Рымскi каляндар
^ Вверх

РЫМСКІ КАЛЯНДАР

 

Для летазлічэння перыяду царскага праўлення ў Рыме за пачатак эры быў прыняты год заснавання Рыма, вызначэнне даты якога мела вялікія складанасці для старажытных вучоных. Толькі антычны гісторык і граматык Варон (116 - 27/26 г. да н.э.) прыняў 753 г. да н.э. як год заснавання Рыма. Аднак пасля таго як быў выгнаны апошні рымскі цар Tarquinius Superbus (510/509 г. да н.э.), з пачатку рэспубліканскага праўлення да часоў Актавіяна Аўгуста (16 г. да н.э.) летазлічэнне вялося на аснове спісаў консулаў (fasti consulāres), якіх выбіралі штогод па два. Таму для абазначэння года выкарыстоўвалі імёны дзеючых консулаў, якія ставіліся ў ablatīvus absolūtus: Cotta et Torquāto consulibus - у час консульства Котты і Тарквата; калі консуламі былі Котта і Таркват (65 г. да н.э.).

З падзеннем рэспублікі і абмежаваннем ролі консула ўваходзіць ва ўжытак устаноўлены Варонам спосаб летазлічэння ад заснавання Рыма - ab Urbe condita (ab u.c.; a.u.c.).

У VI ст. з пашырэннем уплыву хрысціянства ў Заходняй Еўропе абат Dionysius Exiguus увёў пачатак новага летазлічэння ад нараджэння Ісуса Хрыста - ab incarnatiōne Christi. Так для пазначэння года замацаваліся тэрміны: ante Christum natum (a. Ch. n.) = да нашай эры – да нараджэння Хрыста; post Christum natum (p.Ch. n.) = пасля н.э. - пасля нараджэння Хрыста. Гады нашай эры пазначаліся таксама словазлучэннем: anno Domini (a. D.) - у год Госпада, г.з. нашай эры.

У розныя перыяды рымскай гісторыі працягласць года вызначалася па-рознаму. Згодна з літаратурнай традыцыяй у першыя дзесяць гадоў існавання Рыма год, які называлі Ромулавым, меў 10 месяцаў і пачынаўся сакавіком. Другі рымскі цар Numa Pompilius правёў рэформу календара, згодна з якой пачалі выкарыстоўваць чатырохгадовы месячнасонечны цыкл: першы і трэці год цыкла складаліся з дванаццаці месяцаў: 

 

mensis Martius (31 дзень)

 

сакавік (месяц бога вайны Марса,   легендарнага бацькі заснавальніка Рыма, Ромула);

mensis Aprīlis (29 дзён)

красавік (месяц багіні Венеры – Афрадыты[1]);

mensis Maius (31 дзень)

травень (месяц багіні Маі, маці Меркурыя);

mensis Iunius (29 дзён)

чэрвень (месяц багіні Юноны, жонкі Юпітэра);

mensis Quintīlis (31 дзень)

ліпень (месяц пяты);

mensis Sextīlis (29 дзён)

жнівень (месяц шосты);

mensis September (29 дзён)

верасень (месяц сёмы);

mensis October (31 дзень)

кастрычнік (месяц восьмы);

mensis November (29 дзён)

лістапад (месяц дзевяты);

mensis December (29 дзён)

снежань (месяц дзесяты);

mensis Ianuarius (29 дзён)

студзень (месяц Януса, бога пачатку);

mensis Februarius (28 дзён)

люты (месяц ачышчэння, старажытнага абраду ў канцы года).

 

Другі і чацвёрты гады вызначаліся тым, што пасля 23 лютага ўстаўляўся дадатковы месяц (mensis intercalāris) працягласцю 27 дзён (другі год цыкла) або 28 дзён (чацвёрты год цыкла), пры гэтым астатнія дні лютага (24, 25, 26, 27, 28) уваходзілі ў склад устаўленага месяца.

Аднак праведзеная рэформа не дала чаканага супадзення месячнага года з сонечным, бо паміж імі за 4 гады было разыходжанне на 4 дні. Таму ў 46 г. да н.э. Гай Юлій Цэзар пры дапамозе александрыйскага астранома і матэматыка Сасігена ўнёс у каляндар змены, якія захаваліся да нашых дзён. Год складаўся з 365 і 1/4 дзён; была ўстаноўлена такая колькасць дзён у месяцах, якая ёсць сёння. Пасля першых трох гадоў цыкла ў лютым устаўляўся дадатковы дзень. Першым месяцам календара, які атрымаў назву юліанскі, стаў студзень, бо 1 студзеня консулы прыступалі да сваіх абавязкаў.

З 44 г. да н.э. месяц Quintīlis (у гонар Юлія Цэзара) атрымаў назву Iulius, а Sextīlis у 8 г. да н.э. стаў называцца Augustus (у гонар Актавіяна Аўгуста). Усе астатнія месяцы захавалі свае старыя назвы, якімі мы карыстаемся і сёння.

Пазначэнне рымлянамі лічбаў месяца грунтавалася на выдзяленні ў ім трох асноўных дзён, якія першасна пазначалі фазы месяца:

1-ы дзень маладзіка, аб якім апавяшчаў жрэц, называўся Kalendae або Calendae[2] (адсюль каляндар), сярэдзіна месяца, поўня, - Idus[3]; дзень першай чвэрці месяца - Nonae[4]. З часам Kalendae - календы сталі 1-ым днём кожнага месяца, Іды - 13-ым днём або 15-ым , Ноны - 5-ым або 7-ым[5] .

