4. Гістарыяграфія... капіталізму.
^ Вверх
4. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі перыяду капіталізму.

У пасляваенны перыяд актывізуецца даследаванне праблемаў гісторыі Беларусі эпохі капіталізму. Асноўная ўвага беларускіх гісторыкаў была засяроджана на вывучэнні рэформы 1861 г., паўстання 1863 г., працэсу станаўлення буржуазнага грамадства, рэвалюцыйнага і грамадска-палітычнага руху, узнікнення і дзейнасці партыі бальшавікоў, падзеяў першай і другой расійскіх рэвалюцыяў на тэрыторыі Беларусі.
Даследаваннем пытанняў падрыхтоўкі і рэалізацыі рэформы 1861 г. у Беларусі займаліся А.В.Палонскі, А.Т.Караткевіч, М.Ф.Шпакаў і інш. Найбольш поўна яны прадстаўлены ў манаграфіях П.А.Заянчкоўскага і М.Б.Фрыдман. У манаграфіі П.А.Заянчкоўскага «Проведение в жизнь крестьянской реформы 1861 г.» (1958 г.), прысвечанай рэалізацыі рэформы 1861 г. у Расійскай імперыі, выдзелена спецыяльная глава аб яе ажыццяўленні ў Беларусі, Літве і на Правабярэжнай Украіне.
У працы М.Б.Фрыдман «Отмена крепостного права в Белоруссии» (1958 г.) разгледжаны перадумовы адмены прыгоннага права, падрыхтоўка рэформы,  прааналізаваны дакументы, на падставе якіх ажыццяўлялася рэформа. Апошняя глава манаграфіі прысвечана рэалізацыі «Палажэнняў ад 19 лютага 1861 г.». У ёй раскрыты працэс падпісання устаўных граматаў, стварэнне органаў сялянскага самакіравання і органаў кантролю за ажыццяўленнем рэформы на месцах, сялянскі рух у 1861 – 1863 гг., змены ў заканадаўстве, якія былі прыняты ўрадам у беларускіх губернях у сувязі з паўстаннем 1863 г.
Аграрныя адносіны ў Беларусі ў парэформенны перыяд даследавалі К.I.Шабуня, А.I.Кажушкоў, Л.П.Ліпінскі, У.П.Панюціч, П.Д.Верашчагін, X.Ю.Бейлькін і інш. Вялікі ўклад у распрацоўку гісторыі аграрных адносінаў у Беларусі на мяжы XIX – XX стст. унёс К.I.Шабуня ў манаграфіі «Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905 – 1907 гг.» (1962 г.).
Канстанцін Іванавіч Шабуня (1912 – 1984 гг.), беларускі гісторык. Член-карэспандэнт АН БССР (1969 г.), доктар гістарычных навук (1964 г.), прафесар (1966 г.). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. У 1940 – 1941 гг. выкладчык БДУ. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1946 – 1947 гг. старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, у 1948 – 1956 гг. кансультант, загадчык сектара, намеснік загадчыка аддзела ЦК КПБ. З 1956 г. загадчык сектара публікацыяў, гісторыі Беларусі дасавецкага грамадства Інстытута гісторыі АН БССР. Адначасова ў 1946 – 1972 гг. выкладаў у ВНУ Мінска.
Гэтая работа стала асновай для наступных даследаванняў аграрнай і сялянскай гісторыі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Аўтар прааналізаваў развіццё землеўладання на беларускіх землях, стан памешчыцкай і сялянскай гаспадаркі, маёмасную дыферэнцыяцыю сялянства і сялянскі рух у часы першай рускай рэвалюцыі.
У працы А.I.Кажушкова «Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии во второй половине XIX в.» (1963 г.) прасочваецца развіццё капіталістычных адносінаў у памешчыцкай і сялянскай гаспадарках Беларусі ў парэформенны перыяд: спецыялізацыя памешчыцкіх гаспадарак, іх рыначныя сувязі, формы найму працоўнай сілы, кааперацыя сялянства і інш. З прычыны невялікага аб’ёму манаграфіі і недастатковасці фактычнага матэрыялу гэтыя пытанні раскрыты няпоўна.
