4. Праблемы гісторыі...
^ Вверх
4. Праблемы гісторыі Беларусі капіталістычнага перыяду ў беларускай гістарыяграфіі даваеннага часу.

Важным аспектам даследаванняў беларускіх гісторыкаў 20 – 30-х гг. была распрацоўка праблемаў гісторыі Беларусі эпохі капіталізму. Яна вялася па такіх напрамках як праблема паўстання 1863 г. у Польшчы, Літве і Беларусі, сялянскі, рабочы і народніцкі рухі, рэвалюцыя 1905 – 1907 гг., сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове
XIX – пачатку XX ст. і інш.
У распрацоўку праблемаў паўстання 1863 г. у даваенны перыяд значны ўклад унеслі З.І.Ангерэціс, У.М.Ігнатоўскі, М.В.Мялешка, Д.М.Васілеўскі, I.А.Віткоўскі, С.Ю.Матулайціс, С.М.Драніцын, I.Ф.Лочмель і інш.
Гэтая праблема ўпершыню была грунтоўна даследавана У.М.Ігнатоўскім. Погляды гісторыка на паўстанне 1863 г. неаднаразова падвяргаліся карэктыроўцы. У «Кароткім нарысе гісторыі Беларусі» выдання 1924 г. ён вызначаў паўстанне як сінтэз сялянскага і палітыка-вызваленчага руху супраць царскай Расіі. Сяляне, на яго думку, ішлі за «чырвонымі». Але ў выданні 1926 г. адмаўляецца ад гэтага тэзіса і піша аб «пасіўнасці» сялян – толькі «найбольш свядомае сялянства» групавалася вакол лагера К.Каліноўскага. Падобнай пазіцыі прытрымліваўся Дружчыц.
У манаграфіі «1863 год на Беларусі» (1930 г.) У.М.Ігнатоўскі канчаткова адмовіўся ад вызначэння паўстання як выключна «сялянскага руху». Гісторык адзначыў, што, акрамя Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў, няма дакументальнага пацвярджэння шырокага ўдзелу сялянства ў паўстанні.
Як і іншыя аўтары, Ігнатоўскі стаў зыходзіць са шляхецкага характару паўстання 1863 г., задача якога была дасягнуць «асаблівай аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай». Пад паняццем «шляхецкае паўстанне» ён разумеў не толькі збяднелую «пралетарызаваную» шляхту, але і частку гарадскога прадпрымальніцкага класу і дробнабуржуазную інтэлігенцыю.
Манаграфія У.М.Ігнатоўскага выклікала дыскусію ў ЦК КП(б)Б. У чэрвені 1929 г. адбылася канферэнцыя камуністычных вучоных. На ёй акадэмік С.Х.Агурскі выказаў незадаволенасць кнігай і заявіў, што ён сам у ленінградскім Музеі рэвалюцыі «выявіў іншых аўтараў і выдаўцоў тых дакументаў, якія Ігнатоўскі прыпісвае Каліноўскаму». «Кастуся Каліноўскага, які засведчыў сябе як паплечнік Герцэна, трэба было б ахарактарызаваць перадусім як польскага шавініста, калі б ён сапраўды напісаў тое, што яму прыпісвае Ігнатоўскі».
Але ў хуткім часе і сам С.Х.Агурскі трапіў пад крытыку на старонках часопіса «Историк-марксист». Яго абвінавацілі ў прынцыповым скажэнні гісторыі паўстання 1863 г., у тым, што ён прыпісаў арганізацыю паўстання памешчыкам і духавенству, «дапусціў сцвярджэнні аб пасіўнасці і контррэвалюцыйнасці сялянства».
Ігнатоўскі ў адказ на крытыку старшыні камісіі парткантролю У.П.Затонскага напісаў адкрыты ліст, у якім абвінаваціў сябе ў адступленні ад марксісцкіх пазіцыяў і класавага падыходу, у недасканалым адлюстраванні пазіцыі сялянства ў паўстанні 1863 г. Ён запэўніў, што выправіць дапушчаныя «памылкі». Таму ў Беларускай савецкай энцыклапедыі і Малой савецкай энцыклапедыі паўстанне падавалася як сялянскі рух, накіраваны супраць памешчыкаў.
