1. Гістарыяграфія гісторыі...
^ Вверх
1. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі першабытнага перыяду.

Археалагічныя даследаванні ў БССР пасля Вялікай Айчыннай вайны ў асноўным ажыццяўляліся супрацоўнікамі Інстытута гісторыі АН БССР і БДУ па археалагічных перыядах, згодна з класіфікацыяй ЮНЕСКО: 1) палеаліт, мезаліт; 2) неаліт, бронзавы век; 3) жалезны век; 4) сярэднявечча; 5) ХVІІ – ХVІІІ стст.; 6) ХІХ ст.; 7) ХХ ст. Вынікам сталі 30 навуковых працаў: 8 абагульняльнага характару і 22 манаграфіі, а таксама больш за 11 тыс. публікацыяў. Сярод калектыўных працаў вылучаюцца «Очерки по археологии Белоруссии» (1970 – 1972 гг.), «Белорусская археология: достижения археологов за годы Советской власти» (1987 г.) і інш.
Манаграфічныя даследаванні археолагаў маюць сваю спецыфіку: яны прысвечаны аналізу пераважна матэрыяльнай культуры. Даследаванне палеаліту працягваў К.М.Палікарповіч. У 1968 г. ён апублікаваў манаграфію «Палеолит Верхнего Поднепровья», у якой падвёў вынікі вывучэння палеаліту на тэрыторыі Беларусі з 1925 па 1954 гг. Аўтар прааналізаваў помнікі гэтага перыяду, вызначыў асноўныя заняткі насельніцтва, рэканструяваў характар жытла, паказаў зараджэнне мастацтва. Ён выказаў гіпотэзу аб пачатку засялення Беларусі ў мусцьерскую эпоху. Комлекснае ўяўленне аб пачатковым этапе гісторыі Беларусі прадставіла А.Г.Калечыц у кнізе «Первоначальное заселение территории Белоруссии» (1987 г.)
Было даследавана не менш за сотню стаянак мезаліту, якія лакалізуюцца на тэрасах рэк. Выдзелены шэсць археалагічных культураў. Вынікі даследаванняў у межах Беларусі абагульнены ў працах К.М.Палікарповіча, У.Ф.Ісаенкі. Апошні вылучыў тры лакальныя вобласці гэтай эпохі на тэрыторыі Беларусі: верхнедняпроўскую, нёманскую і ніжнедняпроўскую. Таксама даследчык пачаў выдаваць «Археологические карты Белоруссии». Першы выпуск, прысвечаны помнікам каменнага веку, з’явіўся ў 1968 годзе.
Археолагамі вылучаны помнікі сем археалагічных культураў эпохі неаліту: днепра-данецкая культура (першыя помнікі ў Беларусі адкрыў К.М.Палікарповіч, вядома 19 стаянак, даследаваных Ю.У.Кухарэнкам, У.Ф.Ісаенкам і інш.), нёманская культура (выяўлены 113 археалагічных помнікаў, вывучаных польскім археолагам У.Галубовічам, Л.Д.Побалем, М.М.Чарняўскім і інш.), верхнедняпроўская культура (выяўлена і археалагічна даследавана 176 помнікаў К.М.Палікарповічам, І.І.Арцёменкам і інш.), нарвенская культура (даследавана ў Беларусі 15 стаянак М.М.Чарняўскім, Э.М.Зайкоўскім і інш), культура грабенчата-ямкавай керамікі (М.М.Чарняўскі), культура шарападобных амфар (прадстаўлена крэмнездабываючымі шахтамі ля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна, даследавана Н.М.Гурынай, М.М.Чарняўскім і інш.), помнікі тыпу Бабінавічаў (у Беларусі вядома шэсць помнікаў, якія былі даследаваны Н.М.Гурынай, М.М.Чарняўскім, Э.М.Зайкоўскім і інш.).
Міхаіл Міхайлавіч Чарняўскі (1938 – 20013 гг.) нарадзіўся ў в. Круці Мядзельскага раёна, беларускі археолаг. Кандыдат гістарычных навук (1971 г.). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. З 1966 г. навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, з 1990 г. загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства.
М.М.Чарняўскі праводзіў раскопкі помнікаў фінальнага палеаліту, мезаліту і неаліту ў басейнах Нёмана і Віліі, першабытных стаянак на Віцебшчыне, даследаваў нёманскую мезалітычную і нарвенскую неалітычную культуры. У 1979 г. ім была выдадзена манаграфія «Неаліт Беларускага Панямоння», а ў 1981 г. – «Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі».
