5. Дактрына (навука) у якасці крыніцы права
^ Вверх

5. Дактрына (навука) у якасці крыніцы права

 

Амаль ва ўсіх вядомых нам прававых сістэмах важнай крыніцай права з’яўляецца дактрына (навука). Адметным зъяўляецца сам працэс стварэння і фармулявання норм права, якія змяшчаюцца ў гэтай крыніцы права. Яны ўяўляюць нейкія філасофска-тэарэтычныя ці нават этычныя разважанні і вывады аб праве, будове тых ці іншых прававых рэальнасцей. Па сваёй стылістыцы, унутранай логіцы яны нічым не адрозніваюцца ад тых навуковых палажэнняў, што не з’яўляюцца прававымі нормамі. Пры ўсім гэтым трэба, аднак, падкрэсліць, што ўласна прававы характар нейкія навуковыя палажэнні набываюць не самі па сабе, не таму толькі, што на гэта існуе згода супольніцтва альбо дзяржавы. Галоўнае, што надае ім прававы змест, заключаецца ў тым, што яны тычацца эквівалентнай прыроды грамадскіх адносін, заснаваных (ці абумоўленых) на маёмаснай няроўнасці. Менавіта таму, што дактрынальныя палажэнні фармулююць лагічна і паслядоўна элементы «прававой матэрыі», ім можна надаць агульнаабавязковае значэнне.

Дактрынальныя (навуковыя) палажэнні, як сведчыць гісторыя развіцця права, пачынаюць выконваць ролю норм права ў пераломныя моманты развіцця грамадства, калі ні сам народ, ні яго афіцыйны прадстаўнік – дзяржава, ніякія іншыя сацыяльныя суб’екты не ў стане сфармуляваць дастатковую колькасць правілаў паводзін для рэгулявання прававых па сваёй прыродзе грамадскіх адносін. Вельмі часта дактрынальным палажэнням надавалася роля норм права пры стварэнні агульнанацыянальнага права з мэтай ліквідацыі мясцовых прававых сістэм. Нарэшце, спецыфіка англасаксонскай прававой сістэмы з яе прэцэдэнтным (агульным) правам лагічна абумоўлівае неабходнасць выкарыстання нейкіх навуковых вывадаў, аргументаў, сістэмы доказаў у якасці rаtіо decidendi ў вырашэнні канкрэтных юрыдычных спраў. Такім чынам, прычыны самага рознага кшталту абумоўліваюць выкарыстанне дактрынальных палажэнняў у якасці агульнаабавязковых правілаў паводзін.

Вядома, што навуковыя здабыткі, палажэнні, вывады знешне існуюць у выглядзе навуковых артыкулаў, падручнікаў, манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, у іншых формах. Раней выкарыстоўваліся для іх абазначэння такія тэрміны, як «трактат», «вопыты», «да­следаванне», «кніга» і г. д. Менавіта ў гэтых сваіх знешніх праявах дактрынальныя палажэнні і выкарыстоўваюцца ў якасці крыніцы права. Натуральна, што дактрына (навука) з’яўляецца выключна пісанай крыніцай права.

Класічны прыклад выкарыстання навукі ў якасці крыніцы права знаходзім у гісторыі рымскага права. Вядома, што пасля прыняцця XII табліц заканадаўчая дзейнасць у Рыме амаль цалкам была спынена. Доўгі час гэтая крыніца рымскага права лічылася яго падмуркам. Але так сталася, што далейшае развіццё рымскага права ажыццяўлялася з дапамогай магістрацкага эдзікта. Справа ў тым, што з расшырэннем межаў рымскай дзяржавы і пераўтварэннем яе ў імперыю асноўная місія ў стварэнні агульнаімперскай прававой сістэмы была ўскладзена на службовых асоб (прэтар, эдзіл). Пры заняцці сваіх пасад яны аб’яўлялі ў сваіх эдзіктах аб тым, якімі нормамі (правіламі) будуць кіравацца ў сваёй дзейнасці ў сітуацыях, якія не прадугледжаны законамі. Зразумела, калі няма прамога закону, то пытанне аб тым, як вырашыць асобную сітуацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, вымагае значных інтэлектуальных высілкаў. Гэта і прадвызначыла ролю рымскіх вучоных-юрыстаў і іх навуковых досведаў у развіцці права.

