ГУКАВЫЯ ЗМЕНЫ Ў МОЎНАЙ ПЛЫНІ
^ Вверх

ГУКАВЫЯ ЗМЕНЫ Ў МОЎНАЙ ПЛЫНІ 

Гукавыя змены гукаў залежаць ад агульных умоў вымаўлення, або фанетычнай пазiцыi гука ў слове (уплыў пачатку або канца слова, нацiску, характару склада). Так, нацiскныя галосныя адрознiваюцца ад ненацiскных большай напружанасцю артыкуляцый, большай даўжынёй i гучнасцю. У ненацiскных становiшчах  галосныя трацяць сваю выразнасць, таму не пад нацiскам яны становяцца больш кароткiмi, чым пад нацiскам: в[у]чань — в[у]чоба, с[а]д — с[а]ды.

У сувязi з гэтым адрознiваюць дзве асноўныя пазiцыi галосных гукаў: моцную i слабую.  У моцнай пазіцыі гук знаходзіцца тады, калi характэрныя прыметы гука не залежаць ад месца ў слове, ад суседнiх гукаў. Для галосных моцная пазiцыя — нацiскное становішча. Слабая пазiцыя праяўляецца ў тым, што гук падпадае пад уплыў суседнiх гукаў або змяняецца ў залежнасцi ад месца ў слове. Для галосных слабая пазiцыя — ненацiскная. Так, галосныя несярэдняга пад`ёму [i], [ы], [у], [а] у ненацiскным становiшчы змяняюцца толькi часткова. Яны менш працяглыя, карацейшыя, але зусiм выразныя, i на iх месцы не ўзнiкаюць якiя-небудзь iншыя гукi (суха-сухавата — высушыць, быў — бывалы — выбыў, сiнi — сiняваты — высінiць, класцi — кладу — выклад). Гэта так званыя частковыя пазіцыйныя  змены галосных. Пры поўных пазiцыйных зменах галосныя не пад нацiскам страчваюць сваю асноўную якасць i вымаўляюцца як iншы гук. У беларускай мове такiя змены зведваюць галосныя сярэдняга пад`ёму [о], [э], якiя ў ненацiскным становiшчы вымаўляюцца як [а]: р[э]кi — р[а]кi, в[о]ды — в[а]да. Пераход [о] [э] не пад нацiскам у [а] называецца аканнем.

Аканне (у шырокiм сэнсе слова) — яркая рыса беларускай мовы, яно ўласцiва i лiтаратурнай мове, i гаворкам. Побач з тэрмiнам аканне” ўжываецца тэрмiн “яканне”, якiм абазначаецца аканне пасля мяккiх зычных (на пiсьме ў такiм выпадку ўжываецца лiтара я, адсюль i тэрмiн “яканне”): л[э]с — л[а]сы, в[о]сны — в[а]сна. Яканне найбольш ярка праяўляецца ў першым складзе перад нацiскам, у астатнiх складах яканне адчуваецца слаба. Гэты фанетычны закон не распаўсюджваецца на некаторыя запазычаныя словы: м[э]тал, с[э]кунда.

Для зычных гукаў моцная пазіцыя — становішча перад галоснымі і санорнымі, слабая — перад шумнымі і на канцы слова.

Найбольш характэрнымi фанетычнымi зменамi для зычных гукаў з'яўляюцца асiмiляцыя, дысiмiляцыя, акамадацыя.

Асiмiляцыя (ад лац. assimilatio — прыпадабненне) —  гэта фанетычны працэс прыпадабнення аднаго гука да другога. Так, напрыклад, звонкiя перад глухiмi пазiцыйна мяняюцца на глухiя: сту[ж]ка — сту[ш]ка, а глухiя перад звонкiмi — на звонкiя про[с]ьба — про[з`]ба.

Па вынiку ўздзеяння асiмiляцыя бывае поўнай i няпоўнай.

Пры  поўнай асiмiляцыi назiраецца поўнае прыпадабненне гука. Гук, якi прыпадабняецца, поўнасцю трацiць сваю артыкуляцыю i набывае асаблiвасцi таго гука, да якога прыпадабняецца. Напрыклад, смяе[ш]ся — смяе[с`]я, на рэчцы — на рэ[ц]ы.

Няпоўная асiмiляцыя — гэта частковае прыпадабненне аднаго гука да другога. Пры няпоўнай асiмiляцыi зычныя гукi прыпадабняюцца па адной або некалькiх прыметах, захоўваючы пэўнае адрозненне памiж сабой. Напрыклад, у слове нi[с]ка гук [з] аглушаецца перад глухiм [к], але захоўвае ўсе свае іншыя асаблiвасцi.