З археалагічных культур бронзавага веку (IIIII тыс. па VIIVI ст. да н.э.)  тэрытарыяльна-храналагічна выдзелены сярэднедняпроўская культура (І.І.Арцёменка, У.Ф.Ісаенка, М.М.Крывальцэвіч, Л.Д.Побаль, А.Г.Калечыц і інш.), культура палескай шнуравой керамікі (Ю.У.Кухарэнка, У.Ф.Ісаенка, В.С.Вяргей, А.В.Іоў, А.Г.Калечыц, М.М.Крывальцэвіч і інш.), шнуравой керамікі Панямоння (У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі), паўночна-беларуская культура (Э.М.Зайкоўскі, М.М.Чарняўскі) і інш.
У пасляваенны час разгортваюцца шырокія даследаванні помнікаў жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі. Археолагі пачалі вывучэнне культураў гэтага перыяду: мілаградскай і зарубінецкай (П.М.Траццякоў, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, Л.Д.Побаль), штрыхаванай керамікі (А.Р.Мітрафанаў, Ф.Д.Гурэвіч), днепра-дзвінскай (А.Р.Мітрафанаў, Л.В.Аляксееў, Г.В.Штыхаў, В.І.Шадыра).
Леанід Давыдавіч Побаль(1924 – 2004 гг.) нарадзіўся ўв.Мікалаева Іўеўскага раёна, беларускі археолаг. Доктар гістарычных навук (1978 г.), прафесар (1990 г.). Член Міжнароднай уніі славянскай археалогіі, Польскага археалагічнага таварыства, Беларускага таварыства аховы помнікаў. Скончыў БДУ. З 1958 г. супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, з 1970 г. загадчык сектара, з 1980 г. загадчык аддзела археалогіі, у 1986 – 1991 гг. археалогіі першабытнага грамадства.
Л.Д.Побаль даследаваў гісторыю старажытных славян у Еўропе, у прыватнасці помнікі зарубінецкай культуры. У трох манаграфіях «Славянские древности Белоруссии» (1971, 1973, 1974 гг.) ён даказаў пераемнасць зарубінецкіх плямёнаў ад мілаградскіх, іх раннеславянскі характар, ахарактарызаваў працэс пераходу насельніцтва ў селішчы, здабычу жалеза, сувязі насельніцтва з рымскім светам.
У даследаваннях беларускіх археолагаў закранаюцца пытанні першабытнай гісторыі: гаспадарчага жыцця, светапогляду, этнагенезу. Э.М.Загарульскі ў манаграфіі «Древняя история Белоруссии: Очерки этнической истории и материальной культуры (до ІХ в.)» (1977 г.) раскрыў раннюю этнічную гісторыю Беларусі, станаўленне і развіццё гаспадаркі і першабытнай тэхнікі, эвалюцыю жытла і паселішчаў.
Эдуард Міхайлавіч Загарульскі нарадзіўся ў 1928 г. у г.Тула, беларускі археолаг. Доктар гістарычных навук (1984 г.). Скончыў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт. З 1953 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР, з 1962 г. у БДУ. Дэкан гістарычнага факультэта (1986 г.).
Таксама было апублікавана некалькі брашур папулярнага характару з выкарыстаннем этнаграфічнага матэрыялу, якія разлічваліся на шырокае кола чытачоў (Э.М.Загарульскі, У.Ф.Ісаенка, А.Г.Калечыц, М.М.Чарняўскі, Г.В.Штыхаў).
У першым томе «Гісторыі Беларускай ССР» (1972 г.) размешчаны два раздзелы, прысвечаныя дапісьмоваму часу. Іх напісалі У.Д.Будзько, У.Ф.Ісаенка, І.І.Арцёменка, А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль. Аўтары выкарысталі набыткі амаль 15-гадовага пасляваеннага развіцця беларускай археалогіі, прасачылі першапачатковае засяленне Беларусі першабытным чалавекам, яго існаванне ў познепалеалітычны час, заняткі і побыт плямёнаў новакаменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Гістарычны працэс пададзены на фоне развіцця прыроды, з якой першабытны чалавек быў звязаны непасрэдным чынам. Але аўтары яшчэ амаль не вылучаюць мезалітычную эпоху як важны прамежак паміж паляўнічымі ледавіковай эпохі і пазнейшымі земляробамі. Найбольш грунтоўна асветлены жалезны век, што тлумачыцца высокай ступенню даследаванасці яго розных тэрытарыяльных і храналагічных перыядаў. 
Археолагі даказалі, што ў каменным і бронзавым вяках на тэрыторыі Беларусі сфармавалася даіндаеўрапейскае насельніцтва, а ў ХХІІІ ст. да н.э. прыйшла магутная хваля індаеўрапейцаў. Тым самым даследчыкі адмовіліся ад канцэпцыі М.Я.Мара, дамінаваўшай у даваеннай гістарыяграфіі.
