2. Гістарыяграфія... сярэднявечча.
^ Вверх
2. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ранняга сярэднявечча.

У вывучэнні айчыннай гісторыі ІХ – ХІІІ стст. даследчыкі абапіраліся на вынікі археалагічных даследаванняў, праведзеных у старажытных гарадах Беларусі.
Георгій Васілевіч Штыхаў нарадзіўся ў 1927 г. у в.Старая Беліца Гомельскага раёна, беларускі археолаг. Доктар гістарычных навук (1983 г.), прафесар (1989 г.). Скончыў БДУ. З 1962 г. навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, загадчык аддзела археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі. Вывучае старажытныя гарады Полацкай зямлі і курганныя могільнікі ранняга сярэднявечча паўночнай і цэнтральнай Беларусі. З 1982 г. узначальвае пастаянную камісію па археалагічным даследаванні старажытнага Мінска. Кіраваў экспедыцыямі па вывучэнні Полацка, Заслаўя, Віцебска, Барысава, Лукомля, Лагойска, Копысі.
У манаграфіях «Древний Полоцк, ІХ – ХІІІ вв.» (1975 г.), «Города Полоцкой земли ІХ – ХІІІ вв.» (1978 г.), «Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі» (1992 г.) ён зрабіў выснову, што фармаванне полацкіх (заходніх) крывічоў праходзіла на працягу другой паловы І-га тыс. н.э., што гістарычным ядром Полацкага княства з’яўлялася Падзвінне.
Леанід Васілевіч Аляксееў (1921 – 2008 гг.) нарадзіўся ў г.Растоў-на-Доне, расійскі археолаг. Доктар гістарычных навук (1967 г.). Скончыў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт. У 1948 – 1950 гг. працаваў у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, а з 1953 г. у Інстытуце археалогіі АН СССР. Даследаваў археалогію Полацкай і Смаленскай земляў ІХ – ХІІІ стст., гісторыю навукі. Праводзіў раскопкі старажытных гарадоў Беларусі (Браслаў, Друцк, Мсціслаў).
У манаграфіі «Полоцкая земля в IX – XIII вв. (Очерки истории Северной Белоруссии)» (1966 г.) Л.В.Аляксееў даказаў, што Полацкае княства з'яўлялася самастойнай палітычнай адзінкай Русі з арыгінальнай і самабытнай культурай.
Пётр Фёдаравич Лысенка нарадзіўся ў 1931 г. у в.Зарачаны Полацкага раёна, беларускі археолаг. Доктар гістарычных навук (1988 г.). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. З 1964 г. супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, загадчык аддзела археалогіі сярэднявечча.
П.Ф.Лысенка у працах «Города Туровской земли» (1974 г.), «Берестье» (1985 г.), «Дреговичи» (1991 г.) даказаў заснаванне Брэста дрыгавічамі, правамернасць ужывання тэрміна «Тураўская зямля». Пазіцыя даследчыка не супадае з падыходам украінскіх гісторыкаў, якія самастойнасць Тураўскай зямлі выводзяць толькі з 60-х гг. ХІІ ст.
Археалагічна комплекс помнікаў старажытнага Мінска вывучалі многія вучоныя, сярод іх А.М.Ляўданскі, А.Д.Каваленя, Э.М.Загарульскі, Г.В.Штыхаў і інш. Замчышча ў 1957 – 1961 гг. вывучаў В.Р.Тарасенка, даследаванне горада ў 70-х гг. абагульнена ў манаграфіі Э.М.Загарульскага «Возникновение Минска» (1982 г.). У 1984 – 1986 гг. у сувязі з пабудовай станцыі метро «Няміга» былі праведзены раскопкі ў старажытнай частцы горада XIIXVIII стст. Падрыхтаваны участак, які закансерваваны для стварэння Музея старажытнага Мінска. Вынікі вывучэння наваколляў старажытнага Мінска, валасцей-удзелаў, цэнтраў малых княстваў: Барысава, Лагойска, Заслаўля, увёў у навуковы зварот Ю.А.Заяц у працы «Сельское население Минской волости-удела XXIII вв.» (1988 г.).
У пасляваенныя гады адносна шырока даследаваліся раннефеадальныя гарады ўсходняй часткі Беларусі. Сярод іх Мсціслаўль, Крычаў, Гомель, Брагін, Чачэрск, Рэчыца, Магілёў. Аб іх даследаванні напісаны манаграфіі Т.Н.Каробушкінай «Средневековые памятники южной и восточной Белоруссии» (1987 г.), А.А.Мяцельскага «Города Белорусского Посожья в XXIII вв.» (1992).
Важную гаспадарча-эканамічную і гандлёвую функцыі ў феадальную эпоху выконвала Нёманска-Дняпроўская водная магістраль. На берагах Нёмана і яго прытоках сфармаваліся адносна вялікія гарады, сярод іх Гродна. Старажытнасці горада і яго наваколля даследаваліся не адным пакаленнем археолагаў. Надрукаваны манаграфіі Н.Н.Вароніна «Древнее Гродно» (1954 г.), М.А.Ткачова «Замкі Беларусі» (1977 г.), І.М.Чарняўскага «Архитектурно-археологические исследования в Гродно и Могилеве» (1981 г.), Т.С.Скрыпчанка «Обмен и местное производство на территории Белоруссии в XIXIVвв.» (1982 г.).