Па напрамку ўздзеяння адрознiваюць асiмiляцыю прагрэсiўную i рэгрэсiўную. Прагрэсiўная асiмiляцыя, калi наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, у беларускай мове з`ява рэдкая. У вынiку прагрэсiўнай асiмiляцыi ўтварылiся (калоссе — з калосьйе, каменне  з каменьйе) падоўжаныя зычныя. Для сучаснай беларускай мовы характэрна рэгрэсiўная асiмiляцыя, калi наступны гук уздзейнiчае на папярэднi — загадка [за а[т]ка], сшытак [[ш]ытак]. Акрамя гэтага яшчэ асiмiляцыя бывае слоўная i мiжслоўная, сумежная i дыстанцыйная).

Слоўная асiмiляцыя дзейнiчае ўнутры слова кнiжка (кн`i[ш]ка), а мiжслоўная — на стыку самастойных i службовых часцiн мовы ([с] табой). Пры сумежнай асiмiляцыi гукi, якiя прыпадабняюцца, стаяць побач (сцежка — с`ц`э[ш]ка). Пры дыстанцыйнай асiмiляцыi прыпадабняюцца гукi, памiж якiмi ёсць iншыя гукi (шаша) (з шасэ).

Асiмiляцыя бывае некалькi разнавiднасцей:

а) па глухасцi-- звонкасцi:

загадаць — загатка [зага[д]ац`]-- [зага[т]ка]

касiць — касьба  [ка[с`]iц` — ка[з`]ба]

б) па цвердасцi — мяккасцi:

два — дзве [[д]ва] — [z`]в`э]

чатыры — ча[ц`]вёра

в) па шыпячасцi-свiсцячасцi:

сшытак [[ш]ытак]

пясчаны [п`а[ш]чаны]

смяешся [с`маjэ[с`]a]

на рэчцы [на рэ[ц]ы]

г) асіміляцыя зубных [д], [т] да [ц], [ч], у выніку чаго атрымліваюцца падоўжаныя [ц], [ч]:

на кладцы [на кла[ц]ы]

матчын [ма[ч]ын].

 

Чаргаванне звонкiх i глухiх зычных адбываецца ў вынiку аглушэння звонкiх у канцы слова: снег [с`н`э[х]], мароз [маро[с]]. Такi працэс называецца аглушэннем.

Дысiмiляцыя (лац. dissimilatio — распадабненне) — гэта замена аднаго з двух аднолькавых або падобных гукаў iншым, менш падобным па вымаўленнi. Дысiмiляцыя, як асiмiляцыя, можа быць прагрэсiўнай i рэгрэсiўнай, сумежнай i дыстанцыйнай. Прыкладам сумежнай дысiмiляцыi можна назваць дыялектнае вымаўленне слова бонба, дзе губны [м] пад уплывам наступнага губнога [б] змянiўся на зубны [н]. У літаратурнай мове калідор (з карыдор), класці (з кладти).

Акамадацыя (лац. accomodatio) — прыстасаванне артыкуляцыi зычных i галосных гукаў, якiя стаяць у моўнай плынi. Паколькi кожны гук мовы складаецца з экскурсii (пачатковага ўчастка), вытрымкi (найбольш характэрнай часткi гучання) i рэкурсii (канцавога ўчастка), акамадацыя найчасцей выражаецца ў змене экскурсii i рэкурсii. Калi артыкуляцыя наступнага гука змяняецца пад уплывам папярэдняга, акамадацыя называецца прагрэсiўнай. У беларускай мове прагрэсiўная акамадацыя назiраецца памiж папярэднiмi мяккiмi зычнымi i наступнымi галоснымi гукамi. Пры ўплыве наступнага галоснага на папярэднi зычны адбываецца рэгрэсiўная акамадацыя, яе прыклад — агубленне зычных перад наступнымi лабiлiязаванымi галоснымi [о], [у]. Параўнайце вымаўленне гукаў [м], [мо], [с], [со] у словах [ма]к i [м'оо]к, [са]д i [соу]д.

У складах [м'оо] [соу] зычныя гукi вымаўляюцца пры выцягнутых уперад i акругленых губах. У складах з неагубленымi галоснымi [а], [э], [а], [i] папярэднiя зычныя вымаўляюцца пры нейтральным становiшчы губ.

Да гукавых змен у моўнай плынi адносяцца сцяжэнне i спрашчэнне груп зычных.

