Лекцыя 8. ЖАНРЫ НАВУКОВАЙ ЛІТАРАТУРЫ
^ Вверх

 Лекцыя 8. ЖАНРЫ НАВУКОВАЙ ЛІТАРАТУРЫ

 

Мэта лекцыі – раскрыць характэрныя асаблівасці асобных жанраў навуковай літаратуры (анатацыя, рэферат), вызначыць ролю гэтых жанраў у павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці будучых юрыстаў, эканамістаў, спартсменаў.

 

Задачы:

– прааналізаваць кампазіцыю анатацыі, рэферата;

– выявіць падабенства і розніцу паміж названымі жанрамі навуковай літаратуры;

– раскрыць сутнасць рэфератыўнага віду чытання, спосабаў кампрэсіі навуковага тэксту;

– пазнаёміць студэнтаў з асновамі падрыхтоўкі і афармлення навуковай працы ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі.

 

Пытанні

  1. Спосабы кампрэсіі навуковага тэксту.
  2. Рэферат і анатацыя як вынік кампрэсіі навуковага тэксту.
  3. Афармленне цытат. Даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры.

 

Праблемныя пытанні

  1. У чым падабенства і розніца паміж звычайным пераказам і рэфератам?
  2. У чым падабенства і розніца паміж рэфераваннем і канспектаваннем?
  3. Чаму рэзюмэ як навуковы жанр нельга атаясамліваць з асабістым рэзюмэ?

 

Рэкамендаваная літаратура

  1. Бахтина, Л.Н., Кузьмич, И.П., Лариохина, Н.М. Обучение реферированию научного текста. – М., 1988.
  2. Кобков, В.П. Способы сжатия текста при переводе научно-технической литературы // Язык научной литературы. – М., 1975.
  3. Маршэўская, В.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах. – Гродна, 2002.
  4. Методические рекомендации для переводчиков и редакторов научно-технической литературы ВЦП. – М., 1988.
  5. Навуковы стыль мовы. Водгук, рэцэнзія, анатацыя, рэферат, дыпломная работа / Склад. Н.Я.Савіцкая, В.А.Кузьміч, Р.В.Міксюк, А.І.Скорабагатая, Г.Ф.Швед. – Мінск, 1999.
  6. Троянская, Е.С. К вопросу о технико-стилистических приёмах в научной речи // Язык научной литературы. – М., 1975.
  7. Сушков, Ю.А. О специфике термина в процессе научно-технического перевода // Язык научной литературы. – М., 1975.

 

1. Спосабы кампрэсіі навуковага тэксту

Навуковая і навукова-інфармацыйная літаратура ўмоўна дзеліцца на тры тыпы: 1) навукова-тэхнічная літаратура (артыкулы, манаграфіі, падручнікі, патэнты, тэхнічныя справаздачы і апісанні і пад.); 2) прававая і палітычная літаратура (пастановы, указы, дагаворы і інш.); з) дакументальная літаратура кіраўніцтва (загады, дырэктывы, справавыя паперы і пад.) [7, с. 246].

Даволі часта ў навуковай літаратуры сустракаюцца працы змешанага характару, а таксама працы папулярнага жанру, дзе аўтар выкарыстоўвае нават вобразныя сродкі мастацкай літаратуры.

Аўтару часам прыходзіцца павялічваць часткі тэксту, дзе змяшчаюцца ілюстрацыі, прыводзяцца аргументы і пад., каб пераканаць чытача ў доказнасці свайго выкладу. Як толькі мэта дасягнута – аўтар спыняе разгортванне элементаў тэксту.

Закон эканоміі, які дзейнічае ў незлічонай колькасці інфармацыі, патрабуе ад чытача выпрацоўкі ўмення заўважаць істотнае, галоўнае, асноўнае ў навуковым тэксце і апускаць другаснае, менш важнае. Праца над навуковым тэкстам прымушае таксама заўважыць пазіцыю аўтара, вучонага па пэўных пытаннях, праблемах.

Асноўным працэсам аналітыка-сінтэтычнай перапрацоўкі навуковага матэрыялу з’яўляецца яго кампрэсія (сцісканне). Мовазнаўцы называюць два асноўныя шляхі кампрэсіі навуковага тэксту: 1) змяншэнне інфармацыі, якая заключаецца ў тэксце; 2) захаванне інфармацыі ў адносна поўным аб’ёме [2].