Пры імператары Актавіяне Аўгусце было ўстаноўлена правіла, згодна з якім адказы ці аўтарытэтныя тлумачэнні юрыстаў па пытаннях права даваліся як бы ад імя самога імператара. Гэтым навуковым заключэнням, вывадам афіцыйна надаваўся статус крыніцы права, яны набывалі агульнаабавязковы характар як для асобы, так і для дзяржаўных органаў. Імператар Ціберый пачаў надзяляць асобных, найбольш знакамітых юрыстаў «правам адказаў». Своеасаблівым «залатым векам» рымскай юрыспрудэнцыі лічацца II-III ст. н. э., калі жылі і працавалі такія юрысты, як Папініян, Павел, Ульпіян, Мадзесцін, Гай. Пасля таго, як намаганнямі рымскіх юрыстаў прававая сістэма была дасканала распрацавана, былі знойдзены, сфармуляваны адказы практычна на ўсе прававыя пытанні, дзейнасць рымскіх юрыстаў пачынае абмяжоўвацца. У 426 годзе імператар Валенціян III выдаў указ, згодна з якім службовыя асобы і суддзі пры вырашэнні прававых пытанняў павінны былі кіравацца навуковымі здабыткамі, меркаваннямі пяці вышэйпералічаных юрыстаў, а таксама навуковымі працамі тых даследчыкаў, на якіх спасылаліся Папініян, Павел, Ульпіян, Мадзесцін, Гай. Было таксама сфармулявана правіла аб тым, што ў выпадку рознагалосся сярод гэтых юрыстаў па таму ці іншаму пытанню яно вырашалася па большасці галасоў. Пры роўнасці галасоў перавага аддавалася той пазіцыі, якой прытрымліваўся Папініян. Такім чынам, Папініян лічыўся першым сярод роўных (primus inter paros – лац.). Калі ж Папініян не выказваўся па разглядаемаму пытанню, то яно вырашалася па волі суддзі.

Важнай крыніцай права застаецца навука (дактрына) у прававой сістэме Англіі, дзе выкарыстоўваюцца навуковыя працы юрыстаў мінулага і сучасная юрыдычная літаратура. Ужо ў сярэднявеччы аўтарытэтнымі крыніцамі права лічыліся: трактат Глэнвіла «Аб традыцыйным праве і законах каралеўства Англіі», які быў напісаны ў канцы праўлення Генрыха II (1154–1188), а таксама праца Брэктана «Аб традыцыйным праве і законах Англіі», напісаная прыкладна ў сярэдзіне XIII ст. Цікава тое, што за ўзор для свайго трактата Брэктан узяў працу Глэнвіла, але значна пашырыў і па­глыбіў кола разглядаемых пытанняў. Яго трактат змяшчае апісанне больш за 2000 прэцэдэнтаў з практыкі каралеўскага суда.

Вялікім попытам у якасці крыніцы права карыстаюцца ў Англіі навуковыя працы Кока, які пасля выхаду на пенсію з пасады суддзі напісаў «Інстытуцыі англійскіх законаў». Сярод 12 аўтараў мінулага, працы якіх прызнаюцца ўсімі суддзямі і юрыстамі ў якасці аўтарытэтных крыніц права, можна адзначыць таксама прозвішча вядомага нам Блэкстана і яго працу «Каментарыі да законаў Англіі» (1765 г.). На працягу доўгага часу ў Англіі дзейнічала правіла, згодна з якім можна было лічыць крыніцамі права (і, адпаведна, спасылацца на іх) навуковыя працы тых аўтараў, што былі ўжо нябож­чыкамі.

Вялізнае значэнне надаецца прававой дактрыне ў мусульманскай прававой сістэме, бо яна забяспечвае прыстасаванне мусульманскага права да рэчаіснасці, якая пастаянна мяняецца, захоўвае непарыўныя сувязі паміж заканадаўствам мусульманскіх дзяржаў і яго першаснымі крыніцамі – Каранам і Сунай. Навука ў якасці крыніцы мусульманскага права называецца «фікх». Роля навукі ў мусульманскім праве настолькі значная, што многія даследчыкі лічаць адзінай яго крыніцай працы вучоных-юрыстаў, а ўсё мусульманскае права – правам юрыстаў. Пры гэтым яны падкрэсліваюць, што ролю заканадаўцы фактычна выконвае прававая навука, а навуковыя працы маюць сілу закону, што суддзі ў мусульманскай прававой сістэме не звяртаюцца да Карана і Суны пры вырашэнні канкрэтных спраў, а спасылаюцца на аўтараў, аўтарытэт якіх лічыцца агульнапрызнаным.

Да ліку навуковых прац, якія ўваходзяць у паняцце «крыніцы права» («фікх»), належаць сачыненні знакамітых знаўцаў шарыята, якія былі напісаны ў асноўным у сярэднявеччы. Па некаторых звестках, такіх прац налічваецца прыкладна 6 тысяч. Ніякага афіцыйнага рэестра гэтых прац няма, тым больш цікавым з’яўляецца тое, што яны нікім афіцыйна не зацвярджаліся ў якасці крыніц права. Згодна з агульным духам іслама крыніцамі права гэтыя навуковыя працы становяцца «натуральным» шляхам, г. зн. з маўклівай згоды мусульманскай супольнасці.