3. Даследаванне гісторыі...
^ Вверх
3. Даследаванне гісторыі Беларусі феадальнага перыяду ў даваенны час.

У даваенны перыяд асноўная ўвага беларускіх гісторыкаў была сканцэнтравана на вывучэнні праблемаў гісторыі Беларусі эпохі феадалізму. З.Ю.Капыскі і В.У.Чапко прывялі факт, што за 1918 – 1941 гг. у БССР было апублікавана 140 працаў, прысвечаных гэтаму перыяду: 23 кнігі, 102 артыкула, 16 артыкулаў у газетах.
Асновы для вывучэння шматлікіх праблемаў гісторыі Беларусі ІХ – сярэдзіны ХІХ ст. заклаў У.І.Пічэта. У дакументальнай двухтомавай працы «Аграрная рэформа Жыгімонта-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве» (1917 – 1918 гг.) ён разглядзеў прычыны правядзення і вынікі гаспадарчых пераўтварэнняў сярэдзіны ХVІ ст. Новым словам у айчыннай гістарыяграфіі стала кніга «Гісторыя сельскай гаспадаркі і земляробства Беларусі (да канца ХVІ ст.)», выдадзеная ў Мінску ў 1927 г. Аўтар раскрыў кіруючую ролю класа феадалаў у развіцці аграрных адносінаў, ахарактарызаваў феадальную вотчыну, закрануў праблему запрыгоньвання сялянства – лічыў прыгоннае права вынікам грамадскага развіцця. Гэты пастулат супярэчыў пазіцыі гісторыкаў дзяржаўна-юрыдычнай школы другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст.
Вучнем Пічэты Андрэем Вікенцьевічам Бурдзейка (1899 – 1941 гг.) разглядалася класавая сутнасць феадальнай улады і яе заканадаўчая роля ў зацвярджэнні і далейшым умацаванні феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Ён на падставе аналіза Статута ВКЛ 1566 г. даказваў існаванне прыгонніцтва ў ВКЛ. Ён жа напісаў нарыс гісторыі Навагрудка, дзе ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі адзначыў яго ролю як сталіцы ВКЛ.
Аб'ёмны артыкул Т.І.Забелы«Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове ХVІІІ сталецьця» (1928 г.), у якім аўтар абапіраўся на інвентары феадальных уладанняў, вывучаў стан панскай і сялянскай гаспадарак на беларускіх землях у апошняе стагоддзе Рэчы Паспалітай. Аўтар падкрэсліваў, што ў XVIII ст. узмацнілася эксплуатацыя сялянства. Але ён памылкова сцвярджаў пра заняпад эканомікі Беларусі ў другой палове XVIII ст., адмаўляў яе сувязь з рынкам.
Тодар Іванавіч Забела (1896 – 1935(?) гг.) нарадзіўся ў в.Чабусы Бабруйскага павета. Скончыў БДУ. Працаваў настаўнікам. У 1925 – 1928 гг. вучыўся ў аспірантуры БДУ пад кіраўніцтвам У.І.Пічэты. З 1928 г. супрацоўнік Інбелкульта, затым Беларускай АН. З 1929 г. працаваў у Магілёўскім дзяржаўным архіве. Арыштаваны па справе СВБ. Быў высланы на пяць гадоў у Елабугу, дзе памёр.
Працы К.І.Кернажыцкага, у прыватнасці, «Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы XVIII  і першай палове ХІХ ст.: (Да праблемы разлажэння феадалізма ў Беларусі)» (1935 г.) былі прысвечаны характарыстыцы феадальнай вотчыны на тэрыторыі Беларусі.
Канстанцін Іванавіч Кернажыцкі (1902 – 1942 гг.) нарадзіўся ў в.Выдранка Чэрыўскага павета. Кандыдат гістарычных навук (1934 г.). У 1930 – 1937 гг. працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, адначасова выкладаў у БДУ. У 1937 г. арыштаваны, асуджаны на восем гадоў зняволення. Памёр у Сібіры.
Даследчык паказаў узмацненне феадальнага прыгнёту і вызначыў агульныя рысы мясцовай эканомікі (уздым гаспадаркі, пачатак маёмаснай дыферэнцыяцыі сялянства, пашырэнне вольнанаёмнай працы). Кернажыцкі прыйшоў да высновы аб разлажэнні феадальна-прыгонніцкіх і зараджэнні капіталістычных адносінаў, што сведчыла аб крызісе прыгонніцкай сістэмы.
Аўтар упершыню ў беларускай гістарычный навуцы ўвёў статыстычны метад апрацоўкі дакументальных крыніцаў па аграрнай гісторыі. Даследаванні К.I.Кернажыцкага ўтрымлівалі і першую спробу перыядызацыі гісторыі Беларусі эпохі феадалізму.
Гісторыю беларускага сярэднявечнага горада вывучаў В.Д.Дружчыц.
Васіль Данілавіч Дружчыц (1886 – 1937 гг.) нарадзіўся ў в.Блудзень Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Літоўскай духоўнай семінарыі, Дэрпцкім універсітэце. Працаваў настаўнікам гісторыі ў Вільні, Шаўлях, Рэчыцы, Бабруйску. З 1922 г. выкладчык, з 1927 г. прафесар БДУ. Член Інбелкульта, з 1927 г. старшыня камісіі па гісторыі гарадоў. З 1933 г. прафесар кафедры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытута (Масква). Арыштаваны і расстраляны ў Мінску.
