2.4. Збіранне тапаніміі
^ Вверх

2.4   Збіранне тапаніміі 

Праца з тапанімічным матэрыялам аказвае вялікае пазнавальна-выхаваўчае ўздзеянне на вучняў. Тапонімы ўтрымліваюць інфармацыю мінулых часоў, знаёмяць з культурай, бытам, гаспадарчай дзейнасцю нашых продкаў.

Вывучэнне тапанімічнай лексікі з вучнямі могуць арганізаваць выкладчыкі розных прадметаў (беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, астраноміі) як на ўроках, так і на пазакласных занятках. Сістэмна і рознабакова тапанімію можна вывучаць сіламі тапанімічнага гуртка. Тэматыку заняткаў гуртка вызначае настаўнік. З апублікаваных метадычных распрацовак падобнага гуртка заслугоўвае ўвагі артыкул В.М.Емельяновіч “Тапанімічны гурток” у часопісе “Народная асвета” [19, с. 52–55], дзе прапануюцца, напрыклад, такія тэмы заняткаў: 1. Тапаніміка і яе раздзелы. 2. Паходжанне геаграфічных назваў. 3. Назвы рэспублік. Назва “Беларусь”. 4. Назвы рэк і азёраў нашай рэспублікі. 5. Назвы гарадоў і вёсак Беларусі. 6. Назвы роднага краю (урочышчаў, палёў, лясоў, сенажацей, дарог і інш.). 7. Назвы вуліц роднага горада, вёскі. 8. Гісторыя краю – у назвах. 9. Новыя часы – новыя назвы. 10. Геаграфічныя назвы ў песнях, паданнях, прыказках і прымаўках, у творах мастацкай літаратуры.

Вельмі актуальнай з’яўляецца тэма № 6, паколькі яна арыентуе вучняў на непасрэдна збіральніцкую працу. Важнасць гэтай працы ў наш час тлумачыцца тым, што разбураецца традыцыйная беларуская вёска і разам з ёю знікае багаты пласт мікратапанімічнай лексікі, што назапашваўся цягам стагоддзяў. Пачэсны абавязак настаўніка роднай мовы і літаратуры – занатаваць гэтую лексіку ў сваім рэгіёне, каб яна не страцілася, а захавалася хаця б у пісьмовым выглядзе для будучых пакаленняў. Калі ў гэтай справе прымуць удзел і вучні, то карысць ад яе, несумненна, узрасце.

Для таго, каб школьнікі навучыліся запісваць назвы свайго рэгіёна, настаўніку неабходна правесці серыю падрыхтоўчых заняткаў. Яны грунтуюцца на агульнай методыцы збірання дыялектнага матэрыялу і методыцы збірання лексікі, апісанай у папярэдніх раздзелах дапаможніка.

Пры апытанні інфармантаў у гэтым выпадку найлепш падыходзіць тэматычная гутарка. Паспяховай яна можа быць толькі тады, калі вучні засвояць праграму-мінімум па тапаніміцы. Праграма прадугледжвае па магчымасці ўсебаковае вывучэнне мясцовых геаграфічных аб’ектаў і арыентуе збіральнікаў на высвятленне наступных фактаў. Прыкладны змест яе наступны. 

Населеныя пункты

1. Назва населенага пункта (хутара, вёскі, мястэчка і г.д.), афіцыйная і мясцовая, калі яна ёсць, раён і вобласць з улікам сучаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Ці была ў мінулым іншая назва і ў сувязі з чым адбылася змена назвы? Мясцовыя легенды пра паходжанне старой і новай назвы, і якія навукова-афіцыйныя звесткі ёсць на гэты конт? Ці ёсць у мясцовых жыхароў якая-небудзь агульная мянушка?

2. Як называюцца часткі населенага пункта, вуліцы, плошчы, сады, базары і іншыя дробныя геаграфічныя аб’екты?

3. Ці ёсць паблізу населенага пункта рэшткі гарадзішчаў, развалінаў, крэпасцяў, валоў, ірвоў, як яны называюцца?

4. Назвы мясцовых калгасаў і саўгасаў.

5. Назвы жыхароў па імені населенага пункта (у мужчынскім, жаночым родзе і зборныя).

6. Назвы суседніх населеных пунктаў, у тым ліку і тых, што цяпер не існуюць. Што вядома пра іх паходжанне?

Пачынаючы з гэтага пункта і далей пры апісанні геаграфічнага аб’екта варта ўказаць яго месцазнаходжанне ў адносінах да асноўнага населенага пункта (з улікам напрамку на поўнач, поўдзень і г.д. і прыкладнай адлегласці ў кіламетрах). 

Рэльеф

7. Як называюцца горы, пагоркі, іх вяршыні, цясніны, хрыбты, перавалы?

8. Назвы далінаў, нізінаў, раўнінаў.

9. Як называюцца курганы, схілы, яры, іншыя элементы мясцовага рэльефу?

10. Назвы пячораў, падземных хадоў, шахтаў, кар’ераў, акопаў. 

Сельскагаспадарчыя ўгоддзі

11. Назвы ніваў, лугоў, палёў і асобных іх частак.

