3. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі феадальнага перыяду.
У савецкай гістарыяграфіі ўстанавіліся шаблонныя схемы гістарычнага працэсу ў Беларусі, якія ў значнай ступені былі заснаваны на пазіцыях расійскай дваранска-клерыкальнай гістарыяграфіі ХІХ ст. Навуковыя распрацоўкі гісторыі Беларусі феадальнай эпохі змясціліся галоўным чынам ў сферы сацыяльна-эканамічнай, часткова этнагістарычнай, знешнепалітычнай, культуралагічнай тэматыцы.
У савецкай гістарыяграфіі ўстанавіліся шаблонныя схемы гістарычнага працэсу ў Беларусі, якія ў значнай ступені былі заснаваны на пазіцыях расійскай дваранска-клерыкальнай гістарыяграфіі ХІХ ст. Навуковыя распрацоўкі гісторыі Беларусі феадальнай эпохі змясціліся галоўным чынам ў сферы сацыяльна-эканамічнай, часткова этнагістарычнай, знешнепалітычнай, культуралагічнай тэматыцы.
Канцэптуальныя погляды афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі 60 – 80-х гг. без асаблівых зменаў падаваліся ў абагульняльных акадэмічных выданнях. Адносна аб’ектыўным з далучэннем новых матэрыялаў быў першы том шасцітомавай «Гісторыі Беларускай ССР» (1972 г.). Праўда, гісторыі Беларусі са старажытных часоў да адмены прыгоннага права ў 1861 г. было адведзена менш чвэрці агульнага аб’ёму выдання, а часоў ВКЛ да канца ХVІ ст. – менш 5 %.
Грунтоўнай для свайго часу працай была манаграфія У.Ц.Пашуты «Возникновение Литовского государства» (1959 г.). Аўтар выкарыстаў шматлікія гістарычныя крыніцы і правёў грунтоўны гістарыяграфічны аналіз праблемы. На думку А.К.Краўцэвіча, канцэпцыя генезіса ВКЛ, прапанаваная У.Ц.Пашутам, супадала з пазіцыяй польскіх даследчыкаў. Вялікае княства Літоўскае лічылася літоўскай па характары дзяржавай, а сярэдневяковая Літва атаясамлялася з сучаснай Літвой, г.зн. «ВКЛ – прадукт унутранай эвалюцыі Літвы». Пашута вылучыў тры фазы ўтварэння ВКЛ: канфедэрацыя земляў, саюз літоўскіх земляў на чале з князямі Аўкштайтыі, раннефеадальная манархія. На гэтым фоне адбыўся захоп беларускіх земляў літоўскімі феадаламі. Канцэпцыя У.Ц.Пашуты вызначала пазіцыю айчынных гісторыкаў да канца 80-х гг. ХХ ст.
У вывучэнні эпохі феадалізму дамінавала сацыяльна-эканамічная праблематыка. Галоўная ўвага гісторыкаў была накіравана на вывучэнне аграрных адносінаў, феадальнага горада, класавай барацьбы, разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы і зараджэння капіталістычных адносінаў.
Аграрная праблематыка знайшла сваё адлюстраванне ў працах Д.Л.Пахілевіча, П.Р.Казлоўскага, В.І.Мялешкі.
Дзмітрый Леанідавіч Пахілевіч (1897 – 1974 гг.), украінскі гісторык. Доктар гістарычных навук (1951 г.), прафесар (1953 г.). Скончыў Кіеўскі інстытут народнай асветы. У 1921 – 1945 гг. працаваў у ВНУ УССР і РСФСР. З 1946 г. у Львоўскім універсітэце.
