ЗАДАННІ ДЛЯ САМАСТОЙНАЙ РАБОТЫ
1. Запішыце тэкст пры дапамозе фанетычнай транскрыпцыі. Падзяліце яго на фразы, моўныя такты (сінтагмы), фанетычныя словы.
Снег сёлета ніяк не мог улегчыся на зямлі, падаў, раставаў, зноў падаў, раставаў, зноў падаў і зноў ператвараўся ў балота. У канцы снежня нарэшце добра падмарозіла – рудая зямля зрабілася, як камень, лужыны пазацягвала белым лёдам. Дзьмуў вецер, не пакрытая снегам зямля, здаецца, яшчэ больш марозіла паветра – і было вакол няўтульна, холадна. Ды раптам вецер сціх, белай дробачкай упала першая сняжынка, за ёю – другая, а потым пасыпаў густы, спорны снег. Ён падаў усю ноч, пад раніцу заслаў зямлю, дахі дамоў тоўстым белым пластом. Яго свежы водар трапляў у палатку, прыглушаў пахі валяр’янкі, эфіру, якія ўсталяваліся тут, здаецца, назаўсёды. Белы водсвет з акна падаў на сцены, на ложкі, на бальнічныя тумбачкі.
(Л.Арабей)
2. Прачытайце і скажыце, як змяняецца сэнс прыведзеных канструкцый у залежнасці ад рознага іх члянення на сінтагмы.
1. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба.
2. Стаяла свежая ліпеньская раніца.
3. Лес навокал поўніўся птушыным шчэбетам.
4. Ледзь-ледзь далятала жураўліная песня і праглынутая ноччу, вятрамі, непрыкметна злівалася з шолахам лісця.
3. Затранскрыбіруйце тэкст і ахарактарызуйце зычныя гукі паводле ўдзелу голасу і шуму, па наяўнасці ці адсутнасці палаталізацыі.
На вуліцы было па-вясноваму светла. Сонца ўжо хілілася на захад, але было яно яшчэ высакавата ў чыстым бясхмарным небе. Удалечыні віднеліся горы з белымі снежнымі шапкамі. Было дзіўна бачыць снег на іх вяршынях, калі ў горадзе вясна, цеплыня.
(А.Марціновіч)
4. Выпішыце асобнымі групамі змычныя, змычна-праходныя і змычна-шчылінныя гукі. Вымаўце іх выразна і растлумачце, што агульнае і адметнае ў артыкуляцыі гукаў кожнай групы.
Айчыны ветлівы парог,
Які відаць здаля, –
На скрыжаванні ўсіх дарог
Ляжыць мая зямля.
(С.Законнікаў)
5. Даць поўную характарыстыку зычных гукаў у падкрэсленых словах.
Калі вочы мае праясніла заранка
І жыцця расхінуўся абрус,
Над калыскай спявалі тады калыханку –
Маці, каліна ды Беларусь.
(С.Законнікаў)
6. Вызначце, якімі артыкуляцыйнымі прыметамі адрозніваюцца прыведзеныя пары зычных гукаў.
[с]-[ш], [z]-[ž], [б]-[м], [м’]-[з’], [д]-[т], [ў]-[л’], [ц]-[ч], [т]-[к].
7. Затранскрыбіруйце тэкст і ахарактарызуйце галосныя гукі паводле месца ўтварэння. Растлумачце розніцу ў артыкуляцыі асобных гукаў.
Янку Купалу я адкрываў сабе двойчы, а можа, тройчы. І кожны раз адкрываў па-новаму. Справядліва кажуць, што ўсё выдатнае трэба перачытваць: яно тады высвеціцца для цябе сваімі новымі нечаканымі адценнямі, а то і сэнсам.
(К.Камейша)
8. Вызначце, якімі артыкуляцыйнымі прыметамі адрозніваюцца прыведзеныя пары галосных гукаў.
[і]-[а], [і]-[э], [ы]-[у], [э]-[о], [а]-[о].
9. Вызначце гук па наступных характарыстыках: 1) галосны, лабіялізаваны, задняга рада, верхняга пад’ёму; 2) зычны, звонкі, губна-губны, выбухны, цвёрды; 3) галосны, нелабіялізаваны, сярэдняга рада, ніжняга пад’ёму; 4) зычны, глухі, заднеязычны, змычны, цвёрды; 5) галосны, нелабіялізаваны, пярэдняга рада, сярэдняга пад’ёму; 6) зычны; санорны, губна-зубны, шчылінны, цвёрды.
10.Зрабіце фанетычны аналіз слоў, падкрэсленых у сказе.
Мова належыць да аб’ектаў, якія ў прынцыпе не могуць быць поўнасцю вывучаны, асвоены.
(В.Кастамараў)
11. Запішыце такія словы, каб у абсалютна моцнай пазіцыі знаходзіліся фанемы <ш>, <э>, <н>, <р>, <а>, <в>.
