ФАНАЛОГIЯ
^ Вверх

Фаналогiя 

Фаналогiя ( ад грэч. rfone — гук  i  logos — вучэнне, слова) —  навука, што даследуе фанемы i iх сiстэму.

Фанетыка i фаналогiя цесна ўзаемазвязаныя, паколькi аб`ектам iх вывучэння з`яўляюцца гукi мовы. Але калi ў фанетыцы разглядаюцца акустычныя i артыкуляцыйныя асаблiвасцi гукаў, то ў фаналогii — функцыянальныя ўласцiвасцi гукаў. Фаналогiя i фанетыка разглядаюць розныя бакi аднаго i таго ж аб`екта i складаюць адзiнае цэлае, таму фаналогiю яшчэ называюць функцыянальнай фанетыкай.

Упершыню звярнуў увагу на рэальную супярэчнасць памiж параўнальна невялiкай колькасцю функцыянальна значных гукаў i практычна незлiчонай колькасцю розных фiзiчных гукаў, з якiх складаецца мова, І.А.Бодуэн дэ Куртэне, якi i ўвёў у лiнгвiстычны ўжытак тэрмiн “фанема”. Вялiкую ролю ў фармiраваннi агульнай тэорыi фаналогii мелi працы Л.І.Шчэрбы, якi вызначыў фанему як адзiнку, здольную дыферэнцыраваць словы i iх формы, а таксама працы М.С.Трубяцкога i Р.О.Якабсона.

У сучаснай лiнгвiстыцы iснуюць розныя фаналагiчныя школы (Маскоўская, Ленiнградская, Пражская i iнш.), якiя, развiваючы iдэi Бодуэна дэ Куртэне, вырашаюць, аднак, асноўнае пытанне фаналогii па-рознаму.

Так, на адносiнах пазiцыйнага чаргавання, калi фанема разглядаецца як рад гукаў, якiя пазiцыйна чаргуюцца ў межах марфемы, заснавана вучэнне аб фанеме ў працах прадстаўнiкоў маскоўскай фаналагiчнай школы.

Фанетычная сiстэма беларускай мовы апiсваецца з пункту погляду Маскоўскай фаналагiчнай школы.

З акустычнага i фiзiялагiчнага боку ў жывым маўленнi такая вялiкая колькасць гукаў, што падлiчыць iх па сутнасцi немагчыма. Але далёка не ўсе яны служаць сродкам адрознення значымых моўных адзiнак (марфем, слоў).

Напрыклад, розныя ў акустычных i артыкуляцыйных адносiнах гукi [т] i [то] у словах там i том успрымаюцца як адзiн гук [т].

Пры моўных зносiнах iх адрозненне неiстотнае (словы там i том мы адрознiваем па галосных гуках). І ўвогуле ў беларускай мове няма двух слоў, якiя адрознiвалiся б гэтай прыметай. Таму мы i ўспрымаем гэтыя гукi як адзiн гук. У iншых мовах, напрыклад, лезгiнскай, словы могуць адрознiвацца гэтымi гукамi. для пэўнага моўнага калектыву важныя не ўсе магчымыя гукi, а толькi тыя, якiя служаць для адрознення слоў i форм.

Уся разнастайнасць гукаў у мове зводзiцца да невялiкай колькасцi фанем (у розных мовах свету колькасць фанем вар`iруецца ад 12 да 80).

Так вышэйпрыведзеныя гукi [т] i [то] прадстаўляюць адну фанему     < т> (фанема абазначаецца значком < >).

Калi кажуць, што ў нашай мове 45 гукаў, то маюць на ўвазе тыповыя, асноўныя гукi — фанемы. Гук маўлення — гэта форма выражэння i iснавання фанемы, а фанема ўяўляе сабой  сукупнасць гукаў, аб`яднаных адзiнай функцыяй адрознення. Пакажам гэта на прыкладзе. Параўнаем тры словы  

мак

мячык

мацi

мякiш

а

·а

а*

ä

Тут фанема <а> ўяўляе сабой сукупнасць гукаў <·а>, < а*>, <ä>, якая ў моўнай плынi рэалiзуецца ў адным з названых гукаў. І яшчэ. Словы бок, бук, бак адрознiваюцца фанемамi <о>, <у>, <а>, а словы дом — том — сом фанемамi <д>, <т>, <с>. Такiм чынам, фанема — гэта асноўны, тыповы гук, якi служыць для адрознення матэрыяльнай абалонкi слоў i iх форм.

Фанемная iдэнтыфiкацыя на аснове пазiцыйнага аналiзу заснавана на тым, што фанема як абстрактная адзiнка процiпастаўляецца гуку як канкрэтнай адзiнцы, у якой яна рэалiзуецца ў моўнай плынi. Адной фанеме можа адпавядаць некалькi розных рэалiзацый, цi алафонаў, кожны з якiх суадносiцца з пэўнай пазiцыяй. На адносiнах пазiцыйнага чаргавання, калi фанема разглядаецца як рад гукаў, якiя пазiцыйна чаргуюцца, заснавана вучэнне аб фанеме ў працах прадстаўнiкоў маскоўскай фаналагiчнай школы.

