2.1. Перспектывы дыялекталагічнай працы ў школе
У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ставілася і шырока абмяркоўвалася пытанне пра выкладанне беларускай дыялекталогіі ў сярэдняй школе. На гэты конт са сваімі меркаваннямі і аргументамі ў друку выступалі навукоўцы, метадысты, настаўнікі. У 1991 г. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук разам з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь правялі Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю “Дыялекталогія і культура беларускай мовы”, дзе згаданае пытанне значылася ў ліку асноўных. Выказваліся прапановы аб увядзенні ў школах асобнага курса па вывучэнні дыялектнай мовы, аб стварэнні новых школьных праграмаў і дапаможнікаў з папраўкамі на дыялекталогію.
Прайшоў добры дзесятак гадоў, і стала відавочна, што вартая ажыццяўлення ідэя засталася нерэалізаванай. Праграмы, падручнікі, дапаможнікі, як і раней, амаль не прадугледжваюць дыялекталагічную працу ў школе.
Можна гаварыць аб прычынах такога становішча, але гэта ніякім чынам не паўплывае на вырашэнне закранутага пытання і не зменшыць яго актуальнасць. Больш карысна весці гаворку пра неабходнасць і магчымасці дыялекталагічнай працы ў сучасных умовах выкладання беларускай мовы.
Яшчэ і цяпер сустракаецца памылковае разуменне народных гаворак: быццам гэта скажоная, сапсаваная, другога гатунку мова; той, хто гаворыць на ёй, выяўляе адзнакі адсталасці, невысокага інтэлектуальнага ўзроўню; каб стаць культурным і адукаваным, трэба пазбаўляцца дыялектызмаў у сваім маўленні.
Трэба выхоўваць паважлівыя адносіны да гаворак, якія ствараліся народам на працягу многіх стагоддзяў. Як заўважае вядомы беларускі дыялектолаг І.Яшкін, «яны наша нацыянальнае багацце, якое нельга знішчаць, як і помнікі культуры» [77, с. 11]. «Здзеклівыя кпіны з «няправільнай» мовы звычайна адсутнічаюць там, дзе людзі ведаюць некалькі дыялектаў, некалькі моваў. Кожны пры гэтым добра адчувае «сваю» і іншыя моўныя сістэмы» [78, с. 5].
Дзякуючы гаворкам, узнікла сучасная літаратурная мова. Яна склалася як адзін з варыянтаў дыялектных разнавіднасцяў адносна нядаўна. Развіваючыся ўжо па сваіх законах, літаратурная мова не паспела істотна аддаліцца ад дыялектнай. Паміж імі працягваецца цеснае ўзаемадзеянне. Многія дыялектызмы і цяпер актыўна пранікаюць у літаратурны ўжытак, папаўняючы лексічна-фразеалагічныя рэсурсы, удакладняючы кадыфікаваную норму.
Каб мець сістэмнае ўяўленне пра мову, недастаткова засвоіць толькі яе літаратурную разнавіднасць. На гэта звярнуў увагу яшчэ ў першай палове ХІХ ст. французскі вучоны і пісьменнік Шарль Надзье, яму належыць фраза, якая стала крылатай: «Хто не вывучаў уважліва гаворак сваёй мовы, той ведае яе толькі напалову».
У многіх краінах з разуменнем і ўвагай ставяцца да сваёй дыялектнай мовы. Напрыклад, у Германіі і Японіі яе берагуць і вывучаюць у школе ў якасці асобнага прадмета.
Вывучэнне дыялектнай мовы не перашкаджае, а наадварот, дапамагае лепш засвоіць літаратурную мову. Звяртаючы ўвагу на фанетычныя, граматычныя і слоўнікавыя адметнасці мясцовай гаворкі, вучні ўсвядомлена супрацьпастаўляюць іх літаратурным адпаведнікам, што садзейнічае паглыбленаму разуменню літаратурнай нормы, павышэнню культуры маўлення, выпрацоўцы трывалых арфаграфічных навыкаў.
Пры вывучэнні асноў дыялекталогіі вучні маюць магчымасць атрымаць не аднабаковае, а цэласнае ўяўленне пра нацыянальную мову як сістэму і грамадскую з'яву. Яны даведваюцца, што тэрытарыяльны дыялект – гэта не штучнае ўтварэнне. Ён мае даўнюю гісторыю, развіваецца па ўласных законах, займае адпаведнае месца ў сістэме моў і дыялектаў свету.
Мэтанакіраваная дыялекталагічная праца – зручны сродак міжпрадметных сувязяў, таму што моўныя адзінкі, пераважна намінацыйныя, адлюстроўваюць пазамоўныя факты, звязаныя з фальклорам, гісторыяй (назвы гістарычных падзеяў, стрых рэаліяў), геграфіяй (тапанімія), біялогіяй (назвы раслін і жывёл) і інш.
