2.2. Методыка збірання дыялектнага матэрывялу ў пазакласнай працы па мове
Лінгвакраязнаўчая праца ў школе часцей за ўсё зводзіцца да збірання вучнямі дыялектнага матэрыялу. Каб яна стала цікавай і плённай, настаўнік павінен ведаць методыку яе правядзення, а вучні атрымаць неабходныя навыкі запісу жывой гаворкі.
Збіральніцкая дзейнасць бывае двух відаў – індывідуальная і калектыўная. Першая вымагае самастойнасці і добрай падрыхтаванасці, таму ёй мусіць папярэднічаць навучальная калектыўная дзейнасць пад кіраўніцтвам настаўніка.
Вядомы два спосабы вывучэння гаворкі – стацыянарны і выязны. Стацыянарны мае на мэце абследаванне гаворкі па месцы жыхарства. Выязная экспедыцыя наладжваецца ў іншыя населеныя пункты.
Пачынаць збіральніцкую працу варта ў стацыянарных умовах. Родная гаворка мае неабмежаваныя магчымасці і для трэніровачных заняткаў па методыцы і тэхніцы запісвання вуснага маўлення, і для збірання якаснага лінгвістычнага матэрыялу.
Перш чым весці вучняў да інфарманта на сустрэчу з мэтай занатаваць ад яго які-небудзь слоўнікавы матэрыял, настаўнік праводзіць вялікую падрыхтоўчую працу. У пазаўрочны час (лепш на занятках гуртка) можна расказаць пра самаадданую дзейнасць вядомых збіральнікаў лексікі, фразеалогіі і фальклору, напрыклад, Саламона Рысінскага, Міхала Федароўскага, Івана Насовіча, Таццяны Сцяшковіч, пра іх выдатную ролю ў развіцці беларускай слоўнікавай культуры. Калі ў школе лінгвістычнае краязнаўства стала ўжо традыцыяй, перад гурткоўцамі могуць выступіць старшакласнікі, падзяліцца сваім збіральніцкім досведам, расказаць пра цікавыя знаходкі – словы, выразы, фальклорныя творы, запісаныя імі ў ранейшыя гады, пра незвычайныя здарэнні ў дыялекталагічных экспедыцыях. Падобныя заняткі аказваюць эмацыянальнае, заахвочвальнае ўздзеянне, выклікаюць у вучняў жаданне ўключыцца ў збіральніцкую працу.
Неабходна вызначыць мэту дыялекталагічных пошукаў, патлумачыць, што трэба збіраць і якое гэта мае значэнне для навучання і для навукі. Вынікі збіральніцкай дзейнасці, калі да яе адносіцца з усёй адказнасцю, з’яўляюцца хоць і невялікім, але несумненным укладам у агульную справу па адшукванні і сістэматызацыі сродкаў дыялектнай мовы.
На падрыхтоўчых занятках шмат увагі ўдзяляецца спосабам і тэхніцы фіксацыі дыялектных фактаў. Вучні асвойваюць навыкі карыстання магнітафонам, дыктафонам, фотаапаратам. Вельмі важна навучыць правілам ручнога запісу тэкстаў, бо без гэтага дыялектолагу абысціся немагчыма.
Патрабуецца дакладнае адлюстраванне пачутага. Збіральнік павінен зрабіць графічны адбітак, свайго роду пісьмовы “фотаздымак” вуснага маўлення, нічога не змяняючы і не дадаючы ад сябе. Навуковая лінгвістыка выкарыстоўвае для гэтага фанетычную транскрыпцыю з адметнай сістэмай літар і значкоў. Прапаноўваць яе вучням немэтазгодна, бо яна для іх заскладаная як з боку структуры, так і ў плане непасрэднага прымянення. Вучні з поспехам карыстаюцца спрошчанай транскрыпцыяй, заснаванай на графіцы сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Асноўнае правіла запісвання такой транскрыпцыяй – як чуецца, так і пішацца, г. зн. ігнараванне марфалагічнага прынцыпу арфаграфіі. Так, калі ў слове хлеб чуецца гук [п], то і на пісьме яно перадаецца з літарай п: хлеп. Яшчэ некаторыя прыклады: аттуль, на рэццы, барадзьба, пад’яжджаць.
Асноўныя правілы спрошчанага варыянта транскрыпцыі наступныя:
1. Захоўваецца напісанне вялікай літары.
2. Усе словы, самастойныя і службовыя, пішуцца асобна: на зямле, с калыскі, усё ш.
3. Ва ўсіх словах, у якіх больш за адзін склад, ставіцца націск (асноўны і пабочны, калі ёсць).
