамах І.Я.Лепешава (1991), у слоўніку «Беларускія прымаўкі, прыказкі, фразеалагізмы» Ф.Янкоўскага (1992), у «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» у 2-х частках І.Я.Лепешава (1981, 1993).

Марфемныя слоўнікі даюць падзел слоў на марфемы. Прыкладам такога слоўніка з’яўляецца «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Л.М.Шакуна (1989). Загаловачныя словы, падзеленыя на марфемы, размешчаны ў алфавітным парадку. Калі на стыку марфем адбываецца зліццё гукаў, то ў круглых дужках марфемы падаюцца ў іх поўным выглядзе: студэн[ц]-к-і (студэнт + ск + і). У круглых дужках, але з паметай гіст., паказваюцца змены ў марфемнай будове слова ў працэсе яго гістарычнага развіцця.

Словаўтваральная структура вытворных слоў раскрываецца ў «Словаўтваральным слоўніку беларускай мовы» А.М.Бардовіча, М.М.Круталевіча і А.А.Лукашанца (2000). У слоўніку паказана, ад якой асновы, якім спосабам утварылася слова, напрыклад: каран-ёв-ы (ы) — суф., ад корань-(Ø), чарг. о/а.

Анамастычныя слоўнікі фіксуюць уласныя імёны, геаграфічныя назвы. Да іх адносяцца «Слоўнік асабовых імён» М.Р.Судніка (1965), «Беларуская антрапанімія: Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы» (Ч. 1. 1966; Ч. 2. 1969; Ч.3. 1982) М.В.Бірылы, «Беларуская антрапанімія: Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі» (1969) і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў — гэта лексікаграфічны даведнік, у якім тлумачацца запазычаныя словы, што маюць вузкую сферу выкарыстання і выразна ўсведамляюцца як словы іншай мовы. Напрыклад, у 1993 годзе выдадзены «Слоўнік іншамоўных слоў» А.М.Булыкі, які змяшчае каля 5600 слоў, запазычаных у розны час беларускай мовай з іншых моў. У1999 г. выйшаў «Слоўнік іншамоўных слоў» у 2-х тамах А.М.Булыкі.

Слоўнікі сінонімаў фіксуюць сінонімы і блізказначныя словы ў сінанімічных радах, якія размяшчаюцца ў алфавітным парадку. Першым у такім радзе ідзе стылістычна нейтральнае слова (дамінанта). Для некаторых сінонімаў прыводзяцца стылістычная характарыстыка і фразеалагічныя спалучэнні. Ужыванне кожнага сіноніма з сінанімічнага рада суправаджаецца ілюстрацыйным прыкладам у выглядзе сказа з мастацкай літаратуры, фальклору. У канцы слоўнік мае алфавітны пералік усіх слоў сінанімічных радоў (індэкс), які дапамагае лягчэй і хутчэй знайсці і падабраць патрэбны сінонім. У “Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў” М.К.Клышкі (1976; 2-е выд., 1993) пададзена каля 1900 сінанімічных радоў, у якіх аб’яднана больш за 11000 слоў, устойлівых словазлучэнняў і зваротаў.

Слоўнік амонімаў фіксуе і тлумачыць словы, якія аднолькава вымаўляюцца і пішуцца, але маюць рознае значэнне. Прызначаны такі слоўнік для адлюстравання слоў, якія супадаюць па форме, але не маюць нічога агульнага ў значэнні, і для надання ім семантычнай і граматычнай характарыстыкі. «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка з’явіўся ў 1991 годзе і фіксуе каля 2000 пар ці груп амонімаў.

Слоўнік паронімаў адлюстроўвае і тлумачыць блізкія па гучанні, але розныя па значэнні словы. «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.М.Грабчыкава выйшаў з друку ў 1994 годзе. У ім у алфавітным парадку засведчаны паранімічныя групы слоў, кожнай з іх прысвечаны асобны слоўнікавы артыкул.