Змяншэнне інфармацыі звычайна адбываецца за кошт пропуску падрабязнасцей і абагульнення тых частак тэксту, якія застаюцца. Шляхам змяншэння інфармацыі часта карыстаюцца пры напісанні рэфератаў, анатацый навуковых прац, а таксама пры падвядзенні вынікаў доследаў, эксперыментаў у параграфах, раздзелах ці заключэннях навуковых прац.

Найбольш тыповымі памылкамі пры змяншэнні інфармацыі лічацца неапраўданыя страты неабходнай інфармацыі, скажэнне сэнсу першакрыніцы, адсутнасць логікі ў падачы інфармацыі.

Выкарыстаем шлях змяншэння інфармацыі пры апрацоўцы наступнага тэксту. Чытаем тэкст рэфератыўным відам чытання. Рэфератыўны від чытання прадугледжвае сэнсавы аналіз выказванняў: падзел на тэму і рэму, а таксама прадугледжвае выдзяленне ключавых фрагментаў (найбольш інфарматыўных элементаў тэксту: асобных слоў, словазлучэнняў або цэлых сказаў).

Дэфекты зроку. Акуляры

Аптычная сістэма нармальнага вока дае відарыс прадмета на сятчатцы, які затым ператвараецца ў зрокавы вобраз.

Але калі адлегласць паміж хрусталікам і сятчаткай ненармальна вялікая, то відарыс аддаленага прадмета ў факальнай плоскасці будзе перад сятчаткай, і вока будзе бачыць аддаленыя прадметы дрэнна, а блізкія прадметы, відарыс якіх знаходзіцца за фокусам, нармальна. А калі адлегласць паміж хрусталікам і сятчаткай нармальная, але сам хрусталік вельмі выпуклы, г.зн. аптычная сістэма вока мае малую фокусную адлегласць? I ў гэтым выпадку відарыс аддаленага прадмета будзе перад сятчаткай, а значыць, дрэнна бачны. Такі дэфект вока называецца блізарукасцю. Блізарукасць бывае прыроджанай і набытай. Прычынай з’яўлення блізарукасці ў дзяцей можа быць празмернае захапленне чытаннем пры блізка размешчанай да вачэй кнізе. Пры напружаным разглядванні блізкіх прадметаў вочны яблык настолькі «прывыкае» падаўжацца, што хрусталік страчвае здольнасць сплюшчвацца пры пераводзе вока на аддалены прадмет.

Як выправіць блізарукасць? 3 гэтай мэтай выкарыстоўваюць акуляры з рассейваючымі лінзамі. Рассейваючая лінза робіць паралельны пучок святла разыходным. Прамяні пасля праламлення ў воку факусіруюцца на сятчатцы.

Калі ж адлегласць паміж хрусталікам і сятчаткай малая або хрусталік ненармальна выцягнуты (сплюшчаны), відарыс блізкага прадмета, які дае аптычная сістэма вока, будзе за сятчаткай. Вока тады дрэнна бачыць блізкія прадметы, хоць далёкія бачыць нармальна. Гэты дэфект вока называецца дальназоркасцю. Выправіць дальназоркасць можна, выкарыстаўшы акуляры са збіраючымі выпуклымі лінзамі. Пасля праламлення ў збіраючай лінзе пучок паралельных прамянёў становіцца сыходным і, прайшоўшы аптычную сістэму вока, факусіруецца на сятчатцы.

Такім чынам, правесці карэкцыю зроку можна пры дапамозе акуляраў. Часам замест акуляраў выкарыстоўваюць кантактавыя лінзы. Гэта пластмасавыя лінзы, якія накладваюцца непасрэдна на вочны яблык. Асноўным недахопам кантактавых лінзаў з’яўляецца раздражненне вачэй пры працяглым іх нашэнні.

Для любой жывой істоты вока з’яўляецца вельмі каштоўным органам. Валодаючы ўласцівасцю захоўваць зрокавы вобраз на працягу 1/16 с, вока дае магчымасць чалавеку адчуваць, як бесперапынны падзеі, дадзеныя на экране, хоць мы добра ведаем, што ў сапраўднасці на экран праецыруюцца 24 нерухомыя малюнкі-кадры ў секунду. Менавіта дзякуючы зроку мы пазнаём навакольны свет.