4. Шчылінны (фрыкатыўны) гук [г] абазначаецца літарай г (галава, гуліца), а выбухны (змычны) – гэтай самай літарай, падкрэсленай прамой рыскай (ганак, гузік, нігеглы).
5. Падоўжаныя зычныя гукі абазначаюцца падвойнымі літарамі: Парэчча, ружжо. Калі пдоўжаныя зычныя мяккія, то паміж падвойнымі літарамі ставіцца мяккі знак: насеньне, вясельле.
6. Этымалагічная і асіміляцыйная мяккасць зычных абазначаецца праз ь: соль, бацько, пальцы, сьвет, зьвер, дзьверы.
7. Мяккасць зычных перад галоснымі абазначаецца праз ётавыя галосныя літары: вясна, лён, люк, келба, сіні.
8. Спалучэнне [й] з [а], [о], [у], [э], [і] абазначаецца ётавымі галоснымі я, ё, ю, е, і: яма, ёлка, баюся, паехаў, салаўі, пад’еў, лью.
9. Ставяцца знакі прыпынку адпаведна літаратурным правілам пунктуацыі.
Пасля таго як вучні зразумеюць сутнасць танскрыпцыі, можна праводзіць практыкаванні на спрошчанае пісьмо, сярод якіх і чытанне ўзораў гаворкі, аформленых такім пісьмом, напрыклад:
Некалі ў нас у вёсцы былі ні панэ, а гаспадарэ. Яны былі багатыя, а хто быў бяньнейшы, той хадзіў да іх на працу. Хадзілі жаць жыта. Пражнеш дзень на яго хлебі – ён заплаціць табе два злотых. Хадзілі да гаспадароў і лён рваць. Рвалі, тады слалі, падбіралі, вязалі ў снапэ і вязьлі дадому. Тады сушылі ў сушні, церлі, трапалі на стаяку, часалі, а тады пралі, снавалі ніці на снаўніцы, навівалі аснову на кросны. А тады ткалі. Ткалі кужольнае палатно, дзяруге, шарак мушчынам на марнатке. Усю зіму ткалі, а тады што сабе пакідалі, а што насілі на базар прадаваці.
Запісала ў 1992 г. Т.М.Макуца ў в. Ганчары
Дзятлаўскага раёна ад Т.Ф.Конан, 1814 г. н.
Самае складанае ў працэсе запісвання – паспець зафіксаваць пачутае. Фізічныя магчымасці рукі адстаюць ад тэмпу вуснага маўлення. А перапыняць выканаўцу і прасіць яго гаварыць памалей ні ў якім разе нельга. У гэтай сувязі паўстае пытанне аб прымяненні спосабаў, якія дазволілі б паскорыць запіс.
Пашыраным спосабам інтэнсіфікацыі запісвання выступае скарачэнне слоў і словазлучэнняў. Пад скарачэнне падпадаюць пераважна тыя словы, якія ў мове апавядальніка паўтараюцца. У кожнага збіральніка можа выпрацавацца свая сістэма скарачэнняў, якія расшыфроўваюцца ім, разгортваюцца ў поўныя словы пры далейшай апрацоўцы чарнавых запісаў. Скарачаючы словы, трэба клапаціцца, каб з іх не выпалі фанетычныя, акцэнтныя і марфалагічныя дыялектныя асаблівасці, бо ўзнавіць іх пазней можа быць цяжка, а то і немагчыма.
Другі спосаб таксама істотна паскарае ручную фіксацыю звязных тэкстаў і практыкуецца пры калектыўным наведванні інфарманта. Ён рэалізуецца некалькімі (пераажна двума, трыма) збіральнікамі, якія папярэдне дамаўляюцца паміж сабой, хто якую частку вуснага выказвання будзе запісваць. Пры запісе празаічнага тэксту парадак звычайна бывае такі: першы вучань запісвае першую фразу, другі – другую, трэці – трэцюю, чацвёртая фраза дастаецца зноў першаму вучню і г. д. Пры гэтым кожны збіральнік, запісваючы сваю частку, напаўголасу называе апошняе слова фразы, а той, хто павінен запісваць наступную фразу, пачынае свой чарнавы запіс з гэтага слова.
Настаўніку трэба правесці спецыяльныя заняткі, каб вучні патрэніраваліся прыёмам паскоранай фіксацыі тэксту. Напачатку замест жывога інфарматара можна выкарыстаць якасны магнітафонны запіс. Гурткоўцы размяркоўваюцца на групы з трох чалавек. Уключаецца магнітафон, і кожная група выконвае ўсе неабходныя працэдуры запісу. Рабочыя матэрыялы кожнай групы прыкладна выглядаюць так (нумары адпавядаюць удзельнікам запісу і ўказваюць на чарговасць працы):
1. Ціпер жыць добро.