Збіранне і аналіз вучнямі пад умелым кіраўніцтвам настаўніка рэгіянальнага моўнага і фальклорнага матэрыялу мае вялікае выхаваўчае значэнне. Захапляючыся гаваркімі словамі, трапнымі фразеалагізмамі і прыказкамі, арыгінальнымі творамі фальклору, запісанымі ў сваёй вёсцы, вучні пранікаюцца пашанай да гаворкі, да стваральнікаў і носьбітаў моўна-выяўленчага багацця – бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Этымалагічная расшыфроўка мікратапонімаў дае цікавыя звесткі пра гісторыю, былых жыхароў вёскі. Усё гэта абуджае патрыятычныя пачуцці, выхоўвае павагу да роднай мовы, малой і вялікай Радзімы.
Добра арганізаваная праца па збіранні мясцовых слоў і выразаў у пазаўрочны час мае пэўную навуковую каштоўнасць. Кваліфікавана зробленыя запісы можна перадаць на кафедру беларускай мовы абласнога універсітэта ці ў Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі для папаўнення дыялекталагічнай картатэкі. Настаўнік-энтузіяст і вучні могуць самі скласці дыялектны слоўнік мясцовай гаворкі, а пры магчымасці апублікаваць яго. Практыка паказвае, што ўсведамленне сябе ў ролі вучонага стымулюе пазнавальную дзейнасць вучня, актывізуе яго творчыя магчымасці.
Разнастайнасць форм дыялекталагічнай працы дае шмат чаго інгага карыснага ў навучанні і выхаванні дзяцей. Чаго варты, напрыклад, паходы, вандроўкі, экспедыцыі краязнаўча-дыялекталагічнага характару. Сустрэчы з новымі мясцінамі, цікавымі людзьмі, пражыванне ў палявых умовах, пачуццё радасці ад удалых знаходак – гэта запамінаецца назаўсёды. А выпрацоўка такіх якасцяў, як уменне слухаць суразмоўцу, самому падтрымліваць і весці гутарку. Гэтыя якасці спатрэбяцца ў жыцці кожнаму.
Можна прыводзіць яшчэ аргументы на карысць дыялекталагічнай працы, але паколькі яна спецыяльна не прадугледжваецца школьнай праграмай, то магчымая толькі ў тым выпадку, калі настаўнік пажадае яе праводзіць. Гэта ўскладвае на яго дадатковыя абавязкі, затое адкрывае шырокія перспектывы далучэння вучняў да роднага слова і культуры. Такая дзейнасць вымагае творчага, індывідуальнага падыходу з арыентацыяй на дыялектныя асаблівасці рэгіёну. Большыя магчымасці для яе ў сельскай мясцовасці, у вёсцы, дзе захавалася традыцыйная гаворка. Аднак ў гарадах і мястэчках пры адпаведнай увазе яна таксама дасць добры плён.
Узнікае пытанне, як і калі праводзіць дыялекталагічную працу. Гэтая праблема заслугоўвае асобнага даследавання з выхадам на прыватныя метадычныя распрацоўкі. Пакуль што важна намеціць подступы, акрэсліць арыенціры, вызначыць спосабы і прыёмы вывучэння дыялектных з'ў у адпаведнасці з школьнымі магчымасцямі выкладання беларускай мовы і іншых прадметаў.
Асноўнымі формамі навучання ў школе выступаюць урок, факультатыў, пазакласная праца. Усе яны адкрытыя для дыялекталогіі.
На ў р о к у настаўнік, хоча ён таго ці не, часта вымушаны звяртаць увагу на дыялетныя факты, бо яны прысутнічаюць у вуснай і пісьмовай мове вучняў. Напрыклад, тыповымі дыялектызмамі ў маўленні школьнікаў з'яўляюцца вы ідзеця, зеля, дай нажа, злапаць ‘злавіць’ на захадзе, вісна, ён ідзець, відзець на ўсходзе, зялянаваты, ён ходзя, яны кажаць у цэнтральнай частцы Беларусі. Настаўніку даводзіцца падкрэсліваць і паказваць, што нарматыўныя іншыя формы, якіх трэба трымацца, калі карыстаешся літаратурнай мовай. Параўнанне дыялектных і літаратурных адпаведнікаў не будзе выпадковым, стыхійным, калі настаўнік сплануе элементы дыялекталагічнай працы на ўроках фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу, лексікі, распрацуе сістэму практыкаванняў і заданняў. Важна пры гэтым адчуваць мяжу і меру ў падачы дыялектнага матэрыялу, выкарыстоўваць яго так, каб не ўскладняць працэс навучання, а наадварот, спрыяць засваенню праграмнай тэмы.