На падставе інвентароў каралеўскіх эканоміяў Д.Л.Пахілевіч раскрыў эвалюцыю памеснай і сялянскай гаспадаркі ў ХVІ – ХVІІІ стст., паказаў замену адпрацовачнай рэнты грашовай пасля войнаў сярэдзіны ХVІІ ст. як сродка аднаўлення гаспадарчага жыцця, вяртанне да фальваркова-паншчыннай сістэмы ў 40-я гг. ХVІІІ ст. У сваіх працах «Крестьяне Белоруссии и Литвы в ХVІ – ХVІІІ вв.» (1957 г.), «Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине ХVІІІ в.» (1966 г.) гісторык прааналізаваў рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста (1557 г.) і Антонія Тызенгаўза (1765 г.), раскрыў катэгорыі сялянства, выступіў супраць канцэпцыі аб прагрэсіруючым заняпадзе Беларусі ў другой палове ХVІІІ ст.
Павел Рыгоравіч Казлоўскі (1911 – 1996 гг.), беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1974 г.). Скончыў БДУ. З 1957 па 1986 гг. працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР. Аўтар прац па гісторыі сялянства, крыніцазнаўству і дэмаграфіі беларускай вёскі.
Манаграфія П.Р.Казлоўскага «Крестьяне Белоруссии во второй половине ХVІI – ХVІII в.» (1969 г.) стала першым у беларускай гістарыяграфіі даследаваннем сялянства вотчынных магнацкіх уладанняў. Аўтар прасачыў развіццё вытворчых сіл вёскі (колькасць насельніцтва, развіццё земляробства, жывёлагадоўлі і інш.), з дапамогай статыстычнай апрацоўкі архіўных дадзеных пацвердзіў выснову Д.Л.Пахілевіча аб заняпадзе эканамічнага жыцця ў другой палове ХVІI – пачатку ХVІII ст. і эканамічным уздыме ў другой палове ХVІII ст.
Асобная ўвага была звернута на развіццё таварна-грашовых адносін у другой палове ХVІIІ ст., на працэс класавай дыферэнцыяцыі сялянства, генезіс капіталізму ў беларускай вёсцы. П.Р.Казлоўскі ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі звязаў эвалюцыю феадальнай рэнты са зменай структуры сялянскага надзела, вызначыў долю грашовых плацяжоў сялян заходняй часткі Беларусі ў другой палове ХVІII ст., якая традыцыйна лічылася рэгіёнам поўнага панавання паншчыны.
У працах «Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине ХVІII в.» (1974 г.), «Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII – первой половине XIX в.» (1982 г.) гісторык на падставе інвентароў, справаздачаў эканомаў і ўпраўляючых, рэестраў збору збожжа, касавых кніг і іншых крыніц даследаваў гаспадарку буйных землеўладальнікаў, якія займалі 46 % прыватнаўласніцкіх земляў на захадзе і ў цэнтры Беларусі. Ён паказаў развіццё ўнутранага рынку пад уплывам росту попыту на сельгаспрадукцыю ў Заходняй Еўропе, вызначыў спецыялізацыю магнацкіх латыфундыяў.
Казлоўскі абвергнуў канцэпцыю прагрэсіруючага пагаршэння становішча сялян у перыяд феадалізму і тэзіс аб тым, што селянін з’яўляўся толькі карыстальнікам зямлі.
Васіль Іванавіч Мялешка (1921 – 2004 гг.) нарадзіўся ў г.Томску, гісторык. Доктар гістарычных навук (1972 г.), прафесар (1990 г.). Скончыў БДУ. У 1956 – 1991 гг. у Інстытуце гісторыі АН БССР, загадчык аддзела гісторыі Беларусі эпохі феадалізму. У 1987 г. старшыня камісіі Акадэміі навук па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства Беларусі.
У працы «Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина ХVІI – ХVІII вв.)» (1975 г.) Мялешка вызначыў асаблівасці аграрнай гісторыі ўсходняй часткі Беларусі. Ён паказаў аднатыпнасць структуры феадальнай уласнасці (дамінаванне шляхецкай уласнасці), гандлёвыя сувязі феадальнага маёнтка і сялянскай гаспадаркі з рынкам, глыбокае пранікненне таварна-грашовых адносінаў у сельскую гаспадарку, ролю промыслаў у развіцці аграрнай вытворчасці. Даследчык лічыў, што некаторыя промыслы ў першай палове ХVІII ст. мелі рысы капіталістычных мануфактураў.
