3.3. Прававая навука (дактрына) – крыніца сучаснага беларускага права
У прававой сістэме Рэспублікі Беларусь у апошнія гады з’явіліся такія нарматыўныя прававыя дакументы, якія па шэрагу параметраў не адпавядаюць класічным прыметам нарматыўнага правававога акта. Гэта, напрыклад, такія акты як «Канцэпцыя ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь [37]», «Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь [38]», а таксама «Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь [39]».
Па крытэрыях афіцыйнасці, дакументальнасці, адпаведнасці ўстаноўленай формы, кампетэнтнасці і захавання працэдуры прыняцця дадзеныя акты адпавядаюць класічным параметрам, якія ўласцівыя нарматыўным прававым актам. У гэтым можна пераканацца, разгледзеўшы іх праз прызму найбольш пашыраных навуковых азначэнняў нарматыўнага прававога акта, якія былі сфармуляваны аўтарытэтнымі айчыннымі навукоўцамі. Так, Аляксееў С.С. азначае нарматыўны прававы акт як «…официальный акт-документ правотворчества компетентного органа, содержащий юридические нормы (предписания)» [40, с.201]. Ціхаміраў Ю.А. і Кацялеўская І.В. пад нарматыўным прававым актам разумеюць «…письменный документ установленной формы, принятый уполномоченным органом в пределах его компетенции и направленный на установление, изменение или прекращение действия правовых норм» [41 , с.21].
Да такой жа высновы можна прыйсці і пасля параўнання разглядаемых нарматыўных прававых дакументаў з афіцыйным азначэннем нарматыўнага прававога акта, якое ўтрымліваецца ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь». Згодна з арт.1 гэтага закона пад нарматыўным прававым актам у беларускай прававой сістэме трэба разумець афіцыйны дакумент устаноўленай формы, які прыняты (выдадзены) ў межах кампетэнцыі ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа (службовай асобы) ці шляхам рэферэндума з захаваннем устаноўленай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь працэдуры, які ўтрымлівае агульнаабавязковыя правілы паводзінаў, што разлічаны на нявызначанаекола асобаў і неаднаразовае прымяненне.
Да разраду класічных нарматыўных прававых актаў даследуемыя прававыя дакументы павінны быць аднесены і па прычыне сваёй агульнай юрыдычнай абавязковасці. Хаця б ужо таму, што яны «апрануты» ва ўстаноўленыя ў дзяржаве формы прававых актаў, што выдаюцца кампетэнтнымі органамі дзяржавы і таму падлягаюць безумоўнаму выкананню ўсімі суб’ектамі права. Акрамя гэтага, аб агульнай абавязковасці дадзеных нарматыўных прававых дакументаў сведчаць асобныя нарматыўныя палажэнні, якія змяшчаюцца ў іх тэкстах. Напрыклад, аб агульнай абавязковасці Ваеннай дактрыны недвухсэнсоўна гаворыцца ў апошняй частцы яе зместу, згодна з якой нарматыўныя прававыя акты ў сферы ваеннай палітыкі, ваеннага будаўніцтва, рэфарміравання і жыццядзейнасці ваеннай арганізацыі дзяржавы распрацоўваюцца рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання зыходзячы з асноўных палажэнняў Ваеннай дактрыны. Аналагічнага характару прадпісанні, якія сведчаць аб юрыдычнай абавязковасці, ўтрымліваюцца ў п.2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь « Аб зацвярджэнні канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», згодна з якім дзяржаўным органам і іншым арганізацыям у практычнай дзейнасці прадпісваецца кіравацца палажэннямі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. У п.2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб Канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь» таксама гаворыцца аб тым, што дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у норматворчай дзейнасці, абавязаны кіравацца палажэннямі Канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства.