Новыя падыходы і высновы аб паўстанні 1863 г. у Беларусі і яго кіраўніку К.Каліноўскім даў у сваёй кнізе «Очерк борьбы белорусского народа против польских панов» I.Ф.Лочмель (1940 г.). Ён указаў на непасрэдную сувязь паўстання з рэформай 1861 г. К.Каліноўскі ацэньваўся ім як найбольш радыкальны кіраўнік паўстання, выразнік і абаронца прыгнечанага сялянства, паслядоўнік перадавых рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэяў А.I.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага.
У публікацыях 20-х гг. некаторае асвятленне атрымалі і пытанні народніцкага руху ў Беларусі. У перыядычным друку з успамінамі выступілі некаторыя актыўныя дзеячы народніцтва, якія з'яўляліся выхадцамі з беларускіх губерняў або пражывалі ў Мінску. Былі апублікаваны і біяграфічныя нарысы аб відных дзеячах народніцкага руху – ураджэнцах Беларусі. Тады ж з’явіліся і першыя артыкулы вучоных-гісторыкаў аб рэвалюцыйным руху ў 70 – 80-я гг. XIX ст. Найбольш грунтоўнымі з іх былі артыкулы I.А.Віткоўскага і С.Я.Вальфсона, заснаваныя на архіўных дакументах і ўспамінах актыўных удзельнікаў народніцкага руху. Але гэта былі толькі першыя спробы, і яны не маглі глыбока раскрыць праблему ў цэлым.
Вялікая ўвага надавалася праблеме рэвалюцыйнага руху канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Яна знайшла сваё адлюстраванне ў працах У.I.Пічэты, А.В.Шастакова, I.М.Барашкі, М.В.Мялешкі, Е.А.Марахаўца, А.I.Зюськова, Ф.А.Папова і інш. Яны разглядалі развіццё рэвалюцыйнага руху ў Беларусі як частку агульнарасійскага рэвалюцыйнага працэсу, якім кіравалі бальшавікі, характарызавалі дзейнасць партыяў меншавікоў, эсэраў, бундаўцаў і БСГ як дробнабуржуазных сілаў. Аўтары падкрэслівалі, што ў барацьбе з гэтымі партыямі фармаваліся кадры бальшавікоў у Беларусі. У.І.Пічэта ў артыкуле «Класавыя супярэчнасці ў Беларусі напярэдадні рэвалюцыі», апублікаваным у зборніку «Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху» (1924 г.), на вялікім факталагічным матэрыяле паказаў саслоўна-сярэднявечны характар землеўладання, панаванне памешчыцкага землеўладання латыфундыяльнага тыпу, разлажэнне і дыферэнцыяцыю сялянства. Але аўтар пераацэньваў ступень развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. На яго думку, ужо ў пачатку ХХ ст. сяляне раскалоліся на два антаганістычных класа, а памешчыцкія маёнткі ў сваёй большасці перайшлі да выкарыстання вольнанаёмнай працы.
 Да 20 – 30-годдзя рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. былі выдадзены зборнікі дакументаў і створана хроніка яе найважнейшых падзеяў у Беларусі. Хроніка была складзена Л.М.Майзелем на падставе матэрыялаў перыядычнага друку і дакументальных зборнікаў, спецыяльнай літаратуры. У ёй утрымліваецца шмат фактаў аб сацыяльна-эканамічным становішчы Беларусі, дзейнасці партыі бальшавікоў напярэдадні і падчас рэвалюцыі, развіцці рабочага і сялянскага руху. Паколькі хроніка была складзена пераважна на матэрыялах газеты Бунда «Апошнія навіны», то на ёй ляжыць адбітак бундаўскага ўспрымання падзеяў. Гэта прымушае гісторыкаў крытычна ставіцца да дадзенай публікацыі.
У 20 – 30-я гг. беларускія гісторыкі актыўна даследавалі праблемы развіцця капіталізму ў Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст. Іх распрацоўкай займаліся А.В.Шастакоў, М.В.Доўнар-Запольскі, Д.А.Дудкоў, К.I.Кернажыцкі, В.К.Шчарбакоў і інш.
