Склад. Складападзел. нацiск
Складам называецца частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымi на аснове злiтнага з iмi вымаўлення.
Словы падзяляюцца на склады. Колькасць складоў у слове вызначаецца колькасцю ўваходзячых у яго галосных. У беларускай мове колькасць складоў у слове можа быць ад аднаго (дом, луг) да шасцi (падпарадкоўваецца) i нават болей.
У залежнасцi ад становiшча ў складзе галоснага гука адносна зычных склады падзяляюцца на адкрытыя i закрытыя, прыкрытыя i непрыкрытыя. У адкрытым складзе на канцы размешчаны галосны (тры, мы), у закрытым — зычны (луг, лес). Прыкрытым складам лiчыцца той, якi пачынаецца з зычнага (два, сад). У адрозненне ад яго непрыкрыты склад пачынаецца з галоснага (ах, ад).
Па пачатку склады найбольш тыповыя прыкрытыя, а паводле канца — адкрытыя. Для беларускай мовы характэрна тэндэнцыя ператвараць непрыкрытыя склады ў прыкрытыя (маецца на ўвазе наяўнасць прыстаўных гукаў).
У беларускай мове словы цi склады не могуць пачынацца з лабiялiзаваных гукаў [о], [у] (усе словы на [о], [у] запазычаныя). Перад гэтымi гукамi звычайна развiваецца зычны [в]: вока, вуха.
Калi ненацiскное о мяняецца на а, прыстаўны [в] адпадае (вокны — акно). У некаторых слова в можа захоўвацца (вока — вачэй, навокал — ваколiца).
У запазычаных словах прыстаўны [в] не развiваецца перад о,у: опера, урад.
Не развiўся прыстаўны [в] перад [у], якое само ўзнiкла з [в] (унук) або з`яўляецца прыставачным (ураджай).
Пасля прыставак такi гук [в] з`яўляецца ўстаўным: увосень, завочнiк. Устаўны гук бывае i ў сярэдзіне слоў: павук, Тадэвуш.
Складападзел — гэта вызначэнне межаў памiж складамi ў слове i на стыках слоў.
Будова склада ў нашай мове падпарадкоўваецца закону ўзрастаючай гучнасцi. Усе гукi беларускай мовы па гучнасцi (сiле гучання) падраздзяляюцца на тры класы: галосныя — клас найбольш гучных гукаў; санорныя — гукi з сярэдняй велiчынёй гучнасцi; астатнiя — зычныя гукi з малой гучнасцю. Пры пабудове ў словах розных складоў, у тым лiку i пачатковых, гукi беларускай мовы спалучаюцца ў розныя паслядоўнасцi, аднак, заўсёды такiм чынам, што зычныя гукi, якiя папярэднiчаюць у складзе галоснаму гуку, ствараюць з iм узрастаючую па гучнасцi паслядоўнасць.
Закон узрастаючай гучнасцi патрабуе, каб склады былi адкрытыя. Гэты закон не дзейнiчае толькi ў канцы слоў, дзе пасля адпадзення старажытных рэдукаваных ь, ъ склады могуць заканчвацца на зычны. Гэты закон можа парушацца i пры збегу зычных у сярэдзiне слова.
Прынцып складападзелу ў адпаведнасцi з узрастаннем гучнасці канкрэтна рэалiзуецца ў наступных правiлах:
1) калi ў слове апошнi гук галосны, а зычныя i галосныя гукi ў iм размешчаны па чарзе, складападзел праводзiцца памiж галосным i наступным зычным (да-ро-га, са-ма-да-па-мо-га);
2) калi памiж галоснымi ёсць спалучэнне шумных зычных цi шумнага i санорнага, то складападзел праводзiцца перад першым зычным, а спалучэнне зычных адносiцца да наступнага склада (по-шта, мя-тла);
3) калi памiж галоснымi ёсць спалучэнне санорных зычных, санорнага з шумным, складападзел праходзiць памiж зычнымi; [й] i [ў] адносяць да папярэдняга склада, а другi зычны — да наступнага (зям-ля, жар-ты, буй-ны, роў-ны);
4) спалучэннi зычных гукаў у пачатку i ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да склада, утворанага суседнiм галосным гукам (зва-нi-ла, ка-лiбр);
5) складападзел на стыку марфем праводзiцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы (пад-ыгр-а-л-а) можа не супадаць з падзелам яго на склады (па-ды-гра-ла).
Складападзел як фанетычную з`яву нельга атаясамлiваць з пераносам слоў як арфаграфiчнай з`явай. Пры складападзеле ўлiчваецца ступень гучнасцi гукаў, а пры пераносе — марфемны састаў слова. Падзел слоў на склады i перанос часта не супадаюць. Напрыклад, слова адрознiць на склады дзелiцца так: а-дро-знiць, а пераносiцца iнакш: ад-рознiць або адроз-нiць.
