2.3. Збіранне лексікі і фразеалогіі
^ Вверх

2.3.   Збіранне лексікі і фразеалогіі 

Школьнае лінгвістычнае краязнаўства аб’ектам увагі мае часцей за ўсё мясцовую лексіку. На першы план у гэтай справе выходзіць збіранне і сістэматызацыя лексічнага матэрыялу. Перш чым прыступіць да непасрэднага вывучэння лексічнага складу гаворкі, настаўніку і вучням трэба добра ўсвядоміць, што збіраць, як збіраць, як аформіць сабранае, дзе будзе выкарыстаны і якую карысць прынясе дыялекталагічная калекцыя.

Найбольшую каштоўнасць у працэсе назірання за лексічным складам гаворкі маюць пазалітаратурныя словы. Гэта:

1. Рэгіянальныя назвы. Адны з іх адпавядаюць сваім значэннем словам літаратурнай мовы з іншымі каранямі (уласналексічныя дыялектызмы): дойло – вымя, зага – пякотка, натурысты – упарты. Другія такой адпаведнасці не маюць, носяць этнаграфічны характар: повяскі – чатыры тонкія жардзіны, звязаныя разам і перакінутыя праз верх стога, атпаснае – гасцінец пастуху ў час пасьбы, клякотка – драўляны званок, які вешаюць карове на шыю.

2. Словы, якія адрозніваюцца ад літаратурных адпаведнікаў фанетычным афармленнем: асобнымі гукамі, колькасцю, парадкам размяшчэння гукаў, месцам націску (лексічна-фанетычныя дыялектызмы): слабодны – свабодны, нарэйсьці – нарэшце, адымкаць – адмыкаць, вако – вока, вухо – вуха.

3. Словы з іншымі, чым у літаратурнай мове, прыстаўкамі і суфіксамі (лексічна-словаўтваральныя дыялектызмы): адмяніцца – змяніцца, зучыць – вывучыць, польны – палявы, гулец – гуляка.

4. Словы, якія не супадаюць з літаратурнымі дублетамі формамі роду (часцей гэта камбінаваныя лексічна-словаўтваральна-марфалагічныя дыялектызмы): цадзілак – цадзілка, ложка – ложак, яблыко – яблык.

5. Словы, што супадаюць з літаратурнымі адзінкамі гучаннем, але адрозніваюцца значэннем (семантычныя дыялектызмы). Параўнаем дыялектныя і літаратурныя значэнні: балотнік 'меліяратар' – 'расліна сямейства балотнікавых – вадзяная зорачка'; градка 'паліца для посуду' – 'палоска зямлі для вырошчвання агародніны, кветак'; баланда 'балбатун' – 'посная рэдкая страва'.

У працэсе збірання дыялектных слоў вучні не заўсёды адрозніваюць лексічныя з'явы ад іншых і запісваюць шмат формаў, якія ілюструюць фанетычныя і марфалагічныя адметнасці гаворкі, напрыклад: добро, кепско, мало, нічого; міске, лашке, хустке, гарадэ, бураке. Такія запісы таксама вартыя ўвагі. Яны групуюцца па тыпах, і настаўнік растлумачвае, што гэта не лексічныя факты, а прыклады дыялектных фанетычных і марфалагічных заканамернасцяў, якія праяўляюцца ў сотнях і тысячах слоў і супрацьпастаўляюцца заканамернасцям літаратурнай мовы.

Фіксацыю дыялектных слоў можна праводзіць двума спосабамі. Першы прадугледжвае спачатку суцэльнае, без пропускаў запісванне звязнага маўлення інфармантаў. Пасля, калі будзе назапашана адпаведная колькасць звязных тэкстаў, ажыццяўляецца іх далейшая апрацоўка: у тэкстах адшукваюцца дыялектызмы і выпісваюцца разам з ілюстрацыйнымі сказамі.

