Калясень А.В. РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАГА МАЎЛЕННЯ ДЗЯЦЕЙ ПАДЧАС ЗАВУЧВАННЯ ВЕРШАЎ
^ Вверх

 Калясень А.В.

студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта 

(навуковы кіраўнік – Лапкоўская А.М., дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)

 

РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАГА МАЎЛЕННЯ ДЗЯЦЕЙ ПАДЧАС ЗАВУЧВАННЯ ВЕРШАЎ

 

В статье рассматривается приём символизации как средство запоминания и точной передачи информации. Приводятся примеры использования схем-рисунков для заучивания стихов наизусть. 


Авалоданне роднай мовай з’яўляецца адным з самых важных набыткаў дзіцяці ў дашкольным узросце. Своечасовае – значыць пачатае з першых жа дзён пасля нараджэння дзіцяці; паўнавартаснае – значыць дастатковае па аб'ёме моўнага матэрыялу і якое падахвочвае дзіця да авалодання маўленнем у поўнай меры яго магчымасцей на кожнай узроставай прыступцы. Таму працэс маўленчага развіцця разглядаецца ў сучаснай дашкольнай адукацыі, як агульная аснова выхавання і развіцця дзяцей. Улічваючы, што ў дадзены час дзеці перанасычаныя інфармацыяй, неабходна, каб працэс навучання быў для іх цікавым, займальным і развівальным. Адзін з такіх фактараў, на думку С.Л. Рубінштэйна, А.М. Леушынай, Л.В. Эльконина і інш. – нагляднасць. Сузіранне прадметаў, карцін дапамагае дзецям называць прадметы, іх характэрныя прыметы, дзеянні, што вырабляюцца з імі. У якасці другога дапаможнага фактару выступае стварэнне плана выказвання, на значнасць якога неаднаразова паказваў вядомы псіхолаг Л.С. Выгоцкі. Ён адзначаў важнасць паслядоўнага размяшчэння ў папярэдняй схеме ўсіх канкрэтных элементаў выказвання. Цікавыя знаходкі такіх аўтараў, як Т.В. Большава, Л.Я.Белавусава. Яны прапануюць развіваць мысленне дашкольнікаў, а разам з тым і развіваць маўленне пры дапамозе выкарыстання мнематэхнікі.

Дашкольны ўзрост – гэта ўзрост вобразных форм свядомасці, і асноўнымі сродкамі, якімі дзіця авалодвае ў гэтым узросце, з'яўляюцца вобразныя сродкі: сэнсарныя эталоны, розныя сімвалы і знакі (перш за ўсё гэта рознага тыпу наглядныя мадэлі, схемы, табліцы і іншае). Дзіцячая памяць валодае дзіўнай уласцівасцю – выключнай фатаграфічнасцю. Для выяўлення слыхавой памяці дзяцей, мы абралі 2 падгрупы дашкольнікаў 5 гадовага ўзросту і прапанавалі першай падгрупе дзяцей ўспомніць і паўтарыць названыя дарослым 10 слоў. Для другой падгрупы дзяцей дадзенае заданне мы суправаджалі паказам малюнкаў-схем, г.зн. дадаткова задзейнічалі зрокавыя аналізатары. У выніку большая колькасць дзяцей з другой падгрупы паспяхова справіліся з заданнем. Такім чынам, уключэнне малюнкаў-схем для запамінання пачутага слова варта ўжываць для развіцця слыхавой памяці дзяцей.

Для развіцця звязнага маўлення дашкольнікаў, вялікая роля адводзіцца завучванню вершаў. Дзякуючы ім, маўленне становіцца выразным, вобразным, эмацыйным.

Пры завучванні з дзецьмі вершаў, выхавальнікі дастаткова часта сутыкаюцца з такімі цяжкасцямі як: а)страта, скажэнне сэнсу верша; б)змяненне парадку слоў, што парушае мастацкую форму; в)працягласць працэсу завучвання (запамінання); г)дадумванне тэксту, пры якім губляецца інтанацыйная выразнасць. Усё гэта зніжае цікавасць дзяцей да завучвання вершаў.

Для параўнання: з першай падгрупай дзяцей мы вучылі верш «Зімовая прагулка» традыцыйным спосабам, а з другой падгрупай пры завучванні гэтага ж верша мы выкарыстоўвалі малюнкі-схемы. У выніку ў другім выпадку дзеці справіліся з заданнем больш паспяхова.

Такім чынам, прыём сімвалізацыі – гэта найбольш кароткі шлях да фарміравання працэсу запамінання і дакладнай перадачы інфармацыі, якая патрабуе даслоўнага паўтарэння, напрыклад у вершах, а апора на малюнкі для навучання дзяцей завучванню вершаў – пытанне, якое мае практычнае значэнне. Менавіта гэтыя назіранні ў практыцы з дзецьмі падказалі неабходнасць выбару сістэмы мнематэхнікі, якая дазваляе развіваць памяць і маўленне пры завучванні вершаў.

Сістэма работы над завучваннем вершаў з дапамогай мнематэхнікі ўключае чатыры этапы.

I этап: Скарбонка слоў. Развіццё і актывізацыя слоўніка пры дапамозе мнемаквадратаў.

На дадзеным этапе дзеці «збіраюць» новыя словы ў «скарбонку», г.зн. малююць або абазначаюць пры дапамозе знакаў, новыя, прыдуманыя, прынесеныя з дому, пачутыя і інш. словы. Да слоў у «скарбонцы» неабходна перыядычна вяртацца: на наступны дзень, праз тыдзень, праз месяц. Дзецям прапануецца ўспомніць словы, якія яны «паклалі» у скарбонку слоў і скласці з імі сказы або апавяданні.