Археалагічныя даследаванні паставілі пытанне аб этнагенезе беларусаў. Пасля Другой сусветнай вайны ў савецкай гістарыяграфіі замацавалася канцэпцыя «панславізма», актыўным прапагандыстам якой выступаў У.І.Пічэта. Па яго ініцыятыве ў Маскве летам 1947 г. быў арганізаваны Інстытут славяназнаўства і балканістыкі АН СССР. Пічэта падкрэсліваў славянскую місію ў Еўропе, а таксама гістарычную еднасць трох народаў: рускага, украінскага і беларускага. Яшчэ ў курсе лекцыяў «История белорусского народа» (1918 г.) гісторык лічыў славян аўтахтонным насельніцтвам Еўропы, а іх прарадзіму лакалізаваў ва Усходняй Еўропе. На яго думку, пад націскам готаў і гунаў славяне пачалі рухацца на поўнач, да Верхняга Падняпроўя і Падзвіння. Тэрыторыя Беларусі была занята крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі і нават драўлянамі. Апошніх ён размяшчаў у басейне Беразіны. Аснову «беларускага племені» У.І.Пічэта звязваў з крывічамі і дрыгавічамі, лічыў, што беларуская народнасць сфармавалася ўжо ў ХІІІ ст.
А.П.П’янкоў у манаграфіі «Паходжанне беларускага народа» (1948 г.) на падставе разнастайных крыніцаў стварыў этналагічную ўсходнеславянскую тапаграфію, паказаў рассяленне ўсходніх славян, моўную і культурную еднасць Старажытнарускай дзяржавы, раскрыў працэс фармавання старажытнарускай народнасці.
У 60-я гг. з’яўляецца праца М.Я.Грынблата «Белорусы. Очерк происхождения и этнической истории» (1968 г.). Аўтар упершыню ў беларускай гістарыяграфіі аб’яднаў археалагічныя, антрапалагічныя, гістарычныя і філалагічныя даследаванні, прапанаваў канцэпцыю этнагенезу беларусаў, якая была дамінуючай у пасляваенны перыяд. VІ – VІІІ стст. – гэта рассяленне ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі, ІХ – ХІІІ стст. – перыяд старажытнарускай народнасці, ХІV – ХVІ стст. – фарміраванне беларускай народнасці, ХVІІ – канец ХVІІІ ст. – перыяд далейшага развіцця беларускай народнасці, канец ХVІІІ ст. – да 1861 г. – складванне перадумоў беларускай нацыі.
 Пазіцыя М.Я.Грынблата некалькі адрознівалася ад аўтара канцэпцыі старажытнарускай народнасці С.А.Токарава. Беларускі даследчык адмаўляў пераемнасць усходнеславянскіх плямёнаў з сучаснымі народамі. Таксама ён не прызнаваў уплыву «балцкага субстрата», канцэпцыю якога ў 1967 г. прапанаваў археолаг В.В.Сядоў.
Тэорыя субстратнага паходжання беларусаў ім прадстаўлена ў манаграфіях «Происхождение и ранняя история славян» (1979 г.), «Восточные славяне в VІ – ХІІІ вв.» (1982 г.). Ён лічыў, што ў выніку славянізацыі балцкага насельніцтва і змяшання з ім славян адбылося аддзяленне часткі ўсходнеславянскай народнасці. Гэта прывяло да станаўлення беларускай лінгваэтнічнай супольнасці, якая аформілася ў VІІІ – ХІІ ст. і папярэднічала беларускай народнасці.
Наступным крокам у вывучэнні праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў стала даследаванне «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985 г.), падрыхтаванае калектывам аўтараў (В.К.Бандарчык, І.У.Чаквін, П.У.Церашковіч, Г.І.Каспяровіч). У манаграфіі прадстаўлены гістарыяграфічны агляд, раскрыты працэс фармавання беларускай народнасці і беларускай нацыі.
У 1991 г. дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР М.Ф.Піліпенка апублікаваў даследаванне «Возникновение Белоруссии: новая концепция», у якім прапанаваў уласны погляд на этнагенез беларусаў. Аўтар лічыў, што крывічы, дрыгавічы і радзімічы прынялі ўдзел у фармаванні «этнічнага ўтварэння – агульнаўсходнеславянскай народнасці» або «Русі». Ён не прыняў тэорыю «балцкага субстрата» Сядова і «крывічскую» тэорыю Ластоўскага, падзверг крытыцы М.І.Ермаловіча, які лічыў палачан асобным этнічным фармаваннем у выніку змешвання крывічоў, дрыгавічоў і балтаў – «першай па часе мадэллю беларусаў».