Таксама В.І.Мялешка вывучаў праблему класавай барацьбы ў беларускай вёсцы. У манаграфіі «Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине ХVІI – ХVІII вв.» (1982 г.) ён прааналізаваў тры формы сялянскіх выступленняў: пасіўны супраціў (скаргі, адмова ад выканання павіннасцяў, уцёкі), узброеныя акцыі (напады на маёнткі, сутычкі з узброенымі атрадамі і інш.), паўстанні (на Каменшчыне (1736 – 1754 гг.) і Крычаўскім старостве (1740 – 1744 гг.)).
Але ў пасляваенны перыяд развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі было слаба вывучана развіццё сялянскай гаспадаркі ва ўмовах генезісу капіталізму, яе рыначныя сувязі. Недастаткова прааналізавана эвалюцыя наёмнай працы, працэс запрыгоньвання сялянства. Прычым аграрная гісторыя ХІV – ХV стст. у цэлым заставалася слаба распрацаванай.
Праблема феадальнага горада знайшла адлюстраванне ў даследаваннях А.П.Ігнаценкі, З.Ю.Капыскага, А.П.Грыцкевіча.
Манаграфія А.П.Ігнаценкі «Ремесленное производство в городах Белоруссии в ХVII – ХVIII в.» (1963 г.) утрымлівае грунтоўную характарыстыку гарадскога рамяства. Аднак спроба аўтара суаднесці феадальныя майстэрні з генезісам капіталізму выглядае беспадстаўнай.
Зіновій Юльевіч Капыскі (1916 – 1996 гг.), беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1968 г.). Скончыў Мінскі інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у Мінскім аблпланаддзеле, у Інстытуце эканомікі АН БССР. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1950 – 1990 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР. Даследаваў гісторыю беларускага феадальнага горада, крыніцазнаўства, гістарыяграфію гісторыі Беларусі.
У манаграфіях «Экономическое развитие городов Белоруссии в ХVI – первой половине ХVII вв.» (1966 г.), «Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в ХVI – первой половине ХVII вв.» (1975 г.) Капыскі прааналізаваў становішча 37 дзяржаўных гарадоў і больш за 300 мястэчак. Пры гэтым аўтар памылкова бачыў наяўнасць капіталістычных з’яваў у гарадскім рамястве яшчэ ў ХVІІ ст., што сведчыла аб пэўнай мадэрнізацыі гістарычнага працэсу. Ён лічыў з’яўленне скупшчыкаў рамесных вырабаў, ліхвярства і крэдыту пацвярджэннем генезісу буржуазных адносін.
Анатоль Пятровіч Грыцкевіч нарадзіўся ў 1929 г. у Мінску, беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1986 г.), прафесар (1987 г.). Акадэмік Міжнароднай АН Еўразіі (1999 г.). Скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў, БДУ. Працаваў урачом. З 1959 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР. З 1975 г. загадчык кафедры Мінскага інстытута культуры (з 1993 г. Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры). Адначасова ў 1996 – 2000 гг. дырэктар НДІ Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (у Мінску). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду феадалізму.
А.П.Грыцкевіч у манаграфіях «Частновладельческие города Белоруссии в ХVI – ХVIII вв.» (1975 г.), «Социальная борьба горожан Белоруссии в ХVI – ХVIII вв.» (1979 г.) вызначыў колькасць прыватнаўласніцкіх гарадоў, іх тыпы, узровень эканамічнага развіцця, сістэму кіравання, іх ролю як вайсковай апоры, грунтоўна прааналізваў магдэбургскае права.
Шмат увагі надавалася вывучэнню праблемы разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы і зараджэння капіталістычных адносінаў у працах А.М.Карпачова, М.М.Улашчыка, В.У.Чапко і інш.
Грунтоўным даследаваннем сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі першай паловы ХІХ ст. стала манаграфія М.М.Улашчыка «Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии» (1965 г.).
