3. Прававы прэцэдэнт
Прававы прэцэдэнт – адна з найстаражытнейшых крыніц права, якая выкарыстоўвалася раней і выкарыстоўваецца зараз ва ўсіх без выключэння прававых сістэмах. Праўда, межы выкарыстання прававога прэцэдэнта ў якасці крыніцы права ў вядомых нам прававых сістэмах істотна розныя. Напрыклад, у англасаксонскай прававой сістэме прававы прэцэдэнт з’яўляецца зараз асноўнай, вядучай крыніцай права, у той час як у кантынентальнай ці мусульманскай ён мае як бы «дадатковае» значэнне.
У самым агульным плане прававы прэцэдэнт уяўляе нейкае рашэнне суда ці іншага юрысдыкцыйнага органа, якое з’яўляецца, з аднаго боку, абавязковым для ўдзельнікаў канкрэтнай прававой справы, а з другога, узорам для выкарыстання пры разглядзе аналагічных спраў гэтым жа самым альбо іншым юрысдыкцыйным органам. Гістарычна і генетычна фармаванне прававога прэцэдэнта звязана са станаўленнем цэнтральнай дзяржаўнай улады альбо спецыяльных юрысдыкцыйных органаў (судоў), якія пачалі выконваць функцыю па прымяненню права, ажыццяўленню правасуддзя. Да гэтага дадзеную місію ў грамадстве здзяйсняла ўся супольнасць (абшчына, сход абшчыны ці яе прадстаўнічы орган) альбо розныя трацейскія ўстановы і інстытуты, бо такі парадак ажыццяўлення правасуддзя, прымянення права цалкам адпавядаў характару звычаёвага права, для якога ўласцівы стварэнне, захаванне і рэалізацыя права ўсёй супольнасцю.
Натуральны працэс фармавання правіла паводзін (нормы права) у прававым звычаі выглядае наступным чынам: нейкі ўчынак удзельніка грамадскіх адносін, які не ахопліваецца дзеючым правам – паслядоўнікі (іншыя сацыяльныя суб’екты), тыя, хто прымае здзейснены акт паводзін папярэдніка за ўзор – фармаванне агульнага правіла паводзін – нормы права – прызнанне яго агульнаабавязковым усёй супольнасцю і выкарыстанне ў паўсядзённым жыцці. Правіла паводзін набывае пры гэтым стабільнасць, устойлівасць і непарушнасць. Іншы, скарочаны, шлях праходзіць фармаванне правіла паводзін (нормы права) у прававым прэцэдэнце. Тут практычна нейкі адзіны ўчынак, аднаразавы акт (рашэнне) кампетэнтнага органа дзяржавы альбо спецыяльнага юрысдыкцыйнага органа стварае агульнаабавязковую норму. Акрамя гэтага, розніца паміж фармаваннем правіла паводзін у выпадку з прававым звычаем і прававым прэцэдэнтам бачыцца яшчэ і ў суб’ектах, якія фармулююць яго. У фармуляванні і захаванні нормы прававога звычая ўдзельнічаюць у большай ці меншай меры амаль усе суб’екты грамадскіх адносін, а ў выпадку з прававым прэцэдэнтам – толькі строга акрэсленая іх частка. Гэта спецыяльна ўпаўнаважаныя на прыняцце рашэнняў органы дзяржавы ці спецыяльныя юрысдыкцыйныя органы.
Разгледзім больш падрабязна гэтую крыніцу права, яе структуру (будову) і правілы прымянення на прыкладзе агульнага права Англіі, дзе прэцэдэнт, як было вышэй адзначана, з’яўляецца асноўнай крыніцай права.
Што тычыцца будовы прэцэдэнта, то ў ім выдзяляюцца дзве часткі. Першая – гэта пазіцыя суддзі, яго разважанні, аргументацыя, на падставе якіх ён выносіць рашэнне альбо прысуд. Называецца яна rаtіо decidendi. Другую частку прэцэдэнта складае obiter dicta – тое, што сказана адначасова з rаtіо decidendi. Калі першая частка прэцэдэнта складае яго аснову і з’яўляецца абавязковай, бо менавіта на яе падставе прымаецца рашэнне, то obiter dicta ўяўляе сабой тыя аргументы, доказы суддзі, якія хаця і з’яўляюцца правапалажэннямі, але не ўваходзяць у склад rаtіо decidendi і таму не маюць абавязковага значэння для вывадаў суда па разглядаемай справе.
