§2. Прыёмы перакладу з рускай мовы на беларускую
^ Вверх

§2. Прыёмы перакладу з рускай мовы на беларускую 

Любое дзеянне, як адзначае А.Н.Лявонцьеў, акрамя свайго інтэнцыйнага аспекту (што павінна быць дасягнута), мае і свой аперацыйны аспект (як, якім чынам гэтага дасягнуць). Можна сказаць, што аперацыі — гэта спосабы ажыццяўлення пэўных дзеянняў. У адносінах да перакладу аперацыйныя ўменні і навыкі можна ахарактарызаваць як уменне карыстацца рознымі прыёмамі перакладу. Гэтыя прыёмы — гатовыя рашэнні, якія можна прымяніць на практыцы.

Параўнальны аналіз арыгінальных і перакладных тэкстаў дае магчымасць падзяліць усе прыёмы перакладу на два віды: падстаноўкі і трансфармацыі.

Прыёмы перакладу, якія заснаваны на максімальна магчымым сэнсава-структурным паралелізме мовы арыгінала і мовы перакладу, называюць падстаноўкамі.

Прыёмы перакладу, якія выкарыстоўваюць адыход ад магчымага сэнсава-структурнага паралелізму тэксту арыгінала і перакладу, называюць трансфармацыямі.

Іншымі словамі, з падстаноўкамі мы маем справу, калі перакладаем слова ў слова, радок у радок, толькі падстаўляючы замест слоў і спалучэнняў адной мовы словы і спалучэнні другой мовы, а пры трансфармацыях тэкст перакладу ў пэўнай ступені адрозніваецца ад тэксту арыгінала. Напрыклад:

1. Развитие ощущений артикуляционных движений и артикуляционного паратаксиса. — Развіццё адчуванняў артыкуляцыйных рухаў і артыкуляцыйнага паратаксіса. 2. Внимание ребёнка привлекается к ощущению состояния нёбной занавески. — Увага дзіцяці прыцягваецца да адчування стану паднябеннай фіранкі. (Першы сказ перакладзены з дапамогай падстановак, а другі — пры дапамозе трансфармацый).

Падзел прыёмаў перакладу на падстаноўкі і трансфармацыі заснаваны на наяўнасці (або адсутнасці) у абедзвюх мовах так званых моўных паралеляў. Такія паралелі існуюць паміж любой парай моў, бо калі б іх не было зусім, то пераклад з адной мовы на іншую быў бы немагчымы.

Агульнасць паходжання ўсходнеславянскіх моў, блізкасць іх гістарычнага развіцця і ўзаемадзеянне на сучасным этапе абумовілі наяўнасць у беларускай і рускай мовах аднолькавых ці блізкіх слоў, словазлучэнняў, зваротаў. Разам з тым, у любой мове адлюстравана адзіная, самабытная і непаўторная карціна бачання свету, што прыводзіць да наяўнасці тых слоў, словазлучэнняў, зваротаў, што адрозніваюць адну мову ад другой.

Такім чынам, пераклад з адной мовы на другую немагчымы без пэўных змен, трансфармацый. Аб’ектам перакладу з’яўляецца не сістэма як нейкая абстракцыя, а канкрэтны моўны твор — тэкст арыгіналу. На аснове тэксту арыгіналу ствараецца іншы моўны твор на іншай мове — тэкст перакладу. Дасягненне перакладчыцкай эквівалентнасці, нягледзячы на разыходжанні ў фармальных і семантычных сістэмах дзвюх моў, патрабуе ад перакладчыка перш за ўсё ўмення зрабіць шматлікія і якасна разнастайныя міжмоўныя пераўтварэнні — так званыя трансфармацыі — для таго, каб тэкст перакладу з максімальна магчымай дакладнасцю перадаваў усю інфармацыю, якая заключана ў зыходным тэксце.

Традыцыйна трансфармацыі дзеляцца на граматычныя, лексічныя і лексіка-граматычныя.

