2. Прававы звычай
^ Вверх

2. Прававы звычай

 

Прававы звычай – гістарычна першая крыніца права. Развіццё права ва ўсіх гістарычных і зараз існуючых народаў адбывалася такім чынам, што менавіта ў гэтай крыніцы выкладалі і замацоў­валі яны свае першыя прававыя нормы. Чаму? Справа ў тым, што права ўзнікае паступова, праходзіць доўгі шлях станаўлення і эвалюцыі. Вядома, што праву папярэднічала монанарматыўная сістэма рэгулявання грамадскіх адносін, для якой было характэрным зліццё, непадзельнае існаванне ўсіх правілаў паводзін з самім жыццём, свядомасцю і паводзінамі чалавека, не існавала падзелу на правы і абавязкі. Гэтыя правілы паводзін захоўваліся дзякуючы традыцыі, звычаю іх выканання, векавой іх даўніне.

Пасля развіцця таварна-грашовых адносін, тавараабмену ўзнікаюць, складваюцца новыя правілы паводзін – нормы права і распадаецца на асобныя віды правілаў паводзін уся монанарматыўная сістэма рэгулявання грамадскіх адносін. Натуральна, у гэтых умовах узнікае пытанне аб тым, як захаваць, абараніць невядомыя ранейшаму грамадству правілы паводзін, якія ўзнікаюць цяпер. Адказ напрошваўся сам сабой. Трэба было надаць ім старую, усім добра вядомую і паважаную ўсёй супольнасцю форму, форму традыцыі, векавога звычая, бо ён быў неаспрэчным, таму што меў рэлігійны, абрадавы, сімвалічны характар.

У літаратуры пры азначэнні прававога звычая для падкрэслівання менавіта яго прававога характару ўказваюць на сувязь звычая з дзяржавай, з дзяржаўнай воляй. Пры гэтым падкрэсліваецца, што толькі санкцыянаваны (г. зн. узяты пад абарону) дзяржавай звычай становіцца прававым. Памылковасць такога падыходу да азначэння прававога звычая бачна ўжо ў тым, што далёка не кожны звычай, скажам, у традыцыйнай ці мусульманскай прававых сістэмах, які рэгулюе прававыя па свайму зместу грамадскія адносіны, бярэцца пад ахову дзяржавы, тым не менш, ён у поўнай меры з’яўляецца крыніцай права, бо менавіта ў ім сацыяльныя суб’екты шукаюць адказы на прававыя пытанні і кіруюцца ў паўсядзённым жыцці нормамі прававога звычая. Гэта самае можна назіраць сёння ў кантынентальнай прававой сістэме. Важна, такім чынам, пры­знанне звычая прававым не з боку дзяржавы, а з боку грамадскай супольнасці. Неблага, калі гэта зробіць і дзяржава. Але першынство тут усё ж застаецца за грамадствам. Больш таго, не ўсякі звычай, які ўзяты пад ахову дзяржавай, набывае прававы характар. Гэта сведчыць аб тым, што не дзяржава надае звычаю прававыя рысы, якасці крыніцы права, а зусім іншыя абставіны робяць яго прававым. У рэчышчы сфармуляванай і развіваемай намі канцэпцыі ­сутнасці права прававым з’яўляецца той звычай, існаванне якога наўпрост, непасрэдна альбо ўскосна, апасродкавана абумоўлена тавараабменам, абменам каштоўнасцямі і развіццём таварна-грашовых адносін. Дзяржава можа (павінна) узяць пад сваю ахову толькі прававы па свайму характару звычай і гэтым надаць яму дадатковую сілу, фармалізаваць яго агульную значнасць іагульную абавязковасць.

У прававым звычаі выдзяляюцца два цесна ўзаемазвязаныя, але ўсё ж розныя моманты. Па-першае, гэта правіла паводзін – норма права, а па-другое, тая форма, у якой існуе правіла паводзін. Пры нязменнасці нормы права, замацаванай у прававым звычаі, можа мяняцца форма яе выражэння і, наадварот, мяняцца можа правіла паводзін, а нязменнай застаецца форма.