Эвалюцыя капіталістычных адносінаў у парэформеннай вёсцы даследавана ў манаграфіі Л.П.Ліпінскага «Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.)» (1971 г.).
Леанід Паўлавіч Ліпінскі (1921 – 1982 гг.), беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1975 г.), прафесар (1974 г.). Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. У 1948 – 1949 гг. намеснік дырэктара Цэнтральнага дзяржаўнага архіва ў Мінску. З 1952 г. супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, з 1966 г. у Беларускім політэхнічным інстытуце.
Развіццё аграрных адносінаў разглядаецца ім у трох аспектах: эвалюцыя землеўладання і землекарыстання, памешчыцкая гаспадарка, сялянская гаспадарка. Прааналізавана эканамічная арганізацыя памешчыцкіх гаспадарак, выкарыстанне ў іх машынаў, развіццё гандлёвага земляробства, прамысловага прадпрымальніцтва, ляснога гандлю, разлажэнне сялянства, развіццё гандлёвага земляробства ў сялянскай гаспадарцы, прыгонніцкія перажыткі ў вёсцы і становішча ўсіх саслоўных катэгорыяў сельскага насельніцтва. Аўтар параўноўваў статыстыку прыватнаўласніцкага землеўладання па перапісах 1877 і 1905 гг. Але іх паказчыкі несупастаўляльныя, таму высновы не заўсёды дакладна адлюстроўвалі стан беларускай вёскі.
Пытанні аграрнага перанасялення і адыходніцтва ў беларускай вёсцы даследаваліся ў манаграфіі В.П.Панюціча «Из истории формирования пролетариата Белоруссии, 1861 – 1914 гг.» (1969 г.).
Вячаслаў Паўлавіч Панюціч нарадзіўся ў 1932 г. у в.Осаўцы Бярозаўскага раёна, беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1991 г.). Скончыў БДУ. З 1962 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР. Даследуе аграрную гісторыю Беларусі другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст.
Аўтар раскрыў класавую дыферэнцыяцыю беларускага сялянства і збядненне яго асноўнай масы як перадумовы ўзнікнення арміі «лішняй» рабочай сілы ў вёсцы. Вызначаны прычыны аграрнай перанаселенасці вёскі, яе ўзровень і спецыфіка ў розных раёнах Беларусі, паказаны памеры, характар і кірункі адыходніцтва, яго роля ў фармаванні прамысловага і сельскагаспадарчага пралетарыяту.
Міграцыя сялян, яе прычыны і дынаміка атрымалі асвятленне ў манаграфіі В.Д.Верашчагіна «Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.)» (1978 г.). Аўтар прасачыў сувязь сялянскіх перасяленняў з развіццём капіталізму, паказаў працэс пашырэння капіталізму ўглыб у раёнах выхаду перасяленцаў, разглядзеў перасяленцкую палітыку царызму. Аднак недастаткова раскрыта сувязь перасяленняў сялян з парэформеннымі аграрнымі адносінамі.
Л.П.Ліпінскі ў манаграфіі «Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии» (1978 г.) раскрыў перадумовы рэформы і яе ажыццяўленне ў Беларусі, прасачыў працэс хутарызацыі, разбурэння сялянскай абшчыны і разарэння асноўнай масы сялянства з мэтай стварэння шырокай сацыяльнай апоры царызму ў асобе заможнага сялянства пры захаванні памешчыцкага землеўладання. Аўтар паказаў уплыў рэформы на далейшае развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы, адзначыў у адпаведнасці з традыцыяй савецкай гістарыяграфіі крах аграрнай палітыкі царызму ў пачатку XX ст.