Вопросы логопеда относятся к процессу предстоящей работы. — Пытанні лагапеда адносцяцца да працэсу

Пры граматычных трансфармацыях пераўтвараецца фармальная структура выказвання і застаецца нязменным набор слоў, які складае яго сэнс. Асноўнай прычынай такога тыпу трансфармацый з’яўляецца неаднолькавасць структур зыходнай мовы і мовы перакладу, што праяўляецца ў адсутнасці пэўных форм і канструкцый у адной з моў (ці ў мове арыгінала, ці ў мове перакладу). З граматычных трансфармацый вылучаюцца:

  • марфалагічныя — замены часцін мовы або іх форм і інш. Напрыклад: Расказывающий стихотворение неожиданно повысил голос — Чытач верша нечакана павысіў голас (дзеепрыметнік заменены на назоўнік); Белорусский язык — один из сложнейших предметов для учеников начальных классов. Беларуская мова — адзін з самых складаных прадметаў для вучняў пачатковых класаў (прыметнік мужчынскага роду заменены на прыметнік жаночага роду); Дверь в класс была открыта. — Дзверы ў клас былі адчынены (форме адзіночнага ліку назоўніка дверь адпавядае множналікавы назоўнік дзверы);
  • сінтаксічныя — замены членаў сказа, цэлых сінтаксічных канструкцый. Напрыклад: Настаўнік стаяў, ледзь стрымліваў гнеў. — Учитель стоял, едва сдерживая гнев (Просты сказ з аднароднымі выказнікамі заменены на просты сказ, які ўскладнены адасобленай акалічнасцю, выражанай дзеепрыслоўным словазлучэннем. У даным сказе назіраецца таксама замена дзеяслова на дзеепрыслоўе, таму што часцей за ўсё марфалагічныя і сінтаксічныя трансфармацыі ўжываюцца адначасова).

Лексічныя трансфармацыі — гэта прыёмы лагічнага мыслення, пры дапамозе якіх мы раскрываем значэнне іншамоўнага слова ў кантэксце і знаходзім яму пэўны адпаведнік, які не супадае са слоўнікам. У семантычных адносінах сутнасць трансфармацый заключаецца ў замене перакладаемай адзінкі словам або словазлучэннем іншай унутранай формы, якая актуалізуе той элемент іншамоўнага слова, які рэалізуецца ў даным кантэксце.

У лексіцы навуковай і тэхнічнай літаратуры выкарыстоўваецца вялікая колькасць спецыяльных тэрмінаў. Таму пры перакладзе такіх тэкстаў словы адбіраюцца з асаблівай стараннасцю для максімальна дакладнай перадачы думкі. Вялікую ўдзельную вагу маюць службовыя словы і словы, якія забяспечваюць лагічныя сувязі паміж асобнымі элементамі выказвання.

Сярод разнавіднасцей лексічных трансфармацый выдзяляюць наступныя:

  • канкрэтызацыя — замена слова або словазлучэння зыходнай мовы з больш шырокім значэннем словам або словазлучэннем мовы перакладу з больш вузкім значэннем (В кабинете, спиной к доске, сидел директор школы. — У кабінеце каля дошкі сядзеў дырэктар школы);
  • генералізацыя — замена адзінкі зыходнай мовы, што мае больш вузкае значэнне, адзінкай мовы перакладу з больш шырокім значэннем (У стены стояли стеклянные шкафы. — Паўз сцяны стаялі шкляныя шафы);
  • антанімічны пераклад — трансфармацыя сцвярджальнай адзінкі ў адмоўную і наадварот (Чтобы не уронить своё достоинство, нужно очень много знать. — Каб падтрымаць сваю годнасць, неабходна шмат ведаць);
  • кампенсацыя — ужываецца ў тых выпадках, калі пэўныя элементы тэксту арыгінала па той або іншай прычыне не маюць эквівалентаў у мове перакладу і не могуць быць перакладзены яго сродкамі, перакладчык узнаўляе тую ж інфармацыю якімі-небудзь іншымі сродкамі, прычым неабавязкова ў тым жа месцы тэксту, што ў арыгінале (Когда проехали небольшенькую побуревшую гать, то увидели, что около леса стояло здание старой школы. — Калі пераехалі рудую грэбельку, то ўбачылі, што каля лесу стаяў будынак старой школы).

Акрамя названых лексічных трансфармацый, вылучаецца яшчэ тры разнавіднасці:

а) дыферэнцыяцыя значэнняў (перадача значэння адзінкі без яго ўдакладнення ў перакладзе), напрыклад: Васіль Адамавіч праз увесь сход і не думаў гаварыць. — Василий Адамович поначалу и не думал высказываться;

б) сэнсавае развіццё (разнастайныя метафарычныя і метанімічныя замены), напрыклад: Пасля учынку Сашы Коркіна, Мар’я Пятроўна ледзь не згарэла. — После поступка Саши Коркина, Марья Петровна чуть не сгорела со стыда;

в) цэласнае пераўтварэнне (універсальны сродак перакладу фразем), напрыклад: Бачыў настаўнік, што і хлопчыкі, і дзяўчынкі не ўсе былі на адзін капыл. — Видел учитель, что и мальчики, и девочки не все были на одну колодку.