І ўсё ж, нягледзячы на сказанае, пры дэтальным аналізе зместу даследуемых прававых дакументаў узнікае шэраг пытанняў, якія тычацца іх юрыдычнай прыроды. Гэта пытанні аб змесце дадзеных дакументаў, аб характары прававых палажэнняў, якія ў іх фармулююцца. Справа ў тым, што змест прававых палажэнняў даследуемых актаў не ў поўнай меры адпавядае традыцыйным уяўленням аб агульным характары палажэнняў, якія звычайна ўтрымліваюцца ў нарматыўных прававых актах.
Аб тым, што ў тэкстах гэтых дакументаў змяшчаюцца «класічныя» нарматыўна-прававыя прадпісанні сведчаць, напрыклад, нарматыўныя палажэнні, якія змешчаны ў п.14 главы 2 Ваеннай дактрыны і ў якіх дэталёва акрэсліваюцца кампетэнцыя і паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, іншых органаў дзяржаўнай улады па кіраўніцве падрыхтоўкай і прымяненнем ваеннай арганізацыі дзяржавы з мэтай забеспячэння ваеннай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Аналагічнага характару нарматыўныя палажэнні ўтрымліваюцца і ў п.58 Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, згодна з якім агульнае кіраўніцтва сістэмай забеспячэння нацыянальнай бяспекі ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які рэалізуе свае ўладныя паўнамоцтвы ў гэтай сферы праз Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь і яго працоўны орган – Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, а таксама праз Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Але большая частка зместу даследуемых нарматыўных прававых дакументаў уяўляе сістэму навуковых палажэнняў і высноў, якія тычацца ўдасканалення сістэмы беларускага заканадаўства, забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, характару і зместу яе ваеннай дактрыны. Аб гэтым недвухсэнсоўна сцвярджаецца ў тэкстах аналізуемых нарматыўных прававых дакументаў. «Настоящая Концепция – гаворыцца ў п. 1 Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, – закрепляет совокупность официальных взглядов на сущность и содержание деятельности Республики Беларусь по обеспечению баланса интересов личности, общества, государства и их защите от внутренних и внешних угроз». А ў прэамбуле ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь гаворыцца: «Военная доктрина Республики Беларусь (далее – Военная доктрина) представляет собой совокупность официальных основополагающих взглядов и принципов обеспечения военной безопасности государства посредством применения политических и военных мер».
Вельмі шмат палажэнняў, якія ўтрымліваюцца ў Канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства, таксама уяўляе сабой сістэму навуковых высноў і палажэнняў аб стане дзеючага ў дзяржаве заканадаўства, аб асновах яго развіцця і ўдасканалення, аб прынцыпах фарміравання заканадаўства і г.д. Але ў адрозненні ад ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, у якіх значную частку зместу складаюць выкладкі, разважанні і высновы навуковага кшталту, у Канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства ўтрымліваецца значна больш класічных нарматыўных прававых прадпісанняў. Параўнальны аналіз зместу аналізуемых нарматыўных прававых дакументаў сведчыць таксама і аб тым, што ў Канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь найбольш арганічна і з большай прапарцыянальнасцю спалучаны навуковыя палажэнні і класічныя нарматыўныя прадпісанні [42, с. 69]. Гэта дазволіла замацаваць ужо ў тэксце дадзенай Канцэпцыі неабходныя юрыдычныя механізмы яе рэалізацыі.
У сувязі з вышэйадзначаным узнікае шэраг тэарэтычных пытанняў: а) якія прычыны абумовілі пашыранае выкарыстанне навукі ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь? б) да ліку якіх вядомых крыніц права адносяцца даследуемыя нарматыўныя прававыя дакументы?
