6. Свяшчэннае пісанне ў якасці крыніцы права
^ Вверх

6. Свяшчэннае пісанне ў якасці крыніцы права

 

У самым агульным плане пад свяшчэнным пісаннем, якое выконвала ролю крыніцы права раней, а таксама займае значнае месца сярод крыніц права ў некаторых прававых сістэмах сучаснасці, разумеюцца тэксты і правілы, якія змяшчаюцца ў Бібліі, Каране, Суне, пастановах усяленскіх і памесных сабораў; правілы, якія выпрацавалі і сфармулявалі святыя апосталы і святыя айцы царквы; правілы, выдадзеныя па царкоўных справах царкоўнымі ўладамі, і г. д.

З гісторыі развіцця права вядома, што ўвогуле рэлігія, царква аказалі вялізны ўплыў на фармаванне права і ўсіх прававых сістэм без выключэння. Яшчэ з часоў першабытнага грамадства жрацы і першасвятары «манапалізавалі» функцыю па стварэнню і захаванню рэлігійных па сваёй сутнасці норм і абрадаў, што былі агульнаабавязковымі для ўсёй супольнасці. З развіццём тавараабмену і таварна-грашовых адносін, пачаткам фармавання права яны імкнуліся ўрэгуляваць і гэтую сферу жыцця грамадства, стварыць нормы права. І трэба адзначыць, рабілася гэта небеспаспяхова. Аналіз тэкстаў такіх вядомых прававых помнікаў, як Законы Ману, Законы Хамурапі, сведчыць аб тым, што ў іх утрымліваецца шмат норм права, якія амаль літаральна былі перанесены са свяшчэнных пісанняў. Пэўны, даволі працяглы час існаваў дуалізм сярод крыніц права на ранніх этапах яго развіцця. Побач з прававым звычаем, дзе з перавагай над ім, а дзе і паралельна, дзейнічалі нормы права, сфармуляваныя першасвятарамі і выкладзеныя ў свяшчэнных пісаннях.

Для норм, якія змяшчаюцца ў свяшчэнных пісаннях (у навуковай літаратуры гэтыя нормы называюцца кананічнымі, або царкоўнымі), характэрна тое, што ў іх заўсёды прысутнічае маралізатарскі элемент. Другой адметнай рысай кананічных норм з’яўляецца тое, што яны заўсёды ствараюцца шляхам абстракцый і выключна ў выніку лагічных разважанняў. Справа ў тым, што прыняты царквою на ўзбраенне схаластычны метад мыслення садзейнічаў развіццю менавіта лагічнага мыслення, абуджаў рацыяналістычныя сілы чалавечага духа і, безумоўна, быў асновай фармулюемых кананічных норм. Яшчэ ў 30-я гады XX ст. знакаміты французскі даследчык Л. Леві-Бруль даказаў, аналізуючы мысленне чалавека, што існуюць два яго спосабы – пралагічны (містычны) і лагічны. Для першабытнага грамадства быў найбольш характэрным містычны спосаб мыслення (уласцівы ён і зараз адсталым у сваім развіцці супольнасцям), ён пераплятаўся з лагічным. Выцясненне містычнага спосабу мыслення лагічным адбывалася менавіта праз далучэнне народаў да сусветных рэлігій, праз засваенне імі схаластычнага метаду.

I, нарэшце, трэцяй асаблівасцю кананічных норм з’яўляецца тое, што яны строга ранжыраваны паміж сабой у залежнасці ад таго, у тэкстах якіх свяшчэнных пісанняў яны сфармуляваны. Найвялікшым аўтарытэтам карыстаюцца правілы, якія змешчаны ў тэкстах Старога і Новага Запаветаў, Каране і Суне.

