Сiнтаксic склонаў
^ Вверх

СІНТАКСІС СКЛОНАЎ

 

Лацінская мова мае развітую сістэму склонавых канчаткаў, якія з`яўляліся асноўнымі паказчыкамі сінтаксічнай функцыі слова ў сказе. Кожны склон, асабліва ўскосны, можа мець некалькі значэнняў, і яны не заўсёды супадаюць са значэннямі гэтага склону ў нашай мове. Таму неабходна разгледзець асноўныя выпадкі ўжывання лацінскіх склонаў.

 

Nominatīvus

Nominatīvus- гэта склон дзейніка, але ў адрозненне ад беларускай мовы толькі ён ужываецца ў якасці іменнай часткі састаўнога выказніка. У гэтай функцыі назоўны склон выступае:

  • пасля дзеяслова esse;
  • пасля непераходных дзеясловаў: fio, maneo, videor, nascor, morior;
  • пасля пераходных дзеясловаў у залежным стане: nominor, dicor, appellor, vocor; ducor, habeor, putor, existimor, numeror; declāror, creor, designor, legor і да т.п.

Nemo nascitur dives. Ніхто не нараджаецца багатым.

Cicero orātor fuit. Цыцэрон быў аратарам.

Apollo Musārum dux appellabātur. Апалон называўся правадыром муз.

 

Genetīvus

Genetīvuspossessīvus(прыналежнасці) абазначае асобу або прадмет, якому нешта належыць. Ён ужываецца:

  • непасрэдна пры назоўніках у якасці недапасаванага азначэння: libri Cicerōnis - кнігі Цыцэрона;
  • пры дзеясловах sum, fio (з’яўляецца іменем выказніка): Hic versus Plauti non est. Гэты верш не Плаўтавы (не належыць Плаўту);
  • пры прыметніках са значэннем прыналежнасці proprius, commūnis:

Populi Romāni est propria lіbertas. Рымскаму народу ўласціва свабода.

Amicōrum sunt communia omnia. У сяброў усё супольнае.

Genetīvus characteristicus (характарызуючы) - разнавіднасць Genetīvus possessīvus, абазначае асобу або паняцце, якому належыць вядомае дзеянне ці стан, выражаны праз infinitīvus. Ставіцца пры дзеясловах esse, habēri, putāri, vidēri; перакладаецца: уласціва каму, ёсць справа, абавязак, адзнака каго і да т.п.

Est adolescentis maiōres natu verēri. Абавязак падлетка - паважаць старэйшых.

Genetīvus obiectīvus (дапаўнення) ужываецца:

  • пры назоўніках, якія абазначаюць дзеянне: metus mortis страх перад смерцю;
  • пры дзеясловах і выразах са значэннем помніць, забываць: memini felicitātis meae помню пра сваё шчасце;
  • пры дзеясловах са значэннем патрабаваць, авалодваць: egeo medici патрабую ўрача;
  • пры некаторых безасабовых дзеясловах: piget, pudet, paenitet, taedet, miseret, interest: Nos taedet belli. Нам надакучыла вайна;
  • пры прыметніках які жадае, які ведае, які помніць, які ўдзельнічае, які імкнецца, які валодае, поўны, падобны і з супрацьлеглым значэннем: cupidus gloriae які жадае славы.

Genetīvus subiectīvus (дзейніка) залежыць толькі ад назоўнікаў, якія абазначаюць дзеянне, і з`яўляецца лагічным дзейнікам: metus hostium страх ворагаў.

 

NB!  Практычна, для таго каб адрозніць Genetīvus obiectīvus і Genetīvus  subiectīvus, трэба фразу змяніць такім чынам, каб кіруючы назоўнік стаў выказнікам:

amor patris(subiect.) - любоў бацькі = любіць бацька (дзейнік);

amor patris (obiect.) - любоў да бацькі = любіць бацьку (дапаўн.).

 

 Правільна вызначыць функцыю роднага склону можна толькі ў кантэксце. Аднак у некаторых выпадках, асабліва пры назвах асобаў, якія стаяць пасля назоўнікаў са значэннем прыхільнасці або непрыхільнасці (страх, любоў, нянавісць і пад.), каб пазбегнуць незразумеласці, замест Genetīvus obiectīvus могуць ужывацца прыназоўнікі (erga, in з Acc.): любоў да бацькі - amor in patrem.

