Пазiцыйныя чаргаваннi гукаў
Гукi ў мове функцыянiруюць не iзалявана, а ў моўнай плынi — у спалучэннi з iншымi гукамi ў складзе значымых моўных адзiнак (марфем, слоў, словазлучэнняў i iнш.). У моўнай плынi галосныя i зычныя могуць знаходзiцца ў самых разнастайных фанетычных становiшчах. Так, напрыклад, яны могуць быць у пачатку, сярэдзiне цi канцы слова, у нацiскным цi ненацiскным складзе. Фанетычнае становiшча гукаў прынята называць iх фанетычнай пазiцыяй.
У адных пазiцыях гукi не змяняюцца, iх якасцi праяўляюцца ярка i выразна. Гэтыя пазiцыi называюцца моцнымi. У моцных пазiцыях адрознiваецца самая большая колькасць галосных або зычных гукаў. Моцнай пазiцыяй для галосных у беларускай лiтаратурнай мове з`яўляецца становiшча iх пад нацiскам, дзе выразна вымаўляюцца ўсе шэсць галосных гукаў: м[а]к, м[о]х, м[у]ка, м[ы]ла, м[э]х, м[i]на. Для зычных моцная пазiцыя — становiшча перад галоснымi перад санорнымі: ж[а]ра, п[а]ра, ра[д]ок , ма[т]ок.
У iншых жа пазiцыях, якiя называюцца слабымi, пэўныя якасцi гукаў праяўляюцца менш выразна або зусiм змяняюцца.
Напрыклад, у ненацiскным становiшчы, якое з`яўляецца слабым для галосных у беларускай лiтаратурнай мове, гукi [а], [i], [ы], [у] становяцца больш кароткiмi, чым пад нацiскам: л[у]г — л[у]гавы, гл[ы]б — гл[ы]бiня. Галосныя гукi [о], [э] зусiм змяняюць сваю якасць: яны супадаюць у гуку [а] пасля цвёрдых зычных ва ўсiх ненацiскных складах: р[э]кi — р[а]ка, г[о]рад — г[о]рады, а таксама пасля мяккiх зычных у першым пераднацiскным складзе: в[о]сны — в[а]сна, л[эс] — л[а]сы (адбываецца працэс акання i якання).
Найбольш значныя змены зычных у беларускай лiтаратурнай мове адбываюцца пры спалучэннi iх у моўнай плынi памiж сабой.
Напрыклад, у формах слова гарады — горад — у горадзе корань слова адзін i той жа, але вымаўляем то[д], то[т], то[дз']. З`яўленне гэтых гукаў абумоўлена фанетычнай пазiцыяй: на канцы слова звонкi гук [д] аглушаецца i пераходзіць у глухi гук [т], а перад галосным пярэдняга рада змяняецца парным мяккiм [дз']. Такiя змены гукаў, якiя адбываюцца пад уплывам фанетычнай пазiцыi, называюцца пазiцыйнымi зменамi, або пазiцыйнымi чаргаваннямi. Пазiцыйныя чаргаваннi выклiкаюцца гукавымi працэсамi ў сучаснай мове.
У беларускай лiтаратурнай мове пазiцыйныя чаргаваннi галосных абумоўлены пазiцыяй галоснага адносна месца нацiску i характарам папярэдняга зычнага.
Да пазiцыйных змен адносяцца наступныя чаргаваннi галосных:
[о] — [а], [э] — [а]: г[о]ры — г[а]ра, ш[э]сць — ш[а]сцi;
[i] — [ы], [й] — [j]: iсцi — с[ы]сцi, iсцi — па[й]сцi;
[у] — [ў]: ён [у]бачыў — яна [ў]бачыла.
Да пазіцыйных чаргаванняў адносяцца змены зычных у выніку аглушэння на канцы слова і пры асіміляцыі па глухасці-звонкасці і па мяккасці:
а) чаргаванні звонкіх і глухіх, што ўзніклі пры аглушэнні звонкіх на канцы слова: на[ж]ы — но[ш], зу[б]ы — зу[п];
б) звонкіх і глухіх у сярэдзіне слова: зу[б]ы — зу[п]кі, ка[з]аць — ка[с]ка;
в) цвёрдых і мяккіх зычных, якія адбываюцца пры асіміляцыі зычных па мяккасці і пры памякчэнні зычных перад [э], [і], [а] і на канцы слова: [з]бор — [з’]біраць, вя[з]аць — повя[с’];
г) свісцячых і шыпячых: гру[з’]іць — гру[ш]чык, [з] часткай — [ш] часткай;
д) чаргаванні заднеязычных [г], [к], [х] з [г’], [к’], [х’] адбываюцца толькі перад [і] у спрадвечна беларускіх словах: лод[к]а — лод[к’]і, стра[х]а — стрэ[х’]і;
е) зычнага з нулём гука: [в] обласць – абласны.
Чаргуюцца таксама ў беларускай мове санорныя [в], [в'] з [ў] (пасля галосных перад зычным): ла[в]а — ла[ў]ка.
Характэрнай асаблiвасцю беларускай мовы з`яўляецца дзеканне i цеканне. Змена зычнага [д] пры яго памякчэннi на мяккi [дз'] называецца дзеканнем, а зычнага [т] на мяккi [ц'] — цеканнем. Дзеканне i цеканне адбываецца перад галоснымi, а таксама перад мяккiм [в']: ха[т]а — у ха[ц']е, [д]ва — [дз']ве. Перад мяккiм [в'] не мяняюцца [д] прыставачны i [т] суфiксальны; у бi[т]ве, па[д]вячэрак.