Напрыклад, у словах сады — садок — садзiк — сад гукi [д], [до], [z'], [т] з`яўляюцца алафонамi фанемы <д>, паколькi яны пазiцыйна чаргуюцца. Вучоныя гэтай школы вылучаюць з функцыянальнага пункту погляду моцныя i слабыя пазiцыi ў залежнасцi ад таго, дапамагаюць яны цi не выконваць фанеме яе сэнсаадрознiвальную (сiгнiфiкатыўную) функцыю i функцыю атаясамлівання (перцэптыўную) моўных адзiнак.

Для таго, каб вызначыць фанемны склад слова, трэба кожны гук паставiць у моцнай (незалежнай) пазiцыi, дзе гук адпавядае фанеме. Фанема ў залежнасцi ад яе становiшча ў слове i нацiску вымаўляецца неаднолькава. У вынiку адрознiваюць слабыя (залежныя) i моцныя (незалежныя) пазiцыi фанем. Моцная пазiцыя для галосных — нацiскное  становiшча,  а  слабая — ненацiскное. Для  зычных  моцная пазiцыя — становiшча перад галоснымi i санорнымi, слабая — перад шумнымi i на канцы слова.

У вынiку чаргавання моцных фанем са слабымi ўтвараецца фанемны рад. Ядром гэтага рада выступаюць моцныя фанемы, з якiмi звычайна супастаўляюцца слабыя. Так, напрыклад, у словах стол — сталы фанема<о> ў моцнай пазiцыi чаргуецца з фанемай <а> ў слабой пазiцыi,  утвараючы фанемны рад <о-а>; а ў словах гарады-горад фанема <д> у моцнай пазiцыi чаргуецца з фанемай <т> у слабой пазiцыi, утвараючы фанемны рад <д-т> i г.д.

Кожная фанема ў залежнасцi ад пазiцыi ў слове можа змяняць сваю якасць. У вынiку такiх змен утвараюцца варыянты i варыяцыi фанем. Калi якасць гука змянiлася ў нязначнай меры i ён не супаў з iншай фанемай, тады перад намi варыяцыя фанемы. Так, напрыклад, у словах мак, мацi, мяжа, мяць гук [а] знаходзiцца ў розных фанетычных умовах. Становiшча гука аказвае пэўны ўплыў на яго якасць i вымаўленне. Калi ж якасць гука змянiлася настолькi, што ён супаў з iншай фанемай, то гэта варыянт фанемы. Напрыклад, у словах грыб i грып канцавы гук вымаўляецца як [п], таму ў даным выпадку мы адзначаем, што гук [п] з`яўляецца варыянтам фанемы <б>.

Пры няпоўных пазiцыйных радах алафонаў, калi адсутнiчае асноўны алафон i дакладнае фанемнае атаясамлiванне немагчыма, вучоныя маскоўскай фаналагiчнай школы ўводяць асобную адзiнку — гiперфанему. Напрыклад, у слове сабака галосны 1-га склада рэалiзуе не звычайную “правяральную” фанему, а гiперфанему [а/о].

Валодаючы мноствам фанетычных (артыкуляцыйных або акустычных) прымет, гукi процiпастаўляюцца толькi некаторымi з iх, якiя прынята называць дыферэнцыяльнымi. Напрыклад, зычны [з] з`яўляецца пярэднеязычным, шчылiнным, звонкiм, цвёрдым, ненасавым. Пярэднеязычнасць, шчылiннасць, звонкасць, цвёрдасць з`яўляюцца дыферэнцыяльнымi прыметамi, таму што гук [з] процiпастаўляецца [з'] мяккаму, [т] змычнаму, [х] заднеязычнаму, [с] глухому, але не процiпастаўлены насавому пярэднеязычнаму шчылiннаму, бо такога гука наогул няма ў беларускай мове. Таму ненасавы характар [з] не з`яўляецца дыферэнцыяльнай прыметай.

Розная колькасць дыферэнцыяльных прымет яшчэ раз паказвае, што гукі i фанемы  нi  ў  якiм  разе  нельга  разглядаць  як  тоесныя,  бо фанемы суадносяцца не з усiмi прыметамi гукаў, а толькi з дыферэнцыяльнымi.

Асаблiва ярка выдзяляюцца дыферэнцыяльныя прыметы ў тых выпадках, калi фанемы звязваюцца iмi ў цэлыя рады. Такiя рады называюцца суадноснымi або карэлятыўнымi, а адносiны памiж адпаведнымi фанемамi — карэляцыямi. Карэляцыi звычайна лягчэй за ўсё  выяўляюцца дзякуючы наяўнасцi такiх фанетычных пазiцый, у якiх абедзве процiпастаўленыя фанемы супадаюць у адным гуку, г.зн. iх процiпастаўленне перастае iснаваць, нейтралiзуецца. Гэта з`ява i атрымала назву — нейтралiзацыя. Возьмем, напрыклад, глухiя i звонкiя зычныя (бiць — пiць). Але ў канцы слова звонкiя зычныя аглушаюцца, таму тут няма процiпастаўлення па звонкасцi — глухасцi: [дубы] — [дубу], але [дуп]. І такiя суадносiны назiраюцца памiж усiмi глухiмi i звонкiмi зычнымi. Значыць, глухасць — звонкасць з'яўляецца дыферэнцыяльнай прыметай, а глухiя i звонкiя зычныя фанемы ўтвараюць карэляцыю.

У беларускай мове, акрамя глухiх i звонкiх, карэляцыi ўтвараюць цвёрдыя i мяккiя, шыпячыя i свiсцячыя, змычныя i афрыкатыўныя фанемы. Карэлятыўныя адносiны сярод галосных выяўляюцца не так выразна, бо галосных абмежаваная колькасць, i таму не могуць стварацца вялiкiя па колькасцi карэлятыўныя рады.

Карэляцыі і дыферэнцыяльныя прыметы, на аснове якіх яны ўтвараюцца, маюць найбольш істотнае значэнне для фаналагічнага аналізу. Па-першае, карэляцыйныя адносіны дазваляюць найбольш лёгка выдзеліць дыферэнцыяльныя прыметы, па-другое, фанемы, якія ўтвараюць карэляцыі, з’яўляюцца блізкімі, роднаснымі, бо яны адрозніваюцца толькі адной дыферэнцыяльнай прыметай. Напрыклад, фанема <б> уваходзіць у карэляцыйны рад па звонкасці-глухасці <б> – <п>, па цвёрдасці – мяккасці <б> – <б'>. Дзякуючы дыферэнцыяльным прыметам, якія ствараюць карэляцыі, большасць фанем не ізаляваны адна ад другой, а звязаны паміж сабою, утвараючы сістэму фанем.

 

Пытанні для самаправеркі

1. Што такое фаналогія? Задачы вывучэння фаналогіі.

2. Ці ёсць розніца паміж фанетыкай і фаналогіяй?

3. Як суадносяцца паняцці «гук» і «фанема»?

4. Назавіце моцную і слабую пазіцыі для галосных і зычных фанем.

5. Што такое фанемны рад?

6. Прывядзіце прыклады на варыянты і варыяцыі фанем.

7. Вызначце заканамернасць, па якой пабудаваны наступны рад фанем. Прадоўжце яго. Як называецца такі рад?

<б> – <б'>, <п> – <п'>, <м> – <м'>, <в> – <в'>…

8. Назавіце дыферэнцыяльныя прыметы, паводле якіх выяўляецца ўзаемасувязь зычных фанем.

9. Раскрыйце змест паняцця «сістэма фанем».

10. Назавіце фаналагічныя школы, якія існуюць у сучаснай лінгвістыцы, і асноўныя палажэнні.

 

 

Заданні да практычных заняткаў

1. Вызначце, якія фанемы ў прыведзеных словах служаць для адрознення гукавой абалонкі слова. Супастаўце артыкуляцыйныя даныя гэтых слоў. 

Бар-вар-гар-дар-жар-пар (Р.скл. мн.л. ад пара) – шар – цар; соль-моль-голь-боль–толь; гара-кара-нара-пара-зара; хатка–матка-ватка-латка; слава-сліва-слова; зборны-спорны; проза-проса; розны-росны; жах-шах.

 

2. Вызначце ў словах пазіцыі галосных і зычных фанем: незалежная (моцная) ці залежная (слабая). 

Дарожны, дажджы, сямігадовы, просьба, казка, снег, малацьба, сэрца, (на) рэчцы, (у) бочцы,  перапісчык, падыграць, ордэн.

 

3. Параўнайце фанемны састаў прыведзеных ніжэй форм слоў. Выдзеліце графічна  фанемы (< >), іх варыянты ([]) і варыяцыі (ІІ). 

Дарога-дарогі-дарог, саду-сад-(у) садзе, ножык-нажы-нож, возам-(на) возе-возы-вазы, лічыць-лічба, збор-збіраць.

 

4. Вызначце, якімі дыферэнцыяльнымі прыметамі адрозніваюцца паміж сабой прыведзеныя фанемы. Назавіце дыферэнцыяльныя прыметы, паводле якіх выяўляецца ўзаемасувязь зычных фанем.

< п > і < т >, < ж > і < ш >, < б > і < б' >,  < д > і < т >.

 

5. Затранскрыбіруйце тэкст. Назавіце 3-4 галосныя фанемы і вызначце іх дыферэнцыяльныя прыметы. Прывядзіце прыклад гіперфанемы. Зрабіце фанетычны аналіз слова, падкрэсленага ў тэксце.

 

Стаяць у чаканні людзі,

Чарга не за хлебам – за словам.

Хто радасць у сэрцах будзіць? –

Мая беларуская мова.

                        (С.Законнікаў)