Сутнасць другога спосабу заключаецца ў «паляванні» на дыялектныя словы непасрэдна ў працэсе вуснай гутаркі. Збіральнік уважліва слухае апавядальніка і, як толькі пачуе пазалітаратурнае слова, адразу запісвае яго ў сшытак. Вельмі важна паспець занатаваць не толькі слова, а цэлы сказ, у якім яно ўжыта. Гэта не заўсёды ўдаецца, бо вымагае адначасовай актывізацыі ўважлівасці, напружання памяці. Добра, калі вучань здолее паспець ухапіць і занатаваць хаця б бліжэйшае акружэнне дыялектызма – некалькі слоў злева і справа ад яго. Параўн. запіс цэлых сказаў і іх фрагментаў, мінікантэкстаў з дыялектызмамі заварацянь 'чалавек з слабой памяццю', ламатаць 'грукаць': Як будзяш атходзіць, та добро падумай, ці ўсё ўзёў, ба ты такі заварацянь, кажды рас нешто забываяса – Ты такі заварацянь, кажды рас нешто забываяса; Пайдзі палядзі, хто там у дзьверы ламоча, каму там чаго  трэба – Палядзі, хто там у дзьверы ламоча.

Часта пры запісванні слова вучань з ходу не можа сарыентавацца, дыялектнае яно ці літаратурнае. У запісах аказваецца нямала адзінак, вядомых літаратурнай мове. Гэтага не трэба баяцца, пры далейшай апрацоўцы запісанага высветліцца, што пакінуць, а што адсеяць як непатрбнае.

Збіранне дыялектных слоў часцей праводзіцца ў працэсе арганізаваных сустрэч вучняў з аднавяскоўцамі ці жыхарамі іншай вёскі ў дыялекталагічнай экспедыцыі. Ёсць таксама добрая магчымасць запісваць матэрыял не толькі ў час арганізаванай гутаркі, але і шляхам «падслухоўвання», калі вучань выступае ў ролі старонняга назіральніка. Ён услухоўваецца ў размову людзей (родных, суседзяў, іншых вяскоўцаў) у хаце, на вуліцы, на прыпынку, у аўтобусе, у магазіне і стараецца запісаць тое, што яго зацікавіла. Зробленыя запісы здаюцца настаўніку для азнаямлення і аналізу на занятках гуртка. Матэрыялы, вызначаныя лепшымі, папоўняць дыялекталагічную картатэку.

Вывучэнне мясцовай лексікі ў пазаўрочны час можа грунтавацца не толькі на прынцыпе супрацьпастаўлення дыялектнага і літаратурнага. Другі важны кірунак лінгвакраязнаўчай працы па лексікалогіі – збіранне слоў, аб'яднаных тэматычным адзінствам. Асноўная задача такой працы – адносна поўнае выяўленне ў гаворцы назваў тэматычных груп лексікі, і чыста рэгіянальнай, і вядомай літаратурнай мове.

Пераважным метадам збіральніцкай дзейнасці тут выступае тэматычная гутарка з носьбітамі гаворкі. Праводзіцца яна па загадзя распрацаваным плане, дзе пералічваюцца прадметы і з'явы, назвы якіх неабходна высветліць. Без папярэдняй падрыхтоўкі гутарка прынясе мала карысці. Так, калі вучні не ведаюць дэталяў кроснаў, ткацкіх вырабаў, не знаёмы з працэсамі ткання, то ў ходзе гутаркі пра ткацтва кола пытанняў хутка вычарпаецца і не будзе ясна, пра што пытацца далей, у якім напрамку скіраваць гаворку. Зразумела, і колькасць запісаных назваў будзе невялікая.

Пры папярэдняй падрыхтоўцы да гутаркі вучні знаёмяцца з даведкавай, энцыклапедычнай літаратурай, прысвечанай рэаліям, назвы якіх трэба будзе запісаць. Напрыклад, вельмі каштоўнай і цікавай інфармацыйнай крыніцай можа стаць энцыклапедыя «Этнаграфія Беларусі» (Мінск, 1989). Можна арганізаваць экскурсіі ў гістатычна-краязнаўчы музей для азнаямлення з этнаграфічнымі экспанатамі.