Асобную ўвагу гісторык звярнуў на магдэбургскае права («Войты і іх улада ў беларускіх местах з магдэбургскім правам» (1928 г.), «Магістрат у беларускіх местах з магдэбургскім правам» (1929 г.)). Даследчык лічыў, што гарадское самакіраванне стала вынікам эканамічнага развіцця гарадоў і сацыяльнай барацьбы. Магдэбургскае права ў Беларусі не было копіяй нямецкага і польскага ўзору, а мела пэўныя асаблівасці (гарадская рада не была строга размежавана з лавай, адсутнічала пасада бургграфа, войт прызначаўся князем, пасада лаўніка не перадавалася па спадчыне, гараджане прымалі актыўны ўдзел у выбарах органаў самакіравання і інш.).
Дружчыц, працягваючы даследаванні свайго настаўніка Пічэты, разглядаў становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай у паслялюблінскі перыяд. Аналіз тэксту Статута ВКЛ 1588 г. і факты палітычнага жыцця апошняй трэці XVI ст. схілілі яго да высновы, што ў пабудове агульнай дзяржавы дакладна паўставалі ўсе элементы дуалізму на федэратыўнай аснове. У артыкуле «Да пытання аб мове Літоўскага статута» ён са спасылкамі на Я.Карскага і А.Шахматава даказваў, што Статуты былі складзены на беларускай мове і з’яўляюцца помнікамі старабеларускай мовы і юрыдычнай думкі феадальнай эпохі. Гэтае палажэнне цалкам увайшло ў беларускую савецкую гістарыяграфію.
Актуальны характар у беларускай савецкай даваеннай гістарыяграфіі набыло пытанне класавай барацьбы. У 1935 г. з’явілася манаграфія акадэміка В.К.Шчарбакова «Сялянскі рух і казацтва на Беларусі ў эпоху феадалізма». Асноўную ўвагу аўтар прысвяціў аналізу «вызваленчай» барацьбы беларускага народа сярэдзіны ХVІІ ст. і Крычаўскаму паўстанню 1740 – 1744 гг. Праўда, раскрыць буйную праблему сялянскага руху на Беларусі аўтар не здолеў. Ён перабольшваў сацыяльнае значэнне сялянскага пратэсту – у паўстаннях ХVІ – ХVІІІ стст. прасочваў мэты буржуазных рэвалюцыяў.
Тэндэнцыйнасцю характарызуецца кніга І.Ф.Лочмеля «Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов» (1940 г.).
Іосіф Фадзеевіч Лочмель (1907 – 1942 гг.) скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. У 1935 – 1941 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце ў Вялікую Айчынную вайну.
Гісторык прыйшоў да высновы, што нацыянальны і рэлігійны прыгнёт беларускага народа з боку польскіх паноў выклікаў яго імкненне да ўз’яднання з Расіяй, прычым нацыянальна-вызваленчая і антыфеадальная барацьба зліваліся ў адзіную плынь.
У міжваенны перыяд у непасрэднай сувязі з развіццём уласнай дзяржаўнасці значных вынікаў дасягнулі польскія і літоўскія даследчыкі па асобных накірунках гістарыяграфіі. Маюцца на ўвазе працы такіх польскіх гісторыкаў, як Л.Калянкоўскі, О.Галецкі, Г.Пашкевіч, К.Хадыніцкі, С.Кучыньскі, В.Пацеха, літоўскіх – К.Буга, К.Авіжоніс, Я.Івінскіс, І.Матусас, А.Шапока, С.Заянчкоўскі і інш.
Асобна стаяць грунтоўныя працы польска-літоўскага гісторыка Генрыха Лаўмяньскага (1898 – 1984 гг.), аднаго з найбольш выдатных даследчыкаў ранніх этапаў грамадска-палітычнай эвалюцыі ВКЛ. У манаграфіі «Studianadpoczątkamispołeczeństwaipanstwa  litewskiego» (1931 – 1932 гг.) на шырокім параўнальным фоне, з выкарыстаннем незвычайна вялікага кола разнастайных крыніцаў па гісторыі балцкіх народаў аўтар грунтоўна даследаваў працэс асадніцтва, палітычна-тэрытарыяльную структуру этнаграфічнай Літвы, фармаванне літоўскай манархіі, зямельнай уласнасці, зараджэнне саслоўнага падзелу грамадства. У іншых сваіх працах, напрыклад, «StudianaddziejamiWielkiegoKsięstwa  Litewskiwgo» (1983 г.) ён прысвяціў шмат увагі раскрыццю сацыяльных і палітычных перадумоў Крэўскай уніі, гаспадарчай і сацыяльнай эвалюцыі ВКЛ да Люблінскай уніі 1569 г.
Адзін з істотных недахопаў значнай часткі польскай гістарыяграфіі ХІХ – першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. быў у тым, што яна не прымала ВКЛ як самастойны суб’ект знешняй і ўнутранай палітыкі, разглядала ВКЛ як правінцыю Польшчы. Толькі ў 20 – 30-я гг. ХХ ст. ва ўмовах пэўнай стабілізацыі палітычных рэжымаў у Літве (слабей у Польшчы) сталі фармавацца новыя падыходы да палітычнай гісторыі Центральнай і Усходняй Еўропы. Менавіта ў гэты час плённай працай літоўскіх і польскіх гісторыкаў (нярэдка на рознай палітычнай і ідэалагічнай аснове) былі створаны значныя навуковыя працы па палітычнай гісторыі ВКЛ, пераважна яго першых этапаў. Некалькі грунтоўных працаў Г.Лаўмянскага высока ўзнялі планку навуковых гістарычных даследаванняў як у сферы метадалогіі, так і методыкі. Шэраг пазнейшых працаў, пачынаючы ад Г.Пашкевіча і відных літуаністаў Вільні, не маглі не ўлічваць гэтага прыкладу, новых крытэрыяў і прапорцыяў у навуцы. Але падобных сінтэтычных  прац па пазнейшай гісторыі ВКЛ ХV – ХVІ ст. створана не было.