5. Гістарыяграфія...перыяду 1917 – 1945 гг.
^ Вверх
5. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі перыяду 1917 – 1945 гг.

Вядучымі кірункамі даследаванняў у сярэдзіне 50 – 80-я гг. з’яўляліся гісторыя Кастрычніцкай рэвалюцыі, ўстанаўленне Савецкай улады на тэрыторыі Беларусі, утварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці, працэс «сацыялістычнага будаўніцтва».
Вывучэнне гісторыі сацыялістычнай рэвалюцыі ў Беларусі звязана з імем І.М.Ігнаценкі. У манаграфіі «Беднейшее крестьянство – союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917 – 1918 гг.)» (1962 г.) ён ахарактарызаваў палітычнае становішча на неакупаванай тэррыторыі Беларусі напярэдадані і падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі, упершыню пасля 20 – 30-х гг. паказаў уплыў на сялянства беларускіх нацыянальных партыяў, увёў новую гістарыяграфічную тэму – аналіз складу і рашэнняў Усебеларускага з’езда.
Барацьбу з «карнілаўскім мяцежом», падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Мінску, падпісанне Брэсцкага міру разглядаў у сваіх працах У.Р.Івашын, дзейнасць партыі бальшавікоў, ваеннае будаўніцтва, дзейнасць Саветаў і рэўкамаў, удзел Беларусі ў ваенна-палітычным саюзе савецкіх рэспублік – П.А.Селіванаў, унутраную і знешнюю барацьбу на тэрыторыі Беларусі ў перыяд грамадзянскай вайны – С.З.Пачанін, становішча рабочага класа і дзейнасць прафсаюзаў у 1917 – 1918 гг. – В.Р.Гнеўка, дзейнасць атрадаў Чырвонай гвардыі, атрадаў Частак асобага прызначэння – А.Г.Хахлоў, арганізацыю Саветаў – П.К.Блашко.
Значная ўвага даследчыкаў у 50 – 60-я гг. была накіравана на вывучэнне аграрных пераўтварэнняў Савецкай улады. У працах В.А.Мілаванава, І.Я.Марчанкі, Б.М.Фіха і іншых даследчыкаў абгрунтоўвалася аграрная палітыка партыі бальшавікоў, яе сацыялістычны характар. Галоўным аспектам вывучаемай праблемы з’яўляўся працэс арганізацыі калектыўнага сектара ў беларускай вёсцы.
У пасляваенных выданнях утрымліваецца значны факталагічны матэрыял, прысвечаны стану беларускага грамадства ў 20 – 30-я гг. Шырока пададзены станоўчы вопыт, але не асвятляецца шэраг тагачасных праблемаў: нізкі ўзровень жыцця насельніцтва, супярэчлівы характар дэмакратызацыі ў перыяд НЭПа, цяжкасці ў ажыццяўленні палітыкі «беларусізацыі», пачатак фармавання камандна-адміністрацыйнай сістэмы і інш.
Асобнай тэмай даследавання ў сярэдзіне 50 – 80-я гг. стала гісторыя нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў БССР. Н.В.Каменская ў манаграфіях «Утварэнне БССР» (1946 г.), «Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР» (1954 г.), «Первые социалистические преобразования в Белоруссии» (1957 г.) упершыню паказала ўплыў Кастрычніцкай рэвалюцыі на «сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне працоўных» Беларусі, але зусім не разгледжаны беларускі нацыянальны рух.
Ніна Васілеўна Каменская (1913 – 1986 гг.), беларускі гісторык. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1959 г.). Доктар гістарычных навук (1959 г.), прафесар (1961 г.). Скончыла Магілёўскі педагагічны інстытут. У 1944 – 1962 гг. старшы навуковы супрацоўнік, загадчык сектара, намеснік дырэктара, у 1965 – 1969 гг. дырэктар Інстытута гісторыі АН Беларусі, у 1962 – 1964 гг. дырэктар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у 1969 – 1974 гг. загадчык кафедры гісторыі БССР Мінскага педагагічнага інстытута.
Найбольш грунтоўны аналіз праблемы ўтрымліваецца ў двухтомавай працы В.А.Круталевіча «Рождение Белорусской Советской Республики» (1976 г., 1979 г.).