Мікалай Мікалаевіч Улашчык (1906 – 1986 гг.), беларускі гісторык, археограф, археолаг, этнограф, краязнаўца, літаратар. Доктар гістарычных навук (1964 г.). Скончыў БДУ. У 1924 – 1930 гг. працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і сакратаром Кніжнай палаты БССР. Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-культурным руху. Арыштаваны па справе СВБ (1930 г.), высланы ў г.Налінск Вяцкай вобласці. У 1933 г. асуджаны паўторна, этапіраваны ў Марыінскі лагер Навасібірскай вобласці, пасля ў пас. Суслава Кемераўскай вобласці. Вызвалены вясной 1935 г. без дазволу вяртання ў БССР, працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных школах і тэхнікумах. З 1939 г. у Ленінградзе, настаўнічаў. У 1941 г. арыштаваны і высланы ў г.Златавуст Чэлябінскай вобласці. Пры садзейнічанні акадэміка АН СССР Л.А.Арбелі вызвалены (1942 г.), займаўся вывучэннем аграрнай гісторыі Беларусі і Літвы ХІХ ст. У 1948 г. выкладаў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. У 1949 г. звольнены з працы, рэпрэсаваны і ў 1951 г. этапіраваны ў пас. Суслава. Пасля вызвалення (1955 г.) вярнуўся ў Маскву, дзе да 1986 г. працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР.
Работа ўключае матэрыялы толькі па трох губернях (Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай), але высновы аўтара мелі важнае значэнне для ўсёй тэрыторыі Беларусі, склаўшы зыходную пазіцыю для наступных даследаванняў па першай палове ХІХ ст. Шмат месца М.М.Улашчык адвёў аналізу сялянскай праблематыкі. Ён даследаваў дэмаграфічныя працэсы, структуру сялянскага насельніцтва, сялянскую гаспадарку і яе сувязі з рынкам, павіннасці сялян, умовы іх жыцця, антыпрыгонніцкі рух. Пры гэтым аўтар выкарыстаў шырокую базу архіўных матэрыялаў.
У манаграфіі В.У.Чапко «Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в.» (1966 г.) праблема крызісу феадальных адносінаў была даследавана на дадзеных 800 памесцяў Беларусі.
Валянціна Уладзіміраўна Чапко нарадзілася ў 1925 г. у Мінску, беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1969 г.), прафесар (1976 г.). Скончыла БДУ. У 1953 – 1972 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР. З 1972 г. загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі ў Мінскім педагагічным інстытуце. З 1978 г. у БДУ – загадчык кафедры гісторыі БССР, з 1984 г. прафесар кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў. Даследавала сацыяльна-эканамічныя працэсы ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст.
У кнізе разглядаюцца не толькі памешчыцкая, але і сялянская гаспадарка. Такі падыход дазволіў раскрыць дзве галоўныя тэндэнцыі ў развіцці сельскай гаспадаркі ў першай палове XIX ст.: крызіс прыгонніцкай сістэмы і пашырэнне капіталістычных формаў арганізацыі вытворчасці ў феадальных маёнтках і гаспадарцы дзяржаўных сялян.
Сведчаннем крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў першай палове XIX ст. было ўзмацненне сялянскага руху. Даследаванню гэтай праблемы прысвечана манаграфія В.У.Чапко «Классовая борьба в белорусской деревне в первой половине XIX в.» (1972 г.), у якой упершыню ў беларускай гістарычнай літаратуры прасочана дынаміка сялянскага руху, вызначаны яго асноўныя этапы і даецца іх характарыстыка. Аўтар прыйшла да высновы, што сялянскі рух уяўляў сабой класавую барацьбу, накіраваную супраць феадальна-прыгонніцкай эксплуатацыі.
Сацыяльна-эканамічнае развіццё гарадоў Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. разгледжана ў манаграфіях В.У.Чапко «Города Белоруссии в первой половине XIX века: Экономическое развитие» (1981 г.) і А.М.Лютага «Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII – первой половине XIX в.» (1987 г.).