На мой погляд, існуе па меншай меры дзве галоўныя прычыны, якія істотна ўплываюць на тое, што навуковыя выкладкі і палажэнні знаходзяць пашыранае запатрабаванне пры фарміраванні і развіцці сучаснай беларускай прававой сістэмы. Па-першае, прававая сістэма Рэспублікі Беларусь адносна новае ўтварэнне, якое развіваецца на сваёй нацыянальнай глебе. У гэтых умовах навука ўвогуле і юрыдычная навука ў прыватнасці набываюць асабліва важнае значэнне. Яны акрэсліваюць асноўныя накірункі развіцця прававой сістэмы, характарызуюць стан яе нарматыўнай асновы, высвечваюць існуючыя праблемы і прапануюць навукова абгрунтаваныя шляхі іх вырашэння. Выкарыстанне навуковых палажэнняў у вядучых па сваёй значнасці нарматыўных прававых актах, якія аказваюць уплыў на ўсю сістэму заканадаўства, садзейнічае ўзвышэнню навуковасці і абгрунтаванасці ўсёй сістэмы нарматыўных прававых актаў і прававой сістэмы цалкам.
Па-другое, інтэграцыя прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь у сусветную і еўрапейскую прававую прастору патрабуюць таго, каб па асноўных структурных асаблівасцях прававая сістэма Беларусі адпавядала крытэрыям кантынентальнай прававой сям’і. І справа тут, як здаецца, не столькі нават у свядомых і мэтанакіраваных кроках нашага заканадаўцы ў шырокім сэнсе слова, якія скіраваны на тое, каб «увесці» ў прававую сістэму Беларусі ў прымусовым парадку ў склад кантынентальнай прававой сям’і, а ў тым, што, будуючы сваю прававую сістэму на прызнанні вяршэнства агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, на еўрапейскіх прававых каштоўнасцях, мы свядома ці «несвядома» прыводзім яе, як бы «набліжаем», да еўрапейскіх стандартаў, адным з якіх традыцыйна, з моманту фарміравання дадзенага прававога ўтварэння, з’яўляецца вельмі значная роля навукі ў развіцці прававой сістэмы.
Безумоўна, выкарыстанне навуковых палажэнняў пры развіцці і ўдасканаленні айчыннай прававой сістэмы было адной з заканамернасцей яе існавання і на папярэдніх этапах развіцця. І адбывалася гэта пераважна ў двух формах. Адна з іх – выкарыстанне дасягненняў юрыдычнай навукі пры стварэнні нарматыўных прававых актаў. Дадзеная форма ўздзеяння навукі на прававую сістэму праз уплыў на праватворчы працэс захоўвае сваё значэнне і сёння. Больш таго, патрабаванне аб забеспячэнні навуковасці пры стварэнні нарматыўных прававых актаў, стала згодна з арт. 7 закона « Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» адным з асноўных прынцыпаў праватворчага працэсу.
Другой не менш важнай формай уздзеяння навукі на прававую сістэму з’яўляецца выкарыстанне навуковых палажэнняў пры прымяненні норм права ўсімі юрысдыкцыйнымі структурамі і асабліва судовай сістэмай Рэспублікі Беларусь. Аналіз арт.арт. 27, 50, 58, 81 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» [43] сведчыць аб значнасці навукова-кансультацыйных структур, якія ствараюцца пры Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь, Вярхоўным і Вышэйшым Гаспадарчым Судзе Рэспублікі Беларусь і ўключаюць вядучых вучоных-юрыстаў і спецыялістаў у сферах матэрыяльнага і працэсуальнага права, судаўпарадкавання і судаводства. Гэтыя структуры аказваюць значны ўплыў на дзейнасць вышэйшых судовых інстанцый Рэспублікі Беларусь шляхам забеспячэння дзейнасці судовай сістэмы краіны навуковымі распрацоўкамі, экспертнымі заключэннямі, заключэннямі спецыялістаў і г.д. .