Вадзім Андрэевіч Круталевіч(1922 – 2006 гг.) нарадзіўся ўв. Малы Хонаў Магілёўскага раёна, беларускі юрыст, гісторык, сацыёлаг. Доктар юрыдычных навук (1974 г.), прафесар (1987 г.). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт. З 1954 г. старшы навуковы супрацоўнік, з 1979 г. загадчык сектара, з 1989 г. вядучы, з 1992 г. галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права АН Беларусі. 
У манаграфіі Я.Н.Шкляр «Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919 – 1920 гг.)» (1963 г.) раскрыта гісторыя ўтварэння і роль ЛітБелССР.
Па-ранейшым актуальным для беларускай савецкай гістарычнай навукі заставалася пытанне барацьбы з «дробнабуржуазнымі і нацыяналістычнымі партыямі». Гэты аспект знайшоў адлюстраванне ў працах М.С.Сташкевіча «Непазбежнае банкруцтва» (1974 г.), «На защите идей Октября: Из истории идейно-политической борьбы в Белоруссии в годы гражданской войны (1919 – 1920 гг.)» (1978 г.), «На пути к истине: Из истории национально-освободительного движения в Белоруссии, 1917 г.» (1983 г.), «Приговор революции: Крах антисоветского движения в Белоруссии, 1917 – 1925.» (1985 г.).
Мікалай Сцяфанавіч Сташкевіч(1939 – 2011 гг.) нарадзіўся ў в.Мокрае Быхаўскага раёна, беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1990 г.), прафесар (1994 г.). Скончыў БДУ. З 1967 г. у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ: з 1976 г. загадчык сектараў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі партыі, з 1991 г. гісторыі палітычных партыяў сацыялістычнай арыентацыі. У 1992 – 1999 гг. вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага цэнтра дакументацыі і рэтраінфармацыі, загадчык кафедры гісторыі і беларусазнаўства Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ. У 1999 – 2005 гг. в.а. дырэктара Інстытута гісторыі НАНБ.
Але ў 80-я гг. ХХ ст. рэзка скарацілася цікавасць даследчыкаў да праблемаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, хаця шэраг пытанняў засталіся амаль нявывучанымі: ажыццяўленне нацыянальнай і сацыяльнай палітыкі партыяй бальшавікоў, узаемаадносіны рабочага класа з нацыянальным рухам, псіхалогія і настрой працоўных, адсутнічала абагульняльная праца па гісторыі грамадзянскай вайны.
У Праграме КПСС, прынятай на ХХІІ з’ездзе партыі ў 1961 г., сцвярджалася, што «індустрыялізацыя краіны, кааперыраванне сельскай гаспадаркі, культурная рэвалюцыя – … асноўныя палажэнні ленінскага плана пабудовы сацыялізму» у СССР. Гэты пастулат стаў асноўнай схемай у вывучэнні гісторыі савецкага грамадства 20 – 30-х гг. Было выдадзена больш за 40 манаграфіяў, прысвечаных аднаўленчаму перыяду (1921 – 1925 гг.), індустрыяльнаму развіццю БССР, калектывізацыі сельскай гаспадаркі, гісторыі рабочага класа і гісторыі КП(б)Б.
У 50-я гг. узрасла цікавасць даследчыкаў да палітыкі індустрыялізацыі, паколькі лічылася, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне стала вынікам праведзенай у СССР індустрыялізацыі. Сфармавалася пазіцыя беларускіх гісторыкаў па гэтай праблеме – лічылася, што індустрыялізацыя ў БССР пачалася з ХІV з’езда ВКП(б) (1925 г.) і працягвалася да пачатку вайны. Аўтары зводзілі працэс індустрыялізацыі да тэхніка-эканамічных аспектаў. Галоўную асаблівасць сацыялістычнай індустрыялізацыі ў адрозненне ад капіталістычнай яны бачылі ў прыярытэтным развіцці цяжкай прамысловасці.