Кола тэмаў, якія дапамогуць весці гутарку, самае разнастайнае. У агульным плане іх сфармулюем так: 1) прырода, 2) жывёльны і раслінны свет, 3) чалавек і сям'я, 4) мясцовыя рамёствы і промыслы, 5) сельская гаспадарка, 6) будынкі, пабудовы і іх часткі, 7) адзенне і абутак, 8) ежа, харчаванне і інш. Больш падрабязную дэталізацыю гэтых і некаторых іншых тэмаў можна знайсці ў спецыяльных дапаможніках, падрыхтаваных Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа [23], а таксама ў «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (Мінск, 1993–1998). Для прыкладу прапануем пералік пытанняў аб прыродзе на тэму «Атмасфера». Яны скіраваны на высвятленне назваў, выражаных пераважна назоўнікамі, таму фармуляваць іх зручна такім чынам: «Як у вас называецца (пэўная з'ява)?»:

1. Рух паветра ў прыродзе (вецер…):

    а) моцны вецер (буран, ураган…);

    б) скразны вецер (скразняк, сквазняк…);

 в) вецер, які падымае слупы пылу (віхор, віхар, віхр,                      сухавей…);

    г) цёплы вецер (цяпляк…);

    д) халодны вецер (сівер, сіверка…). 

2. Воблакі, хмары:

а) воблачнасць не суцэльнага характару (хмаркі, похмаркі, бухмаркі,    воблыкі, барашкі, баранкі, дзяды, болакі, памягі…);   

   б) дажджлівая хмара (хмара, хмура, туча…);

3. Ападкі ў выглядзе кропель вады (дождж…):

    а) малы, дробны дождж (рось, марошка, мгла, мжа, мжака…);

б) вялікі дождж (лівень, улева, люха, залівень, заліва, палівень, лея,             пралой…);

     в) працяглы дождж (абложнік, аблога…);

     г) дажджлівае надвор’е (хляба, нянасце, макрата, макрадзь, плюта...).

4. Электрычны разрад паміж хмарамі (бліскаўка, бліскавіца, маланка,  маладня, малання…).

5. Гул, якім суправаджаецца маланка (гром, грымоты, пярун…).

6. Каляровая дуга на небе пасля дажджу (вясёлка, радуга, райдуга, тэнча…).

7. Надвор’е:

    а) добрае, сонечнае надвор’е (пагода, вёдра…);

б) надвор’е, калі ў паветры суха і горача (суш, спякота, жара, духата,         цеплата…).

8. Ападкі зімой (снег, крупы…):

а) надвор’е, калі ідзе снег з ветрам (завіруха, бура, буран, замець, пазёмка, завея, дуйка, бура…);

     б) цвёрды верхні пласт снегу (серанок, шарун, шарэн…);

     в) першы снег (зазімак…);

     г) апошні снег (падскробак, падмецце…);

     д) белая намаразь, якой пакрываюцца дрэвы (іней, шэрань…);

е) зямля, пакрытая лёдавай скарынкай (галалёд, галалёдзіца, слізговіца…).

Пры збіранні лексікі звяртаецца ўвага не толькі на назоўнікі, але і на іншыя часціны мовы. Фармулёўка пытанняў у такіх выпадках крыху змяняецца. У адносінах да прыметніка пытанне часцей пачынаецца словамі “Якім (якой) бывае (што-небудзь)?”, “Як скажуць пра (што-небудзь)?”:

  1. 1.Вецер (буйны, моцны, слабы, лёгкі, пранізлівы, халодны, сухі, густы…).
  2. 2.Ноч з навальніцай у канцы лета (рабінавая, вераб’іная…).

Пра дзеясловы можна спытаць “Як у вас гаворыцца, калі (што-небудзь робіцца)?”:

1. Ідзе дождж (ідзе, сыпле, шпарыць, імжыць, плешча, сячэ, барабаніць,  шалясціць, пырскае, лье…).

2. Ідзе снег (ідзе, падае, сыпле, лепіць, круціць, прэ…).

3. Бліскае маланка (бліскае, зіхае, паліць, палыхае…).