Анатоль Міхайлавіч Люты нарадзіўся ў 1951 г. у г.п.Смілавічы Чэрвеньскага раёна. Доктар гістарычных навук (1990 г.), прафесар (1991 г.). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. З 1982 г. старшы выкладчык, з 1985 г. загадчык кафедры Мінскага педагагічнага інстытута (з 1993 г. педуніверсітэт). Даследуе сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Беларусі ў ХVІІІ – ХІХ стст., генезіс капіталізму на Беларусі.
Акрамя агульнай характарыстыкі гарадоў і мястэчак, даследаванні ўтрымліваюць матэрыял аб развіцці рамеснай вытворчасці, мануфактураў, гандлю, раскрываюць сельскагаспадарчыя заняткі гарадскіх жыхароў, прасочваюць дынаміку гарадскога насельніцтва, змены, якія адбыліся ў яго сацыяльным, нацыянальным і канфесійным складзе.
У манаграфіях падкрэсліваецца, што зараджэнне і развіццё капіталістычных адносінаў у гарадах Беларусі перадвызначыла фарміраванне класаў буржуазнага грамадства – буржуазіі і наёмных рабочых, змену знешняга вобліку гарадоў. Але гарады Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. яшчэ не сталі цэнтрамі развіцця капіталістычнай прамысловасці. Яны захоўвалі рысы феадальнага горада, хаця пераходныя працэсы ўжо ішлі даволі інтэнсіўна.
Развіццё прамысловасці ў Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. даследавана ў манаграфіях М.Т.Раманоўскага «Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссиии (другая палова XVIII – першая палова XIX в.» (1966 г.) і М.Ф.Болбаса «Развіццё прамысловасці Беларусі (1795 – 1861)» (1966 г.). У кнізе М.Т.Раманоўскага раскрыта роля мануфактурнай вытворчасці (у тым ліку вотчыннай) як цэлага этапу, які аказаў уплыў на фармаванне капіталістычнага ўкладу ў эканоміцы дарэформеннай Беларусі. М.Ф.Болбас прасачыў дынаміку і асноўныя этапы развіцця прамысловасці Беларусі, прааналізаваў рамесную вытворчасць, мануфактуры і капіталістычныя фабрыкі, разглядзеў іх галіновую структуру, паходжанне і склад рабочых, іх становішча. Але даследчык спрошчана разумеў працэс разлажэння і крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы, зрабіў шэраг памылковых сцвярджэнняў.
У пасляваенны перыяд беларускія гісторыкі актыўна вывучалі «вызваленчую барацьбу беларускага народа супраць польскіх эксплуататараў за ўз’яднанне з Расіяй», грамадска-палітычную думку ХІV – ХVІІІ стст., «экспансіянізм каталіцкай царквы» ў Беларусі, грамадска-палітычны рух у першай палове ХІХ ст.
Лаўрэнцій Сямёнавіч Абецэдарскі (1916 – 1975 гг.), беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар (1966 г.). Член-карэспандэнт АПН СССР (1968 г.). Скончыў БДУ. Выкладчык, загадчык кафедры гісторыі СССР (1950 – 1958 гг.), гісторыі БССР (з 1958 г.) БДУ. Дэкан гістарычнага факультэта. Вывучаў расійска-беларускія адносіны ў другой палове ХVІ – ХVІІ стст., нацыянальна-вызваленчую і антыфеадальную барацьбу ў Беларусі ў ХVІІ ст.
Абецэдарскі сабраў вялікі матэрыял аб перасяленні беларусаў у Маскву і Замаскварэцкі край у другой палове ХVІІ ст., якое не заўсёды лічыў добраахвотным. У манаграфіях «Белорусы в Москве в ХVІІ в.: Из истории русско-белорусских связей» (1957 г.), «Белоруссия и Россия: Очерки русско-белорусских связей второй половины ХVІ – ХVІІ вв.» (1978 г.) даследчык раскрыў ролю беларускіх рамеснікаў, якія былі пераселены ў Маскву, у развіцці рамеснай вытворчасці, стварэнні шэдэўраў культуры расійскай сталіцы. Абецэдарскі з’яўляўся прыхільнікам унітарнай канцэпцыі аб’яднання ўсходнеславянскіх земляў вакол Масквы і Маскоўскай дзяржавы.