З’яўленне ж у прававой сістэме Рэспублікі Беларусь нарматыўных прававых дакументаў, якія аналізуюцца ў дадзенай манаграфіі, на наш погляд, сведчыць аб узнікненні нейкай якасна новай формы ўздзеяння навукі на прававую сістэму Рэспублікі Беларусь, якасна новай прававой рэальнасці [44 – 46]. У адрозненні ад добра знаёмых нам формаў уплыву юрыдычнай навукі на працэсы стварэння і прымянення нормаў права, калі самі навуковыя палажэнні і патрабаванні знаходзяцца як бы па-за межамі праватворчага і правапрымяняльнага працэсаў і ўплываюць на прававую сістэму грамадства звонку, нарматыўныя прававыя дакументы кшталту «Канцэпцыі» і «Дактрыны» непасрэдна знаходзяцца ўнутры прававой сістэмы, з’яўляюцца яе элементамі, часцінамі і, маючы агульнаабавязковае значэнне, непасрэдна ўплываюць на праватворчы і правапрымяняльны працэсы, па сутнасці з’яўляюцца крыніцамі права, прычым своеасаблівымі крыніцамі права.
Пры параўнаўчым аналізе даследуемых нарматыўных прававых дакументаў з сістэмай крыніц права, якія ўласцівы кантынентальнай прававой сям’і, можна прыйсці да высновы, што па сваім змесце яны набліжаюцца да прававой дактрыны, якая, на думку знакамітага французскага тэарэтыка права А.Арно, «... у нашы дні, гэтак жа сама, як і ў мінулым, з’яўляецца вельмі важнай і вельмі жыццядзейнай крыніцай права» [47, p.15].
Адметным з’яўляецца сам працэс стварэння і фармулявання нормаў права, якія змяшчаюцца ў гэтай крыніцы права. Яны ўяўляюць нейкія філасофска-тэарэтычныя ці нават этычныя разважанні і вывады аб праве, будове тых ці іншых прававых рэальнасцей. Па сваёй стылістыцы, унутранай логіцы яны абсалютна нічым не адрозніваюдца ад тых навуковых палажэнняў, што не з’яўляюцца прававымі нормамі. Пры ўсім гэтым трэба, аднак, падкрэсліць, што ўласна прававы характар нейкія навуковыя палажэнні набываюць не самі па сабе, не таму толькі, што на гэта існуе згода супольніцтва альбо дзяржавы. Галоўнае, што надае ім прававы змест, у тым, што яны тычацца эквівалентнай прыроды грамадскіх адносін, заснаваных (ці абумоўлепых) на маёмаснай няроўнасці. Менавіта таму, што дактрынальныя палажэнні фармулююць лагічна і паслядоўна элементы «прававой матэрыі», ім можна надаць агульнаабавязковае значэнне.
Адметнасць аналізуемых нарматыўных прававых дакументаў бачыцца і ў тым, што па сваім змесце яны ўяўляюць сістэму навуковых палажэнняў, якія былі апрабаваны на практыцы, пацвердзілі сваю ісціннасць і падлягаюць выкананню ўсімі суб’ектамі права.
Пакажам гэтую адметнасць на прыкладзеч.2 п.13Канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства, якая гучыць так: «Вышэйшую юрыдычную сілу мае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.Усе нарматыўныя прававыя акты выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Асноўным законам Рэспублікі Беларусь. Галіны заканадаўства грунтуюцца на кодэксах, за выключэннем галінаў, кадыфікаваць якія цяжка ці заўчасна (гаспадарчае права, права сацыяльнага забеспячэння і інш.) Такія галіны павінны грунтавацца на комплексе кансалідаваных законаў. Кодэкс ці кансалідаваны закон вызначае асноўныя інстытуты канкрэтнай галіны заканадаўства, а таксама нарматыўныя акты, якія неабходна прыняць»(падкрэслена мной – С.М.).
