7. Нарматыўны прававы акт (закон)
Нарматыўны прававы акт у самым агульным плане ўяўляе дакумент, вынік нарматворчай дзейнасці кампетэнтнага органа, у якім змяшчаюцца нормы права. Нарматыўны прававы акт – апошняя па часе ўзнікнення і адна з асноўных крыніц права ў сучасных цывілізаваных дзяржавах. Ёсць некалькі чыннікаў, якія абумоўліваюць зараз шырокае выкарыстанне менавіта гэтай крыніцы права. Па-першае, нарматыўныя прававыя акты могуць быць аператыўна выдадзены, у любым аб’ёме зменены альбо адменены. Гэтая ўласцівасць дадзенай крыніцы права дазваляе хутка і эфектыўна рэагаваць на змяненні ў грамадскіх адносінах, забяспечваць адэкватнае іх рэгуляванне з дапамогай норм права. Па-другое, нарматыўна-прававыя акты, як правіла, выдаюцца адзіным цэнтрам – дзяржавай. Гэта забяспечвае іх сістэмнасць, лагічнасць і мэтанакіраванасць пры вырашэнні задач прававога рэгулявання грамадскіх адносін. Па-трэцяе, нарматыўны прававы акт дазваляе дакладна і адназначна, ясна выкласці змест прававых норм. Гэтая якасць нарматыўнага прававога акта дае яму значныя перавагі над прававым звычаем, прававым прэцэдэнтам, некаторымі іншымі крыніцамі права, у якіх нормы права не заўсёды выкладаюцца адназначна і маюць фармальна-азначаны характар.
Узнікненне і пашырэнне сферы выкарыстання гэтай крыніцы права, асабліва ў кантынентальнай сістэме права, знаходзяцца ў цесных стасунках з узмацненнем дзяржаўнай улады, узрастаннем яе ролі ў вырашэнні разнастайных праблем грамадскага развіцця. Напачатку дзяржава рэгулявала з дапамогай нарматыўных прававых актаў тыя грамадскія адносіны, якія непасрэдна абумоўлівалі дзяржаўныя інтарэсы. Гэта тычылася сродкаў фінансавага забеспячэння дзяржавы, вызначэння яе межаў, будовы дзяржаўнага апарату і дзяржаўна-тэрытарыяльнага ўладкавання, вайсковых і паліцэйскіх спраў. Менавіта з гэтых сфер перш-наперш і былі выцеснены прававыя звычаі і іншыя крыніцы права. Асноўную, а часта выключную ролю тут сталі выконваць нормы права, якія былі сфармуляваны ў нарматыўных прававых актах. Крокза крокам нарматыўны прававы акт пачынае пранікаць у маёмасныя, сямейныя і іншыя віды грамадскіх адносін.
Месца і роля нарматыўных прававых актаў сярод крыніц права шмат у чым вызначаюцца характарам стварэння норм права, якія фармулююцца і замацоўваюцца ў іх. У мінулым пры стварэнні нарматыўных прававых актаў заканадаўцы шырока выкарыстоўвалі тыя нормы права, што ўжо склаліся ў жыцці і апраўдалі сябе. Безумоўна, выкарыстоўваемыя нормы старанна апрацоўваліся, сістэматызаваліся, частка з іх прызнавалася заканадаўцам страціўшымі сваю сілу і юрыдычнае значэнне. У сучасных умовах дзяржава аналізуе асноўныя напрамкі, тэндэнцыі развіцця грамадскіх адносін, якія маюць прававы характар, і на гэтай падставе фармулюе нормы права. Такі працэс стварэння норм права стаў своеасаблівым падмуркам для распаўсюджанай юрыдычнай ілюзіі аб тым, што менавіта дзяржава стварае права. Гэтая ілюзія ў дзяржавах з аўтарытарнымі дзяржаўна-прававымі рэжымамі ператвараецца нават у адзін з афіцыйных дагматаў дзяржаўна-прававой ідэалогіі.