Сцяжэнне зычных гукаў — фанетычная з`ява, у вынiку якой два аднолькавыя або блiзкiя ў якiх-небудзь адносiнах гукi сцягваюцца ў адзiн. Сцяжэнню падпадаюць наступныя гукi: 

[сс-с]

[зс-с]

[шс-с]

 

 

[жс-с]

[тс-ц]

[дс-ц]

[цс-ц]

[чс-ц]

[кс-ц]

 

беларус+ск – белару[с]кі

каўказ+ск - каўка[с]кі

таварыш+ск - тавары[с]кі

 

                     19

прыго[ж+с]тва - прыго[с]тва

савет+ск - саве[ц]кі

горад+кс - гара[ц]кі

купец+ск - купе[ц]кі

Баранавічы+ск - баранаві[ц]кі

батрак+ск - батра[ц]кі

Непасрэднае сцяжэнне адбываецца толькi ў спалучэннi [сс-с]. Ва ўсiх астатнiх выпадках адбываецца рэгрэсiўная асiмiляцыя, а затым сцяжэнне.

Спрашчэнне груп зычных — фанетычная з`ява, пры якой з этымалагiчных трох-чатырох гукавых спалучэнняў зычных выпадаюць асобныя гукi. У беларускай мове спрасціліся наступныя спалучэнні зычных гукаў:

Здн – зн – выезд – выязны;

стн (с’ц’н) – сн – карысць – карысны;

стл – сл – шчасце – шчаслівы;

лнц – нц – сонца;

рдц – рц – сардэчка – сэрца;

скн – сн – ціск – ціснуць;

згн – зн – брызгаць – брызнуць.

Характэрнай асаблiвасцю фанетычных змен беларускай мовы з`яўляецца дзеканне i цеканне. Змена зычнага [д] пры яго памякчэннi на мяккi  [дз'] называецца дзеканнем, а зычнага [т] на мяккi [ц'] — цеканнем. Дзеканне i цеканне адбываюцца перад галоснымi, а таксама перад мяккiм  [в']: дзве, дзверы, дзед, у хаце. Перад мяккiм [в'] не мяняюцца [д] прыставачны i [т] суфiксальны: па[д]вячорак, у таварыс[т]ве.

Беларускай мове ўласцiва такая фанетычная з`ява, як падаўжэнне зычных гукаў [дз'], [з'], [л'], [н'], [с'], [ц'], [ч], [ж], [ш], у становiшчы памiж галоснымi: насенне, збожжа, стагоддзе, падарожжа. Падаўжэнне зычных узнiкла ў вынiку страты рэдукаваных i асiмiляцыйнага змянення зычнага ў спалучэннi з наступным [й]. Сучасным падоўжаным зычным адпавядала спалучэнне: мяккi — [ь] — [й]: камен — [н'] + [ь] + [й] - [э] ® каме[н'] [й] [-э] ® каме[н']- [э]. 

Фанетычнае падаўжэнне трэба адрознiваць ад марфалагічнага падваення зычных на стыку марфем (частак слова): ад-даць, раз-злавацца, камен-н-ы, асен-н-i.

 

Пытаннi для самаправеркi

1. Што такое аканне i яканне ў беларускай мове? Прывядзiце прыклады i дайце iм тлумачэнне.

2. Як вы разумееце моцную i слабую пазiцыі галосных гукаў?

3. Якiм зменам падлягаюць галосныя ў ненацiскным становiшчы?

4. Цi распаўсюджваецца працэс акання на словы iншамоўнага паходжання?

5. Якiя фанетычныя змены зычных ведаеце ў беларускай мове? Назавiце iх.

6. Што такое асiмiляцыя? Якiя вiды асiмiляцыi ведаеце? Пакажыце гэта на прыкладах.

7. Якiя гукавыя адзiнкi могуць падпадаць пад асiмiляцыю? Ці перадаецца асіміляцыя на пісьме?

8. Як вызначаецца асiмiляцыя паводле напрамку, месца, вынiку i характару ўзаемадзеяння гукаў?

9. Прывядзiце прыклады асiмiляцыi па звонкасцi / глухасцi, шыпячасцi / свiсцячасцi, цвёрдасцi / мяккасцi.

10. Дайце вызначэнне дысiмiляцыi. Прывядзiце прыклады.

11. Памiж якiмi гукавымi адзiнкамi мовы ўзнiкае дысiмiляцыя?

12. Што такое акамадацыя? Праiлюструйце на прыкладах.