Што тычыцца звычаёвай нормы права, то яна ўзнікае дзякуючы дзеянню дзвюх сіл. Па-першае, нейкага ўчынку асобнага чалавека, учынку, які не ўкладваецца ў рамкі існуючых правілаў паводзін, але які адпавядае жыццёвым патрэбам, з’яўляецца карысным і не пагражае ўмовам існавання супольнасці. Па-другое, жадання іншых індывідаў зрабіць так, як папярэднік ці папярэднікі. Такім чынам, вобраз дзеяння, які выбіраюць асобныя, больш энергічныя людзі, становіцца агульнай нормай, звычаем таму, што астатнія прывыкаюць пасіўна рабіць таксама. Звычай зыходзіць ад індывідуальнага пераканання, але паступова становіцца агульным. Зразумела, што стваральнікамі звычаёвага права былі людзі энер­гічныя і дужыя. Менавіта таму першапачатковае звычаёвае права лічыцца правам дужага.

Прававы звычай (дакладней, яго форма) на працягу свайго доўгага існавання ў якасці крыніцы права прайшоў пэўныя адметныя этапы развіцця.

Першапачаткова ідэя права ўсведамлялася і асэнсоўвалася не шляхам нейкіх абстрактных разважанняў і тэарэтычных выкладак, а шляхам самых разнастайных сімвалічных дзеянняў і абрадаў. Юрыдычныя сімвалы, г. зн. знешнія фармальныя дзеянні, умоўныя факты, ужываліся для выражэння справядлівасці, правамернасці той ці іншай з’явы, таго ці іншага чалавечага ўчынку. Сімвалічная форма замацавання нейкіх юрыдычных паняццяў, норм права была найменш дасканалай спробай «апрануць» юрыдычныя паняцці і нормы ў знешнюю, даступную для разумення ўсёй супольнасцю форму.

Больш развітым этапам існавання прававога звычая былі юрыдычныя прымаўкі і юрыдычныя прыказкі. Тое правіла паводзін, якое першапачаткова выказвалася сімвалам і абрадам, стала фармулявацца словам, выказвацца ў выглядзе кароткіх і добра запамінаемых словазлучэнняў, у якіх азначаліся гатовыя да рэалізацыі і прымянення аксіёмы, нормы права па самых разнастайных юрыдычных пытаннях. Шмат якія з чыста юрыдычных прымавак дайшлі да сённяшняга дня, але страцілі пры гэтым свой ранейшы агульнаабавязковы змест. На гэтым прыкладзе мы назіраем сітуацыю, пры якой захоўваецца знешняя форма прававога звычая, а знікае яго змест.

Трэцім этапам у эвалюцыі прававога звычая былі юрыдычныя вершы, быліны, песні, легенды, казкі. Яшчэ ў старажытнасці людзі заўважылі, што менавіта з дапамогай гэтых паэтычных сродкаў можна перадаць больш даступна і без страты сэнсу вялікі аб’ём звестак аб дзеючым праве. З гісторыі развіцця права вядома, што старажытнагрэчаскі заканадавец Салон выклаў свае законы ў вершаванай форме. Рымляне таксама выкладалі прававыя формулы, якія выкарыстоўваліся ў юрыдычным працэсе, у вершаванай форме пад назвай «Кармэн».

Нарэшце, чацвёртым, найвышэйшым, этапам у развіцці прававога звычая як крыніцы права была сістэматызацыя прававых звычаяў, іх запіс. Развіццё звычаёвага права ў Старажытным Рыме фактычна было завершана пасля таго, як сістэматызаваныя прававыя звычаі знайшлі сваё адлюстраванне на ХII драўляных дошках (адсюль і назва гэтага помніка права – законы XII табліц). Абагульненне прававых звычаяў, ліквідацыя розных супярэчнасцей паміж імі, іх сістэматызацыя і запіс у выглядзе нейкіх зборнікаў – агульная заканамернасць развіцця звычаёвага права розных народаў. Дастаткова ўзгадаць такія помнікі звычаёвага права, як Законы Хамурапі і Законы Ману, Саксонскае зярцала, Рускую Праўду, Польскую Праўду XIII ст.

