4. Дагавор нарматыўнага зместу
Дагавор нарматыўнага зместу – адна з распаўсюджаных у мінулым і зараз крыніц права. Фармаванне норм права шляхам дагавору было абумоўлена шэрагам прычын (абставін), сярод якіх выдзяляюцца тры найбольш значныя. Сутнасць першай зводзіцца да таго, што дагавор дазваляў пераадолець кансерватыўны характар звычаёвага права. З дапамогай пагаднення ўдзельнікі грамадскіх, прававых па свайму характару адносін маглі сфармуляваць правіла паводзін, якое адсутнічала ў звычаёвым праве. У гэтым сэнсе дагавор нарматыўнага зместу садзейнічаў развіццю «нацыянальнага» (пляменнага, родавага) права. Другая прычына, якая ўздзейнічала на фармаванне дагавору нарматыўнага зместу, мае «інтэрнацыянальны» характар. Развіццё тавараабмену і таварна-грашовых адносін паміж асобнымі плямёнамі і родамі патрабавала стварэння аднолькавых для ўдзельнікаў гэтых адносін правілаў паводзін. Зрабіць гэта можна было рознымі шляхамі. Актыўна на першых этапах развіцця права выкарыстоўваўся шлях гвалтоўнага навязвання «свайго права» і адначасова знішчэння іншых прававых сістэм. Але не менш шырокае распаўсюджанне атрымаў і такі спосаб стварэння права, як пагадненне бакоў, у якім замацоўваліся новыя, невядомыя раней, нормы права. Затым яны арганічна ўваходзілі ў «нацыянальныя» прававыя сістэмы, узбагачалі і развівалі іх. I, нарэшце, значны ўплыў на станаўленне дагавору нарматыўнага зместу мы назіраем з боку дзяржаўнай улады. У гісторыі дзяржавы і права добра вядомы пагадненні паміж князямі і гарадамі (напрыклад, так званае запрашэнне на княжэнне), паміж саслоўямі і ўладарамі, паміж князямі.
Што тычыцца характарыстыкі дагавору нарматыўнага зместу непасрэдна ў якасці крыніцы права, г. зн. знешняй формы існавання норм права, то ў сваім развіцці ён прайшоў два этапы. Першапачаткова дагавор існаваў у выглядзе вуснага пагаднення, якое часта суправаджалася пэўнымі сімваламі і абрадамі, напрыклад, клятвай. Гэты этап у развіцці дагавору нарматыўнага зместу можна ўмоўна назваць «джэнтльменскім». Са з’яўленнем пісьменства дагавор нарматыўнага зместу ўступае ў больш развітую фазу свайго развіцця. Ён існуе ў пісьмовым выглядзе. Пісьмовы дагавор – больш дасканалы сродак замацавання норм права, якія фармулююцца шляхам пагаднення, бо дазваляе дакладна і ясна выкласці правіла паводзін, давесці яго да ўсіх суб’ектаў права і тым самым забяспечыць дадатковую (усеагульную) падтрымку ў рэалізацыі і абароне сфармуляванай у дагаворы нормы права. У сучасным грамадстве дагавор нарматыўнага зместу пераважна існуе ў пісьмовым выглядзе. Разам з тым, як ва ўнутрыдзяржаўным, так і ў міжнародным праве выкарыстоўваюцца і «джэнтльменскія» пагадненні.
Такім чынам, дагавор нарматыўнага зместу ў якасці крыніцы права ўяўляе вуснае альбо пісьмовае пагадненне паміж двума ці некалькімі суб’ектамі (удзельнікамі) грамадскіх адносін, шляхам якога ствараюцца агульнаабавязковыя правілы паводзін – нормы права.