У кожным слове беларускай мовы, калi яно мае два цi некалькi складоў, адзiн склад вымаўляецца найбольш гучна i працяжна. Выдзяленне аднаго склада з лiку iншых большай сiлай вымаўлення i працягласцю гучання называецца нацiскам. Склад, на якi падае нацiск, называецца нацiскным, усе астатнiя — ненацiскныя: вышыня, горад, гарады.
У беларускай мове (як i ў рускай, украiнскай, польскай) нацiск сiлавы. Ён характарызуецца тым, што нацiскны склад у адрозненні ад ненацiскнога вымаўляецца з большай сiлай голасу.
У беларускай мове нацiск не замацаваны за пэўным складам, а ў рознах словах можа знаходзiцца на любым складзе, г.зн. нацiск у нашай мове рознамясцовы (восень, дарога, дарагi, карэспандэнт). У беларускай мове нацiск можа быць таксама на любой марфеме: на прыстаўцы (вынесцi), на коранi (рэкi), на суфiксе (нервовы), на канчатку (гарады). Такi нацiск называецца свабодным, або разнамесным.
У залежнасцi ад характару размяшчэння нацiску разнамесны нацiск можа быць рухомы i нерухомы. Калi ва ўсiх словаформах парадыгмы месца нацiску не мяняецца (парта — парту — партай), ён называецца нерухомы, а калi ён перамяшчаецца на iншы склад — рухомы (горад-гарады). Разнамеснасць нацiску дазваляе адрознiваць словы-амографы: каса — каса, пара — пара.
Звычайна кожнае самастойнае слова мае адзiн нацiск, але ў беларускай мове ёсць шматскладовыя словы, якiя могуць мець два нацiскi.
Адзiн з нацiскаў называецца асноўным, другi — пабочным. Асноўны нацiск абазначаецца значком акута ( ’), а пабочны — значком графiса ( `) (землеапрацоўчы). Пабочны нацiск характарызуе не ўсе складаныя словы. Многiя з iх не маюць пабочнага нацiску (вадавоз, земляроб).
Нацiск у беларускай мове маюць толькi самастойныя часцiны, службовыя свайго нацiску не маюць. Яны ў якасцi ненацiскнога склада прымыкаюць да папярэдняга цi да наступнага слова (на рэчку, сказаў бы).
Ненацiскныя словы, якiя прымыкаюць да наступнага самастойнага слова, называюцца праклiтыкамi. Праклiтыкамi найчасцей з`яўляюцца злучнiкi i прыназоўнiкi (з хаты, сястра i брат). Ненацiскныя словы, якiя прымыкаюць да папярэдняга самастойнага слова, называюцца энклiтыкамi. Энклiтыкамi звычайна бываюць часцiцы (сказаў бы, прынёс жа).
Акрамя слоўнага нацiску, вылучаюць яшчэ тактавы, або сiнтагматычны нацiск. Напрыклад, фраза Калi ты хочаш родны край / Любiць любоўю сына, — /Наперад толькi ты ступай, / З табой твая Айчына // (А.Бялевiч) члянiцца на 4 такты. Словы край, сына, ступай, Айчына знаходзяцца пад тактавым нацiскам. Тактавы нацiск накладваецца на слоўны i ўзмацняе яго.
Выдзяленне больш моцным нацiскам аднаго або некалькi слоў у межах фразы называецца фразавым, або лагiчным, нацiскам. Пад фразавы націск падпадае звычайна апошні такт фразы. Любая фраза набывае розныя сэнсавыя адценнi ў залежнасцi ад таго, якое слова выдзелена фразавым, або лагiчнам, нацiскам: Яна прыехала пад вечар (яна, а не хто-небудзь iншы); Яна прыехала пад вечар (прыехала, а не прыйшла); Яна прыехала пад вечар (пад вечар, а не ранiцай). Слоўныя нацiскi астатнiх слоў як бы знаходзяцца ў ценi фразавага, што робiць фразу пэўным маўленчым адзiнствам.
Роля нацiску ў фанетычнай арганiзацыi кожнай мовы выключна вялiкая. Характар нацiску, яго месца i сiла i звязаныя з iм рытм i мелодыка маўлення прадвызначаюць шматлiкiя фанетычныя з`явы, уплываюць на характар вымаўлення асобных гукаў i iх спалучэнняў, што непасрэдна адбiваецца на гукавым ладзе мовы.
Пытаннi для самаправеркi
1. Што такое склад? Колькi гукаў i якiя гукi могуць утвараць склад?
2. Цi могуць быць склады з адной галоснай?
3. Якiя склады называюцца адкрытымi i закрытымi?
4. Ахарактарызуйце правiлы фанетычнага падзелу слоў на склады.