Нарматыўны прававы акт – гэта родавая назва разглядаемай крыніцы права. Гэты тэрмін пачаў выкарыстоўвацца адносна нядаўна. Раней вельмі распаўсюджанай назвай гэтай крыніцы права быў тэрмін «закон», хаця ў розных народаў і ў розныя часы ён абазначаў далёка не аднолькавыя прававыя з’явы. Так, у старажытнай Грэцыі гэтым тэрмінам абазначалі прававыя звычаі, у яўрэяў – рэлігійныя па свайму зместу правілы паводзін («Законы Маісея»), у Вялікім княстве Літоўскім – характар веравызнання («закон грэчаскі» і «закон лацінскі»), і толькі ў Старажытным Рыме гэты тэрмін (па лацінскі – «lех») адпавядаў свайму сучаснаму зместу, бо ім абазначалі прававыя акты, што зыходзілі ад палітычнай улады. У Новы час тэрмін «закон» пачалі выкарыстоўваць для абазначэння прававых актаў, якія выдаваліся вышэйшымі прадстаўнічымі органамі дзяржаўнай улады – парламентамі, а для абазначэння прававых актаў, што выдаваліся іншымі органамі дзяржавы, – дэкрэт, ардананс, рэгламент, пастанова, рашэнне, загад, распараджэнне і г. д. Агульнай назвай для самых разнастайных прававых актаў, якія выдаюцца ўсімі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі і змяшчаюць усабе нормы права, стаў тэрмін «нарматыўны прававы акт».
Нарматыўна-прававы акт (закон) – вядучая крыніца права ў дзяржавах рамана-германскай прававой сям’і. Гэты факт стаў бясспрэчным пасля таго, як у XIX ст. у дзяржавах кантынентальнай Еўропы былі праведзены агульнанацыянальныя кадыфікацыі і практычна ўсё дзеючае права было выкладзена ў выглядзе нарматыўных прававых актаў. Сучасная юрыдычная дактрына ў кантынентальнай прававой сістэме лічыць нарматыўны прававы акт лепшым тэхнічным сродкам фармавання норм права ва ўмовах складанасці і дынамізму грамадскіх адносін, які дазваляе каардынаваць дзейнасць людзей у разнастайных сферах чалавечага жыцця для дасягнення агульнага інтарэсу.
Іншае стаўленне да нарматыўнага прававога акта (закону) назіраецца ў англійскім праве. Класічная тэорыя бачыць у ім толькі другарадную крыніцу права, бо нарматыўны прававы акт, згодна з ёй, уносіць толькі нейкія змяненні і дапаўненні ў права, якое ствараецца судовай практыкай. Дух права, яго прынцыпы выпрацоўваюцца судамі, а нарматыўныя прававыя акты толькі ўдакладняюць і падмацоўваюць іх. У Англіі з павагай ставяцца да свайго ўсемагутнага парламента, шануюць і паважаюць прымаемыя ім статуты (законы), але дзеючым правам нарматыўныя прававыя акты становяцца там толькі пасля таго, як на змешчаныя ў іх нормы спасылаюцца суды пры разглядзе канкрэтных спраў. Гэта азначае, што толькі пасля таго, як тая альбо іншая норма, змешчаная ў статуце, увойдзе ў склад rаtіо dесіdеndі прававога прэцэдэнта, яна становіцца дзеючым правам.
Другараднае значэнне мае нарматыўны прававы акт у мусульманскай прававой сістэме. Вынікае гэта перш-наперш з агульнай канцэпцыі праваразумення ў ісламе. Справа ў тым, што права, згодна з ісламам, ствараецца Алахам, яно становіцца вядома людзям праз прарока Мухамеда. Няма іншай сілы, якая б стварала права, акрамя Алаха. Праўда, мусульманская канцэпцыя крыніц права не забараняе парламенту, іншым органам дзяржаўнай улады выдаваць нарматыўныя прававыя акты і такім чынам ствараць нормы права. Пры гэтым выданне актаў абмяжоўваецца патрабаваннямі іслама, якім ствараемыя дзяржавай нормы права ні ў якім разе не могуць супярэчыць, бо людзі не могуць адмяніць альбо змяніць патрабаванні Карана і Суны. Іх задача пры напісанні нарматыўных прававых актаў зводзіцца да выканання волі Алаха, а людзі павінны выкласці гэтую волю ў нормах, артыкулах, главах.