Для нармальнага зроку мінімальная адлегласць ад вока да прадмета, пры якой вока бачыць дэталі прадмета не напружваючыся, роўная 25 см. Гэта адлегласць найлепшага бачання. Пры меншых адлегласцях да прадмета вока ўжо напружваецца і стамляецца.

Стамляльнасці вока садзейнічае як недастатковае асвятленне прадмета, так і залішняе. Каб вока, як самае адчыненае акно ў свет, праслужыла доўга, неабходна яго берагчы, г.зн. ствараць умовы для яго ненапружанай працы (Л.Ісачанкава).

Ідучы шляхам змяншэння інфармацыі і абагульняючы сказы, якія нясуць асноўную думку, мы атрымліваем наступны тэкст: Блізарукасць – гэта дэфект зроку, пры якім відарыс аддаленых прадметаў знаходзіцца перад сятчаткай вока. Выпраўляецца блізарукасць прымяненнем рассейваючых лінзаў. Дальназоркасць – гэта дэфект зроку, пры якім відарыс блізкіх прадметаў знаходзіцца за сятчаткай вока. Выпраўляецца дальназоркасць выкарыстаннем збіраючых лінзаў. Для нармальнай работы вока неабходна разглядаць прадмет з адлегласці, не меншай за 25 см, і мець нармальнае асвятленне.

Другі шлях кампрэсіі навуковага тэксту – шлях захавання адносна поўнага аб’ёму інфармацыі – адбываецца пры дапамозе прыёмаў апушчэння, сумяшчэння і замяшчэння.

Прыём апушчэння – гэта пропуск, выключэнне зтэксту элементаў, якія паўтараюцца (напрыклад, выказнікаў у складаных сказах, калі яны ёсць у папярэднім кантэксце; дублетных слоў (змешчаных у дужках); спасылак на мaлюнкі, графікі і інш.). Напрыклад: Імунітэт дыпламатычны прадастаўляецца прадстаўніцтву, прадастаўляецца непасрэдна кіраўніку і прадастаўляецца персаналу прадстаўніцтваў і членам іх сямей (асабістыя імунітэты). – Пасля апушчэння: Імунітэт дыпламатычны прадастаўляецца прадстаўніцтву, непасрэдна кіраўніку, персаналу прадстаўніцтваў і членам іх сямей.

Прыём сумяшчэння заключаецца ў тым, што два або некалькі сказаў падобнай канструкцыі накладваюцца адзін на другі, і ў выніку гэтага накладання ўтвараецца скарочаны сказ заднароднымі членамі, звязанымі злучнікамі. Параўн.: Нагляднае ўяўленне аб прамой, паралельнай плоскасці, даюць нацягнутыя тралейбусныя або трамвайныя правады – яны паралельныя плоскасці зямлі. Другі прыклад дае лінія перасячэння сцяны і столі – гэта лінія паралельная плоскасці падлогі (Л.А.). – Пасля сумяшчэння: Нагляднае ўяўленне аб прамой, паралельнай плоскасці, даюць нацягнутыя тралейбусныя або трамвайныя правады (адносна плоскасці зямлі), а таксама лінія перасячэння сцяны і столі (адносна плоскасці падлогі).

Прыём замяшчэння – замена доўгіх элементаў тэксту больш кароткімі ззахаваннем сэнсу змененых злементаў. Напрыклад: Поле матэрыяльнае; яно існуе незалежна ад нас, ад нашых ведаў пра яго (ГМ.) – Пасля замены: Поле матэрыяльнае, аб’ектыўнае.

Асноўная памылка шляху захавання адносна поўнага аб’ёму інфармацыі – гэта залішняя інфармацыя. Варта адзначыць, што, працуючы над навуковым тэкстам, чытачу часта прыходзіцца карыстацца разнастайнымі прыёмамі кампрэсіі тэксту адначасова.

 

2. Рэферат і анатацыя – вынік кампрэсіі навуковага тэксту

Працэс сціскання (кампрэсіі) навуковага тэксту да галоўных абагульняльных фармулёвак – гэта працэс складання тэксту рэферата і анатацыі.