12. Затранскрыбіруйце словы і вызначце, якія галосныя фанемы выступаюць у ненаціскных складах (акрамя першага склада перад націскам) пасля цвёрдых і мяккіх зычных. Чаму ў такіх пазіцыях адрозніваецца неаднолькавая колькасць фанем?
Лямантаваць, дабраякасны, возера, яблык, бліскавіца, беларускі, летуценнік.
13. Затранскрыбіруйце словы і ахарактарызуйце розныя віды асіміляцыі (поўная і няпоўная, рэгрэсіўная і прагрэсіўная, дыстанцыйная і сумежная, міжслоўная і слоўная).
Падсказка, купаешся, ножка, малацьба, дождж, градка, мыешся, перавозчык, зжаць, пясчаны, з табой, вакзал, сядзьце, снег, счырванець, расчапіць, магчымасць, бясшумны, экзамен, з чатырох бакоў, рос бы, на рэчцы.
14. Затранскрыбіруйце словы і вызначце від асіміляцыі і дысіміляцыі.
Калідор, кампанія, счэпшчык, разведка, калоссе, нялёгка.
15. Затранскрыбіруйце тэкст. Знайдзіце ў ім прыклады на акамадацыю.
З таго марозу і снегу толькі сталася гразь. Яшчэ да абеду ў пятніцу церусіла снегам, а пасля абеду пасыпаўся халодны, калючы, імжысты дожджык, і трэція суткі мачыла, нізка хадзілі хмары, не ўнімаўся вецер, і цяжка, несціхна шумелі ўжо голыя дрэвы …
(А.Жук)
16. Затранскрыбіруйце словы і ахарактарызуйце сцяжэнне зычных, спрашчэнне груп зычных.
Выязны, посны, карысны, шчаслівы, рамеснік, наўмысна, сонца, сэрца, ціснуць, брызнуць, рускі, людскі, на кладцы, гарадскі, ткацкі.
17. Затранскрыбіруйце пары слоў і раскрыйце характар фанетычных змен галосных гукаў. Растлумачце сутнасць акання (якання) у беларускай мове.
Вёска-вясковы, лес-лясы, рэкі-рачны, узгоркі-гара, плёскат-пляскацца, агонь-аганёк, мароз-маразы, вёсны-вясна, вандроўнік-вандраваць, сем-сямёрка, звон-званіць, стрэхі-страха.
18. Затранскрыбіруйце словы і вызначце пазіцыйныя і гістарычныя чаргаванні галосных гукаў. Скажыце, чым адрозніваюцца пазіцыйныя чаргаванні ад гістарычных.
Норма - нармальны - унармаваць - нармалізацыя - нармалізаваць; агонь-агню, вяселле-вяселы, вясёлы-весялейшы, свет-свяціць-світанне, глотка-глытаць, гром-грамы, гром-грымець, сяло-сяліць, пасёлак – пасялковы, вітаць-ветлівы, сную-снаваць, каласок-каласка, збіраць-збор.
19. Якія чаргаванні галосных гукаў адлюстроўваюць прыведзеныя схемы? Праілюструйце гэта адпаведнымі прыкладамі.
20. Затранскрыбіруйце словы. Назавіце тып чаргаванняў зычных гукаў і вызначце, якімі фанетычнымі пазіцыямі гэтыя чаргаванні абумоўлены.
Грамада – у грамадзе, клубок – клубкі, неба – у небе, любіць – люблю, графіць – графлю, гарады – горад, снег – снягі, снег – сняжок, чытала – чытаў, пясок – пяшчаны, казаць – казка, позна-позні, дарога – дарожны, насіць – нашу, галава – галоўка, касіць – касьба, касіць – кашу, сад – саджу, малаціць – малацьба.
21. Назавіце зычныя гукі, якія не могуць знаходзіцца на канцы слоў. Чым гэта абумоўлена?
22. Затранскрыбіруйце сказы і выпішыце словы, у якіх адбыліся пазіцыйныя і гістарычныя чаргаванні галосных і зычных гукаў.
1. У гэтую хвіліну дзверы канторы шырока расчыніліся, і ў кантору не ўвайшлі, а ўбеглі некалькі рабочых (М.Лынькоў). 2. Неба нізкае, наваколле шэрае, аднастайнае. (І.Навуменка). 3. Правей ад сцежкі на палявым абсягу крочаць высозныя жалезабетонныя слупы лініі высокавольтнай электраперадачы. (І.Навуменка). 4. Пакуль мой шлях не абарвецца, пакуль на свеце буду жыць, красу надзей душой і сэрцам, як песню, буду я любіць. (А.Астрэйка). 5. Расцярушыла ночка свой цёмны пыл, распляла над зямлёю свае чорныя косы, а сама, як маці, прытаілася ў лесе, каб вартаваць і ахоўваць сон людзей і сон прыроды. (Я.Колас)
23. Знайдзіце ў тэксце і выпішыце асобна словы, у якіх [в] змяніўся на [ў], [л]-на [ў], [у] на [ў]. Растлумачце, пры якіх умовах у сучаснай мове чаргуюцца [в]: [ў], [в’] : [ў], [л] : [ў], [у] : [ў].
