Абазначэнне месца, прасторы, часу
^ Вверх

АБАЗНАЧЭННЕ МЕСЦА, ПРАСТОРЫ, ЧАСУ

 

Для абазначэння месца на пытанне куды? у лацінскай мове ўжываецца:

  • Accusatīvus з прыназоўнікамі in (у), ad (да): in urbem у горад, ad urbem да горада;
  • Accusatīvus без прыназоўніка для назваў гарадоў і невялікіх астравоў, а таксама назоўнікаў domus (дом), rus (вёска): Romam у Рым, Rhodum на Родас (востраў), domum дамоў, rus у вёску.

Для абазначэння месца на пытанне дзе? ужываецца:

  • Ablatīvus (loci) з прыназоўнікам in (у) або без яго: in urbe у горадзе, hoc loco у гэтым месцы, tota urbe ва ўсім горадзе, terra marīque на зямлі і на моры;
  • Locatīvus (месны склон) для назваў гарадоў, невялікіх астравоў і назоўнікаў domus, rus, humus (зямля). Для I, II скланенняў ён супадае з родным склонам, а для III скланення мае такую ж форму, як Ablatīvus: Romae у Рыме, Corinthi у Карынфе, Carthagine у Карфагене, domi дома, ruri у вёсцы, humi на зямлі.

Назвы гарадоў, невялікіх астравоў і назоўнікі domus, rus, humus могуць ужывацца ў Ablatīvus без прыназоўніка, пры гэтым яны абазначаюць месца і адказваюць на пытанне адкуль?:Romā з Рыма, Corintho з Карынфа, Lacedаemone з Лакедэмона, domo з дому, rure з вёскі, humo з зямлі.

Для абазначэння пройдзенай прасторы пры дзеясловах руху ўжываецца Accusatīvus, а таксама пры patēre працягвацца (на адлегласць): Caesar circiter milia passuum quattuor progressus. Цэзар прайшоў каля чатырох рымскіх міль.

Для абазначэння адлегласці ад аднаго месца да другога ўжываецца Accusatīvus або Ablatīvus пры дзеясловах abesse, distāre знаходзіцца на адлегласці. Гэтыя склоны ўжываюцца і пры любым дзеяслове для абазначэння, на якой адлегласці нешта адбываецца.

Zama quinque diērum iter a Carthagine abest. Зама знаходзіцца на адлегласці пяці дзён шляху ад Карфагена. Caesar milia passuum tria ab Helvetiōrum castris castra ponit. Цэзар размясціў лагер за тры рымскія мілі ад лагера гельветаў.

 Для абазначэння працягласці ў прасторы на пытанні, якой даўжыні (шырыні, вышыні, глыбіні), ужываецца Accusatīvusextensiōnisinspatio пасля прыметнікаў longus, latus, altus: fossa decem pedes alta роў глыбінёй 10 футаў.

Для абазначэння часуў лацінскай мове ўжываецца:

  • Accusatīvus temporis без прыназоўніка або з прыназоўнікам per і адказвае на пытанні як доўга?, на працягу якога часу?.

Annum iam audis Cratippum. Год ужо ты слухаеш Краціпа.

  • Ablatīvus temporis для абазначэння працягласці дзеяння (пытанне на працягу якога часу?) без прыназоўніка або з прыназоўнікам in.

Agamemnon vix decem annis unam cepit urbem. Агамемнан ледзь за дзесяць гадоў захапіў адзіны горад.

Гэты склон служыць і для абазначэння, за колькі часу да нейкай падзеі (пасля яе) нешта здарылася (Ablatīvus mensūrae), радзей ужываецца Accusatīvus. Словазлучэнне за тры гады да, ці тры гады пасляможна запісаць па-лацінску наступным чынам: 

tribus annis ante (post)

tertio ante (post) anno

tribus ante (post) annis

ante (post) tres annos

tertio anno ante (post)

ante (post) tertium annum

 

Для абазначэння, калі нешта здарылася, ужываецца Ablatīvus temporis без прыназоўніка або з прыназоўнікам in.

Без прыназоўніка ўжываюцца:

  • словы, якія самі абазначаюць час: autumno восенню, hieme зімой;
  • словазлучэнні назоўніка з прыметнікам, якія выклікаюць уяўленне аб працягласці ў часе: prima luce на досвітку.

Другія назоўнікі ў большасці выпадкаў ужываюцца з прыназоўнікам in: in bello у час вайны.