У манаграфіі В.П.Панюціча «Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861 – 1900 гг.» (1990 г.) на падставе вялікай колькасці крыніцаў праведзены глыбокі аналіз агульнага і саслоўнага складу сялянства да і пасля рэформы, прасочана яго дынаміка па губернях з 1858 па 1897 гг., прааналізаваны прычыны і ўмовы, якія аказалі ўплыў на павелічэнне яго колькасці, даследаваны структура і склад сялянскіх сем’яў, міграцыйныя працэсы, звязаныя з адыходніцтвам, перасяленнем у Сібір, уздзеянне на гэтыя працэсы палітыкі царызму, стан пісьменнасці і нацыянальны склад сялянскага насельніцтва. Шмат увагі аўтар надаў аналізу функцыяў сялянскай абшчыны.
Манаграфія X.Ю.Бейлькіна «Сельскохозяйственный рынок Белоруссии. 1861 – 1914 гг.» (1989 г.) прысвечана перадумовам фармавання збожжавага рынку і рынкаў нязбожжавых культураў, гандлю таварамі жывёлагадоўлі, развіццю арганізацыйных формаў гандлю. Усе гэтыя пытанні разглядаюцца па перыядах: 60 – 70-я, 80 – 90-я гг., канец XIX – пачатак XX ст. (да пачатку Першай сусветнай вайны). Глыбокае даследаванне гэтых праблем, іх параўнальны аналіз дазволілі аўтару зрабіць выснову, што галоўнымі  перадумовамі развіцця сельскагаспадарчага рынку ў парэформеннай Беларусі былі рост прамысловасці, гарадскога насельніцтва, чыгуначнае будаўніцтва, класавае расслаенне вёскі, фармаванне арміі наёмных сельскагаспадарчых рабочых. Пазітыўнае ўздзеянне на развіццё сельскагаспадарчага рынку аказала тэрытарыяльная блізкасць яго ад найважнейшых прамысловых і гандлёвых цэнтраў Расіі (Рыга, Лібава, Масква, Пецярбург, Варшава). Беларусь з’яўлялася складальнай часткай сусветнага аграрнага рынку.
Значныя поспехі былі дасягнуты ў даследаванні праблемаў развіцця капіталізму ў эканоміцы Беларусі пачатку XX ст. У калектыўнай працы «Экономика Белоруссии в эпоху империализма (1900 – 1917 гг.)» (1963 г.) паказана не толькі панаванне капіталістычных адносінаў у прамысловасці, гандлі, банкаўскай справе, але і складванне ў пачатку XX ст. манапалістычнага капіталізму. Праўда, да сярэдзіны 60-х гг. у савецкай гістарыяграфіі дамінавала думка аб каланіяльным становішчы Беларусі ў складзе Расійскай імперыі.
3.Е.Абезгаўз упрацах «Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во второй половине XIX в.» (1971 г.) і «Рабочий класс Белоруссии в начале XX в. (1900 – 1913 гг.)» (1977 г.) прааналізаваў тры стадыі развіцця капіталізму ў прамысловасці Беларусі (дробнатаварная вытворчасць, мануфактура, фабрыка), паказаў суадносіны паміж імі ў найважнейшых сферах вытворчасці, галіновую структуру і тэрытарыяльнае размяшчэнне прамысловасці, крыніцы фармавання рабочага класа, яго колькасць, прафесійны, нацыянальны і ўзроставы склад, эканамічнае і палітычнае становішча, пачатковы этап фармавання сацыялістычнай ідэалогіі.
У канцы 50 – пачатку 60-х гг. актывізавалася вывучэнне паўстання 1863 г. у Польшчы, Літве і Беларусі. Выйшлі кнігі А.П.Смірнова «Кастусь Калиновский в восстании 1863 г.» (1959 г.), «Сигизмунд Сераковский» (1959 г.), «Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии» (1963 г.), Г.В.Кісялёва «Сейбіты вечнага» (1963 г.), «З думай пра Беларусь» (1966 г.), некалькі зборнікаў артыкулаў і іншыя публікацыі. У сувязі са стагоддзем паўстання быў выдадзены двухтомавы зборнік дакументаў і матэрыялаў, у падрыхтоўцы якога прымалі актыўны ўдзел гісторыкі Беларусі. Найважнейшым пытаннем у ацэнцы гэтай праблемы было вызначэнне класавага характару паўстання, рухальных сілаў, стаўлення да яго сялянства. У папярэдняй літаратуры выказывалася думка аб сялянскім характары паўстання, але С.М.Байкова (Самбук), В.А.Дз’якаў, І.І.Касцюшка, I.С.Міллер даказалі, што галоўнай рухальнай сілай паўстання з’яўлялася беззямельная і малазямельная шляхта, блізкая па сваім сацыяльнам становішчы да разначынцаў, змяніўшых дваранскіх рэвалюцыянераў. Характар паўстання стаў падавацца буржуазна-дэмакратычным.