Genetīvuspartitīvus(вылучальны) абазначае цэлае, з якога вылучаецца частка, абазначаная кіруючым словам. Перакладаецца ён пры дапамозе прыназоўнікаў з, сярод і ўжываецца ў множным ліку:

  • пры вышэйшай і найвышэйшай ступенях параўнання прыметнікаў: maior fratrum старэйшы з братоў (двух), sapientissimus hominum наймудрэйшы з людзей;
  • пры парадкавых лічэбніках: primus omnium першы з усіх;
  • пры пытальных, неазначальных, адмоўных займенніках: quis nostrum? хто з нас? Quisquam (nemo) vestrum хто-небудзь (ніхто) з вас;
  • пасля прыметнікаў, якія абазначаюць колькасць у множным ліку (multi, pauci, aliquod, а таксама unus і падобныя): multi virōrum fortium многія з храбрых мужоў, unus amicōrum адзін з сяброў.

Genetīvusgenerisабо quantitātis(роду або колькасці) абазначае прадметы ці рэчыва, якое можна палічыць, змераць або з якога складаецца збор. Перакладаецца родным склонам і ўжываецца:

  • пры назоўніках або субстантываваных прыметніках, якія абазначаюць меру, колькасць, збор (multitūdo, pars, copia, numerus, tantum, multum і падобных): maximus numerus frumenti вялікая колькасць хлеба;
  • пры пытальных, неазначальных і адмоўных займенніках ніякага роду адзіночнага ліку (hoc, illud, quid, nihil і падобных): nihil novi нічога новага;
  • пры прыслоўях (satis, nimis, parum): satis severitātis дастаткова суровасці.

Genetīvusqualitātis(якасці) ужываецца пераважна з азначэннем і абазначае ўласцівасць або якасць асобы ці прадмета. Часцей за ўсё пры дапамозе роднага склону абазначаюцца сталыя якасці, якія вызначаюцца лікам, часам, узростам, велічынёй, вагой, родам:

      homo generis Graeci чалавек грэчаскага паходжання;

      vir magnae prudentiae муж вялікай разважлівасці (разважлівы).

Genetīvuscriminis(віны) ставіцца пры дзеясловах са значэннем абвінавачваць, прыцягваць да суда, выкрываць, засуджваць, апраўдваць і абазначае назву злачынства, здзейсненага кімсьці: accusāre proditiōnis абвінавачваць у здрадзе.

Genetīvuspretii(цаны) ужываецца для пазначэння цаны прадмета:

  • пры дзеясловах са значэннем цаніць, каштаваць: magni, pluris, plurimi, permagni - дорага (высока) цаніць; parvi, minōris, minimi - танна (нізка) [цаніць]. Пры дзеясловах купляць, прадаваць, наймаць Genetīvus pretii ставіцца толькі ў выразах: tanti, quanti, pluris, minōris.

 

 

Datīvus

Datīvusу лацінскай мове можа з`яўляцца ўскосным дапаўненнем, на якое накіравана дзеянне, як і ў беларускай мове. Але ёсць выпадкі, калі кіраванне дзеясловаў у лацінскай і беларускай мовах не супадае, тады яно ўказваецца ў слоўніку: parco, ěre, peperci (Dat.) шкадаваць (каго); persuadeo, ēre, suasi, suasum (Dat.) пераконваць (каго) і інш. З давальным склонам у лацінскай мове ўжываюцца таксама некаторыя дзеясловы з прыстаўкамі: ad, ante, con, in, infer, ob, post, prae, sub, super, якія без іх не патрабуюць давальнага склону.

Напрыклад: comparāre senectūti параўноўваць са старасцю.

Datīvuscommodietincommodi(зручнасці і нязручнасці), абазначае асобу (прадмет), на карысць ці на шкоду якой здзяйсняецца дзеянне або існуе стан, які выражаецца прэдыкатам. Такі Datīvus перакладаецца родным склонам з прыназоўнікамі для, дзеля або давальным склонам.

Non scholae, sed vitae discimus. Мы вучымся не для школы, а для жыцця.

Datīvuspossessīvus (прыналежнасці) абазначае асобу, якой належыць тое, што абазначае дзейнік, і выступае пры дзеяслове esse. Сюды таксама адносіцца ўжыванне Datīvus possessīvus у выразах: mihi nomen est маё імя ёсць, tibi nomen datum est табе дадзена імя.

 

NB! Паміж ужываннем Datīvus possessīvus і Genetīvus possessīvus    ёсць наступная розніца. Datīvus possessīvus ставім пасля пытання што належыць асобе? Genetīvus possessīvus - каму належыць нешта?: patri est domus - бацьку належыць дом; domus est patris - дом належыць бацьку.