Рэферат (ад лац. referre – дакладваць, паведамляць) – кароткае паведамленне зместу навуковай працы, артыкула, кнігі і пад.; даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг і пад. (ТСБМ).

У навуковай літаратуры існуе падзел рэфератаў па паўнаце выкладу на дзве разнавіднасці: інфарматыўныя (рэфераты-канспекты) і індыкатыўныя (апісальныя, указальныя – рэфераты-рэзюмэ).

Інфарматыўныя рэфераты змяшчаюць у сабе асноўную інфармацыю рэферыруемай працы ў абагульненым выглядзе; у іх таксама ўказваецца мэта і задачы даследавання, звесткі пра методыку даследавання, сферу прымянення, прыводзяцца вынікі працы, якія маюць навуковую і практычную значнасць, і інш.

Індыкатыўныя рэфераты (рэфераты-рэзюмэ) займаюць прамежкавае становішча паміж рэфератам і анатацыяй (іх называюць рэфератыўнай анатацыяй). Яны толькі «падказваюць» чытачу, патрэбна яму звяртацца да першаснага дакумента ці не. У такіх рэфератах называюцца асноўныя палажэнні, звязаныя з тэмай рэферыруемай працы, пералічваюцца назвы раздзелаў, глаў, параграфаў, прыводзяцца ключавыя словы і словазлучэнні (звычайна тэрміны, якія грунтуюцца на асноўных ідэях і паняццях рэферыруемай працы) [54].

Схема інфарматыўнага рэферата (рэферата-канспекта):

1. Уступ (загалоўкавая частка).

2. Апісанне (уласна рэфератыўная частка).

3. Заключная частка.

Ва ўступе даецца бібліяграфічнае апісанне (яно афармляецца ў адпаведнасці з ДАСТам).

Уласна рэфератыўная частка ўключае ў сябе змест асноўных пытанняў і праблем, закранутых у артыкуле, манаграфіі і інш. (прычым выклад пазіцыі аўтара ідзе аб’ектыўна, без суб’ектыўнай ацэнкі рэферэнтам выкладаемага); пазначаюцца вынікі даследаванняў; таксама ўказваецца колькасць табліц, ілюстрацый і інш. Напрыклад: У дапаможніку разглядаецца; у 1-й тэме аўтар адзначае, што; затым даследуецца; перш за ўсё адзначаецца, што; аўтарам разглядаецца; тэма 2 прысвечана; аўтар вылучае; аўтарам звяртаецца ўвага на тое, што (у прыватнасці, звяртаецца ўвага на тое, што); гэтаму прысвечана 3-я тэма дапаможніка; аўтар рэкамендуе; далей аўтар зазначае, што; тэма 4 прысвечана....... і г.д.

У заключнай частцы прыводзяцца вывады аўтара, паказваецца значэнне і своечасовасць артыкула і інш.

Рэферат павінен быць аб’ектыўным, поўным, лагічным, адпавядаць стылістычным нормам.

 

Класіфікацыя рэфератаў

Класіфікацыя па

Назва

Змест

Паўнаце выкладу зместу

Інфарматыўныя

Перадаюць усе асноўныя палажэнні першакрыніцы

Індыкатыўныя

Указваюць толькі на асноўную тэму першакрыніцы

Колькасці рэфераваных першакрыніц

Манаграфічныя

Пішуцца на аснове адной працы

Аглядныя

Пішуцца на аснове некалькіх прац па адной тэме

Чытацкім прызначэнні

Агульныя

Разлічаны на шырокае кола чытачоў, таму змест перадаецца ў цэлым

Спецыялізаваныя

Пераказ зместу зарыентаваны на спецыялістаў

Складанні

Аўтарамі

Аўтарэферат дысертацыі

Спецыялістамі

Той галіны, да якой адносіцца рэферат

Прафесіяналамі-рэферэнтамі

А таксама перакладчыкамі-рэферэнтамі

 

 

Анатацыя (ад лац. annotatіo – заўвага) – гэта кароткая характарыстыка арыгінала, якая перадае змест у выглядзе пераліку асноўных пытанняў, а часам дае і крытычную ацэнку.

Схема анатацыі:

1) прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара;

2) назва твора;

3) месца выдання, выдавецтва, год;

4) абём (колькасць старонак, малюнкаў, табліц);

5) кароткі змест (пералік асноўных пaлажэнняў тэксту-крыніцы);

6) пытанні, разгледжаныя ў заключэнні і вывадах;

7) выкарыстанне ў тэксце літаратуры;

8) чытацкае назначэнне.