А.П.Смірноў прызнаў і станоўча ацаніў пастаноўку К.Каліноўскім пытання аб стварэнні самастойнай Літоўска-Беларускай рэспублікі. Але ў 60-я гг. шэраг даследчыкаў выказалі сумнеў у наяўнасці ў паўстанні рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні. Нават у другім томе «Гісторыі Беларускай ССР» (1972 г.) пазіцыя рэвалюцыянераў-дэмакратаў па нацыянальным пытанні не ўзгадвалася.
Рух народнікаў у 70 – пачатку 80-х гг. атрымаў асвятленне ў манаграфіях С.М.Самбук «Революционные народники Белоруссии (70-е – начало 80-х гг. XIX в.)» (1972 г.) і М.Б.Ласінскага «Революционно-демократическое движение в Белоруссии. 1870 – 1884» (1983 г.). Самбук раскрыла сялянскую, рэвалюцыйна-дэмакратычную сутнасць народніцкай ідэалогіі, паказала мясцовыя народніцкія гурткі і арганізацыі, іх сацыяльны склад, сувязі з расійскімі і польскімі рэвалюцыянерамі. Ласінскі на падставе архіўных і  апублікаваных матэрыялаў прасачыў асноўныя этапы развіцця народніцкага руху ў Беларусі. Аўтар паказаў заканамернасць упадку народніцкай і зараджэння сацыял-дэмакратычнай ідэалогіі, прыйшоў да высновы, што рэвалюцыйнае народніцтва ў Беларусі з’яўлялася складальнай часткай агульнарасійскага рэвалюцыйнага руху.
Распаўсюджанне марксізму ў Беларусі знайшло адлюстраванне ў манаграфіях У.I.Салашэнкі «Из истории распространения марксизма в Белоруссии (1883 – 1904 гг.)» (1963 г.), «От народничества к марксизму: Распространение марксизма и образование социал-демократических организаций в Белоруссии» (1971 г.) і М.В.Біча «Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883 – 1903 гг.» (1973 г.). У іх раскрыты прычыны крызісу народніцкай ідэалогіі, прасочваюцца шляхі пранікнення і распаўсюджання ідэяў марксізму, узнікненне і дзейнасць першых сацыял-дэмакратычных і сацыялістычных партыяў, крызіс у мясцовым сацыял-дэмакратычным руху, раскол яго на меншавікоў і бальшавікоў.
Вялікае значэнне для разумення грамадска-палітычнага руху ў Беларусі ў другой палове XIX ст. адыграла манаграфія С.М.Самбук «Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине  XIX в. (по материалам периодической печати)» (1976 г.). У ёй раскрыты пазіцыі дваранска-манархічнага, ліберальна-буржуазнага і рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірункаў у грамадска-палітычнай думцы Беларусі ў другой палове XIX ст. па найважнейшых праблемах таго часу – стаўленні да самадзяржаўя і рэвалюцыі, аграрным, рабочым і нацыянальным пытаннях. Аўтар лічыла лібералізм разнавіднасцю буржуазнай ідэалогіі, якая не пакінула значнага следу ў айчыннай гісторыі. Кансерватызм разглядаўся ў рамках палітыкі царызму на тэрыторыі Беларусі.
