6. Этапы гістарыяграфіі
^ Вверх
6. Этапы гістарыяграфіі Вялікай Айчыннай вайны.

У пасляваенны перыяд у айчыннай
i сусветнай гістарыяграфіі з’явілася больш за 10 тыс. прац, прысвечаных гісторыі Белаpyci перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Пераважна яны датычацца баявых дзеянняў Чырвонай Арміі падчас абарончых баёў 1941 г. i наступальных аперацыяў 1943-1944 гг., стварэння i дзейнасці партызанскіх фарміраванняў, зараджэння i развіцця падполля ў населеных пунктах, кіруючай і арганізуючай ролі падпольных партыйных і камсамольскіх органаў, масава-палітычнай i прапагандысцкай працы ў тыле ворага, пытанням акупацыйнага рэжыму, палітыцы генацыду супраць насельніцтва Беларусі. У навуковы абарот уведзена шмат архіўных крыніцаў, выдадзены тэматычныя зборнікі дакументаў і матэрыялаў, сотні мемуараў  удзельнікаў вайны, абаронены больш за сто доктарскіх і кандыдацкіх дысертацыяў, выдадзены фундаментальныя абагульняльныя працы. У 2005 г. завяршылася выданне кніг серыі гісторыка-дакументальных хронік «Памяць». Склаўся самастойны кірунак – гістарыяграфія гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
А.М.Літвін вылучае два асноўныя перыяды вывучэння гісторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны: савецкі і сучасны. Першы перыяд ён вызначае з чэрвеня 1941 г. па канец 1991 г. і падязляе яго на тры этапы.
 Першы (ваенны; чэрвень 1941 г. – канец вайны) – зараджэнне літаратуры, першыя крокі ў арганізацыі навуковых даследаванняў, пачатак збору дакументальных крыніцаў, фармаванне архіўных фондаў. У гады вайны гісторыкі, журналісты, партыйныя і савецкія работнікі Беларусі ў сваіх артыкулах, брашурах апавядалі пра падзеі на франтах, у савецкім тыле і на акупаванай ворагам тэрыторыі (публікацыі П.К.Панамарэнкі «Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну» (1943 г.), Ц.С.Гарбунова «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца!» (1943 г.), М.В.Зімяніна «Моладзь Беларусі змагаецца» (1942 г.), выступленні кіраўнікоў партызанскага руху Ц.П.Бумажкова, П.З.Калініна, В.І.Казлова і інш. Летам 1942 г. была створана Камісія па гісторыі Айчыннай вайны пры ЦК КП(б)Б  і Надзвычайная Дзяржаўная Камісія па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Другі этап (пасляваенны; другая палова 40 – канец 50-х гг.) – этап далейшага назапашвання дакументальнага матэрыялу, першых спробаў навуковага асэнсавання асобных пытанняў барацьбы насельніцтва Беларусі. Выйшлі працы Л.Ф.Цанавы «Усенародная партызанская вайна ў Беларусі супраць фашысцкіх захопнікаў» (ч..1, 1949 г.; ч..2, 1951 г.), І.С.Краўчанкі «Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (1950 г.) і «Работа Кампартыі ў тыле ворага (1941 –  1944 гг.)» (1959 г.), П.П.Ліпілы «КПБ – арганізатар і кіраўнік партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (1959 г.), шэраг зборнікаў дакументаў і матэрыялаў, успамінаў удзельнікаў барацьбы, якія паклалі пачатак паглыбленаму вывучэнню партыйнага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. На гэтым этапе значна пашырыліся магчымасці для працы з дакументамі ваенных гадоў, былі створаны першыя навуковыя падраздзяленні ў вывучэнні гісторыі вайны ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ і ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Літаратура і навуковыя дысертацыі першага пасляваеннага дзесяцігоддзя ў большасці не мелі абагульняльнага характару, бо кіраўніцтва рэспублікі лічыла, што гісторыю вайны павінны найперш напісаць яе кіраўнікі. Згодна з прынятай 3 ліпеня 1946 г. пастановай ЦК КП(б)Б «Аб збіранні, распрацоўцы і выданні дакументаў і матэрыялаў аб рабоце партыйных арганізацый КП(б)Б і партызанскага руху ў Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну 1941 – 1945 гг.» быў зацверджаны спіс з 38 асобаў, якія павінны былі падрыхтаваць да выдання свае кнігі. Для працаў абодвух этапаў характэрны неабгрунтаванае засакрэчванне архіўных крыніцаў, абмежаваны доступ да іх выкарыстання, жорсткі ідэалагічны кантроль.
Трэці этап (канец 50-х гг. – 1991 г.) – найбольш прадуктыўны ў вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Многія яе аспекты атрымалі грунтоўнае асвятленне (кіруючая роля КПСС і асобныя пытанні акупацыйнага рэжыму, падпольная і партызанская барацьба, дапамога савецкага тылу партызанам, ідэйная і масава-палітычная праца савецкага падполля, жыццё і дзейнасць насельніцтва ў партызанскіх зонах і інш.). Гэта працы Р.Ц.Аблавай, Г.І.Аляхновіч, Л.В.Аржаевай, К.М.Гоцман, С.К.Грабоўскага, У.І.Гуленкі, В.С.Давыдавай, Б.Дз.Далгатовіча, К.І.Дамарада, І.М.Ігнаценкі, А.І.Залескага, А.Л.Манаенкава, А.М.Мацко, В.К.Кісялёва, Г.Дз.Кнацько, П.М.Кобрынца, А.А.Кузняева, Г.П.Купрэевай, У.І.Кузьменкі, Р.Р.Кручка, В.С.Лазебнікава, У.І.Лемяшонка, А.М.Літвіна, С.В.Марцэлева, А.Д.Цітова, А.А.Тозіка, У.С.Пасэ, В.П.Паўлава, Я.С.Паўлава, П.С.Паўлаўца, В.П.Раманоўскага, С.У.Сілавай, А.В.Сямёнавай, Г.М.Шавялы, А.Ф.Хацкевіча, А.А.Фактаровіча, А.А.Філімонава, Э.Ф.Языковіч, М.А.Якубоўскага і інш. Але шэраг пытанняў заставаўся па-за полем зроку даследчыкаў (асобныя пытанні акупацыйнага рэжыму, праблема калабарацыянізму, супрацоўніцтва і здрадніцтва, узаемаадносіны партызан і мясцовага насельніцтва, роля царквы і канфесіяў у жыцці народа ў ваенныя гады, трагедыя яўрэйскага насельніцтва, дзейнасць Арміі Краёвай, палітычныя рэпрэсіі, ваеннапалонныя і г.д.).