Парадак слоў у сказе
^ Вверх

ПАРАДАК СЛОЎ У СКАЗЕ

 

Лацінская мова вызначаецца даволі вялікай свабодай да парадку слоў у сказе, таму што канчаткі слоў указваюць на іх розныя функцыі. Нармальным лічыцца наступны парадак слоў: дзейнік, дапаўненне, выказнік. Аднак некаторыя абмежаванні на адвольны парадак слоў наклалі граматыкі. Таму адмоўе заўсёды стаіць перад словам, якое адмаўляе, прыназоўнік звычайна стаіць перад назоўнікам, з якім аб’ядноўваецца, акрамя асаблівых выпадкаў постпазіцыі: mecum, tecum, qua de causa, verbo tenus і інш.

Трэба таксама помніць, што слова, на якое падае лагічны націск, стаіць у лацінскай мове на першым месцы.

Вельмі часта, але не заўсёды, выказнік стаіць у канцы сказа, напрыклад, у творах Цэзара, Цыцэрона, Лівія. Выказнік у пачатку сказа ў класікаў ужываецца вельмі рэдка, хіба калі на ім ставіцца асаблівы эмацыянальны націск.

Знаходжанне выказніка паміж дзейнікам і дапаўненнем характэрнае для грэчаскай мовы, а для лацінскай з’яўляецца выключным, напрыклад, у прыслоўях: Finis corōnat opus. Канец вянчае справу.

У складаным выказніку на першым месцы, як правіла, стаіць іменная частка (praedicatīvum), а пасля яе - дзеяслоў esse: tertius est, scribendum est.

Згодна з традыцыяй рымскія пісьменнікі ўжывалі дзейнік на першым месцы і вельмі рэдка – у канцы сказа. Перастаноўка была магчымай пры выдзяленні націскам другога слова, якое ставілася ў пачатку сказа альбо ў сувязі з рытмічнымі ці метрычнымі патрабаваннямі.

Азначэнне, перададзенае якасным прыметнікам, стаіць звычайна перад назоўнікам, а адносным – пасля яго: magna urbs, praetor urbānus. Шматскладовыя прыметнікі, як і тыя, што ўтварыліся ад уласных імёнаў, а таксама прыналежныя займеннікі (калі на іх не стаіць лагічны націск) ужываюцца пераважна пасля назоўніка: di immortālеs, populus Romānus, patria nostra.

Указальныя займеннікі стаяць звычайна перад назоўнікам: in eam sententiam, hic liber, illo tempore. Калі ж ille азначае вядомы, то стаіць пасля назоўніка: Semiramis illa. Тая Семіраміда (вядомая).

Пры пералічэнні і ў тэхнічных апісаннях парадкавыя лічэбнікі ўжываюцца постпазіцыйна: Gallia est omnis divisa in partes tres. Уся Галія падзелена на тры часткі.

Вельмі свабодным у лацінскай мове з’яўляецца і аб’яднанне галоўных і даданых сказаў паміж сабой.