2. добро. У хатах чысто, парадак.
3. парадак. А даўней дружыны былі велькія, па 12 душ і больш.
1. больш. Натто кепско жылося.
2. жылося. У х-ах падлогі ні было, а б. зямля.
3. зямля. З-лю пасыпалі жоўт. пяском.
1. пяском. Каля сьцяны ў каждуй хаці стаялі сланы і лавы.
2. лавы. А сярот х-ы ст-ла велька печ.
3. печ. На п. слалі кажухі, гаўчыны і спалі на іх.
1. іх. На зіму пат п. зачынялі курэй.
2. курэй. У моцн. маразы прыводзілі ў х-у карову з малым целям, бо м-зы былі велькія, а адрыны б. халодныя, жывіна мерзла.
3. мерзла. У х-х таксама б. холадно.
1. холадно. Стрэхі б. с саломы, окна маленькія, у х-е б. цёмно.
2. цёмно. Ціпер зусім 2-ое жыця.
3. жыця. Х-ы велькія, сьветлыя, крытыя бляхай ці шыферам.
1. шыферам. І людзі начай ж-уць, усяго хватае.
Пасля праслухоўвання магнітафона занатаваныя фразы зводзяцца ўдзельнікамі кожнай групы ў адзін чарнавы тэкст. Якасць запісанага тэксту выяўляецца праз параўнанне яго з магнітафонным варыянтам. Пасля ўдакладненняў і паправак тэкст перапісваецца на чыставік.
Калі вучні атрымаюць адпаведныя навыкі збіральніцкай працы на паседжаннях гуртка, можна пачынаць працу ў натуральных умовах, зрабіць запісы гаворкі ад жыхароў вёскі. Поспех гэтай справы ў многім залежыць ад таго, у якой ступені апавядальнік карыстаецца мясцовай гаворкай, наколькі багата ён умее весці размову.
Дыялектны матэрыял можна запісваць ад розных жыхароў, але трэба арыентавацца на ідэальнага інфарманта. Звычайна гэта пажылы чалавек, які карыстаецца традыцыйнай мясцовай гаворкай, якому ўласціва чуццё мовы, добрая памяць, адсутнасць дэфекту вымаўлення, а таксама гаварлівасць, веданне матэрыяльнай і духоўнай культуры свайго краю. Такім інфармантам часцей бывае жанчына. У мове мужчын нярэдка сустракаюцца элементы іншых моўных сістэм (беларускай літаратурнай, рускай, другога дыялекту), нетыповых для гаворкі. Тлумачыцца гэта тым, што мужчыны ў сваім жыцці, як правіла, на пэўны час вымушаныя былі пакідаць родную вёску (служыць у арміі, удзельнічаць у войнах, выязджаць на заробкі, у камандзіроўкі і інш.) і знаходзіцца ў іншым моўным асяроддзі. Да таго ж мужчыны больш схільныя весці гутарку на палітычныя, “філасофскія” тэмы, выкарыстоўваючы лексіку, неўласцівую гаворцы, нярэдка з мэтай падкрэсліць сваю дасведчанаць, неардынарнасць.
Гутарка з людзьмі старэйшага пакалення дае магчымасць выявіць традыцыйныя рысы гаворкі. Каб мець уяўленне пра сучасныя ўплывы на гаворку, варта працаваць і з прадстаўнікамі сярэдняга і нават малодшага пакаленняў.
Наведванне вяскоўцаў “усляпую”, без уяўлення, з кім прыйдзецца мець справу, можа даць слабыя вынікі. Таму настаўнік зараней вызначае патэнцыяльных інфармантаў. На папярэдняй сустрэчы з імі даведваецца пра ўзрост, прафесію, кола інтарэсаў, пра тое, што яны могуць расказаць вучням, і дамаўляецца аб часе сустрэчы.
Для сустрэч трэба выбіраць час, калі інфармант не заняты працай, калі яго не рупяць справы. Інакш ён будзе імкнуцца хутчэй скончыць размову і развітацца. Вучні могуць прапанаваць сваю дапамогу, напрыклад, пасобіць апалоць грады, паварочаць ці згрэбці сена, управіцца па гаспадарцы. Практыка паказвае: нішто так не збліжае збіральнікаў з вяскоўцамі, як сумесная праца, асабліва калі яна прапанавана ў якасці дапамогі, паслугі (часцей пенсіянерам).
Месцам сустрэчы могуць быць памяшканні дзяржаўных і грамадскіх установаў (школа, клуб, бібліятэка і інш.) або ўласная кватэра інфарманта. У цёплы, пагодлівы час зручна весці гутарку на вуліцы.