4. Грыміць гром (грыміць, грукоча, грахоча, грукаціць, раскатваецца…).

Сабраны матэрыял адпаведным чынам афармляецца і сістэматызуецца. Яго можна перапісаць у сшытак, але зручней аформіць на карткі. Выкарыстоўваюцца карткі аднаго прынятага памеру (звычайна 9 на 13 см). На кожнае слова адводзіцца асобная картка. Яна запаўняецца такім чынам:

1. Уверсе запісваецца слова ў пачатковай форме.

2. Пасля слова прыводзіцца скарочана граматычная памета. Для назоўніка выкарыстоўваюцца такія паметы: м., ж., н. (паказваюць на мужчынскі, жаночы ці ніякі род назоўніка); калі назоўнік ужываецца ў форме толькі адзіночнага ліку ці толькі множнага ліку, ставіцца памета адз. або мн. Граматычныя паметы дзеяслова – зак. або незак. (закончанае або незакончанае трыванне). Пры словах іншых лексічна-граматычных разрадаў памета ўказвае на прыналежнасць гэтых слоў да той ці іншай часціны мовы: прым. – прыметнік, займ. – займеннік, ліч. – лічэбнік, прысл. – прыслоўе, злуч. – злучнік, часц. – цасціца, прыназ. – прыназоўнік, выкл. – выклічнік.

3. Многія дыялектныя словы, называючы прадметы, з’явы, дзеянні, прыметы, адначасова выражаюць эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні. Гэтыя адценні абазначаюцца стылістычнымі паметамі, якія на картках ідуць услед за граматычнымі паметамі. Прыкладны індэкс стылістычных памет:

абразл. – абразлівае                     ласк. – ласкальнае                        

асудж. – асуджальнае                 лаянк. – аянкавае                                    груб. – грубае                               непахв. – непахвальнае                

гумар. – гумарыстычнае             павел. – павелічальнае

жарт. – жартаўлівае                   пагард. – агардлівае                       

здзекл. – здзеклівае                      пахв. – пахвальнае

зніж. – зніжанае                           спагад. – спагадлівае                    

зневаж. – зневажальнае              узмац. – узмацняльнае

іран. – ранічнае                                                                                                     

Вучні на інтуітыўным узроўні добра адчуваюць экспрэсіўнасць, калі яна прысутнічае ў слове, але канкрэтызаваць яе і выбраць адправедную стылістычную памету часта не могуць (для гэтага трэба мець прафесійнае веданне і чуццё мовы). Калі ўзнікаюць цяжкасці ў вызначэнні стылістычнага адцення, можна карыстацца ўніверсальнай паметай агульнага характару экспр., якая паказвае, што слова не нейтральнае, а стылістычна афарбаванае, экспрэсіўнае.

4. Затым даецца тлумачэнне слова. Прымяняюцца два спосабы тлумачэння. Калі дыялектнае слова мае семантычна тоесны адпаведнік у літаратурнай мове, то яно і тлумачыцца гэтым адпаведнікам: апаніва – патэльня. Дыялектызмы, якія не суадносяцца са словамі літаратурнай мовы або значэнні якіх не супадаюць са значэннямі слоў у літаратурнай мове, тлумачацца апісальна: апар – ‘паласа вады каля берага ракі або возера пры раставанні лёду’. Тлумачэнні слоў-этнаграфізмаў, што абазначаюць мясцовыя прадметы, можна дапаўняць малюнкамі, схемамі, фотаздымкамі, якія даюць нагляднае ўяўленне аб прадметах і значэннях слоў. У мнагазначных словах тлумачацца ўсе значэнні і кожнае з іх падмацоўваецца прыкладамі-сказамі.

5. Значэнне і ўжыванне слова ілюструецца сказам, запісаным спрошчанай фанетычнай транскрыпцыяй. Ілюстрацыі падаюцца такімі, якімі яны атрыманы ад інфарманта, нельга папраўляць ці дапаўняць сказы сваімі словамі.

6. Кожная картка пашпартызуецца: унізве ўказваецца назва населенага пункта і раёна, дзе зроблены запіс, год запісу, прозвішча збіральніка.