У рабоце А.В.Шастакова «Капіталізацыя сельскай гаспадаркі Расіі» (1924 г.) давалася характарыстыка развіцця капіталістычных адносінаў у памешчыцкіх маёнтках Беларусі, указвалася на пранікненне капіталізму і ў сялянскую гаспадарку. Але ацэнка ўзроўню развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы ў ёй перабольшана, а наяўнасць перажыткаў феадалізму ў вёсцы аўтар не заўважыў. Некаторыя палажэнні сфармуляваны аўтарам апрыёрна, без пацвярджэння фактамі. А.В.Шастакоў лічыў, што ў сельскай гаспадарцы Беларусі пераважаў «амерыканскі шлях» развіцця капіталізму.
М.В.Доўнар-Запольскі, наадварот, прыніжаў узровень развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст. У апублікаванай у 1926 г. манаграфіі «Народная гаспадарка Беларусі. 1861 – 1914 гг.» ён сцвярджаў, што Беларусь у пачатку XX ст. з’яўлялася прыгонніцкай краінай, слаба закранутай капіталізмам. Феадалізм тут поўнасцю панаваў да 80 – 90-х гг. ХІХ ст. Гісторык зыходзіў з народніцкай высновы аб параўнальнай устойлівасці працоўнай гаспадаркі селяніна-серадняка. Ён не бачыў прадпрымальніцкіх элементаў у эканамічным развіцці вёскі, ідэалізаваў адносіны паміж сялянамі і памешчыкамі. Аўтар выкарыстаў новую методыку падлікаў, т.з. «сярэднія лічбы».
З нагоды выхаду кнігі ў 1931 г. Г.Бондар друкуе артыкул «Пакончыць з рэшткамі народніцтва». У гэтым жа годзе пад рэдакцыяй акадэміка С.Я.Вальфсона, які ўжо добра набіў руку на «выкрывальніцтве нацдэмаў», выходзіць кніга «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі» (Т.1, 1931 г.) У ёй змешчаны артыкул самога Вальфсона «Ідэалёгія і метадалёгія нацдэмакратызму» і артыкул Р.Выдры «Беларускі нацдэмакратызм у краязнаўчым руху БССР». У гэтых артыкулах творам М.В.Доўнар-Запольскага даецца толькі адмоўная ацэнка. Бічуюць Доўнар-Запольскага і акадэмік М.М.Нікольскі ў брашуры «Устаноўкі і метады нацдэмаўскай этнаграфіі» (1931 г.), і сёння нікому не вядомы В.Карніенка «Класавая барацьба на гістарычным фронце» (1932 г.).
Больш паглыбленую распрацоўку гэтая праблема атрымала ў пачатку 30-х гг. у працах Д.А.Дудкова, К.I.Кернажыцкага і В.К.Шчарбакова.
Дзяніс Аляксандравіч Дудкоў (1904 – 1948 гг.) нарадзіўся ў м.Круглае Магілёўскага павета. Кандыдат гістарычных навук (1935 г.). Скончыў БДУ. У 1931 – 1941 гг. працаваў у Інстытуце гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б, Інстытуце гісторыі АН БССР, БДУ і Мінскім педінстытуце. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1945 г. працаваў у БДУ, з 1946 г. – у Інстытуце гісторыі АН БССР.
Гісторык апублікаваў дзве манаграфіі: «Сталыпінская рэформа ў Віцебскай губерні» (1931 г.) і «Аб развіцці капіталізму ў Беларусі ў другой палове XIX і пачатку XX стагоддзя» (1932 г.). У сваіх работах Дудкоў абапіраўся на тэарэтычную спадчыну Леніна, палажэнні і высновы, сфармуляваныя ў яго працы «Развіццё капіталізму ў Расіі». Выкарыстоўваючы ленінскую метадалогію, ён раскрыў працэс фармавання капіталістычных адносінаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку XX ст. Даследчык прадпрыняў спробу раскрыць месца і ролю гандлёвага земляробства ў памешчыцкай гаспадарцы, сувязь сельскагаспадарчай вытворчасці з рынкам. Але выкарыстаўшы параўнальна вузкае кола крыніцаў, ён прыйшоў да неабгрунтаванай высновы, што сельская гаспадарка Беларусі спецыялізавалася ў асноўным на вырошчванні бульбы і вінакурэнні.