 

Datīvusauctōris(дзеючай асобы) ужываецца для абазначэння дзеючай асобы, у пасіўнай канструкцыі, у значэнні Ablatīvus auctōris, але пры гэтым звяртае большую ўвагу на зацікаўленасць асобы ў дадзеным дзеянні, дачыненне да яго, а не на яе актыўнасць. Mihi res tota provīsa est. Мною ўсё прадбачана было.

Адна з разнавіднасцей Datīvus auctōris - гэта Datīvus у герундыўнай канструкцыі, які ўжываецца вельмі часта і называецца па-іншаму Datīvus agendi(дзеяння). Liber mihi legendus est. Я павінен прачытаць кнігу.

Datīvus ethicus (маральнага ўдзелу) - гэта Datīvus асабовага займенніка, які ўжываецца для выражэння эмацыянальнага стану гаворачага (ці яго субяседніка) наконт дзеяння ці згаданага чалавека. Па сутнасці ён з`яўляецца лішнім для агульнага зместу фразы. Quid mihi Celsus agit? Што ў мяне парабляе Цэльс?

Datīvusfinālis(мэты) указвае на мэту дзеяння і часцей ужываецца пры дзеясловах са значэннем служыць, ставіць у, даваць, пасылаць, пакідаць і пад. Esse usui быць на карысць; mittere auxilio пасылаць на дапамогу.

Побач з ужываннем Datīvus finālis часта ставіцца яшчэ адно дапаўненне ў давальным склоне (Datīvus commodi або incommodi). Такім чынам атрымліваецца канструкцыя з двайным давальным (Datīvus duplex): castra vobis (commodi) praedae (finālis) do даю вам лагер у здабычу.

 

Accusatīvus

Асноўная функцыя вінавальнага склону - выражэнне прамога дапаўнення. Пры гэтым у лацінскай мове ёсць дзеясловы, якія патрабуюць двух прамых дапаўненняў - асобы і прадмета: doceo te musicam вучу цябе музыцы. Два прамыя дапаўненні ставяцца таксама пры многіх дзеясловах з прыстаўкамі (circum, praeter, trans, per), якія абазначаюць рух ці знаходжанне на месцы, а без гэтых прыставак з`яўляюцца непераходнымі. Напрыклад: transīre flumen перайсці раку. Аднак некаторыя непераходныя дзеясловы з прыстаўкамі ad, in, cum (con) ужываюцца з вінавальным склонам толькі ў пераносным сэнсе: adīre amīcum звярнуцца да сябра, але adīre in urbem падысці да горада.

 Два вінавальныя склоны (Accusatīvusduplex), адзін з якіх з’яўляецца склонам прамога дапаўнення, а другі – іменнай часткі выказніка, найчасцей ужываюцца пры дзеясловах у актыўным стане, якія ў пасіўным стане патрабуюць Nominatīvus duplex.

Apollinem Musārum ducem apрellant. Апалона называюць правадыром музаў.

Accusatīvus у лацінскай мове, у адрозненне ад беларускай, можа ўжывацца ў воклічах (з выклічнікам або без яго): O me miserum! О я няшчасны! У гэтым выпадку ён называецца Accusatīvusexclamatiōnis.

AccusatīvusGraecus(грэчаскі) пад уплывам грэчаскай мовы часта ўжываецца ў рымскай паэзіі для абазначэння той часткі, на якую распаўсюджваецца дзеянне пасіўнай дзеяслоўнай формы: ictus dextrum genu ранены ў правае калена.

 

Ablatīvus

Гэты склон у лацінскай мове аб’ядноўвае функцыі трох старажытных склонаў - аддзяляльнага, творнага і меснага, таму мае найбольш значэнняў.

Ablatīvusseparatiōnis(аддзялення) абазначае прадмет, ад якога нешта аддзяляецца і ставіцца часцей пасля дзеясловаў руху. Калі Ablatīvus абазначае асобу, то ўжываецца з прыназоўнікам a, калі ж прадмет, то ён можа быць або без прыназоўніка, або з прыназоўнікамі a, de, e: servitūte liberāre вызваляць ад рабства; a Caesare liberāre вызваляць ад Цэзара.

Ablatīvusinopiae(нястачы) ужываецца пасля дзеясловаў са значэннем пазбаўляць, патрабаваць, а таксама пасля прыметнікаў з адпаведнымі значэннямі: egēre auxilio патрабаваць дапамогі; urbs nuda praesidio горад пазбаўлены аховы.