12. Як называюцца выганы, пашы, папары і іншыя ўчасткі неапрацаванай зямлі? 

Лясныя ўгоддзі

13. Як называюцца лясы, асобныя лясныя ўчасткі (паляны, бары, гаі, узлескі, лесапаркі, лесапалосы і іншыя геаграфічныя аб’екты, звязаныя з мясцовай флорай)?

14. Назвы запаведнікаў і заказнікаў.

15. Як называюцца масівы кустоў і дробналесся? 

Вадаёмы

16. Як называюцца рэкі, рэчкі, ручаі, што працякаюць на абследаванай тэрыторыі. Указаць, адкуль яны бяруць пачатак, куды ўпадаюць (пры неабходнасці і магчымасці: даўжыню, шырыню, глыбіню, хуткасць цячэння, колер вады, характар рэчышча, дна берагоў (гліністыя, пясчаныя, камяністыя, ілістыя, топкія), асаблівасці поплава – шырокі, вузкі, балоцісты).

17. Якія назвы маюць рэчышчы перасохлых рэчак і ручаёў?

18. Назвы крыніцаў.

19. Назвы канаў, каналаў, пратокаў, рукавоў.

20. Назвы стаячых водаў: балотаў, азёраў, сажалак (ставаў), тарфянішчаў і г. д.

21. Назвы астравоў, паўастравоў, косаў, мысаў.

22. Назвы плёсаў, парогаў, перакатаў, меляў, вадаспадаў, асобных участкаў берага, прыбярэжных стромаў, заліваў, ліманаў.

23. Як называюцца пераправы, брады, прыстані, рыбалоўныя тоні, месцы для купання?

Сабраныя тапанімічныя назвы афармляюцца на карткі. Карткі павінны быць аднолькавага памеру, звычайна 8 х 13 см. Асобная картка афармляецца наступным чынам. Злева ўверсе запісваецца літаратурным пісьмом назва. У дужках транскрыпцыяй перадаецца яе вымаўленне. Калі ёсць неафіцыйная назва, то побач такім самым чынам падаецца і яна. Прыводзяцца граматычныя паметы: мужчынскі род – м., жаночы род – ж., ніякі род – н. Калі тапонім мае толькі множны лік, то выкарыстоўваецца памета мн. Пры некаторых назвах паметы не падаюцца, напрыклад: Пад кудрай, Каля шашы, За дубішчам.

Затым даецца значэнне тапоніма, г. зн. называецца адпаведны аб’ект намінацыі. Указваецца месцазнаходжанне аб’екта.

Калі ўдалося запісаць ілюстрацыйны прыклад ужывання тапоніма ад інфармантаў, то ён адлюстроўваецца на картцы спрошчанай транскрыпцыяй.

Кожная картка пашпартызуецца: указваецца населены пункт і адміністрацыйна-тэрытарыяльны раён, дзе запісана; прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост інфарманта; прозвішча таго, хто запісаў, год запісу.

Гістарычна-этымалагічныя звесткі (афіцыйнае ці неафіцыйнае тлумачэнне паходжання назвы) таксама занатоўваюцца на картцы.

Калі адной старонкі карткі не хапае, то можна працягнуць запіс на адваротным баку. Калі для запісу замала адной карткі, то можна выкарыстаць дадатковыя карткі, пранумараваўшы іх старонкі і змацаваўшы  разам.

Узоры картак: 

Прыдоўгае н. (Прыдоўго). Неафіц. наз-ва Дарашкевічы мн. (Дарашкевічы). Вёска за тры кіламетры на поўдзень ад в. Бершты Шчучынскага  р-на.  Запісана ад Лебядзевіча Віктара  Іванавіча, 1948 г.н. М.П.Абухоўскім у 2008 г. у в. Бершты Шчучынскага р-на. Паходзіць ад назвы возера Доўгае, неа- фіцыйная назва – ад прозвішча Дарашкевіч.                                                                                      

Тамарына дарога ж. (Тама-рына дарога). Лясная дарога каля в. Бабіна Гродзенскага р-на.На Тамарынуй дарозі натто много грыбоў расьце.Запісана ад Даніловіч Галіны Кузьмінічны, 1928 г. н. М.П.Абухоўскім у 2008 г. у в.Бабіна Гродзенскага р-на.               

            

Сабраныя і належным чынам аформленыя тапонімы паслужаць каштоўным матэрыялам на ўроках, крыніцай плённай пазакласнай працы. На базе іх можна скласці тапанімічную картатэку, рэгіянальныя мікратапанімічныя карты, слоўнік мікратапонімаў пэўнага рэгіёна. Гісторыя геграфічных назваў можа быць раскрыта ў творчых працах: сачыненнях і пераказах, прысвечаных роднаму краю.

Тапанімічная праца пад кіраўніцтвам творчага, ініцыятыўнага, захопленага такой справай настаўніка можа стаць выдатным сродкам навучання, выхавання ў вучняў дапытлівасці і назіральнасці, развіцця патрыятычных пачуццяў.