Палажэнні, аб якіх ідзе размова, першапачаткова былі сфармуляваны і ўсебакова абгрунтаваны у айчыннай юрыдычнай навуцы. Але да той пары, пакуль яны захоўвалі статус навуковых палажэнняў, няхай, нават, апрабіраваных і добра зарэкамендаваўшых сябе ў практыцы праватворчасці, адносіны да іх з боку норматворчых органаў былі паважлівымі, але юрыдычна не абавязковымі. Якасна іншы статус дадзеныя навуковыя палажэнні набылі пасля таго, як яны былі замацаваны ў нарматыўным прававым акце высокай юрыдычнай сілы. Пасля гэтага яны адразу сталі юрыдычна абавязковымі для ўсіх суб’ектаў праватворчесці і патрабуюць ад усіх норматворчых органаў, каб яны працавалі ў патрэбным, нарматыўна азначаным кірунку – у кірунку, які патрабуе абавязковай кадыфікацыі галінаў заканадаўства ці выдання шэрагу кансалідаваных законаў.
У адрозненні ад навуковых палажэнняў, якія не знайшлі свайго адлюстравання і замацавання ў дадзеных нарматыўных прававых дакументаў, тыя, што змяшчаюцца ў іх, маюць афіцыйнае, дзяржаўнае, юрыдычна абавязковае значэнне для ўсіх органаў і службовых асобаў, а таксама грамадзян. На іх падставе паміж суб’ектамі права складваюцца прававыя адносіны. Невыкананне замацаваных ў гэтых нарматыўных прававых дакументах навуковых палажэнняў цягне за сабой юрыдычную адказнасць.
Падкрэсленыя вышэй палажэнні Канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства звяртаюць на сябе ўвагу і вось яшчэ чаму. На іх прыкладзе можна паказаць, што далёка не ўсе выпрацаваныя ў юрыдычнай навуцы высновы пераўтвараюцца ў нарматыўныя прадпісанні і агульнаабавязковыя палажэнні, а толькі тыя, якія былі правераны юрыдычнай практыкай і пацвердзілі сваю ісціннасць. Ці не таму і не была рэалізавана на практыцы «Канцэпцыя судова-прававой рэформы» 1992 года, што ў ёй змяшчалася вельмі шмат навуковых палажэнняў, якія не былі апрабаваны айчыннай практыкай дзяржаўна-прававога будаўніцтва, не былі правераны на іх сапраўднасць [45]. Прынамсі, можна сцвярджаць, што гэта было адной з асноўных прычын.
Такім чынам, нарматыўныя прававыя дакументы, аб юрыдычнай прыродзе якіх ідзе размова, з’яўляюцца своеасаблівай крыніцай права Рэспублікі Беларусь, якія пры самым першым набліжэнні ўяўляюць пэўны «сімбіёз» прыкметаў нарматыўнага прававога акта і прававой дактрыны, прычым па знешніх фармальна-прававых прыкметах яны набліжаюцца да нарматыўных прававых актаў, а па змесце – да прававой дактрыны. І ўсё ж, на мой погляд, нягледзячы на такі знешне сінтэтычны характар дадзенай крыніцы права, можна весці размову аб тым, што ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь не проста сфармавалася і фактычна існуе, але і атрымала легальны статус якасна новая крыніца права – навука (ці дактрына).
Тая акалічнасць, што па сваёй знешняй форме дадзеная крыніца права супадае з нарматыўнымі прававымі актамі, не абвяргае сфармуляваны вывад. Справа тут у тым, што ўвогуле для навукі ў якасці крыніцы права не існуе нейкіх агульнапрызнананых і агульнаабавязковых формаў. Як сведчыць гісторыя развіцця права, такімі знешнімі формамі для навукі маглі быць працы знакамітых навукоўцаў-юрыстаў, разважанні аб праве вядомых, аўтарытэтных юрыстаў-практыкаў, разнастайныя каментарыі і тлумачэнні дзеючага права, навуковыя выкладкі сацыёлагаў, філосафаў, тэолагаў і г.д. Больш важнае значэнне для дадзенай крыніцы права мае не форма, у якой выкладаюцца навуковыя палажэнні і высновы, а сам факт надання пэўным навуковым выкладкам, разважанням і высновам афіцыйнага стутуса, юрыдычнай значнасці і агульнаабавязковасці для ўсіх суб’ектаў права. Прычым такі статус навуковыя палажэнні заўсёды набывалі пасля таго, як іх значнасць і агульнаабавязковасць пацвярджаліся з боку дзяржавы, тых ці іншых яе органаў і устаноў, альбо іншых афіцыйных прадстаўнікоў супольнасці, якія выконвалі тыя ці іншыя функцыі дзяржаўнай улады.
