8. Эвалюцыя (развіццё) крыніц права
^ Вверх

8. Эвалюцыя (развіццё) крыніц права

 

Гісторыя развіцця права сведчыць аб тым, што кожная з вышэйазначаных крыніц права выкарыстоўвалася ў вядомых нам прававых сістэмах, у функцыянаванні права кожнага з гістарычных і зараз існуючых народаў. Але дамінуючае значэнне мелі некаторыя з крыніц права. Выклікана гэта было шмат якімі прычынамі, своеасаблівымі шляхамі развіцця права ў розных народаў. Пры гэтым роля тых альбо іншых крыніц права ў іх прававых сістэмах то ўзрастала, то памяншалася. Ёсць, аднак, і агульныя заканамернасці ў развіцці крыніц права розных прававых сістэм і ў розных народаў.

На першапачатковых этапах развіцця права галоўную ролю сярод крыніц права выконвалі прававы звычай, прававы прэцэдэнт і дагавор нарматыўнага зместу. Крыху пазней, пасля ўзнікнення сусветных рэлігій, свяшчэнныя пісанні актыўна выкарыстоўваліся ў якасці важнай крыніцы права. Дактрына (навука) аказала актыўнае ўздзеянне ў якасці крыніцы права на прававыя сістэмы некаторых народаў (асабліва ў Старажытным Рыме) і займае зараз пачэснае месца ў мусульманскай і англасаксонскай прававых сістэмах. Нарматыўны прававы акт (закон) – цывілізаваная крыніца права ў класічным сваім абліччы, ён выконваў раней і выконвае зараз вядучую ролю ў кантынентальнай прававой сістэме.

У эвалюцыі крыніц права сустракаюцца сітуацыі, калі назвы, якія ўласцівы адным крыніцам, неабгрунтавана замацоўваліся за другімі. Так, у Новы час і зараз тэрмін «закон» выкарыстоўваецца для абазначэння звычаёвых па свайму характару крыніц права. Сведчаннем таму можа з’яўляцца гістарычны помнік права, выдадзены пры вавілонскім цару Хамурапі прыкладна ў 2100 г. да нараджэння Хрыста, які называецца ў навуковай і вучэбнай літаратуры кодэксам Хамурапі, ці законамі Хамурапі. Аналіз гэтага помніка права не дае ніякіх падстаў лічыць, што змешчаныя ў ім палажэнні ўяўляюць уласныя «адкрыцці» цара-заканадаўцы. Наадварот, з усяго, што нам зараз дакладна вядома, вынікае, што гэтая крыніца права была пабудавана на падставе існаваўшых з незапамятных часоў старажытных прававых звычаяў, якія дайшлі да Хамурапі ад папярэднікаў, менавіта ад шумерыйцаў.

Сустракаюцца ў гісторыі развіцця крыніц права і такія нетыповыя сітуацыі, калі назва і змест крыніцы права ўтвараюцца ад зліцця розных па паходжанню норм права і ад спалучэння розных назваў. Так, вядома, што на Русі на працягу доўгага часу выкарыстоўвалася крыніца права пад назвай Намаканон (у рускім варыянце часта выкарыстоўвалася назва «Кормчая книга»). Яна ўяўляла па зместу збор кананічных (царкоўных) норм і норм права, выда­дзеных дзяржаўнай уладай. Назва яе ўтварылася ад спалучэння двух тэрмінаў – nоmas – па грэчаску «закон» і саnon – «правіла».

Паколькі ў прававых сістэмах выкарыстоўваюцца ў тых ці іншых межах усе крыніцы права, то ўзнікае пытанне аб іх суадносінах паміж сабой, іх субардынацыі і значнасці. У навуцы гэтае пытанне фармулюецца як праблема вяршэнства, г. зн. першынства таго ці іншага віду крыніц права. Прыватным выпадкам гэтай праблемы з’яўляецца пытанне аб вяршэнстве закону сярод нарматыўна-прававых актаў і іншых крыніц права. У англасаксонскай прававой сістэме з моманту яе фармавання і па сённяшні дзень першынство належыць прававому прэцэдэнту, у рамана-германскай першапачаткова вядучая роля належала прававому звычаю, а зараз – нарматыўнаму прававому акту (закону), а ў мусульманскай прававой сістэме галоўнае значэнне належыць свяшчэннаму пісанню і дактрыне (навуцы). Але і ў асяроддзі прэцэдэнтаў, прававых звычаяў, свяшчэнных пісанняў, нарматыўных прававых актаў у сваю чаргу ўстанаўліваюцца сувязі падначалення, іерархічнай залежнасці, напрыклад, закон – падзаконныя акты, Каран – Суна – іджма і г. д.