Актыўней гутарка працякае тады, калі ў ёй прымаюць удзел некалькі жыхароў вёскі. Разам інфарманты адчуваюць сябе больш упэўнена, папраўляюць ці ўдакладняюць адказы адзін аднаго, агульнымі сіламі даюць больш аб’ектыўную інфармацыю пра значэнне, ужыванне слоў і іх варыянтаў.
Гутарка можа быць тэматычнай і вольнай. Тэматычная гутарка прысвячаецца выяўленню слоў, аб’яднаных пэўным тэматычным адзінствам (напрыклад, ткацкая лексіка). Вольная гутарка не абмежавана якой-небудзь лінгвістычнай тэматыкай, яна ўяўляе сабой імправізаваны дыялог на любыя тэмы.
Першы выхад “у поле” – гэта ў цэлым паказальныя заняткі, у якіх удзельнічаюць усе члены гуртка (10–15 чалавек). У пачатку размовы з інфармантам вучні растлумачваюць, хто яны такія і з якой мэтай завіталі. Важна, каб суразмоўца зразумеў сваю ролю і пазбавіўся беспадстаўнага недаверу і асцярожлівасці.
Поспех сустрэчы з інфармантам у многім залежыць ад умення вядучага весці гутарку, падтрымліваць дыялог. У вучняў сярэдніх класаў не заўсёды гэта можа атрымлівацца з-за недастатковага жыццёвага вопыту, таму на гэты аспект ў методыцы збіральніцкай працы настаўнік пастаянна звяртае ўвагу. Неабходна ўзаемная зацікаўленасць у працэсе размовы, каб не ствараліся няёмкія паўзы, пры якіх узнікае нямое пытанне, аб чым гаварыць далей. Каб гэтага не здарылася, трэба кіравацца наступнымі правіламі:
- з павагай адносіцца да суразмоўцы, паказваць усім сваім выглядам, што яго інфармацыя (якой бы яна ні была) вельмі цікавая і каштоўная;
- не перабіваць апавядальніка;
- не ставіць “пустых” пытанняў (абы спытаць), задаваць пытанні, якія накіроўваюць і развіваюць гутарку;
- гаварыць па-беларуску (выкарыстоўваючы ў сваёй мове, калі гэта пад сілу, асаблівасці мясцовай гаворкі).
Спачатку настаўнік сам вядзе размову з выканаўцам, адначасова запісваючы інфармацыю ад рукі і на магнітафонную стужку. Вучнёўскія “тройкі” таксама стараюцца занатаваць у сшыткі ўсё пачутае па той методыцы, пра якую гаварылася вышэй. Пасля настаўнік даручае свае функцыі аднаму з вучняў, а сам ў гэты час выконвае яго абавязкі ў складзе вучнёўскай падгрупы. Потым ролю вядучага выконваюць яшчэ некалькі вучняў па чарзе. У гэты ж дзень вучні вяртаюцца ў школу, злучаюць свае зафісы-фрагменты ў суцэльны тэкст з дыялогамі і маналогамі. Настаўнік аналізуе працу вучняў, праведзеную на паказальных занятках, ацэньвае якасць запісаў, адзначае станоўчыя моманты і недахопы, дае парады, скіраваныя на паляпшэнне працы.
Пасля паказальных заняткаў можна выводзіць вучняў ужо на сапраўдную збіральніцкую працу, але не ўсім складам гуртка, а толькі асобнымі групамі. Найбольш падрыхтаваным групам даручаецца самастойна, без удзелу настаўніка ажыццявіць дыялекталагічныя запісы. На паседжанні гуртка ўсе запісы падрабязна аналізуюцца і абмяркоўваюцца.
Запісваць вуснае маўленне можна не толькі ад рукі, але і на магнітафонную стужку. Магнітафонны запіс мае перавагу над ручным у тым, што фіксуе інфармацыю дакладна і поўна. Праўда, не ў любых абставінах яго можна выкарыстаць. Часта магнітафон бянтэжыць інфарманта, скоўвае яго актыўнасць. Бачачы перад сабой запісвальную тэхніку, інфармант, здараецца, імкнецца гаварыць “па-гарадскому”, а не “па-просту”. Магнітафонны запіс будзе ўдалым толькі ў натуральнай абстаноўцы, калі суразмоўцу мала турбуе ўключаны магнітафон.
Ёсць някепскія магчымасці запісваць матэрыял не толькі ў час арганізаванай гутаркі. Пры індывідуальнай збіральніцкакй працы карыстаюцца прыёмам назірання. Збіральнік услухоўваецца ў размову людзей, якая адбываецца на вуліцы, на прыпынку, у аўтобусе, у хаце, у іншым месцы, і страецца запісаць тое, што яго зацікавіла.