Узор краткі:                          

Тоўба ж., непахв. тоўстая жанчына. 

Ну й тоўба, мо кілаграм сто мая. 

Новая Руда Гродзенскага р-на, 2003 г. 

Т. Грынь

Правераныя настаўнікам карткі папаўняюць школьную дыялекталагічную картатэку.

Вучні займаюцца не толькі лексікай, але і фразеалогіяй. Методыка збірання яе ў асноўным такая самая, але ёсць і пэўныя асаблівасці. Фразеалагізмы створаны не столькі для называня, колькі для ацэнкі, характарыстыкі прадметаў. Іх намнога менш, чым слоў, і ў маўленні яны выкарыстоўваюцца адносна рэдка. Гэта стварае пэўныя цяжкасці выяўлення фразеалагізмаў.

Не трэба арыентаваць вучняў запісваць толькі ўласна дыялектныя фразеалагізмы, бо вызначыць такі іх статус без добрага ведання фразеалогіі, без спецыяльных фразеалагічных слоўнікаў няпроста, а часта і немагчыма. Пры недыферэнцыйным падыходзе збіральніка зацікавіць усякі фразеалагізм, незалежна ад таго, ужываецца ён у літаратурнай мове ці не.

Найбольш якасны, аб’ектыўны запіс фразеалагізмаў атрымліваецца тады, калі яны ўзяты з натуральнага маўлення, не “справакаванага” спецыяльнымі пытаннямі. Збіральнік у такім выпадку карыстаецца метадам пасіўнага назірання за гаворкай інфарманта, спадзеючыся на ўдачу, на выпадковую “сустрэчу” з фразеалагізмам.

Пры належнай падрыхтоўцы можна карыстацца метадам апытання. З дапамогай яго становіцца магчымым за адносна кароткі час абследаваць большую колькасць фразеалагізмаў. Гутарка з інфармантам ажыццяўляецца па загадзя складзенай інструкцыі-апытальніку. Апытальнік ствараецца на базе слоўнікаў, а таксама картатэкі, што знаходзіцца ў дыялекталагічным фондзе вучнёўскага гуртка. Ён уяўляе сабой спіс фразеалагізмаў, размеркаваных па тэматычных групах, напрыклад: “Рысы характару і паводзіны чалавека”, “Адносіны паміж людзьмі”, “Фізічны стан і адчуванні”, “Псіхалагічны стан і пачуцці”, “Знешні выгляд чалавека”, “Мысленне  і моўныя зносіны”, “Колькасць каго-, чаго-небудзь”, “Час”, “Перамяшчэнне ў прасторы” і інш.

У Беларусі пакуль што апублікаваны  адзін фразеалагічны апытальнік – “Кароткая інструкцыя па збору фразеалогіі ў беларускіх гаворках”, складзены У.І.Ковалем [28]. Тыповыя пытанні ў ім – “Як у вас гавораць пра (каго-, што-небудзь)?”:

1. Разумнага, кемлівага чалавека (светлая галава, галава варыць, глузды добра вараць, галава не на вошы…).

2. Добрага, ціхага, памяркоўнага чалавека (хоць да раны прыкладай, пальцам не зачэпіць, вока не запарушыць…).

3. Легкадумнага, несур’ёзнага чалавека (матылі ў галаве, вецер у галаве, ветрам падшыты, віхар у галаве круціць, у галаве вецер свішча…).

Пры выкарыстанні апытальніка інфарманту па чарзе зачытваюцца фразеалагізмы, і ён павінен назваць тыя, што выкарыстоўваюцца ў гаворцы. Агучаныя прыклады фразеалагізмаў часта дапамагаюць інфарманту ўспомніць іншыя выразы і варыянты з такім самым ці іншым значэннем.