Сказанае аб структуры прававога прэцэдэнта дазваляе сцвярджаць, што задача англійскага суддзі, які вырашае нейкую справу і выкарыстоўвае пры гэтым вынесенае вышэйстаячым судом рашэнне па аналагічнай справе, зводзіцца да таго, каб выдзеліць у рашэнні вышэйстаячага суда тое, што для яго носіць абавязковы характар, г. зн. rаtіо decidendi, і тое, што носіць характар obiter dicta.
Зразумела, у англійскай сістэме права сродкі фіксацыі і перадачы норм прававых прэцэдэнтаў абумоўліваюць тое, што агульны аб’ём запісаў, у якіх выкладаюцца прэцэдэнты, пастаянна павялічваецца. Так, на пачатку XX ст. збор судовых прэцэдэнтаў налічваў 1800 тамоў і штогод павялічваўся на 10 тамоў. У Злучаных Штатах Амерыкі, дзе таксама дзейнічае агульнае права, аб’ём судовых прэцэдэнтаў яшчэ большы. Безумоўна, такая сітуацыя стварае пэўныя цяжкасці ў карыстанні прэцэдэнтным правам.
У англійскай прававой сістэме, акрамя прававога прэцэдэнта, распаўсюджаны такія крыніцы права, як нарматыўна-прававы акт (закон) і прававы звычай. У самай агульнай форме суадносіны прававога прэцэдэнта з іншымі крыніцамі права ў Англіі выглядаюць наступным чынам. Прававы звычай як крыніца права падпарадкаваны прававому прэцэдэнту. Справа ў тым, што ў прававой сістэме Англіі з даўніх часоў дзейнічае аксіёма, згодна з якой прымяняемы прававы звычай павінен быць «разумным». Ніводная судовая інстанцыя Англіі не надзелена правам адмяняць ці змяняць прававы звычай, але калі яна прызнае яго «неразумным», г. зн. састарэлым, страціўшым сэнс, то астатнія суды перастаюць з ім лічыцца, і гэты прававы звычай страчвае юрыдычнае значэнне.
Больш складанымі выглядаюць узаемаадносіны паміж прававым прэцэдэнтам і законам – актам парламента. З аднаго боку, норма права, якая сфармулявана ў прававым прэцэдэнце, можа быць адменена парламенцкім актам. І ў гэтых стасунках прэцэдэнт як бы падпарадкаваны закону. Але, з другога боку, закон рэальна пачынае дзейнічаць пасля таго, як на яго пачынаюць спасылацца суды пры разглядзе канкрэтных справаў, і, такім чынам, змест норм закону ўваходзіць у ratio decidendi. Пры гэтым суды могуць па свайму разуменню тлумачыць змест закону, які пасля тлумачэння набывае той сэнс, што быў нададзены яму судом. Усё гэта дае падставу лічыць, што закон, у сваю чаргу, залежыць ад прэцэдэнта.
Прававая дактрына (навука) і заканадаўства ў рамана-германскай прававой сістэме прызнаюць, праўда, з пэўнымі агаворкамі і не заўсёды паслядоўна, прававы прэцэдэнт у якасці адной з дадатковых крыніц права. Непаслядоўнасць заканадаўчай практыкі ў адносінах да прававога прэцэдэнта – сведчанне адсутнасці ў кантынентальнай прававой сістэме грунтоўнага тэарэтычнага асэнсавання гэтай крыніцы права, яе прыроды і магчымых межаў выкарыстання. У адносінах да прававога прэцэдэнта ў асяроддзі навукоўцаў і асабліва юрыстаў-практыкаў пераважаюць палітыка-ідэалагічныя перакананні ў шкоднасці, а таму і недапушчальнасці выкарыстання гэтай крыніцы права. Менавіта адназначна адмоўныя адносіны да прававога прэцэдэнта панавалі ў савецкія часы ў айчыннай прававой навуцы. У апошнія гады шэрагам айчынных даследчыкаў прадпрыняты спробы тэарэтычнага асэнсавання прыроды прававога прэцэдэнта і асабліва доказаў магчымага і неабходнага выкарыстання гэтай крыніцы права.
У мусульманскай прававой сістэме прававым прэцэдэнтам па сваёй сутнасці з’яўляецца такая крыніца права, як кіяс – рашэнне, якое было прынята па аналогіі. Калі ў мусульманскай прававой сістэме правапрымяняльнікі не знаходзілі ў Каране і Суне прамога адказу на пытанне, якое трэба было вырашаць, яны выкарыстоўвалі норму, што рэгулявала падобныя сітуацыі. А паколькі фактычныя абставіны справы, да якой прымянялі норму, адрозніваліся ад тых, што апісваюцца ў Каране і Суне, асноўных крыніцах мусульманскага права, то рашэннем па аналогіі па сутнасці стваралася новая норма права.