Можна адзначыць, што ў кожнай з прававых сістэм субардынацыя крыніц права вельмі своеасаблівая. У залежнасці ад гістарычных умоў фармавання прававых сістэм іх найістотнейшыя, самыя фундаментальныя прынцыпы і нормы замацоўваліся ў тых ці іншых відах крыніц права. Менавіта гэтыя віды крыніц права і перамагалі сярод усіх відаў крыніц права. Безумоўна, такое вылучэнне адбывалася не само па сабе, так сказаць, аўтаматычна. За гэтым працэсам стаялі ў кожным выпадку пэўныя сацыяльныя сілы, якія былі зацікаўлены ў змене прававых каштоўнасцей, а адпаведна, ва ўзвышэнні іерархіі і крыніц права, у якіх яны знаходзілі адлюстраванне.

У развіцці крыніц права назіраецца, такім чынам, заканамернасць, змест якой зводзіцца да таго, што карэнныя змены ў іх змесце суправаджаюцца, як правіла, зменай іх ролі і месца сярод іншых крыніц права. Справа ў тым, што фармаванне ў прававых сістэмах новых, невядомых раней, прававых эквівалентаў патрабуе і новых форм выражэння і замацавання гэтых эквівалентаў. Як нельга маладое віно заліваць у старыя мяхі, так нельга ў адных і тых жа крыніцах права выкладаць супрацьлеглыя ці несумяшчальныя па зместу прававыя нормы. Лепш за ўсё сфармуляваць новыя прававыя эквіваленты ў іншых відах крыніц права і адначасова выдзеліць ім больш значнае месца сярод крыніц права. У такім разе састарэлыя прававыя эквіваленты, нормы права падпарадкоўваюцца новым згодна з новымі залежнасцямі паміж крыніцамі права. Пры­кладам можа служыць развіццё традыцыйнай прававой сістэмы Афрыкі ў ХІХ–ХХ ст., якая пад уздзеяннем права метраполій (Англіі, Францыі, Германіі) прыняла новыя прававыя каштоўнасці і вымушана была змяніць субардынацыю паміж крыніцамі права. Прававы звычай як крыніца права адышоў на другі план, а на ролю вядучых крыніц былі вылучаны альбо прававы прэцэдэнт, альбо нарматыўна-прававы акт, у залежнасці ад таго, каштоўнасці якой метраполіі былі запазычаны.

Залежнасці паміж крыніцамі права не абавязкова ўстанаўліваюцца строга па іерархіі. Паміж імі можа існаваць узаемазалежнасць, як гэта склалася паміж статутам (законам) і прававым прэцэдэнтам у Англіі. А ў Даніі, напрыклад, юрыдычная навука і практыка зыходзяць з таго, што ніводная з крыніц права не валодае абсалютнай перавагай (вяршэнствам) перад астатнімі. У Нарвегіі ўвогуле закон прызнаецца роўным з прававым звычаем і прававым прэцэдэнтам.

Вядома, што гістарычна першыя крыніцы права – прававы звычай, прававы прэцэдэнт і дагавор нарматыўнага зместу існавалі першапачаткова ў вуснай форме. Узнікненне і развіццё пісьменства прывяло да «рэвалюцыйных» перамен у характары крыніц права і выкладаемых у гэтых крыніцах права норм. З’явілася магчымасць сістэматызаваць дзеючыя нормы права, пазбавіцца ад супярэчнасцей паміж імі, ясна, дакладна і адназначна сфармулявацьіхзмест, пазбавіцца ад прававога месніцтва і стварыць агульна­дзяржаўную, уніфікаваную прававую сістэму. Пісьменства дазво­ліла ўсталяваць субардынацыйныя залежнасці паміж рознымі відамі крыніц і надаць гэтым залежнасцям афіцыйнае, агульнаабавязковае значэнне.