Ablatīvusoriginis(паходжання) ставіцца пераважна пасля дзеепрыметнікаў natus, ortus (народжаны; які паходзіць) і інш: Venus Jove nata. Венера, народжаная ад Юпітэра.

Ablatīvus з прыназоўнікам ab указвае на паходжанне ад далёкіх продкаў: Plerīqui Belgae sunt orti ab Germānis. Большая частка бельгаў паходзіць ад германцаў.

Ablatīvusauctōris(дзеючай асобы) ужываецца з прыназоўнікам a (ab), які не перакладаецца, пры дзеяслоўных формах залежнага стану, калі лагічным дзейнікам пры іх з’яўляецца асоба: occīsus ab Helvetiis забіты гельветамі.

Ablatīvus comparatiōnis (параўнання) ставіцца пры вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў і прыслоўяў замест quam з Nominatīvus ці Accusatīvus: lux sonitu velocior святло хутчэйшае за гук.

Ablatīvusinstrumenti(прылады) ужываецца для абазначэння прылады дзеяння, у прыватнасці, у пасіўнай канструкцыі: ictus lapide удараны каменем; cingi vallo акружацца валам.

Разнавіднасцямі Ablatīvus instrumenti лічаць і названыя ніжэй функцыі дадзенага склону.

Ablatīvuscopiae(дастатку) ставіцца пры дзеясловах і прыметніках, якія абазначаюць дастатак: dives donis багаты дарамі; abundāre melle быць багатым на мёд.

Ablatīvus pretii (цаны) ставіцца для абазначэння цаны, за якую нешта купляюць ці прадаюць (параўн. Genetīvus pretii):

rediměre magno купляць за вялікую цану.

Пасля прыметнікаў dignus (indignus) дастойны (недастойны) па аналогіі да вышэй названых дзеясловаў таксама ставіцца Ablatīvus: indignus luce недастойны святла (дакладна: няварты святла).

Ablatīvus causae (прычыны) абазначае прычыну, па якой адбываецца дзеянне ці існуе нейкі стан.

Helvetii sua victoria gloriantur. Гельветы хваляцца сваёй перамогай.

Ablatīvus limitatiōnis (абмежавання) ужываецца пры дзеясловах і прыметніках для абмежавання (удакладнення) дзеяння, стану, выражанага кіруючым словам. Перакладаецца творным склонам, канструкцыяй з прыназоўнікамі або пры дапамозе слоў у адносінах, з боку. У гэтай функцыі ўжываюцца: nomine на імя, natiōne родам, genere за паходжаннем, natu па ўзросту, numero лікам.

Ablatīvus mensūrae (меры) ужываецца пры вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, прыслоўяў і пры словах, якія змяшчаюць ідэю параўнання. Sol multis partibus maior est, quam universa terra. Сонца ў шмат разоў большае, чым уся зямля.

Часцей за ўсё ўжываюцца: multo намнога, paulo нямнога, nihilo ніколькі, aliquanto значна, quo-eo чым-тым, quanto-tanto наколькі-настолькі, tribus diēbus ante (post) на тры дні раней (пазней).

Ablatīvussociatīvus(суправаджэння) ужываецца ў дачыненні да асобаў, якія кагосьці суправаджаюць, пры дзеясловах са значэннем ісці. Аднак звычайна ён ужываецца з прыназоўнікам cum, без яго - толькі ў ваеннай мове.

Galli omnibus copiis contendunt. Галы спяшаюцца з усімі войскамі.

Ablatīvus modi (спосабу дзеяння) служыць для абазначэння спосабу, якім здзяйсняецца дзеянне, і ўжываецца:

  • у некаторых адвербіяльных выразах: consilio наўмысна, ordine па парадку, iure справядліва, silentio моўчкі, casu выпадкова і інш.;
  • з азначэннем без прыназоўніка cum (магчыма і з cum): aequo animo раўнадушна (спакойна);
  • без азначэння з прыназоўнікам cum: cum clamōre з крыкам.

Ablatīvusqualitātis (якасці) ужываецца заўсёды з азначэннем для абазначэння ўласцівасці ці якасці асобы (прадмета), нараўне з genetīvus qualitātis. Але якасці непастаянныя ці тыя, што адносяцца да знешнасці, выражаюцца часцей праз Ablatīvus qualitātis.

Але ў некаторых выпадках Ablatīvus і Genetīvus ужываюцца аднолькава: vir magna prudentia (magnae prudentiae) муж разважлівы, але laeto animo sum я ў вясёлым настроі.

Caesar еxcelsā fuit statūrā. Цэзар быў высокага росту.