Як было вышэй адзначана, доўгічас права існавала выключна або пераважна ў форме прававога звычая. Гэты перыяд развіцця права ў навуковай і вучэбнай літаратуры называюць звычаёвым правам. Яму ўласцівы некаторыя характэрныя асаблівасці: рэлі­гійны характар, партыкулярызм (пляменныя, родавыя, абшчынныя межы існавання звычая), кансерватызм (стабільнасць і нязменнасць). Доўгі час менавіта гэтыя якасці прававога звычая забяспечвалі яму амаль манапольнае панаванне ў сферы права. Інтэрнацыяналізацыя гаспадарчага жыцця, фарміраванне нацыянальнага, а затым і міжнароднага рынку, пранікненне таварна-грашовых адносін ва ўсё новыя і новыя сферы чалавечага жыцця разбураюць «вузка нацыянальныя» межы звычаёвага права. Выяўляецца ня­здольнасць прававога звычая як кансерватыўнай формы права адэкватна рэагаваць на новыя прававыя рэальнасці. Акрамя гэтага, узмацняецца дзяржаўная ўлада і пачынае прэтэндаваць на ролю асноўнага творцы права, актыўна ўмешвацца ў гаспадарчыя і прававыя працэсы, стварае невядомыя раней агульнаабавязковыя нормы, якія часта адмяняюць або замяняюць прававыя звычаі. Дзяржава стварае і новую крыніцу (форму) права, нарматыўны прававы акт (закон) – пісьмовы акт-дакумент, у якім фармулююцца нормы права. Наступае заняпад звычаёвага права.

У сучасным грамадстве прававы звычай вельмі актыўна выкарыстоўваецца ў традыцыйных прававых сістэмах некаторых дзяржаў Афрыкі, Акеаніі, Лацінскай Амерыкі. Значную ролю адыгрывае прававы звычай у дзяржавах з мусульманскай прававой сістэмай у якасці дадатковай крыніцы права. Пры афіцыйным панаванні, «вяршэнстве» ў гэтых сістэмах норм шарыята ў рэальнасці шырока ўжываюцца старадаўнія прававыя звычаі.

Вядома, што ў свой час кансерватыўнасць звычаёвага права шмат у чым абумовіла яго заняпад, бо прававы звычай не паспяваў за грамадскімі адносінамі, якія дынамічна развіваліся. На змену звычаю тады прыйшлі нарматыўныя прававыя акты (законы). Але зараз высвятляецца, што за хуткімі пераменамі ў грамадскіх адносінах, якія абумоўлены навукова-тэхнічным прагрэсам, не паспяваюць і законы. Адбываецца своеасаблівая «рэцэпцыя» звычаёвага права, дакладней, яго разнавіднасцей. Пры адсутнасці патрэбных норм права сфера прававога рэгулявання запаўняецца судовай (арбітражнай) ці юрыдычнай, у шырокім сэнсе слова, практыкай. Менавіта практыка выпрацоўвае патрэбнае правіла паводзін, якое пазней фармулюецца ў законе.

Асобна трэба адзначыць, што прававы звычай захоўвае трывалыя пазіцыі ў міжнародным праве, дзе ён з’яўляецца важным сродкам не толькі існавання норм права, але і іх стварэння. Прававыя звычаі, у падмурку якіх ляжаць прынцыпы суверэнітэту і роўнасці дзяржаў, лічацца абавязковымі для ўсіх дзяржаў сусветнай супольнасці. Што ж тычыцца іншых прававых звычаяў, то яны з’яўляюцца абавязковымі для дзяржавы, калі дзяржава прызнае іх. Шырока прымяняюцца прававыя звычаі ў міжнародным гандлі. У прыватнасці, прававы звычай быў прызнаны крыніцай права ў Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый «Аб дагаворах міжнароднай куплі-продажу тавараў» 1980 года.