5. Гісторыя Кастрычніцкай рэвалюцыі...
^ Вверх
5. Гісторыя Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў беларускай савецкай гістарыяграфіі 20 – 30-х гг.

Цэнтральнае месца ў беларускай савецкай гістарыяграфіі займала гісторыя Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Беларусі. Яе распрацоўка была распачата непасрэднымі ўдзельнікамі гэтых падзеяў, дзеячамі бальшавіцкай партыі і савецкай дзяржавы (В.Г.Кнорыным, К.І.Ландарам, А.Ф.Мясніковым) праз артыкулы ў перыядычным друку.
Адна з найбольш ранніх публікацыяў – брашура Б.А.Брэслава «Характер и этапы русской революции: К 1-й годовщине русской революции, 27 февр. 1917 г. – 27 февр. 1918 г.» (1918 г.), у якой аўтар вызначыў сацыялістычны характар рэвалюцыі ў Беларусі, паказаў пралетарыят і найбяднейшае сялянства яе рухальнымі сіламі. У брашуры прасочваецца ідэя безальтэрнатыўнасці Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Значны ўклад у замацаванне ленінскай тэорыі сацыялістычнай рэвалюцыі ў гістарычнай навуцы Беларусі ўнёс В.Г.Кнорын.
Вільгельм Георгіевіч Кнорын  (Кнорыньш) (1890 – 1938 гг.) нарадзіўся ў Латвіі. Доктар гістарычных навук (1935 г.). Скончыў настаўніцкую семінарыю. З 1910 г. член Сацыял-дэмакратычнай партыі Латвіі, пазней – РКП(б). Прымаў актыўны ўдзел ва ўстанаўленні Савецкай улады на тэрыторыі Беларусі, грамадска-палітычнай дзейнасці БССР. Сакратар Цэнтральнага бюро КП(б)Б (1920 – 1922 гг.), першы сакратар ЦК КП(б)Б (1927 – 1928 гг.). У 1928 – 1935 гг. працаваў у выканкаме Камінтэрна. З 1932 г. дырэктар Інстытута чырвонай прафесуры, галоўны рэдактар часопісаў «Коммунистический Интернационал», «Большевик». Расстраляны ў 1938 г.
У сваіх працах («Революция и контрреволюция в Белоруссии» (1920 г.), «Пять лет: Краткий конспект истории КП(б)Б» (1922 г.), «1917 год в Белоруссии и на Западном фронте» (1925 г.), «Заметки к истории диктатуры пролетариата в Белоруссии» (1934 г.)) ён зыходзіў з ідэі класава-пралетарскай чысціні. Аўтар лічыў бальшавіцкую партыю адзінай вырашальнай палітычнай сілай і гарантам росквіту Савецкай Беларусі. Гісторык крытыкаваў палажэнне аб перамозе рэвалюцыі на Заходнім фронце «штыкамі салдат», выступіў супраць канцэпцыі «двухкарэннасці» КП(б)Б. Кнорын адмаўляў пазітыўную ролю беларускіх рэвалюцыйных, нацыянальна-дэмакратычных партыяў, адносіў іх да дробнабуржуазных, нацыяналістычных і контррэвалюцыйных сілаў, вёў барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам.
Характэрнай рысай гістарыяграфіі 20-х гг. стала публікацыя мемуарных успамінаў у газетах, часопісах і зборніках, падрыхтаваных гістпартамі ў Віцебску і Гомелі («Революционная борьба в Гомельской губернии: Ист. материалы» (1921 г.), «Красная быль: Большевики в Витебске» (1923 г.), «Кастрычнік на Беларусі» (1927 г.)). Мемуары насілі суб’ектыўны характар. У іх галоўная ўвага надавалася не столькі гісторыі партыі, колькі ўласнай ролі аўтараў у рэвалюцыйных падзеях. Але ўспаміны пашыралі факталагічную базу праблемы, прапагандавалі ідэю рэвалюцыі, адстойвалі бальшавіцкае бачанне кастрычніцкіх падзеяў 1917 г.
 Да пачатку 30-х гг. скарачаецца публікацыя мемуараў у БССР, што было звязана з рашэннем 4-й Усесаюзнай нарады гістпартаў (студзень 1927 г.). Яе ўдзельнікі заклікалі гісторыкаў перайсці да грунтоўнай даследчыцкай працы. Першымі з прафесійных даследчыкаў да праблемы Кастрычніцкай рэвалюцыі звярнуліся С.Х.Агурскі (роля беларускіх «буржуазных» партыяў), С.Л.Гельтман (польскія рабочыя ў падзеях 1917 г.), Л.Г.Калмансон (ліквідацыя Стаўкі ў Магілёве).
У 1927 г. выйшаў зборнік артыкулаў і дакументаў «Кастрычнік на Беларусі». Гэта была першая спроба публікацыі дакументаў, прысвечаных падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі. Яны раскрывалі характар рухальных сілаў і ролю нацыянальнага фактару.