Таксама тут выхавальнікзагадзя ўводзіць словы, якія будуць неабходныя, пры завучванні канкрэтнага верша.Дадаткова праводзяцца дыдактычныя гульні для развіцця мыслення, увагі і актывізацыі слоўніка.

На гэтым этапе вялікая роля адводзіцца працы з бацькамі: кансультацыя на тэму «Развіваем памяць дзіцяці», майстар-клас «Збіраем слова ў скарбонку» і інш.

II этап: Чытанне і далей самастойнае складанне мнематабліц.

Сутнасць дадзенага этапа заключаецца ў тым, што пры чытанні верша на кожнае слова або маленькае словазлучэнне прыдумваецца (або даецца гатовым) малюнак-схема і такім чынам увесь верш замалёўваецца схематычна. Па меры навучання дзіця актыўна ўключаецца ў працэс стварэння сваёй уласнай схемы. Для дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту мы выкарыстоўвалі каляровыя мнематабліцы, таму што ў дзяцей застаюцца ў памяці асобныя вобразы: елка– зялёная, ягадка – чырвоная. Для дзяцей старшага ўзросту схемы пажадана маляваць у адным колеры (часцей за ўсё чорна-белы варыянт), каб не адцягваць увагу на яркасць сімвалічных малюнкаў. Пасля гэтага дзіця па памяці, выкарыстоўваючы графічны малюнак, аднаўляе верш цалкам.

III этап: Эмацыянальнае, выразнае ўзнаўленне тэксту верша. Выразнасць выканання патрабуе развіцця тэхнікі маўлення: дыкцыі, дыхання. З гэтай мэтай мы праводзілі разнастайныя практыкаванні, якія развіваюць маўленчы слых, маўленчае дыханне, выразнае вымаўленне гукаў, слоў, практыкаванні на развіццё інтанацыйнай выразнасці, выхаванне ўмення вызначаць сэнс лагічных націскаў. Пасля праведзенай работы дзецям даецца магчымасць аднавіць тэкст з апорай на малюнкі.

IV этап: Дзіцячае праектна-творчае мадэляванне. На дадзеным этапе дзеці могуць прымяняць мнематабліцы і мнемаквадраты у самастойнай дзейнасці. Важная роля адводзіцца развівальнаму асяроддзю. Напрыклад, можна стварыць у групе гульнявы цэнтр «Краіна фантазій», які будзе дарыць дзецям радасць, задавальненне і ўпэўненасць у сабе, адчуванне першаадкрывальніка, аўтара, які стварыў непаўторны праект.

У яго ўваходзяць гульнявыя модулі: 1) «Сцэна»:дзеці, выбіраючы любыма люнак-схему знаёмага верша, драматызуюць яго; 2) «Цуда-хатка»:дадзеную канструкцыю дзіця можа трансфармаваць у любы з аб’ектаў (калі гэта крама – дзеці па мнематабліцах складаюць апісальныя апавяданні або прыдумваюць загадкі аб прадметах, якія хочуць купіць у краме); 3) «Казачная палянка»– усе апавядальныя апавяданні, якія дзеці складалі ў межах заняткаў, яны могуць абыграць самастойна, выкарыстоўваючы, знаёмы малюнак-схему (фотавернісажы).

Прывядзём прыклад мнемакарты для завучвання на памяць верша Ларысы Геніюш «Год і яго род».


 

Дзеці рассаджваюцца, а выхавальнік пачынае занятак.

Дзеці, паглядзіце да нас сёння ў госці прыйшоў Зайка-паскакайка і ён жадаеў нас з вамі павучыцца запамінаць вершы. Давайце яго павітаем: усміхнемся і пажадаем навучыцца завучваць вершы. Сёння ў групу паштальён прынёс мне ліст, а ў ім верш, а пра што ён, мы даведаемся, калі адгадаем загадку.

Дзеці, раскажыце, што такое год?

–А цяпер я вам прачытаю верш (чытанне верша). Прашто гаворыцца ў вершы?(адказы дзяцей).

А якія словы вы выберыце ў скарбонку слоў? (дзеці выбралі словы: склікаць, паважна, крэсла, зграбаць, сенажаць, змалаціць, калоссе, вырай, дол , абрус, пража)».

Тлумачэнне незразумелых слоў. А затым праводзяцца дыдактычныя гульні «Адзін – шмат», «Змяні слова», «Эрудыт», «Падбяры рыфму».

А цяпер, дзеці, давайце мы з вамі пакажам і прайграем верш (дзеці паказваюць верш рухамі рук).

Ведаеце, дзеці, а верш жадае з вамі пагуляць.

Гульнявое практыкаванне «Падбяры малюнак». Выхавальнік чытае кожны радок, а дзеці падбіраюць (малююць) да гэтага радка малюнак.

– Малайцы! Малюнкі падабралі, а цяпер давайце прачытаем, што ж у нас атрымалася (Дзеці разам з выхавальнікам чытаюць верш).

А зараз хтож адае расказаць верш? (дзіця чытае верш)

Дзеці, а можа хто-небудзь з вас раскажа верш Зайку-паскакайку? (чытаюць верш) Выхавальнік падводзіць вынікі заняткаў. Малюнак-схема, складзены падчас заняткаў, застаецца вісець на дошцы, а каля яго сядзіць Зайка-паскакайка і дзеці на працягу дня маюць магчымасць падысці і расказаць верш.

Такім чынам, мнемоніка як сістэма метадаў і прыёмаў, забяспечвае эфектыўнае запамінанне, паспяховае засваенне дзецьмі ведаў пра асаблівасці аб’ектаў прыроды, пра навакольнае асяроддзе, эфектыўнае запамінанне структуры верша, захаванне і прайграванне інфармацыі, і, безумоўна, развівае маўленне дзіцяці.