Той факт, што беларуская дзяржава ў асобе кампетэнтных органаў надала пэўным навуковым выкладкам, якія тычацца развіцця і ўдасканалення сістэмы беларускага заканадаўства, нацыянальнай і ваеннай бяспекі дзяржавы, агульнаабавязковае значэнне, з’яўляецца вырашальным у справе прызнання навукі адной з дзеючых крыніц пазітыўнага права Рэспублікі Беларусь.
З прыроды гэтых нарматыўных прававых дакументаў заканамерна выцякаюць і асаблівасці ў механізмах іх рэалізацыі. Калі класічныя нарматыўныя прававыя акты рэалізуюцца ў асноўным праз сістэму канкрэтных прававых адносінаў, якія складваюцца паміж суб’ектамі права, а таксама шляхам уплыву на правасвядомасць суб’ектаў права, то асноўным шляхам рэалізацыі нарматыўных прававых дакументаў кшталту «Канцэпцыі» і «Дактрыны» з’яўляецца ўздзеянне на правасвядомасць і волю праватворчых і правапрымяняльных структур, тых органаў і устаноў дзяржавы, якія павінны кіравацца «нарматыўнымі ўстаноўкамі» дадзеных дакументаў і прымаць на іх падставе адпаведныя нарматыўныя дакументы.
У сістэме крыніц права Рэспублікі Беларусь дадзеныя нарматыўныя дакументы выконваюць вельмі важную ролю. Яны развіваюць і канкрэтызуюць нарматыўныя прадпісанні Канстытуцыі нашай дзяржавы, якія адносяцца да сферы нацыянальнай бяспекі, ваеннай арганізацыі краіны і нарматыўнай асновы прававой сістэмы грамадства. Па сваёй значнасці яны фактычна выконваюць ролю канстытуцыйных законаў, а ў юрыдычных адносінах Канцэпцыя ўдасканалення заканадаўства і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі з’яўляюцца праграмнымі ўказамі.
***
Прававы прэцэдэнт і прававая навука (дактрына) адносяцца да традыцыйных крыніц права, якія сустракаюцца без выключэння ва ўсіх гістарычных і зараз існуючых прававых сем’ях. Сучасныя даследаванні крыніц права знаходзяцца на такім этапе, калі патрэбен пераход ад эмпірычных даследаванняў асобных відаў крыніц права да распрацоўкі ўніверсальных мадэляў традыцыйных крыніц права. Адносна нарматыўных прававых актаў такую задачу можна лічыць практычна вырашанай, бо ўніверсальныя прыкметы (крытэрыі) гэтага віду крыніц права даследаваны найбольш глыбока і дасканала. Вядуцца інтэнсіўныя пошукі ўніверсальнай мадэлі прававога прэцэдэнта і іншых крыніц права. Праз даследаванне ўніверсальных прымет традыцыйных крыніц права самы эфектыўны шлях да распрацоўкі нацыянальнай мадэлі той ці іншай традыцыйнай крыніцы права. Нацыянальная мадэль традыцыйных крыніц права ўлічвае адметнасці прававой сістэмы грамадства і дзеючую сістэму крыніц пазітыўнага права. Разам з тым, яна дазваляе развіваць і ўдасканальваць сістэму крыніц нацыянальнага права з улікам вопыту функцыянавання асобных відаў крыніц права ў іншых тыпах і відах прававых сістэм.