На зямлі стаяла ноч і было цёмна. Хоць неба і ўсыпана зоркамі, усё ж яны не так блішчалі, як гэта звычайна бывае пазней, у жніўні, калі ад іхняга бляску ўсюды робіцца светла: і ў лузе, і ў поле, і на вуліцы.
Ноч была ціхая-ціхая. Не шумеў вецер, маўчала трава, і толькі чуваць было, як недзе далёка спявае начная птушка ды сыплецца ў траншэі патрывожаная зямля. Ад цішыні аж звінела ў вушах. Зараз яна супакойвала, ад яе хіліла ў сон. Так звычайна бывае пад самую раніцу, перад тым, як развіднее зусім, перад самым узыходам сонца. Быццам усё жывое і нежывое сцішылася, каб не прагледзець, не прапусціць з’яўлення сонца: дрэвы склалі лісты, сунялі шум і глядзяць на ўсход. А як моцна і шматгалосна загучыць іхняя песня з першымі промнямі сонца!
Навокал быў густы, травяністы луг, усыпаны, нібы пацеркамі, расою: здаецца, зачапі нагою – і расінкі, усе адразу, зазвіняць, як шкляныя.
(Я.Сіпакоў).
24. Перакладзіце словы на беларускую мову, растлумачце ўзнікненне гука [ў].
Завтра, лауреат, вторник, равенство, сторож, авторитет, аудиенция, аукцион, в полночь, волченок, долг, долголетие.
25. Перакладзіце словы на беларускую мову. Параўнайце, як яны вымаўляюцца ў беларускай і рускай мовах. Раскажыце пра дзеканне і цеканне ў беларускай мове.
Дитя, тихо, медведь, теплеть, двери, твёрдый, память.
26. Падзяліце словы на фанетычныя склады і ахарактарызуйце кожны склад у залежнасці ад характару размяшчэння ў ім галосных і зычных гукаў. Ахарактарызуйце склад як фанетычную адзінку мовы.
Заалогія, агонь, іржавы, заўтра, пайшчык, вядро, ураджай, дзесяцігадовы, перайграць, абяззброіць, прыгарадны, квартал, узмор'е, яблык, экземпляр, тайна, падаконнік, аржаны, плантацыя.
27. Карыстаючыся школьным руска-беларускім слоўнікам, запішыце словы па-беларуску, абазначце ў іх націск. Вусна параўнайце націск гэтых слоў у беларускай і рускай мовах.
Зайчонок, занавес, босой, верба, кашель, крапива, алфавит, магазин, момент, говор, валенки, ножницы, обруч, одиннадцать, таланты, коршун, воду, звонит.
28. Выпішыце спачатку розныя формы аднаго і таго ж слова, а потым – розныя словы, якія адрозніваюцца месцам націску. Якую ролю выконвае націск у мове?
Каса – каса, высыпаць – высыпаць, засаліць – засаліць, засыпаць – засыпаць, капаць – капаць, мука – мука, рака – рака, рукі – рукі, сталы – сталы.
29. Абазначце асноўны і пабочны націскі ў складаных словах.
Вострасюжэтны, гукаспалучэнне, беларусазнаўства, агульнаадукацыйны, агульнабеларускі, земляроб, землеапрацоўчы, высокаразвіты, белагаловы, новаўведзены, вершаскладанне, шырокаэкранны, ваеннаабавязаны, рознаскланяльны, формаўтварэнне, многагалоссе.
30. Затранскрыбіруйце тэкст. Знайдзіце і растлумачце адлюстраваныя ў ім адметныя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы. Зрабіце фанетычны аналіз слоў, падкрэсленых у тэксце.
Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Як многа гэтых дарог і як разнастайны яны ў сваім руху і ў сіле свайго імкнення!
Ёсць нейкія заваблівыя чары, паэзія і хараство ў гэтых дарогах-ручаях, што пракладваюць пуцявіны вясне і адноўленаму жыццю на зямлі, у іх мітуслівым бегу і залівістым бульканні, у вясёлым гомане і ў грозным шуме. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ў пачатку, струменяцца яны, як слёзы, на твары зямлі тоненькімі, пакручастымі рысачкамі, набываючы сілу з кожным часам, з кожным крокам наперад. І колькі перашкод, колькі нечаканасцей у іх падарожжы! Але яны бягуць несціхана, бягуць безупынна, дзе шпарчэй, дзе павольна, абыходзячы перашкоды, ці проста зносячы іх з свае дарогі.
(Я.Колас)