7. Гістарыяграфія...савецкага перыяду.
^ Вверх
7. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі пасляваеннага савецкага перыяду.

У вывучэнні сучаснага гістарычнага перыяду прыярытэт належаў супрацоўнікам Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Даследчыкі спачатку зыходзілі з задачы пабудовы камуністычнага грамадства, вызначанай на ХХІІ з’ездзе КПСС у 1961 г., а затым – задачы пабудовы «развітога сацыялізму» (канцэпцыі, замацаванай у Канстытуцыі СССР 1977 г. і Канстытуцыі БССР 1978 г.).
Асноўная ўвага звярталася на аналіз кіруючай ролі Камуністычнай партыі Беларусі ў палітычным, сацыяльна-эканамічным, ідэалагічным жыцці грамадства. У 1974 г. выйшла калектыўная праца пад кіраўніцтвам А.Н.Аксёнава «Возрастание руководящей роли партии в коммунистическом строительстве (на материалах Компартии Белоруссии. 1959 – 1973 гг.)». Раней былі апублікаваны зборнікі артыкулаў: «КПБ в борьбе за дальнейшее развитие народного хозяйства республики в послевоенные годы» (1961 г.), «Деятельность Компартии Белоруссии в период социализма и коммунистического строительства» (1969 г.).
Адной з першых спробаў абагульнення дзейнасці КПБ у галіне эканамічнай палітыкі стала манаграфія Г.Д.Мацюшэнкі «Коммунистическая партия Белоруссии в борьбе за восстановление и развитие промышленности в послевоенные годы (1946 – 1950 гг.)» (1962 г.). Шэраг даследаванняў былі прысвечаны арганізацыйна-кадравай дзейнасці партыйных органаў. Таксама аналізавалася роля партыі ў эканамічнай адукацыі кадраў, у павышэнні ролі насценнага друку, у кіраванні народнымі дружынамі і г.д.
Актуальным кірункам гістарычных даследаванняў з’яўлялася гісторыя Саветаў, прафсаюзаў, камсамола і грамадскіх арганізацыяў. Сярод іх кніга П.Ц.Петрыкава «Советы депутатов трудящихся БССР и их роль в создании материально-технической базы коммунизма (1959 – 1965 гг.)» (1972 г.), В.М.Фаміна «Профсоюзы Белоруссии в борьбе за технический прогресс в промышленности (1946 – 1971 гг.)» (1971 г.).
Віталій Міхайлавіч Фамін нарадзіўся ў 1927 г. у в.Чорнае Рэчыцкага раёна, беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1973 г.), прафесар (1974 г.). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. З 1960 г. працуе ў ім: старшы выкладчык, дацэнт, у 1972 – 1997 гг. загадчык кафедры. У 1976 – 1985 гг. рэдактар навуковага зборніка «Вопросы истории». 
Глыбокую распрацоўку атрымала праблема прамысловага развіцця БССР і стану рабочага класа ў працах І.Я.Марчанкі «Рабочий класс БССР в пслевоенные годы (1945 – 1950 гг.)» (1962 г.), «Трудовой подвиг рабочего класса Белорусской ССР (1943 – 1950 гг.)» (1977 г.), «Ведущая сила: Рабочий класс Белоруссии на этапе развитого социализма» (1980 г.) (разам з Л.М.Лычом), Л.М.Лыча «Восстановление и развитие железнодорожного транспорта Белорусской ССР (сентябрь 1943 – 1970 гг.)» (1976 г.), І.П.Крэня і інш., развіцця сельскай гаспадаркі – у працах А.П.Белязо «Беларуская вёска ў пасляваенныя гады (1945 – 1950)» (1974 г.), «Современная белорусская деревня» (1976 г.), «Крестьянство Белоруссии на пути к развитому социализму (1951 – 1960 гг.)» (1982 г.), І.В.Палуяна «Технические кадры белорусской деревни и развитие сельского хозяйства республики» (1978 г.), Н.В.Кузняцова «Курсом специализации и концентрации сельского хозяйства: На материалах Компартии Белоруссии (1965 – 1983 гг.)» (1984 г.), М.П.Касцюка «Трудовой вклад крестьянства в победу и укрепление социализма: на материалах БССР» (1986 г.) і інш., гісторыі культурных пераўтварэнняў – у працах С.А.Умрэйкі, І.В.Царук, М.Г.Мінкевіча, С.В.Марцалева і інш.
Іван Ягоравіч Марчанка (1923 – 1997 гг.), беларускі гісторык. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1980 г.). Доктар гістарычных навук (1969 г.), прафесар (1980 г.). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. У 1945 – 1951 гг. на партыйнай рабоце. З 1954 г. у Інстытуце гісторыі АН Беларусі: навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, у 1962 – 1968 гг. і 1976 – 1981 гг. намеснік дырэктара па навуковай рабоце, адначасова загадчык сектара і аддзела.
Міхаіл Паўлавіч Касцюк нарадзіўся ў 1940 г. у в.Масцішча Навагрудскага раёна, беларускі гісторык. Акадэмік НАНБ (1996 г.). Доктар гістарычных навук (1980 г.), прафесар (1987 г.). Скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут. З 1969 г. у Інстытуце гісторыі АН Беларусі, з 1970 г. вучоны сакратар. У 1975 – 1981 гг. вучоны сакратар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1981 г. намеснік дырэктара, з 1989 па 1999 гг. дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ.
У 70-я гг. савецкія гісторыкі пачалі актыўную распрацоўку праблемы «развітога сацыялізму» на прыкладах адносна блізкага мінулага – фактычна сучаснага этапа развіцця краіны. Прадметам даследавання сталі кіраўніцтва КПСС эканомікай і сацыяльнымі адносінамі, грамадска-палітычным і культурным жыццём, нацыянальнай палітыкай. У «авангардзе» ішлі маскоўскія гісторыкі (В.Касьяненка, П.Ігнатоўскі, В.Старавераў, І.Берхін і інш.). Ужо ў пачатку 80-х гг. была зроблена выснова аб канцэпцыі «развітога сацыялізму» як найбольш буйнога ўкладу ў развіццё марксісцка-ленінскай тэорыі пасля ХХ з’езда КПСС. На сучасным этапе гістарычнай навукі працы па гэтай праблематыцы ацэньваюцца  як «міфатворчасць».