 

Напрыклад: Лепешаў, І.Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І.Я.Лепешаў, М.А.Якалцэвіч. – Мінск: «Бел. Асац. «Конкурс», 2006. – 544 с.

Упершыню кніга апублікавана ў 1996 г. выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Другое, значна дапоўненае, выданне выйшла ў 2002 г. у выдавецтве «Беларуская навука».

У слоўніку апісваецца больш за 1600 найбольш ужывальных прыказак, тлумачыцца іх сэнс, пры неабходнасці даецца іх сітуацыйная і стылістычная характарыстыка. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак ілюструецца прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў. Паказана, у якіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца пэўная прыказка ці яе разнавіднасці. Пры некаторых прыказках ёсць даведкі пра іх паходжанне. У слоўніку адлюстравана варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі.

Прызначаецца для шырокага круга чытачоў.

Змест у бібліяграфічнай картцы-анатацыі можа перадавацца адным сказам: У слоўніку даецца апісанне больш за 1600 беларускіх прыказак, адлюстроўваецца варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі.

Паміж рэфератам і анатацыяй існуюць пэўныя адрозненні:

1) у рэфераце інфармацыя выкладаецца з пазіцый аўтара арыгінала без ацэнкі рэферэнтам выкладаемага, у анатацыі – фармулёўкамі рэферэнта;

2) рэферат знаёміць чытача з асноўнымі пытаннямі, праблемамі і пад., дае адказ на пытанне, менавіта якая інфармацыя змяшчаецца ў тэксце, анатацыя ж толькі павярхоўна дае ўяўленне, аб чым гаворыцца ў арыгінале, аблягчае пошук неабходнай інфармацыі;

3)  рэферат будуецца на аснове ключавых фрагментаў тэксту, анатацыя ж пішацца сваімі словамі.

Студэнты ў ВНУ даволі часта пішуць рэфераты-даклады, якія чытаюцца ў аўдыторыі. Тэмы для рэфератаў-дакладаў падбіраюцца індывідуальна, з улікам выбранай спецыяльнасці і схільнасцей студэнта.

Праца над рэфератам-дакладам пачынаецца з прагляду анатацый літаратуры па выбранай тэме, у якіх змест работы даецца ў асноўным. Беглы прагляд анатацый шматлікай літаратуры дазваляе выбраць неабходныя працы, якія заслугоўваюць больш уважлівага чытання і глыбокага вывучэння.

Адабраную літаратуру неабходна заканспектаваць у асобным сшытку, абавязкова запісаўшы бібліяграфічныя дадзеныя канспектуемых прац. Пасля глыбокага асэнсавання заканспектаванага варта прыступіць да складання плана свайго дакладу. План звычайна складаецца з трох частак: уводзін, асноўнай часткі, заключэння.

Ва ўводзінах студэнт робіць абгрунтаванне актуaльнасці выбранай тэмы, яе тэарэтычнай і практычнай значнасці. Таксама фармулюецца асноўная мэта і задачы рэферата-даклада.

У асноўнай частцы раскрываецца сутнасць асноўных пытанняў плана, сутнасць асноўных сучасных напрамкаў у разглядзе абранай тэмы. Прычым студэнт павінен абавязкова (у адрозненне ад рэферата-канспекта) у сваім дакладзе выказаць свае меркаванні наконт разглядаемых пытанняў

У заключэнні даюцца ў кароткай, яснай форме асноўныя вывады па разглядаемай працы.

У канцы рэферата-даклада прыводзіцца спіс прачытанай або выкарыстанай літаратуры, які афармляецца ў адпаведнасці з ДАСТам.

Памер рэферата-даклада складае 10 – 15 старонак камп’ютарнага набору.

 

3. Афармленне цытат. Даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры

Змест рэферата-даклада звычайна перадаецца сваімі словамі, аднак асноўныя палажэнні тэмы можна падмацоўваць цытатамі.

Цытата (ням. zitat ад лац. cito – выклікаю, прыводжу) – даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту ці літаральна перададзеныя чые-небудзь словы; выкарыстоўваюцца для пацвярджэння або тлумачэння аўтарскай думкі.