13. Прывядзiце прыклады прагрэсiўнай i рэгрэсiўнай акамадацыi.

14. Ахарактарызуйце працэс сцяжэння гукаў. Пакажыце гэта практычна.

15. Якiя групы зычных гукаў у беларускай мове спрасцiлiся?

16. Назавiце гукi беларускай мовы, якiя здольны падаўжацца, калi яны стаяць у становiшчы памiж галоснымі. Праiлюструйце прыкладамi.

17. Як адрозніць фанетычнае падаўжэнне зычных ад марфалагічнага падваення?

18. Што такое дзеканне-цеканне ў беларускай мове? Прывядзiце прыклады.

19. Калi змякчаюцца i не змякчаюцца ў вымаўленнi зычныя [ д ],[ т ]?

 

 

Заданнi да практычных заняткаў

1. Затранскрыбiруйце пары слоў i раскрыйце характар фанетычных змен. Растлумачце сутнасць акання i якання ў беларускай мове. 

Вецер — вятрак, бегчы — бяжыць, восем — васьмёра, шэсць — шасцёра, чорны — чарнець, клён — кляновы, возера — азёры, свет — свяцiць, горад — гарадзiшча, стрэл — страляць, агонь — аганёк, золата — пазалота, жоўты — жаўцець, цэлы — цалюткi, мёд — мядовы, нёс — нясу, вясёлы — весялейшы, пасёлак — пасялковы.

 

2. Ахарактарызуйце асiмiляцыю зычных у нiжэйпрыведзеных словах (поўная цi няпоўная, рэгрэсiўная цi прагрэсiўная, дыстанцыйная цi сумежная, слоўная цi мiжслоўная). Словы падаць у транскрыпцыi. 

Бясшумны, экзамен, прыезджы, адчынiць, дождж, бабка, лыжка, футбол, разносчык, возчык, адзяваешся, збiраешся, на рэчцы, з чатырох бакоў, пясчаны, сведка, снег, лёгка, адпрацаваць, рос бы, нёс бы, грузчык, счырванець.

 

3. Размяркуйце словы на тры групы. У першую запiшыце словы, у якiх адбываецца асiмiляцыя па глухасцi — звонкасцi, у другую — па мяккасцi, у трэцюю з асiмiляцыяй шыпячых да свiсцячых i наадварот. 

Малацьба, дзве, дарожка, адказ, вузкi, лёгкi, касьба, сшытак, сцежка, мужчына, зжаўцець, на дошцы, вучышся, карыстаешся, разведчык, у вопратцы, збiць, ягадка, адтаванне, выязджаць, сядзьце, лагчына.

 

4. У нiжэйпрыведзеных сказах знайдзiце прыклады на акамадацыю. 

1. Пачынае свiтаць, сiне-белы туман вiсiць над кустамi, што растуць паблiзу насыпу, над лугавiнай i ўзлессем. (У.Навуменка) 2. Каб стаць чалавекам у час наш суровы, помнi жыцця асновы: гавары, як вучыла мацi, рабi, як вучыў бацька, жывi, як добрыя людзi. (П.Панчанка). 3. Заўсёды ў лесе добра мне: у iм так цiха, урачыста. (І.Навуменка).

 

5. Затранскрыбiруйце словы i ахарактарызуйце сцяжэнне і спрашчэнне груп зычных.

Суседскi, грамадскi, савецкi, брацкi, раслiна, помслiвы, каўказскi, ткацкi, княжскi, нясвiжскi, кравецкi, лётчык, Брэстчына, шчаслiвы, абласны, карысны, трохмесны, веснiк, мастацкi, гарняцкi, мiласэрны, позна.

 

6. Раскажыце пра дзеканне i цеканне ў беларускай мове. Параўнайце, як вымаўляюцца ў беларускай i рускай мовах наступныя словы. 

Памяць — память, цвёрды — твёрдый, дзверы — дверь, цяплець — теплеть, дзiця — дитя, цiха — тихо, мядзведзь — медведь.

 

7. Выпiшыце асобна словы з падоўжанымi зычнымi i словы з падвоенымi зычнымi. Як адрозніваюцца паміж сабой гэтыя фанетычныя працэсы? Словы падаць у транскрыпцыi. Звярнiце ўвагу на вымаўленне. 

Жыццё, беззямелле, каменне, каменны, аддаць, збожжа, рассыпаць, аконны, асеннi, аблiчча, бессаромна, беззаганна, рассыпаць, шасцюдзесяццю, даследаванне, узвышша, суддзя, пытанне, раззлаваць, бясстрашны.