Уздзеянне норм кананічнага правана фармаванне кантынентальнай прававой сістэмы і ў асаблівасці на заканадаўства назіралася на розных напрамках і ажыццяўлялася ў разнастайных формах. Фармальная азначанасць кананічных норм, іх дакладнасць, яснасць садзейнічалі поспеху пры апрацоўцы недакладных і за­блытаных мясцовых прававых звычаяў. Пры рабоце з імі шырока выкарыстоўваліся навыкі і прыёмы, распрацаваныя царквою з мэтай фармулявання кананічных норм, складання царкоўных і манастырскіх статутаў, іншых нарматыўных актаў. Вядома, што з прыняццем усходнімі славянамі хрысціянства на тэрыторыі спачатку Кіеўскай Русі, а затым у Вялікім княстве Літоўскім, Масковіі дзейнічалі запазычаныя з Візантыі Намаканоны, якія ўяўлялі як зборы свецкага заканадаўства, так і правілы святых апосталаў, святых айцоў царквы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў. Фактычна Намаканоны (nomas – закон; саnоn – царкоўнае правіла) з’яўляліся першымі кадыфікаванымі прававымі актамі, былі на той час найвялікшымі здабыткамі прававой культуры. Яны выконвалі ролю своеасаблівых падручнікаў па заканадаўчай тэхніцы, па якіх вучыліся апрацоўваць, сістэматызаваць і лагічна выкладаць мясцовае звычаёвае права. Можна вызначыць наступную цікавую асаблівасць заканатворчасці і развіцця заканадаўства ў народаў кантынентальнай Еўропы. Там, дзе існавалі моцныя хрысціянскія традыцыі і роля царквы была вялікай, было моцным яе ўздзеянне на свецкую ўладу, там сістэматызацыя і кадыфікацыя звычаёвага права, стварэнне новых, невядомых раней, правілаў паводзін ажыццяўлялася найбольш хутка і на даволі высокім тэхнічна-юрыдычным узроўні.

У Заходняй Еўропе моцным быў уплыў на фармаванне прававых сістэм класічнага рымскага права, у асаблівасці Кодэкса Юс­цініяна. Разам з тым Кодэкс Юсцініяна ўздзейнічаў на мясцовае звычаёвае права не сам па сабе, бо выкарыстаць яго было цяжка. Ён быў апрацаваны ў італьянскіх універсітэтах навукоўцамі з дапамогай распрацаванага царквою метаду схаластыкі (дзейнасць школы гласатараў) і менавіта пасля гэтага фактычна выконваў у Заходняй Еўропе ролю, падобную той, што ва Усходняй Еўропе выконвалі Намаканоны.

Утварэнне ў кантынентальнай Еўропе адзіных цэнтралізаваных прававых сістэм і сістэм заканадаўства адбывалася, такім чынам, пад значным уплывам хрысціянскай культуры і царквы. Наколькі вялікай была іх роля, сведчаць наступныя факты. Велізарная і наймагутнейшая Рымская імперыя так і не змагла стварыць адзіную, аднастайную для ўсёй імперыі прававую сістэму. Не змаглі стварыць такую сістэму на Русі ні князь Святаслаў, ні князь Ігар. Гэта стала магчымым пасля ўвядзення хрысціянства і творчага выкарыстання ўсіх яго здабыткаў, у тым ліку і кананічных норм.

Іншым быў шлях стварэння англасаксонскай прававой сістэмы, сістэмы агульнага права. Пачатак яе стварэння звязваецца з імем Вільгельма Заваёўніка. Вядома, што ён быў паганцам. Ці не гэтым тлумачыцца шлях, які быў абраны ім для аб’яднання партыкулярнага звычаёвага права ў адзіную прававую сістэму? Адсутнасць моцных хрысціянскіх традыцый у мясцовага насельніцтва і асабліва ва ўладных структурах аб’ектыўна вяла да таго, што агульнае права Англіі стваралася не абстрактна-тэарэтычным, а эмпірычным шляхам, дзейнасцю каралеўскіх судоў.

У мусульманскай прававой сістэме тэарэтычна прызнаецца, па сутнасці, толькі адна крыніца права – свяшчэнныя тэксты Карана і Суны. Каран разглядаецца ў якасці вечнага і нязменнага дакумента. Уласна юрыдычных норм у ім мала. Але паколькі ў ісламе рэлігійныя і маральныя прадпісанні непасрэдна звязаны з правам, то амаль усе яго палажэнні можна выкарыстаць у якасці крыніцы права. Суна – такая крыніца права, якая падначалена Карану. Калі яе палажэнні (ходзісы) супярэчаць Карану, то яны не маюць моцы крыніцы права. У выпадках, калі нельга знайсці адказ на юрыдычнае пытанне ні ў Каране, ні ў Суне альбо калі ўзнікае рознагалоссе ў разуменні палажэнняў гэтых крыніц права, ствараецца новая норма – іджма – адзінагалоснае меркаванне муджтахідаў. У адрозненне ад нязменных Карана і Суны, іджма лічыцца змяняемай крыніцай права.