Цытаты часта ўжываюцца ў навуковых працах, лекцыях, дакладах, рэфератах, сачыненнях, у розных творах як эпіграф.

Цытата афармляецца як простая і як ускосная мова. Калі цытата ўключаецца ў тэкст як частка сказа, яна пачынаецца з малой літары і бярэцца ў двукоссе: Якуб Колас справядліва ўказваў, што «роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет» (ЛіМ). Калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова. Адрозненне цытат ад канструкцый з простай мовай заключаецца ў тым, што цытаты бяруцца толькі ў двукоссе і маюць дакладную спасылку на крыніцу цытавання. Спасылкі на цытату афармляюцца паводле ўстаноўленага ДАСТу. Напрыклад: «Выхаванне сваім краем, – пісаў Янка Сіпакоў, – выхаванне роднаю зямлёю, выхаванне дарагімі краявідамі, выхаванне традыцыямі і добрымі (працоўнымі і ратнымі) справамі продкаў – ці не гэта з’яўляецца самым важным ва ўсёй сістэме выхавання?» (Мой родны кут: вершы беларускіх паэтаў аб роднай прыродзе / Склад. У.А.Начэўны. – Мінск: Маст. літаратура, 1987. – С. 7.).

Цытаты-эпіграфы звычайна не бяруцца ў двукоссе:

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў...

Якуб Колас

Словы і словазлучэнні, якія ўключаюцца ў аўтарскі тэкст без спецыяльных спасылак, бяруцца ў двукоссе: Вялікае дзіва – Купалава песня! Усю гэтую работу прарабіла яна разам з народам на нашых вачах. І паказала ў новым абліччы чалавека, што горда і горка некалі назваў сябе «пан сахі і касы», а потым непахісна абвясціў адзіна справядлівую дыктатуру, дыктатуру працы (Луж.).

Бібліяграфічны спіс (бібліяграфічныя апісанні выкарыстаных крыніц) звычайна будуецца ў славянскім алфавітным парадку на мове арыгінала (замежныя крыніцы размяшчаюцца адпаведна лацінскаму алфавіту пасля крыніц, размешчаных адпаведна славянскаму алфавіту; пасля замежных крыніц ідуць адрасы сайтаў у лацінскім алфавітным парадку).

 

Схема бібліяграфічнага апісання:

1. 3агаловак (прозвішча, ініцыялы аўтараў; звесткі, якія раскрываюць тэматыку загалоўка, від, жанр, прызначэнне і інш.).

2. Звесткі аб адказнасці (інфармацыя аб складальніках, рэдактарах, перакладчыках і пад.).

3. Звесткі аб выданні (паўторнасць выдання, яго перапрацоўка і г.д.).

4. Месца і час выдання (горад, выдавецтва, год выдання).

5. Аб’ём (колькасць старонак, можна ўказаць колькасць табліц).

Напрыклад: Маршэўская, В.В. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах: вучэб. дапам. / В.В.Маршэўская. – Гродна: ГрДУ, 2002. – 116 с.

 

Такім чынам, напісанне рэфератаў, анатацый і іншых жанраў навуковай літаратуры садзейнічае развіццю навыкаў і ўменняў у галіне пісьмовай літаратурнай мовы і развівае навыкі самастойнага падбору, аналізу, правільнага тлумачэння і абагульнення навуковай інфармацыі.

 

Праверачны тэст

 

1. Да жанраў навуковага стылю адносяцца

1) рэферат;

2) рэцэнзія;

3) водгук;

4) нарыс;

5) канспект.

 

2. Устанавіце адпаведнасць

А. Тэзісы.

Б. Анатацыя.

 

 

 

 

1. Кароткае паведамленне зместу навуковай працы, артыкула, кнігі і пад.; даклад,

заснаваны на крытычным аглядзе кнігі пад.

2. Сфармуляваныя палажэнні, якія коратка перадаюць асноўныя думкі лекцыі,

даклада, артыкула і пад.

3. Лагічныя довады, якія служаць асновай для доказучаго-небудзь.

 

3. Па чытацкім прызначэнні рэфераты бываюць

1) інфарматыўныя;

2) аглядныя;

3) агульныя;

4) спецыялізаваныя;

5) манаграфічныя.