Лексіка-граматычныя трансфармацыі ахопліваюць пэўнымі зменамі як граматычную будову моўнай адзінкі, так і яе семантычную напоўненасць.

Усе трансфармацыі звычайна зводзяцца да чатырох элементарных тыпаў:

1) перастаноўкі: Слабослышащие дети внимательно следили за движениями учителя танцев.Дзеці, якія маюць слабы слых, уважліва сачылі за рухамі настаўніка танцаў.

2) замены: Миша не отвечал, боялся «сесть в лужу». — Міша не адказваў, бо баяўся памыліцца.

3) дабаўленні: Как бы ни было, но Машенька стала оказывать нашему учителю явную благосклонность. — Як бы там ні было, але Машанька стала выказваць да нашага настаўніка выразную прыхільнасць і зацікаўленасць.

4) пропускі: Время к теплу подвинулось. — Набліжалася цеплыня.

Аднак неабходна адзначыць, што ў чыстым выглядзе ўсе чатыры тыпы трансфармацый сустракаюцца рэдка — звычайна яны спалучаюцца адзін з адным, прымаючы характар складаных, комплексных трансфармацый.

Граматычныя і лексіка-граматычныя трансфармацыі ў сказе могуць ужывацца пад уплывам наступных фактараў: сінтаксічнай функцыі сказа; лексічнай напоўненасці сказа; сэнсавай структуры сказа; кантэксту; экспрэсіўна-стылёвай функцыі сказа.

Граматычныя трансфармацыі могуць быць поўнымі або частковымі ў залежнасці ад таго, як змяняецца структура сказа — поўнасцю ці часткова. Звычайна, калі змяняюцца галоўныя члены сказа, адбываецца поўная трансфармацыя, напрыклад: Сегодня ученик смотрел чистымі синими глазами. — У вучня сёння быў чысты, сіні позірк вачэй, калі змяняюцца даданыя — частковая: Первоклассник читал, минуя трудные для него звуки. — Першакласнік чытаў, мінаў цяжкія для яго гукі.

Як правіла, рознага віду трансфармацыі ажыццяўляюцца адначасова, спалучаюцца адна з адной — перастаноўка суправаджаецца заменай, граматычнае пераўтварэнне — лексічным і г.д.

Беларуская мова мае сістэму сродкаў, якія ўжываюцца для замены не ўласцівых ёй дзеепрыметнікаў пры перакладзе з рускай. Самым пашыраным з’яўляюцца складаныя сказы (азначальныя, дапаўняльныя, дзейнікавыя). Напрыклад: Улица, ведущая к школе, проходила мимо библиотеки. — Вуліца, якая вяла да школы (у бок школы), праходзіла каля бібліятэкі. ~ Уровень развития речи у слабослышащих детей определяется главным образом степенью нарушения слуха. — Узровень развіцця маўлення ў дзяцей, якія маюць слабы слых, вызначаецца галоўным чынам ступенню парушэння слыху.

Некаторыя дзеепрыметныя звароты можна перадаць дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі: «Что-то здесь не так», — сказал остановившийся учитель. — «Штосьці тут не так», — сказаў настаўнік, спыніўшыся.

Дзеепрыметнікі можна перадаваць прыметнікамі: дрожащая речь — дрыготкае маўленне, взаимно погашающиеся платежи — узаемна пагашальныя плацяжы.

Асобным дзеепрыметнікам сэнсава адпавядаюць назоўнікі: расказывающий повысил голос — апавядальнік павысіў голас, председательствующий встал — старшыня ўстаў.

Дзеепрыметнікі могуць перадавацца дзеясловамі: Дети, спешившие на урок, бежали быстро. — Дзеці спяшаліся на ўрок і беглі хутка.

Дзеепрыметныя словазлучэнні могуць перадавацца азначэннямі-прыдаткамі: стимулирующие вещества — рэчывы-стымулятары.

Перакладчык, які працуе не механічна, зацікаўлены ў пэўным выбары моўных сродкаў. Пераклад — гэта не простае ўзнаўленне ўсёй сукупнасці элементаў арыгінала, а складаны і свядомы пошук разнастайных магчымасцей іх перадачы. Майстэрства перакладу прадугледжвае і ўменне выкарыстаць пэўны тып лексічных або граматычных трансфармацый, ад гэтага ўмення будзе залежаць паўнацэннасць тэксту перакладу.

Такім чынам, перш чым рабіць пераклад на беларускую мову, неабходна прачытаць тэкст цалкам на рускай мове. Трэба добра ведаць змест, сюжэт, структуру тэксту. Толькі ў такім выпадку атрымаецца асэнсаваны пераклад з рускай мовы на беларускую.