Канцэпцыю Л.С.Абецэдарскага развіў А.П.Ігнаценка ў даследаванні «Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией (вторая половина ХVІІ – ХVІІI вв.)» (1974 г.). Восем стагоддзяў, якія ахоплівалі перыяд ад распаду Кіеўскай Русі да падзелаў Рэчы Паспалітай, трактаваліся аўтарам як перыяд прыгнечанага становішча, час імкнення да ўз’яднання з Расіяй.
Гісторыю грамадска-палітычнай думкі ў Беларусі ў ХV – ХVІІІ стст. у сярэдзіне 50-х – 80-я гг. плённа вывучалі супрацоўнікі Інстытута філасофіі і права АН БССР. У 1962 г. пад кіраўніцтвам акадэміка АН БССР В.А.Сербенты выйшаў калектыўны зборнік «Из истории философской и общественно-политической мысли Белорусиии».
У 1967 г. быў апублікаваны зборнік «450 год беларускага кнігадрукавання», які можна разглядаць як арганічны працяг зборніка «400-лецце беларускага друку» (1926 г.). Яны маюць ідэнтычную структуру. У апошнім выданні нават размясцілі шэраг артыкулаў, перадрукаваных з папярэдняга зборніка. Відавочна, што адбылася змена ацэнкі ролі Ф.Скарыны. Ён адзначаны як выдатны беларускі асветнік і вучоны, прадстаўнік прагрэсіўнай беларускай культуры ХVІ ст. Эпоха канца ХV – першай паловы ХVІ ст. названа «эпохай Ф.Скарыны», часам гуманізму.
Філосаф, гісторык-медыявіст С.А.Падокшын у манаграфіях «Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина ХVІ – начало ХVІІI вв.)» (1970 г.), «Скорина и Будный: Очерк философских взглядов» (1974 г.), «Франциск Скорина» (1981 г.), «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага» (1990 г.) прааналізаваў рэфармацыйна-гуманістычны рух і царкоўна-рэлігійнае жыццё ў Беларусі ў ХVІ – ХVІІ стст., вызначыў спецыфічныя рысы беларускага Адраджэння і гуманізму. У 1984 г. даследчык атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР за цыкл працаў па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі.
Дацэнт БДУ, кандыдат філасофскіх навук А.А.Бірала (1932 – 1974 гг.) у манаграфіях «Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце ХVІІ – середине ХVІІ вв.» (1971 г.), «Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве» (1979 г.) вывучаў гісторыю грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў ХVІІ – ХVІІІ стст. Ён абгрунтаваў тэрытарыяльны прынцып даследавання – разглядаў духоўную спадчыну, застаўленую на тэрыторыі Беларусі небеларусамі. Бірала адным з першых звярнуўся да вывучэння грамадскай псіхалогіі на аснове мемуарнай літаратуры.
У кнізе «Правовое положение населения Белоруссии в ХVІ в.» (1978 г.) І.А.Юхо (1921 – 2005 гг.) прадставіў першае комплекснае даследаванне прававой сістэмы ВКЛ, лічыў яе сінтэзам прававых нормаў старажытнарускага права, Літвы і Украіны. Даследчык правёў аналіз трох Статутаў ВКЛ і на іх аснове вызначыў сацыяльнае становішча шляхты, сялян і мяшчан. Ім была выказана думка, што Статуты ВКЛ – першыя ў Еўропе дасканалыя зборнікі законаў, што, магчыма, Ф.Скарына ўдзельнічаў у складанні І-га Статута ВКЛ, што Рэч Паспалітая мела канфедэратыўную пабудову.
Гісторыю каталіцкай царквы ў Беларусі распрацоўваў Я.Н.Мараш.
Якаў Навумавіч Мараш (1916 – 1990 гг.), беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1973 г.), прафесар (1974 г.). У 1936 – 1939 гг. вучыўся ў Віленскім універсітэце, скончыў Львоўскі універсітэт. Працаваў настаўнікам. З 1946 г. у Гродзенскім педагагічным інстытуце, выкладчык, дацэнт, дэкан гістарычнага факультэта, загадчык кафедры гісторыі СССР і БССР.