У большасцi слоў iншамоўнага паходжання дзеканне i цеканне не назiраюцца: [д]эбют, [т]эатр; толькi некаторыя словы вымаўляюцца з [дз'] i [ц'], што адлюстроўваецца i на пiсьме: [ц]юльпан, каман[дз]iр.
Пазiцыйныя чаргаваннi галосных i зычных гукаў адбываюцца ў строга акрэсленых фанетычных умовах. Менавiта яны ў многім вызначаюць спецыфiку фанетычнай сiстэмы мовы. Веданне iх неабходна як для засваення нормаў лiтаратурнага вымаўлення, так i для разумення прынцыпаў пабудовы арфаграфiчнай сiстэмы мовы.
Пытаннi для самаправеркi
1. Якiя вiды гукавых змен выяўляюцца ў мове?
2. Ахарактарызуйце пазiцыйныя змены галосных у залежнасцi ад месца нацiску i характару суседнiх зычных.
3. Што такое частковыя i поўныя фанетычныя змены?
4. Ахарактарызуйце вiды частковых i поўных фанетычных змен у сiстэме галосных гукаў на прыкладах ужывання слоў: стол — сталы, лад — лады — уладкаваць, мед — мядовы, зiмы — зiма — зiмаваць, вецер — вятры, сэрца — сардэчны, ключ — ключы.
5. У якіх словах пераднацiскныя [о], [э] не пераходзяць у [а]? Пакажыце на прыкладах.
6. Ахарактарызуйце вiды фанетычных змен у сiстэме зычных гукаў у словах: вакзал, сядзьце, грыбкі, экзамен, вучышся, зжаць, ад школы, у бочцы, мёд, смех, сшыць.
7. Цi перадаецца на пiсьме прыпадабненне зычных па звонкасцi/глухасцi, шыпячасцi/свiсцячасцi, цвёрдасцi/мяккасцi?
8. У якіх выпадках змякчаюцца і не змякчаюцца ў вымаўленні зычныя д, т?
9. Запiшыце па тры пары слоў з пазiцыйнымi чаргаваннямi [о] : [а]; [э] : [а], [i] : [й]; [i] : [ы].
10. Запiшыце па два прыклады на чаргаваннi глухi — звонкi; цвёрды — мяккi; шыпячы — свiсцячы; звонкi — глухi; зычны — нуль гука.
Заданнi да практычных заняткаў
1. Затранскрыбiруйце словы. Назавiце чаргаванні зычных гукаў i вызначце, якiмi фанетычнымi пазiцыямi гэтыя чаргаваннi абумоўлены.
Бароцца — барацьба, вясна — вясне, прасiць — просьба, казаць — казка, вясна — вясне, гарады — горад, позна — познi, грыбы — грыб, клубок — клубкi.
2. Затранскрыбiруйце i вызначце характар пазiцыйных чаргаванняў галосных гукаў пасля цвёрдых зычных. Як называецца прыведзены від чаргаванняў?
Шэрсць — шарсцiць — шарсцяны, цэлы — цалюткi — цалiна, вучоба — вучань, норма — нармальны — унармаваць — нармалiзацыя — нармалiзаваць, золата — пазалота — пазалацiць.
3. Запiшыце па 2-3 прыклады пазiцыйных чаргаванняў галосных паводле прыведзеных схем i растлумачце ўмовы, пры якiх гэтыя чаргаваннi адбываюцца.
[о] — [о·] — [·о] — [·о·] ; [о] — [а] ; [·о] — [·а] ; [э] —[·э] — [·э·]; [э] — [а].
4. Выпiшыце з тэксту словы з пазiцыйнымi змяненнямi зычных гукаў. Падбярыце да iх аднакарэнныя словы, у якiх гэты гук быў бы ў незалежнай пазiцыi.
Бабка Параска цяжка ўздыхнула i выйшла з пакоiка. Не сядзелася ў iм i Лабановiчу. Перад тым, як пакiнуць сваё трэцяе i апошняе настаўнiцкае месца, яму захацелася яшчэ раз абысцi ўсе тыя дарогi i сцежкi, якiя сталi яму блiзкiмi i дарагiмi (Я.Колас).
5. Затранскрыбiруйце словы i растлумачце вымаўленне i напiсанне слоў. Калi змякчаюцца i не змякчаюцца ў вымаўленнi зычныя [д], [т]?
Дзверы, адвесцi, адведаць, цвёрды, цьмяны, у бiтве, у таварыстве; дэлегат, дыктант, тэатр, нацыя, тэхнiка; бiлецiк, гвардзейскi, камандзiр, каранцiн; дзюна, бардзюр, цюль, уверцюра; Дзвiна, Цёркiн, Цюмень, Ціханаў; Тыбет, Тэгеран.
6. Затранскрыбiруйце тэкст. Знайдзiце i выпiшыце асобна словы, у якiх [у] змяніўся на [ў]. Растлумачце, у якiх умовах у сучаснай мове чаргуюцца [у] : [ў].
Падхапiўся, пацiснуў марозiк, пачаў шэрхнуць снег, што крышку прыадтаў за сонечны дзень. Але ўсё роўна неяк адчувалася, трывожыла душу няяснае пачуццё, што свяцiла сонца, падалi ў зацiшку з дахаў кроплi вады, што цяпер, нанач, загусцелая, правiсла яшчэ маленькiмi i тоненькiмi ледзяшкамi, што праталiўся снег ля нагрэтых камлёў дрэў, што мякка ўжо дымілiся стрэхi маленькiх дамоў, што стаялi мiж высокiх гмахаў, словам, трывожыла, што пара iшла да цяпла ... (Г.Далiдовiч).