Слоўнік эпітэтаў — гэта лексікаграфічны даведнік, у якім адлюстраваны вобразныя азначэнні. Першы «Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» М.П.Пазнякова з’явіўся ў 1988 годзе. У 1991 годзе выйшаў «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» Н.В.Гаўрош (2-е выд.,1998).

Частотны слоўнік падае спісы слоў, размешчаных у парадку змяншэння частаты іх ужывання ў тэкстах вызначанай даўжыні і стылю. Такія слоўнікі дапамагаюць высветліць, якія словы складаюць ядро слоўніка мовы, а якія знаходзяцца на яго перыферыі; даюць магчымасць высветліць лексічны мінімум, неабходны пры стварэнні падручнікаў і дапаможнікаў для вучняў; змяшчаюць каштоўны матэрыял па даследаванні пытанняў, звязаных з функцыянаваннем лексікі і інш. Праца па стварэнні частотнага слоўніка беларускай мовы распачалася ў апошнія тры дзесяцігоддзі. Выйшла з друку пяць выпускаў «Частотнага слоўніка беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі, А.Я.Супруна (1976—1992) У 2006 годзе выйшаў зводны «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі.

Асацыятыўныя слоўнікі ў выглядзе частотных спісаў фіксуюць словы-рэакцыі на словы-стымулы. «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» А.І.Цітовай выйшаў у 1981 годзе і адлюстраваў вынікі псіхалінгвістычнага эксперыменту на свабоднае асацыіраванне з фіксацыяй першых адказаў на 300 слоў-стымулаў розных сфер ужывання, атрыманых ад 1000 інфармантаў.

Тэрміналагічныя слоўнікі адлюстроўваюць тэрміны якой-небудзь галіны навукі, тэхнікі, культуры. Беларускія тэрміналагічныя слоўнікі пачалі распрацоўвацца пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Па меры таго як беларуская мова набывала ўсё шырэйшыя грамадскія функцыі, асабліва востра стаў адчувацца недахоп у ёй тэрміналагічных сродкаў, бо таго запасу тэрміналагічнай лексікі, якім валодала народная гаворка, было зусім недастаткова нават для таго, каб выдаваць школьныя падручнікі, весці разнастайную канцылярскую перапіску, не кажучы ўжо пра навуку, юрыспрудэнцыю, вайсковую справу, розныя галіны тэхнікі і іншыя больш высокія сферы прымянення нацыянальнай мовы. Таму на працягу 20-х ХХ ст. вялася актыўная работа па стварэнні беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. За гэты час было выдадзена больш двух дзесяткаў тэрмiналагiчных руска-беларускiх (беларуска-рускiх) слоўнiкаў, у тым ліку і па псіхалогіі.

Неабходна адзначыць, што на працягу ХХ ст. выходзяць у асноўным аднамоўныя («Кароткі слоўнік псіхалагічных паняццяў» (Мазыр, 1993); С.С.Кацэвіч «Слоўнік педагагічных тэрмінаў» (Брэст, 1995); А.І.Андарала, Г.Ф.Андарала «Кароткі тлумачальны слоўнік педагагічных тэрмінаў» (Мінск, 1995) і інш.) ці двухмоўныя і шматмоўныя («Слоўнік тэрмінаў логікі і псіхалогіі» (Мінск, 1923); Т.У.Васілец, Я.Л.Каламінскі, Р.А.Макарэвіч «Руска-беларускі слоўнік псіхалагічных тэрмінаў» (Мінск, 1993); Н.Г.Алоўнікава, В.В.Кандрацьева «Руска-беларуска-англійскі слоўнік па педагогіцы і псіхалогіі» (Мінск, 1996) і інш.) тэрміналагічныя слоўнікі па псіхалогіі, дэфекталогіі, педагогіцы.

Характарыстыка слоўнікаў беларускай мовы розных тыпаў сведчыць, што беларуская лексікаграфія і тэрмінаграфія як асобныя раздзелы навукі аб мове атрымалі належнае развіццё.


[1] Першапачаткова тэрмін «энцыклапедычны слоўнік» ужываўся як сінонім да тэрміна «энцыклапедыя».