Для пазначэння даты назвы гэтых дзён ставіліся ў ablatīvus; пры гэтым назва месяца дапасоўвалася да назоўніка як любы прыметнік.

Напрыклад:

1 студзеня - Kalendis Ianuariis (у студзеньскія календы);

5 лютага - Nonis Februariis (у лютаўскія ноны);

7 сакавіка - Nonis Martiis (у сакавіцкія ноны);

13 красавіка - Idibus Aprilibus (у красавіцкія іды);

15 ліпеня - Idibus Iuliis (у ліпеньскія іды).

Дзень, які непасрэдна папярэднічаў нонам, ідам і календам, пазначаўся словам pridie (напярэдадні) з Acc.:

pridie Kalendas Ianuarias - 31 снежня;

pridie Nonas Februarias - 4 лютага;

pridie Iduus Aprīles - 12 красавіка.

Астатнія дні лічыліся ў адваротным напрамку ад гэтых асноўных дзён месяца, якія пры пазначэнні дат лічыліся першымі днямі, дні напярэдадні асноўных - другімі, адпаведна 3-і дзень перад студзеньскімі календамі (30 снежня) трэба было б запісаць наступным чынам: die tertio ante Kalendas Ianuarias, але ў выніку перастаноўкі прыназоўніка ante з захаваннем яго кіравання ўзнікла наступная канструкцыя: ante diem tertium Kalendas Iunuarias (скарочана a.d. III Kal. Ian.) і стала пры гэтым нейкім цэлым, якое не змяняецца нават у пазіцыі пасля прыназоўніка. Напрыклад: in a.d. III Kal. Ian. - на трэці дзень перад студзеньскімі календамі.

Дадатковы дзень у кожным чацвёртым годзе ўстаўляўся паміж 23 (a.d. VII Kal. Mart.) і 24 лютым (a.d. VI Kal. Mart.) і называўся a.d. bissextum[6] Kal. Mart.

NB: Для таго, каб замяніць рымскую лічбу нашай, трэба карыстацца                                                                                                                                                                 наступнымі правіламі.

1. Для дзён, якія папярэднічаюць нонам, трэба адняць дадзеную колькасць дзён ад 6 (а ў сакавіку, траўні, ліпені, кастрычніку - ад 8): a.d. III Non. Iun.= 6 - 3= 3 чэрвеня; a.d. III Non. Mart.= 8 - 3 =5 сакавіка.

2. Для дзён перад ідамі трэба адняць колькасць дзён ад 14 (а ў сакавіку, траўні, ліпені, кастрычніку - ад 16): a.d. V Id. Sept. = 14 -5 =9 верасня; a.d. V Id. Oct. = 16 -5 =11 кастрычніка.

3.Для дзён, якія папярэднічаюць календам, трэба дадаць 2 да колькасці дзён папярэдняга месяца і адняць дадзеную колькасць дзён: a.d. XII Kal. Febr. = 31 +2 - 12 = 21 студзеня; a.d. XV Kal. Maias = 30+2-15 = 17 красавіка.

Старарымскі тыдзень меў восем дзён. Кожны дзевяты дзень адбываўся торг, і гэты дзень называўся nundīnae. Але з часу Аўгуста быў уведзены сямідзённы тыдзень, так званы планетны, узаконены імператарам Канстанцінам у 321г. н.э.      

   

панядзелак

 Lunae dies (дзень Месяца);

аўторак

 Martis dies (дзень Марса);

серада

 Mercurii dies (дзень Меркурыя);

чацвер

 Jovis dies (дзень Юпітэра);

пятніца

 Veneris dies (дзень Венеры);

субота

 Saturni dies (дзень Сатурна);

нядзеля

 Solis dies (дзень Сонца).

 

Суткі рымляне дзялілі на дзве часткі па 12 гадзін - дзень і ноч. Дзень - гэта час ад усходу да заходу сонца, ноч - ад заходу да ўсходу. Ноч дзялілася на 4 варты па 3 гадзіны кожная: 

 

prima vigilia

- з 6 гадзін вечара да 9 гадзін вечара;

secunda vigilia

- з 9 гадзін вечара да 12 гадзін ночы;

tertia vigilia

- з 12 гадзін ночы да 3 гадзін раніцы;

quarta vigilia

- з 3 гадзін раніцы да 6 гадзін раніцы.

 


[1] Дакладна этымалогія невядомая.

[2] Ад дзеяслова calo, āre – склікаць.

[3] Ад этрускага дзеяслова iduāre (параўнай лац. dividere – дзяліць).

[4] Ад лічэбніка nonus, a um – дзевяты, бо гэта дзевяты дзень, калі ўлічваюць дзень нонаў і ідаў.

[5] 15-ым днём Іды, 7-ым Ноны былі толькі ў наступных месяцах: Martius, Maius, Iulius, October (скарочана MarMaIulo), а ў астатніх Іды былі 13-ым, а Ноны – 5-ым днём месяца.

[6] Адсюль і сам год называецца высакосны.