Сфера яго навуковых пошукаў была звязана з вывучэннем экспансіі каталіцкай царквы ў Беларусі і Літве. Я.Н.Мараш лічыў, што рэфармацыя мела шляхецка-магнацкі характар. Ён адстойваў праваслаўе і імкненне беларусаў да ўз’яднання з рускім народам. Аўтар сцвярджаў, што Ватыкан пад уплывам езуітаў імкнуўся зацвердзіцца ў Беларусі, каб далей распаўсюджваць свой уплыў на Маскоўскую Русь. Асобную ўвагу даследчык звярнуў на імкненне каталіцкай царквы праз адукацыйныя ўстановы езуітаў далучыць на свой бок моладзь і шляхту.
У працы «Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви» (1969 г.) даследчык раскрыў працэс эканамічнага замацавання на тэрыторыі Беларусі каталіцкіх ордэнаў і прыходаў. Ён прыйшоў да высновы, што гаспадарка каталіцкага духавенства засноўвалася на прыгонніцкай сістэме, а ступень эксплуатацыі сялянства была большай, чым у свецкіх феадалаў.
У 1971 г. выйшла манаграфія Я.Н.Мараша «Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569 – 1795 гг.)», у якой даследчык фундаментальна раскрыў пытанні фармавання феадальнага землеўладання каталіцкай царквы ў Беларусі, становішча залежных катэгорыяў сялянства ва ўладаннях каталіцкіх манастыроў. Наступная манаграфія «Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в.» (1974 г.) асвятляла два вялікія пытанні: эканамічнае пранікненне каталіцкай царквы на Беларусь у ХVIII ст., формы і метады ідэалагічнага ўплыву.
У працах гісторыкаў шмат увагі надавалася даследаванню пытанняў грамадска-палітычнага руху ў Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. Да іх адносяцца манаграфіі В.У.Чапко, П.Н.Альшанскага, А.П.Смірнова, Е.I.Карнейчыка, Н.М.Махнач і інш.
У манаграфіі «Общественно-политическое движение в Белоруссии в 40-е годы ХIХ в.» (1958 г.) В.У.Чапко ўпершыню даследавала палітычную сітуацыю ў беларускіх губернях у 40-я гг. XIX ст., асабліва ў гады рэвалюцыйных падзеяў у краінах Заходняй Еўропы (1848 – 1849 гг.). Аўтар вызначыла змены ў расстаноўцы сацыяльных сілаў, у прыватнасці, адыход буйных памешчыкаў ад барацьбы пасля паражэння паўстання 1830–1831 гг. У працы адзначаецца характэрная рыса грамадска-палітычнага руху 40-х гг. – пераход вядучай ролі да прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў (разначынцаў). Чапко падкрэсліла дамінуючы ўплыў на грамадска-палітычны рух расійскай рэвалюцыйна-дэмакратычнай думкі, а не польскага нацыянальна-вызваленчага руху.
У працы П.Н.Альшанскага «Декабристы и польское национально-освободительное движение» (1959 г.) асноўная ўвага надавалася спробам расійскіх дваранскіх рэвалюцыянераў устанавіць кантакты з польскімі тайнымі арганізацыямі. Адзначана абмежаванасць польскага нацыянальнага руху, мэтай якога было адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., і зацікаўленасць дзекабрыстаў у тым, каб незалежная Польшча стала рэспублікай.
Анатоль Піліпавіч Смірноў нарадзіўся ў 1925 г. у с.Родзіна Алтайскага краю, беларускі і расійскі гісторык. Доктар гістарычных навук (1963 г.), прафесар (1969 г.). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР (1950 – 1956 гг.), у Інстытуце гісторыі АН СССР (1957 – 1970 гг.), прафесарам Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1971 – 1980 гг.), кіраўнік праблемнай групы ў Інстытуце славяназнаўства і балканістыкі Расійскай АН (1981 – 1988 гг.).