5. Якому закону падпарадкоўваецца будова склада ў нашай мове? Яго сутнасць.
6. Цi парушаецца пры складападзеле закон узрастаючай гучнасцi?
7. Што такое нацiск? Якая яго роля ў слове?
8. Цi ўсе словы могуць мець свой асобны, самастойны нацiск?
9. Што такое праклiтыкi i энклiтыкi?
10. Што такое фанетычнае слова?
11. Ахарактарызуйце разнамясцовасць i рухомасць нацiску ў беларускай мове.
12. Што такое свабодны нацiск?
13. У чым сутнасць сiлавога нацiску?
14. раскрыйце сутнасць тактавага i фразавага нацiску ў мове.
15. Якiмi акцэнтуацыйнымi адметнасцямi характарызуюцца складаныя словы?
16. У якiх выпадках складаныя словы маюць два нацiскi?
17. На якую частку складаных слоў прыпадае асноўны нацiск (акута), а на якую — дадатковы, пабочны (графiса)?
Заданнi да практычных заняткаў
1. Падзялiце словы на фанетычныя склады, ахарактарызуйце склад як фанетычную адзiнку мовы.
Заалогiя, агарод, iголка, трактар, iржавы, збiць, падаконнiк, перадгор`е, прыйсцi, заўтра, адказаць, помнiць, патруль, аддаць, плантацыя, квартал, зберагчы, экземпляр, паадрываць.
2. Вызначце будову адкрытых i закрытых складоў у словах:
Абарона, сталы, сцены, многа, травы, вёдры, аржаны, рукавы, воран, волат, голас, арка, iрдзець, палка, квартал, вайна.
3. Спiшыце, падзяляючы кожнае слова на фанетычныя склады i для пераносу. Чаму падзел слоў на склады i для пераносу не заўсёды супадаюць?
Сонечны дзень плыве ў цёплай бясхмарнай празрыстасцi. У апошнiя днi лета заўсёды нараджаецца адчуванне запланаванасцi часу. Усё навокал млявае, перанасычанае радасцямi жыцця, ахопленае смуткам блiзкага знiкнення. (І. Навуменка).
4. Затранскрыбiруйце тэкст. Падзялiце яго на фанетычныя словы. Назавiце праклiтыкi i энклiтыкi i скажыце, у залежнасцi ад чаго яны вылучаюцца.
Дзе б я нi быў, куды б нi закiнуў лёс, сэрца маё заўсёды рвецца дамоў, у родную вёску. І шчыра прызнаюся, што няма для мяне найшчаслiвейшых хвiлiн, як ехаць дамоў, да мацi, да сваiх землякоў, дзе кожная пядзя сходжана тваiмi нагамi, дзе з маленства знаёмае кожнае дрэўца ў лесе, кожны сiнi васiлёк i белы рамонак пры дарозе. (В.Дайлiта)
5. Абазначце галоўны (знак графiса — ’) i пабочны (знак — ‘) нацiскi ў наступных словах.
Добрасумленна, дабрабыт, агульнаадукацыйны, высокаразвiты, раўнапраўе, заводакiраўнiцтва, дзеепрыметнiк, дзеепрыслоўе, белагаловы, высокаадукаваны, мовазнаўства, ваеннаабавязаны, новабудоўля, разнаскланяльны.
6. Пастаўце нацiск у нiжэйпрыведзеных словах. Пры неабходнасцi карыстайцеся слоўнiкамi.
Адзiнаццаць, беларусы, квартал, выпадак, алфавiт, iснуе, магазiн, украiнцы, iмя, буйны, цяжкi, ласкавы, каменны, статуя, крапiва, насуха, цэнтнер, слабы, стары, цяжар, шэсцьдзесят, фартух, сiвы, спiна, глiняны, iнструмент, муляр, дыялог.
7. Выпiшыце спачатку розныя формы аднаго i таго ж слова, а потым — розныя словы, якiя адрознiваюцца месцам нацiску.
Нашу — нашу, пара — пара, вараны — вараны, мазалi — мазалi, адразаць — адрэзаць, высыпаць — высыпаць, выклiкаць — выклiкаць, мука — мука, сталы — сталы.
8. Затранскрыбiруйце тэкст, падзяляючы яго на фразы i такты. Словы, якiя знаходзяцца пад тактавым нацiскам, падкрэслiце адной лiнiяй, а якiя пад фразавым — дзвюма.
Слушна гавораць, што толькi той настаўнiк здольны апраўдаць сваё высокае званне, якi пастаянна вучыцца, штодзень павышае свой прафесiйны ўзровень, агульны кругагляд, культуру. У сувязi з ажыццяўленнем школьнай рэформы патрабаваннi да педагога — стваральнiка духоўнага свету юнай асобы — яшчэ больш узрастаюць. (Настаўнiцкая газета).