Шмат увагі ў сваіх працах Д.А.Дудкоў удзяліў пытанню класавай дыферэнцыяцыі беларускага сялянства. Але няправільныя зыходныя палажэнні пры ацэнцы сялянскай гаспадаркі (двары, якія мелі больш за 15 дзесяцінаў зямлі, ён аднёс да кулацка-заможных) прывялі яго да памылковых высноваў. Гісторык лічыў, што ў Беларусі бедната складала 40 – 42 % ад агульнай колькасці двароў, сярэдняе сялянства – 42 – 45 %, кулакі – 15 – 16 %, што не адпавядала рэчаіснасці. Таксама даследчык беспадстаўна лічыў Беларусь калоніяй царскай Расіі.
Гэтыя памылкі былі характэрны і для работы К.I.Кернажыцкага «Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імперыялістычнай вайной» (1932 г.). Залічваючы ўсіх сялян з надзелам 15 і болей дзесяцінаў зямлі ў групу кулакоў, аўтар вызначыў, напрыклад, што ў Гродзенскай губерні яны складалі 53,7 % ад агульнай колькасці сялянскіх двароў. Не адпавядала сапраўднасці і яго выснова аб тым, што кулак з’яўляецца вядучай фігурай сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі і нават «біў памешчыка на рынку». Такія сцвярджэнні ні лагічна, ні фактычна не адпавядалі сацыяльнай структуры беларускай вёскі ў перыяд капіталізму.
Памылковым з’яўляецца і тэзісаб каланіяльным становішчы Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў рабоце В.К.Шчарбакова «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі і белапольская акупацыя» (1930 г.). Ён сцвярджаў, што капіталізм у Беларусі пачаў развівацца толькі ў пачатку XX ст. Гэтыя катэгарычныя высновы не мелі фактычнага пацвярджэння і супярэчылі рэчаіснасці. Толькі ў сярэдзіне 60-х гг. беларускія гісторыкі пераадолелі гэтыя памылковыя палажэнні.
У 30-я гг. беларускія гісторыкі пачалі распрацоўку праблемаў рэвалюцыйнага руху ў перыяд паміж першай і другой рэвалюцыямі ў Расіі. Першую спробу ў гэтым кірунку зрабіў К.I.Кернажыцкі. У сваіх працах ён абагульніў матэрыял аб рабочым і сялянскім руху напярэдадні і ў ходзе Першай сусветнай вайны. Аўтар зрабіў высновы, што «пасля разгрому рэвалюцыі 1905 г. быў знішчаны рабочы і сялянскі рух», «замерла работа РСДРП», а рэвалюцыйныя выступленні ў 1911 – 1913 гг. з'явіліся першымі праяўленнямі рэвалюцыйнага руху пасля паражэння рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.
Нягледзячы на шэраг палажэнняў, якія не вытрымалі праверкі часам, манаграфічныя работы Д.А.Дудкова, К.I.Кернажыцкага, В.К.Шчарбакова ў цэлым з’явіліся значным укладам у навуковую распрацоўку асноўных праблемаў гісторыі Беларусі перыяду капіталізму.
Беларускія савецкія гісторыкі не прымалі ўдзелу ў дыскусіі, якая разгарнулася ў савецкай гістарыяграфіі на мяжы 20 – 30-х гг. ХХ ст. паміж «дэнацыяналізатарамі» і «нацыяналізатарамі». Прыхільнікі першай групы (Н.Н.Ванаг, С.Л.Ронін) лічылі, што ў эпоху імперыялізму ў Расійскай імперыі панаваў замежны капітал – міжнародны банкавы капітал падтрымліваў рускую прамысловасць праз камерцыйныя банкі.
«Нацыяналізатары» (А.Л.Сідараў, Е.Л.Граноўскі) зыходзілі з прыярытэту ўнутраных інвестыцыяў у эканоміцы Расіі напярэдадні Першай сусветнай вайны. У краіне склалася самастойная сістэма манапалістычнага капіталізму. Гэты падыход перамог, паколькі зацвердзілася ленінская тэорыя аб магчымасці перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі ў асобнай краіне.