Першыя вынікі НЭПа ў рэспубліцы прааналізаваў М.Я.Шкляр у манаграфіі «Борьба Компартии Белоруссии за укрепление союза рабочего класса и трудового крестьянства в восстановительный период (1921 – 1925 гг.)» (1960 г.). Таксама гэтай праблематыкай займаўся М.Я.Завалееў. У манаграфіі «Рабочий класс Белоруссии в борьбе за социализм. 1917 – 1932 гг.» (1967 г.) ён разглядзеў змены ў колькасным, культурна-тэхнічным стане пралетарыята Беларусі, раскрыў шэфскую дапамогу вёсцы, дзейнасць прафсаюзаў. А.І.Жаўнерчык і І.В.Міронаў раскрылі ажыццяўленне ІІ-й пяцігодкі ў БССР, а І.С.Росман – пачатковы перыяд ІІІ-й пяцігодкі.
У 1979 г. выйшла манаграфія А.Т.Нятылькіна «Осуществление ленинской политики индустриализации в Белоруссии (1926 – 1941 гг.)», якая абагульняла гісторыю першых пяцігодак. Але аўтар не раскрыў поўна крыніцы індустрыялізацыі, не паказаў фарсіраванне гэтай палітыкі з боку партыйнага кіраўніцтва краінай, абыйшоў сваёй увагай невыкананне першых пяцігадовых планаў.
Адным з першых да праблемы масавай калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў БССР звярнуўся А.А.Філімонаў у манаграфіі «Укрепление союза рабочего класса и трудового крестьянства в период развернутого строительства социализма, 1929 – 1936 гг. На материалах Белоруссии» (1968 г.)
Аляксандр Андрэевіч Філімонаў (1918 – 2007 гг.)нарадзіўся ў в.Кучын Кармянскага раёна, беларускі гісторык, Герой Савецкага Саюза (1945 г.). Доктар гістарычных навук (1969 г.), прафесар (1970 г.). Скончыў Арлоўскае танкавае вучылішча, БДУ. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1947 г. на выкладчыцкай рабоце. З 1969 г. у Інстытуце гісторыі АН Беларусі (загадчык сектара), у 1975 – 1991 гг. у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.
Дзейнасць саўгасаў рэспублікі прадстаўлена ў даследаваннях А.М.Сарокіна «Совхозы БССР в период построения фундамента социализма (1926 – 1932 гг.)» (1971 г.), «Совхозы Белорусской ССР (1917 – 1941 гг.)» (1979 г.).
Анатоль Мікалаевіч Сарокін нарадзіўся ў 1940 г. у Мінску, беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1980 г.). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. У 1965 – 1997 гг. у Інстытуце гісторыі НАНБ: малодшы, старшы, вядучы навуковы супрацоўнік, в.а. загадчыка аддзела. У 1997 - 2000 гг. начальнік атэстацыйнага аддзела гуманітарных навук Вышэйшага атэстацыйнага камітэта РБ.
Пытанні ажыццяўлення культурных пераўтварэнняў у БССР прадставіў у кнізе «Деятельность КПБ по осуществлению культурной революции в республике (1919 – 1937 гг.)»П.П.Сіліванчык, гісторыю беларускага савецкага друку – С.В.Марцалеў, станаўлення вышэйшай школы – Н.І.Красоўскі. Але высокая палітызацыя, заідэалагізаванасць культурнай работы ў БССР не раскрывалася.
У 80-я гг. значная ўвага стала надавацца праблемам фармавання інтэлігенцыі ў БССР, ваенна-патрыятычнаму выхаванню працоўных, ідэалагічнай рабоце з насельніцтвам у працах Ю.С.Кузняцова, А.Ф.Васілеўскай, Е.В.Маскоўкінай, П.Г.Чыгрынава, М.П.Касцюка. Фармаванне кадраў для сістэмы народнай адукацыі рэспублікі плённа вывучаў Я.К.Новік.
Яўген Канстанцінавіч Новік нарадзіўся ў 1939 г. у в.Рахавец Навагрудскага раёна, беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1989 г.), прафесар (1991 г.). Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. З 1962 г. працаваў настаўнікам, выкладчыкам Навагрудскага гандлёва-эканамічнага тэхнікума. З 1970 г. у Мінскім педагагічным інстытуце, Мінскім інстытуце культуры, Рэспубліканскім міжгаліновым інстытуце павышэння кваліфікацыі кіруючых кадраў і спецыялістаў галінаў народнай гаспадаркі. З 1990 г. загадчык кафедры гуманітарных дысцыплінаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. З 2000 г. начальнік атэстацыйнага аддзела гуманітарных навук ВАКа РБ.