Барацьба беларускага сялянства за зямлю атрымала асвятленне ў манаграфіях Л.П.Ліпінскага і Е.П.Лукянава «Крестьянское движение в Белорусии в период между двумя революциями (июнь 1907 – февраль 1917 г.» (1964 г.) і Л.П.Ліпінскага «Крестьянское движение в Белоруссии в 1914 – 1917 гг.» (1975 г.). У іх асвятляецца роля аграрнага пытання ў сацыяльных супярэчнасцях міжрэвалюцыйнага перыяду, паказана развіццё і суадносіны двух сацыяльных войнаў у беларускай вёсцы, формы барацьбы сялян з памешчыкамі і сельскай буржуазіяй, дзейнасць партыі бальшавікоў у вёсцы.
Першым манаграфічным даследаваннем рабочага руху ў Беларусі ў эпоху капіталізму была кніга А.I.Воранавай «Рабочы рух у Беларусі напярэдадні і ў перыяд рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.» (1960 г.). Аўтар упершыню прадпрыняла спробу скласці статыстыку стачак рабочых Беларусі ў 1870 – 1907 гг. Але з гэтай задачай аўтар не справілася. Яна не ўлічыла нават тыя стачкі, звесткі аб якіх былі апублікаваны ў зборніках дакументаў.
Гэты недахоп выправіў М.В.Біч у манаграфіі «Рабочее движение в Белоруссии в 1861 – 1904 гг.» (1983 г.). Ён раскрыў перадумовы рабочага руху, колькасць, склад і сацыяльна-эканамічнае становішча прамысловых рабочых, асноўныя кірункі, формы і характар іх барацьбы, прывёў статыстыку стачак, дэманстрацыяў, мітынгаў і маніфестацыяў рабочых.
Да працаў, прысвечаных гісторыі рэвалюцыйнага і грамадска-палітычнага руху ў Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст., прымыкае манаграфія акадэміка I.М.Ігнаценкі «Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя на Беларусі» (1986 г.), выдадзеная напярэдадні 70-годдзя рэвалюцыі.
Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка (1919 – 2003 гг.), беларускі гісторык, акадэмік АН Беларусі (1974 г.), доктар гістарычных навук (1965 г.), прафесар (1966 г.). Скончыў пракурорскія курсы ў Ленінградзе, Гомельскі педагагічны інстытут. У 1939 – 1947 гг. служыў у ВМФ. У 1948 – 1950 гг. пракурор г.Гомеля, у 1953 – 1955 гг., 1956 – 1966 гг. у БДУ, у 1958 – 1960 гг. сакратар Мінскага гаркама КПБ. У 1966 – 1969 гг., 1975 – 1980 гг. дырэктар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. У 1969 – 1975 гг. дырэктар, з 1980 г. загадчык аддзела, а з 1991 г. галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН Беларусі.
І.М.Ігнаценка даследаваў рост рабочага і сялянскага руху напярэдадні рэвалюцыі, паказаў пачатак, развіццё і перамогу рэвалюцыі ў Петраградзе, у гарадах і вёсках Беларусі і на Заходнім фронце, яе ўплыў на беларускі нацыянальны рух, спецыфічныя ўмовы і асаблівасці яе ажыццяўлення.
На думку аўтара, сама па сабе ўзятая лакальна сітуацыя на Беларусі не з’яўлялася рэвалюцыйнай. Аднак у агульнарасійскім кантэксце, пры рэзкім пагаршэнні ўмоваў жыцця і пад знешнім уздзеяннем, яна магла перарасці ў рэвалюцыйную, што адбылося ў мяккіх формах – у лютым, у вострых – у кастрычніку 1917 г. Пры гэтым вырашальным фактарам з’явіўся Заходні фронт, пераўтварэнню якога ў трэці рэвалюцыйны цэнтр у Расійскай імперыі даследчык аддае асаблівую ўвагу.
Па сутнасці, праца І.М.Ігнаценкі з’яўляецца першай абагульняльнай працай у беларускай гістарыяграфіі, у якой комплексна разгледжана гісторыя Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1917 г. у Беларусі.