Ф а к у л ь т а т ы ў н ы я заняткі даюць больш глыбокія і сістэмныя веды, зыходзячы з навуковага курса дыялекталогіі. Беларуская дыялекталагічная навука дасягнула вялікіх поспехаў. Напісаны грунтоўныя манаграфіі, складзены дзесяткі абласных слоўнікаў, выдадзены такія фундаментальныя працы, як «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах, створаны добрыя дапаможнікі для студэнтаў.
Навуковая база для факультатыва цудоўная, але малавата спецыяльных дапаможнікаў і папулярных кніг для школьнікаў. Беларускія вучоныя ў гэтым плане пакуль што ў даўгу перад настаўнікамі і вучнямі. Трэба скласці праграму факультатыва і забяспечыць яе неабходнай навучальна-метадычнай літаратурай. У свой час П.А.Міхайлаў апублікаваў у «Родным слове» серыю артыкулаў па дыялекталогіі, адрасаваную настаўнікам. На наш погляд, яны маглі б стаць добрай асновай пры напісанні дапаможніка «Беларуская дыялектная мова» для вучняў.
П а з а к л а с н а я п р а ц а мае неабмежаваныя магчымасці, у практыцы перадавых школ яна разглядаецца як “магутны дадатковы сродак фармавання ў школьнікаў цікавасці да прадмета, як сродак пашырэння і паглыблення ведаў, атрыманых дзецьмі на ўроку” [68, с. 3]. Існуюць розныя формы пазакласнай працы: 1) масавыя (бюлетэнь, рукапісны часопіс, насценная газета, куток беларускай мовы, вусны часопіс, вечар, дыспут, канферэнцыя, конкурс, віктарына, алімпіяда, турнір, свята (Дзень, Тыдзень беларускай мовы), сустрэча з цікавым людзьмі); 2) групавыя (гурток, экспедыцыя, экскурсія); 3) аб’яднальныя (клубы, таварыствы, школьныя музеі); 4) індывідуальныя (персанальныя даручэнні вучням сабраць дыялектныя назвы, зрабіць наглядны дапаможнік, падрыхтаваць даклад, паведамленне і інш.).
Дыялектны матэрыял можна разглядаць ва ўсіх формах пазакласнай працы, але найбольш удала ён дастасоўваецца да такіх, як гурткі, экспедыцыі (экскурсіі), рукапісныя выданні, вечары, клубы.
Аб’ектамі лінгвістычнага краязнаўства выступаюць лексіка і фразеалогія, тэрміналогія асобных промыслаў, анамастыка, фанетычныя і граматычныя асаблівасці гаворкі, абласныя слоўнікі свайго рэгіёну, мова фальклору, мова пісьменнікаў, біяграфічна звязаных з мясцовым краем, этымалагічныя звесткі пра паходжанне слоў і фразеалагізмаў і інш.
Мясцовая гаворка не адасоблена ад з’яў рэчаіснасці, Наадварот, яна паўстае свайго роду акумулятарам, каталогам усіх пазамоўных рэаліяў, слова заўсёды нешта абазначае. Таму дыялекталагічная праца часта дае лепшы плён, калі праводзіцца супольна з іншымі відамі краязнаўства. Лексіка пазнаецца больш наглядна ў гістарычна-, краязнаўча-, фальклорна-дыялекталагічных, мікратапонімы – у геаграфічна-дыялекталагічных экспедыцыях, назвы мясцовай флоры і фаўны – у паходах разам з настаўнікам бялогіі. Школьны часопіс ці альманах з прыкладнай назвай “Родны край” можа змяшчаць лінгвакраязнаўчы матэрыял толькі асобным раздзелам; у дзейнасці гуртка, клуба, таварыства дыялекталагічныя заняткі могуць займаць толькі частку ўсёй запланаванай працы. Зразумела, што пры такой арганізацыі краязнаўства патрабуецца цеснае супрацоўніцтва настаўнікаў розных прадметаў.
Дыялекталагічная праца ў школе мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі настаўнік добра падрыхтваны да яе правядзення. Тэарэтычнай асновай такой працы можна лічыць курс “Беларуская дыялекталогія”, практычнай – дыялекталагічную практыку на філалагічных факультэтах універсітэтаў. Значнай дапамогай у падрыхтоўцы будучых настаўнікаў да лінгвакраязнаўства стала б выкладанне ў абласных універсітэтах спецыяльных курсаў, арыентаваных на рэгіянальныя асаблівасці гаворак, тыпу “Лінгвістычнае краязнаўства Брэстчыны (Гомельшчыны, Віцебшчыны)”. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы такі спецкурс (“Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны”) праводзіцца ўжо некалькі гадоў. Дыялекталагічная падрыхтоўка ў ВНУ і дыялекталагічная праца ў школе пашырае ў значнай ступені магчымасці розных формаў навучання роднай мове.