Складанасць правядзення гутаркі на фразеалагічную тэму зыходзіць таксама з самой спецыфікі фразеалагізмаў. Многія з іх маюць вобразную аснову і супадаюць кампанентным складам з пераменнымі словазлучэннямі. Бывае, што інфармант не можа зразумець семантычную цэласнасць фразеалагізма і ўспрымае яго як звычайнае словазлучэнне. Напрыклад, на пытанне “Ці выкарыстоўваюць у вас выраз намыліць шыю ‘моцна прабраць каго-небудзь, выгаварыць з дакорам’?” інфармант адказвае сцвярджальна, а на ўдакладняльнае пытанне “Што абазначае гэты выраз?” дае такое азначэнне: “Ну, гэта калі бярэш мыла і трэш шыю, каб яна стала мыльнай”. Збіральніку даводзіцца тлумачыць, што тут словазлучэнне выступае не ў прамым, а ў пераносным значэнні. Але не кожны суразмоўца здольны гэта зразумець. Практыка сведчыць: найлепшыя запісы фразеалагізмаў дае гутарка з інфармантам, маўленне якога вобразнае, жывое, аздобленае параўнаннямі, прыказкамі, трапнымі характарыстыкамі і азначэннямі. Такія інфарманты – залаты фонд для збіральніка.

Часта інфармант не можа адназначна сарыентавацца, ужываецца ў гаворцы фразеалагізм ці не. На пытанне “Ці кажуць у вас так?” можна пачуць адказ: “Хто яго ведае, можа і кажуць. Напэўна, кажуць. Хто хоча, той і кажа”. Няўпэўненасць выклікаецца тым, што фразеалагізм у большасці выпадкаў складаецца з агульнаўжывальных, зразумелых слоў. І ствараецца ілюзія, што ён з такім слоўным комплексам магчымы, хоць на самай справе для гаворкі не характэрны.

Адзначаныя акалічнасці вымагаюць апытання не аднаго, а некалькіх інфармантаў, каб атрымаць больш аб’ектыўныя звесткі пра ўжыванне канкрэтнага фразеалагізма.

Чарнавыя запісы фразеалагізмаў ў далейшым апрацоўваюцца і сістэматызуюцца. Кожны фразеалагізм заносіцца на асобную картку, якая прыкладна выглядае так:

Ні да танца ні да ружанца – ні на што

не здатны, няўмелы. 

Нічого ні ўмея рабіць – ні да танца ні да ружанца. 

в. Парэчча Гродзенскага р-на, 2003 г. 

М.Абухоўскі

 

У вучняў узрастае цікавасць да збіральніцкай справы, калі яны бачаць яе рэальную карысць. Сабраны матэрыял можна выкарыстаць на ўроку і, часцей, у розных пазакласных мерапрыемствах. На паседжаннях гуртка ці ў канферэнцыях гэта невялікія паведамленні пра групы слоў, фразеалагізмаў, аб’яднаных адной тэмай, напрыклад: “Дыялектныя назвы ў гаворцы нашай вёскі”, “Народныя назвы грыбоў і ягад”, “Народныя назвы птушак”, “Назвы посуду”, “Фразеалагічнае багацце нашай гаворкі”. Падборкі слоў і фразеалагізмаў варта змяшчаць у школьным перыядычным друку (насценнай газеце, рукапісным часопісе, альманаху), абавязкова ўказваючы прозвішчы вучняў-збіральнікаў. Калі збіральніцкая праца праводзілася з году ў год і сабрана багатая картатэка, можна скласці дыялектны слоўнік гаворкі сваёй вёскі ці ўсяго сельсавета. Зразумела, што асноўную рэдактарскую функцыю ў гэтай справе бярэ на сябе настаўнік.

Калектыў энтузіястаў школьнага гуртка можа трымаць сувязь з кафедрай беларускай мовы універсітэта ці інстытутам мовазнаўства і стаць свайго роду дыялекталагічным карэспандэнцкім пунктам гэтых устаноў.

Як паказвае практыка, збіранне дыялектных слоў і фразеалагізмаў “не толькі пашырае веды вучняў ў галіне роднай мовы, але і развівае ў іх назіральнасць, знаходлівасць, здольнасць аналізаваць навакольныя з’явы, заўважаць, чым адно адрозніваецца ад другога, уменне дакладна фармуляваць думкі” [46, с. 62].