Асобная ўвага надавалася крытыцы дзейнасці небальшавіцкіх палітычных партыяў у Беларусі, поглядаў А.Р.Чарвякова, З.Жылуновіча, У.М.Ігнатоўскага. Працы А.Гаруновіча, А.Сянкевіча, С.Вальфсона, А.Зюзькова, С.Агурскага насілі павярхоўны, ідэалагічны характар. У іх адсутнічаў аналіз дзейнасці палітычных партыяў, нават сацыялістычныя арганізацыі лічыліся буржуазнымі.
З манаграфічнай літаратуры 30-х гг. можна адзначыць даследаванні А.І.Зюзькова «Бальшавікі – арганізатары Кастрычніка ў Беларусі» (1934 г.) і В.К.Шчарбакова «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі і белапольская акупацыя» (1930 г.). Але, улічваючы палітычную сітуацыю пачатку 30-х гг., становіцца відавочным той факт, што нават гэтыя работы ўтрымлівалі шэраг пазіцыяў або памылковых, або непрымальных з боку афіцыйнай гістарыяграфіі.
Шчарбакоў пісаў, што напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Беларусі было «не меней аднаго мільёна чалавек пралетарскіх і паўпралетарскіх масаў. Гэта … маса з’яўлялася рэзервам рэвалюцыі». Гісторык разглядаў на адным узроўні рабочы клас, рамеснікаў, серадняцкія слаі вёскі, сельскагаспадарчых пралетарыяў і адыходнікаў-сялян. На думку У.М.Міхнюка, гэтая пазіцыя няверна адлюстроўвала рухаючыя сілы рэвалюцыі. Таксама Шчарбакоў бачыў прагрэсіўную ролю беларускіх нацыянальных партыяў у падрыхтоўцы сацыялістычнай рэвалюцыі, а пачатак дзейнасці бальшавіцкіх арганізацыяў адносіў да 1917 г. Пасля крытыкі з боку ЦК КП(б)Б Шчарбакоў і сам крытыкаваў свае погляды.
У даваенны перыяд у беларускай савецкай гістарыяграфіі адсутнічала грунтоўнае вывучэнне праблемы Кастрычніцкай рэвалюцыі з прычыны недастаковай крыніцавай базы, дакладнай дыферэнцыяцыі праблемы, укаранення марксісцка-ленінскай метадалогіі.
У 1931 г. ЦК ВКП(б) паставіў задачу напісаць «Гісторыю грамадзянскай вайны ў СССР», што прадугледжвала падрыхтоўку асобнага выдання ў БССР. Таму была створана асобная палітычная рэдакцыя ў складзе С.І.Будзінскага, П.В.Горына, К.В.Гея, В.Г.Кнорына, І.П.Ашэровіча, А.Р.Чарвякова і інш., мастацкая рэдакцыя і камісіі ў гаркамах і райкамах КП(б)Б. Да гэтай працы далучыліся супрацоўнікі Цэнтральнага бюро краязнаўства АН БССР, якія выдалі брашуру з пастановай ЦК ВКП(б) і ЦК КП(б)Б, заклікам М.Горкага і інструкцыямі аб арганізацыі работы па вывучэнні гісторыі грамадзянскай вайны.
Пачаўся збор архіўнага матэрыялу, напісанне мемуарных працаў. Былі падрыхтаваны да выдання рукапісы В.П.Даўбэ «Очерки по борьбе с бандитизмом в Белоруссии», В.І.Яркіна «Борьба с контрреволюцией в Западной области и в Белоруссии (1918 – 1919 гг.)», супрацоўнікаў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б«Очерки по истории контрреволюционных организаций в Белоруссии (1818 – 1920 гг.)», калектыўнай працы «История БССР. 1917 – 1920 гг.», І.Н.Немеца «КП(б)Б в борьбе за укрепление Советской власти в обстановке гражданской войны». У іх раскрывалася барацьба бальшавікоў з Бундам, утварэнне камбедаў, харчовая палітыка, утварэнне ЛітБела і КП(б)ЛіБ. Таксама аўтары прааналізавалі мяцеж Доўбар-Мусніцкага, мяцеж анархістаў у Віцебску, эсэра-сялянскія выступленні 1918 г., стракапытаўскі мяцеж, Горацкае паўстанне «зялёных», дзейнасць савінкаўскіх арганізацыяў, ліквідацыю бандытызму. Але рукапісы не былі надрукаваны і сёння знаходзяцца ў Нацыянальным архіве РБ.
На мяжы 30 – 40-х гг. да распрацоўкі асобных праблемаў гісторыі грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі звярнуліся І.Ф.Лочмель у манаграфіях «Вызваленне Беларусі ад белапольскіх акупантаў (11 ліп. 1920 г.)» (1939 г.), «Барацьба беларускага народа супраць інтэрвентаў: (Да 20-й гадавіны вызвалення Беларусі ад белапалякаў)» (1940 г.), «Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов» (1940 г.))  і А.І.Шакун у кнізе «Отечественная война против немецких захватчиков в 1918 году в Белоруссии» (1941 г.).
Распрацоўка пытанняў гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў БССР паклала пачатак фармаванню новага кірунку гістарычнай навукі – гісторыі савецкага грамадства.