Смірноўу манаграфіі «Революционные связи народов России и Польши в 30 – 50-е годы XIX в.» (1962 г.) даследаваў узаемаадносіны расійскіх, украінскіх, беларускіх, літоўскіх і польскіх рэвалюцыянераў на ревалюцыйна-дэмакратычным этапе вызваленчага руху ў Расіі, раскрыў дзейнасць рэвалюцыйных гурткоў у Беларусі, Польшчы і Літве ў 30 – 40-я гг. XIX ст. («Дэмакратычнага таварыства», «Садружнасці польскага народа», «Саюза літоўскай моладзі»). Таварыствы характарызуюцца ім як тэрытарыяльныя групы рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху праз ідэйныя сувязі, агульнасць мэтаў і метадаў дзейнасці. Для беларускага чытача цікавасць уяўляе дзейнасць «Дэмакратычнага таварыства», заснаванага Ф.Савічам. Аналізуючы матэрыялы следчай справы, «Споведзь», напісаную Савічам у турме, а таксама статут арганізацыі, аўтар прыйшоў да высновы, што Ф.Савіч быў першым прадстаўніком рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў грамадска-палітычным руху Беларусі.
У працы Н.М.Махнач «Идейная борьба в Белоруссии в 30 – 40-я годы XIX в.» (1971 г.) аналізуюцца погляды заснавальнікаў «Дэмакратычнага таварыства»: Ф.Савіча, Я.Загорскага і інш. Аўтар зыходзіла з тэзіса аб пераемнасці поглядаў «філаматаў», «філарэтаў», «прамяністых», членаў «Дэмакратычнага таварыства» і новага пакалення дзеячаў вызваленчай барацьбы, прадстаўленга К.Каліноўскім, В.Урублеўскім і інш. Грамадскі рух 30 – 40-х гг. Махнач адносіць да пераходнага этапу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэвалюцыйнай дэмакратычнасці. Грамадскія ідэі, на думку аўтара, адлюстроўвалі канкрэтныя жыццёвыя праблемы. Упершыню ў беларускай гістарычнай навуцы даследуюцца погляды Міхаіла Валовіча, ураджэнца Беларусі, звязанага з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам першай паловы 30-х гг. (так званая экспедыцыя Заліўскага), які ставіў задачу арганізаваць шырокае паўстанне ў Польшчы, Літве, ва Украіне і Беларусі. Як падкрэсліваецца, М.Валовіч звязваў нацыянальна-вызваленчы рух з барацьбой за ліквідацыю прыгонніцкай сістэмы і надзяленнем сялян зямлёй. Дамагчыся гэтага ён лічыў шляхам сялянскага паўстання, адмоўна ацэньваў мэты паўстання 1830–1831 гг. Валовіч з’яўляўся ідэйным папярэднікам Ф.Савіча.
У працы Е.I.Карнейчыка «Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.» (1962 г.) раскрыты падзеі франка-рускай вайны 1812 г. на тэрыторыі Беларусі. Аўтар прасачыў ход ваенных дзеянняў у чэрвені-ліпені 1812 г., апісаў найбольш значныя вайсковыя аперацыі расійскіх войск супраць французаў, гераізм расійскіх воінаў, падкрэсліў айчынны характар вайны. Важнай асаблівасцю, на думку аўтара, у жыцці беларускага народа ва ўмовах вайны была актывізацыя барацьбы супраць шляхты, якая перайшла на бок Напалеона. У кнізе шырока адлюстравана дапамога беларускіх сялян расійскім войскам, а таксама дзеянні беларускіх сялян-партызан, паражэнні французскай арміі на тэрыторыі Беларусі пры адступленні.
У 50 – 80-я гг. сур’ёзныя навуковыя даследаванні былі напісаны літоўскімі гісторыкамі – Р.Батурай, Б.Дундулісам, І.Юргінісам, М.Ючасам, К.Яблонскісам, І.Стакаўскасам, І.Лукшайтэ і інш. Аднак абагульняльныя літоўскія працы, напрыклад, «История Литовской ССР (с древнейших времен до наших дней)» (1978 г.) захоўвалі ўплыў савецкай гістарыяграфіі.