У XXI стст. існавалі ў Панямонні і іншыя гарады. Аднак у летапісу яны адзначаны пазней: Навагрудак, Ваўкавыск, Слонім, Турыйск. Звесткі аб іх абагульнены ў манаграфіях Я.Г.Звяругі «Верхнее Понеманье в IXXIII вв.» (1989 г.), П.А.Рапапорта «Военное зодчество западнорусских земель XXIVвв.» (1967 г.). Ф.Д.Гурэвіч «Древний Новогрудок» (1981 г.), у аўтарэфераце С.А.Піваварчыка «Городища XXIIIвв. Белорусского Понеманья» (1994 г.).
Пачынальнікам «гістарычнай археалогіі» – новага кірунку ў гістарыяграфіі Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны – з’яўляецца М.А.Ткачоў.
Міхаіл Аляксандравіч Ткачоў (1942 – 1992 гг.), беларускі археолаг, гісторык. Доктар гістарычных навук (1987 г.), прафесар (1989 г.). Скончыў БДУ. Працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя». Ініцыятар стварэння энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Напісаў каля 200 навуковых працаў.
У манаграфіях «Замкі Беларусі» (1977 г.), «Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII – XVIII стст.» (1978 г.), «Замкі і людзі» (1991 г.) першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў генезіс, эвалюцыю і этапы развіцця замкаў і абарончых сістэмаў населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.
У пасляваеннай савецкай гістарыяграфіі замацавалася феадальная канцэпцыя грамадскага развіцця ўсходніх славян у ІХ – ХІІІ стст., якую распрацаваў Б.Д.Грэкаў.
Барыс Дзмітрыевіч Грэкаў (1882 – 1953 гг.) расійскі гісторык. Акадэмік АН СССР, ганаровы акадэмік АН БССР. Доктар гістарычных навук (1934 г.). Скончыў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт. Выкладаў у ВНУ Пецярбурга, Пярмі, Сімферопаля, Масквы. Дырэктар Інстытута гісторыі (з 1937 г.), Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры (1944 – 1946 гг.), Інстытута славяназнаўства АН СССР. Стваральнік канцэпцыі гісторыі Кіеўскай Русі – агульнай радзімы рускіх, украінцаў, беларусаў і інш. народаў.
Б.Д.Грэкаў у сваіх працах даказываў, што ва ўсходніх славян, як і ў германцаў, разлажэнне першабытнаабшчыннага ладу прывяло да развіцця феадальных адносінаў. Таму ў VІ – VІІІ стст. панаваў дафеадальны ўклад, а ў ІХ – пачатку ХІІ ст. – феадальны. Гісторык сцвярджаў пра далучэнне Полацка да Кіева князем Уладзімірам у 980 г., пра аўтаномію Полацкай зямлі і пачатак барацьбы з Кіевам пры князе Брачыславе.
Супраць феадальнай канцэпцыі выступіў у 1974 г. пецярбургскі даследчык І.Я.Фраянаў.
Ігар Якаўлевіч Фраянаў нарадзіўся ў 1936 г. у г.Армавір, расійскі гісторык. Доктар гістарычных навук (1976 г.), прафесар (1979 г.). Скончыў Стаўрапольскі педагагічны інстытут. З 1966 г. працуе ў Пецярбургскім універсітэце, дэкан гістарычнага факультэта, загадчык кафедры гісторыі Расіі. Старшыня Галоўнага савета па гісторыі ў Дзяржкамітэце вышэйшых навучальных установаў Расійскай Федэрацыі.
У працах «Киевская Русь: Очерки социально-экономической истории» (1974 г.), «Киевскай Русь: Очерки социально-политической истории» (1980 г.), «Киевская Русь: Очерки отечественной историографии» (1990 г.) гісторык даказываў, што ва ўсходніх славян у ІХ – ХІ стст. панавалі абшчынныя адносіны пры слабым развіцці феадальнага ўкладу.
З беларускіх гісторыкаў да гэтай праблемы звярнулася В.І.Гарамыкіна. На падставе вялікага факталагічнага матэрыялу у манаграфіях «К проблеме истории докапиталистических обществ (на материале Древней Руси)» (1970 г.), «Возникновение и развитие первой антагонистической формации в средневековой Европе» (1982 г.) аўтар спрабавала даказаць рабаўладальніцкі характар Кіеўскай Русі і вылучала адпаведна рабаўладальніцкі перыяд у ІХ – ХІ стст. і феадальны ў ХІІ – ХІІІ стст.
Блізкую пазіцыю займаў А.П.П’янкоў. У працы «Происхождение общественного и государственного строя Древней Руси» (1980 г.) даследчык прасачыў пераход ад родавых саюзаў да сельскай абшчыны ў першыя стагоддзі нашай эры. Ён лічыў, што ў VІ – VІІІ стст. панаваў рабаўладальніцкі лад, а ў ІХ – ХІІ стст. – феадальны.
У абагульняльных працах, прысвечаных усходнім славянам і выдадзеных па-за межамі Беларусі, не звярталася належная ўвага гісторыі беларускага рэгіёна. Выключэннем з’яўляецца кніга акадэміка М.М.Ціхамірава (1893 – 1965 гг.) «Древняя Русь» (1975 г.). Аўтар адзначаў ідэнтычнасць палітычнага ладу Полацкай зямлі ХІІ ст. палітычнай структуры Вялікага Ноўгарада. Гэтую думку падтрымаў І.Я.Фраянаў.