Натуральна, што ва ўмовах пашырэння сферы рыначных адносін адбываецца развіццё прававых па свайму зместу грамадскіх адносін. Нормы права, якія рэгулююць гэтыя адносіны, ствараюцца не толькі шляхам дзяржаўнай заканатворчасці, бо дзяржава ва ўмовах дынамічнага развіцця грамадскіх адносін звычайна не паспявае гэта зрабіць, а і шляхам самых разнастайных пагадненняў паміж удзельнікамі (суб’ектамі) грамадскіх адносін, і замацоўваюцца ў пісьмовых дагаворах. І калі раней пры характарыстыцы крыніц права, якія выкарыстоўваліся ў СССР, юрыдычная навука ў якасці асноўнага прыкладу ўжывання дагавору нарматыўнага зместу ўказвала на калектыўны дагавор у працоўным праве, то зараз практычна ў кожнай галіне права, за выключэннем крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага, актыўна выкарыстоўваецца менавіта гэтая крыніца права. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што і ў бліжэйшай і нават больш аддаленай будучыні ў дагавора нарматыўнага зместу ў дзяржавах, што ўтварылісянапостсавецкай прасторы, маецца шырокая перспектыва.
Моцныя пазіцыі дагавор нарматыўнага зместу традыцыйна захоўвае ў міжнародным праве. Справа ў тым, што ў міжнародных адносінах няма іншых суб’ектаў стварэння норм права, акрамя іх удзельнікаў. Пры гэтым адзіным сродкам стварэння міжнародна-прававых норм з’яўляецца пагадненне паміж суб’ектамі міжнароднага права, бо толькі яны надаюць тым ці іншым правілам сваіх паводзін агульнаабавязковае значэнне. Калі пагадненне паміж суб’ектамі міжнародных адносін аб фармаванні норм права дасягаецца яўна, то яны маюць назву дагаворных норм, а калі яно дасягаецца маўкліва, то нормы называюцца звычаёвымі.
Аб значнасці дагавору ў міжнародным праве сведчыць той факт, што ў ім нават сфармавалася самастойная галіна агульнага міжнароднага права пад назвай «права міжнародных дагавораў». Больш таго, зараз практычна няма ні адной галіны міжнароднага права, узнікненне і развіццё якой у той ці іншай ступені не былі б звязаны з дагаворам. У 60-х гадах ХХ ст. створаная Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый спецыяльная камісія распрацавала праект кадыфікаванага акта аб праве міжнародных дагавораў, і ў 1968-1969 г. скліканая ААН канферэнцыя прыняла Венскую канвенцыю аб праве міжнародных дагавораў, якая ўступіла ў сілу ў 1980 годзе. У артыкуле 2 гэтай Канвенцыі даецца азначэнне міжнароднага дагавору як рэгулюемага міжнародным правам пагаднення, што заключана дзяржавамі і іншымі суб’ектамі міжнароднага права ў пісьмовай форме незалежна ад таго, змяшчаецца такое пагадненне ў адным, двух ці некалькіх звязаных паміж сабой дакументах, а таксама незалежна ад канкрэтнай назвы.
Вельмі значная роля адводзіцца міжнародным дагаворам і пагадненням і ў міжнародным прыватным праве. Сярод асноўных крыніц міжнароднага прыватнага права дагавор ставіцца многімі аўтарамі на першае месца. Пры гэтым падкрэсліваецца, што роля дагавору ў гэтай сферы міжнароднага права ўвесь час узрастае, а ў такіх галінах міжнароднага супрацоўніцтва, як эканамічная і навукова-тэхнічная, чыгуначныя, паветраныя, аўтамабільныя перавозкі, аўтарскае і патэнтнае права, дагавор стаў асноўнай, вядучай крыніцай права.
У сучасных Канстытуцыях дзяржаў звычайна фармулююцца палажэнні аб узаемаадносінах норм і прынцыпаў міжнароднага права, у тым ліку і міжнародных дагавораў, як з Канстытуцыяй, так і з законамі. Так, у артыкуле 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана правіла, згодна з якім Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Адначасова ў ч. 3 гэтага ж артыкула Канстытуцыі ўстанаўліваецца правіла аб тым, што не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі.